“Дзіяна-паляўнічая” з Міра

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

У зборах Замкавага комплексу ”Мір” знаходзіцца картачны столік XIX стагоддзя.

/i/content/pi/cult/623/13849/12-2.jpgНаогул, характэрнай рысай картачных столікаў з’яўляецца сіметрычнасць, бо ні адзін з гульцоў не павінен мець перавагі. А тканіна абіўкі (лён, драп і аксаміт) стала атрыбутам картачных гульняў — на ёй крэйдай пісалі стаўкі, распісвалі партыі. Складныя столікі днём служылі пастаментам, скажам, для ваз з кветкамі. І менавіта за картачным столікам зрабіў сваё вынаходніцтва сэр Джон Мантэгю IV герцаг Сэндвіч, кіраўнік брытанскага адміралцейства. Праводзячы ноч за брыджам, лорд вырашыў перакусіць і, не жадаючы пэцкаць рукі або перарываць гульню, запатрабаваў прынесці яму бутэрброды, накрытыя зверху кавалкам хлеба — сучасны сэндвіч. Да XVIII стагоддзя картачны столік англічане часта выкарыстоўвалі ў якасці чайнага століка.

Што да асобніка з Міра, дык у цэнтры стальніцы яго — інкруставаны малюнак Дзіяны-паляўнічай. Вобраз яе ў грэчаскай і рымскай міфалогіі — гэта ўвасабленне сілы, смеласці, адвагі ў спалучэнні з жаноцкасцю і мяккасцю. У творах мастацтва яе звычайна паказвалі ў выглядзе прыгожай дзяўчыны, апранутай у кароткую вопратку паляўнічай, з лукам у руцэ і калчанам, поўным стрэл, на баку і з паўмесяцам на горда пасаджанай галаве і ў суправаджэнні сабак ды аленяў. Дзіяна — багіня-паляўнічая, першапачаткова была апякункай жывёл, як хатніх, так і дзікіх. Як уладарка дзікіх жывёлаў, яна камандавала львамі, тыграмі, пантэрамі, дзікімі катамі і аленямі. Культ Дзіяны — адзін з распаўсюджаных у Грэцыі. Багіня таксама лічылася лекаркай, якая ахвотна прыходзіла на дапамогу таму, каго яна лічыла годным яе ўвагі. Выява яе часта змяшчалася на скрыжаваннях дарог, як знак трайной улады Дзіяны: на зямлі, пад зямлёй і на небе. Тэма “Дзіяны-паляўнічай” узыходзіць да антычнасці і была традыцыйнай для жывапісу і скульптуры пачынаючы з XVIII стагоддзя. Асаблівай папулярнасцю яна карысталася ў Францыі XVI — XVIII стагоддзяў, куды яе завезлі з Італіі.

Юлія БЯЗНОСІК, супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”