“Палешукі” пад Міланам

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

10 лютага ў горадзе Лека пад Міланам распачне працу выстава “Без межаў”, дзе будуць экспанавацца работы чатырох беларускіх фатографаў: Людмілы Сідэнка, Анатоля Дрыбаса, Наталлі Юніцкай-Асіпенка і Альфрэда Мікуса. Жыхары і госці горада Лека пабачаць выявы беларускай сталіцы і правінцыі, прыроды. Выстава стане першым супольным мерапрыемствам народнага фотаклуба “Мінск” і фотаклуба горада Лека “Вольная думка”. Дарэчы, сёлета спаўняецца 25 гадоў усталяванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Італіяй, а 2017-ы абвешчаны Годам італьянскай культуры ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/623/13851/13-2.jpg

Альфрэд Мікус. Пейзаж у Пастаўскім раёне.

Такім чынам, фотавыстава “Без межаў” трапіла ў міждзяржаўны трэнд, але з’яўляецца ініцыятывай кіраўніцтва фотаклубаў. Адзін з чатырох удзельнікаў, намеснік старшыні народнага фотаклуба “Мінск” Альфрэд Мікус распавёў “К” падрабязнасці планаў па супрацоўніцтве з італьянскім бокам. Дык вось, ідэя выставы нарадзілася з прыватных кантактаў паміж італьянскімі і беларускімі фатографамі. Потым сяброўству было вырашана надаць афіцыйны статус, падпісаўшы між фотаклубамі ў Мінску і Лека своеасаблівую “дамову аб пабрацімстве”. Супрацоўніцтва будзе складацца з выстаў, прэзентацый, майстэрняў, конкурсаў. Для выставы “Без межаў” італьянцы падрыхтавалі стэнды на плошчы ля мэрыі. Фотаздымкі будуць змешчаны дыптыхамі, па два на стэнд. Падрабязных подпісаў да іх не плануецца, таму італьянцам давядзецца атрымаць уяўленне пра Беларусь літаральна на падставе візуальнага шэрагу.

Альфрэд Мікус плануе паказаць у Італіі фота са сваіх серый, што ўжо выстаўляліся ў Беларусі: “Шчаслівыя разам” (пра адкрыццё гэтай выставы ў Мінску “К” пісала ў № 10 за 2016 год), “Палешукі” (экспануюцца на працягу лютага ў мінскай бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча), “Восеньскія матывы”. Італьянцы пабачаць партрэты жыхароў беларускай глыбінкі, пейзажы, жанравыя замалёўкі. Большая частка фотаздымкаў зроблена ў Пастаўскім раёне і на Палессі. “Старыя людзі паміраюць, вёскі развальваюцца, моладзь з’язджае, аўтэнтыка знікае. Таму я імкнуся зафіксаваць тое, што бачу”, — кажа фатограф.

Перад адкрыццём выставы чатыры фатографы-ўдзельнікі і кіраўнік народнага фотаклуба “Мінск” правядуць тыдзень у фотатуры па ваколіцах Мілана. Увесну плануецца візіт італьянскай фотадэлегацыі ў Беларусь. Праграма пакуль не складзеная, але Альфрэд Мікус распавядае, што часта возіць сяброў-фатографаў у Ракаў, Івянец, на раку Іслач, у вёску Парыж — звычайна ўсе застаюцца задаволеныя.

Вядома, супрацоўніцтва паміж фотаклубамі Мінска і Лека працягнецца і па завяршэнні Года італьянскай культуры.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"