Зноў пра “Генацвале”

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Беларускі хіт на грузінскай мове
Літаратура — з’ява надзвычай інтэрнацыянальная. Пераконваешся ў гэтым, калі за межамі Беларусі чуеш аповеды пра сваіх пісьменнікаў. Памяць пра беларускіх літаратараў асабліва ўшаноўваецца ў тых мясцінах, дзе яны кольвечы бывалі. Калі казаць пра Янку Купалу, то такім месцам поруч з Пячышчамі ў Татарстане, дзе нашаму класіку прысвечана музейная экспазіцыя, з’яўляецца Цхалтуба, курортны горад у Грузіі. Зараз там дзейнічае невялікая тэматычная выстава, якая па задуме яе стваральніцы Марыны ПАДГУРСКАЙ-КУТАТЭЛАДЗЭ неўзабаве можа стаць музеем. Пра гэта карэспандэнт “К” і пагутарыў са спадарыняй Марынай падчас яе візіту ў Мінск.

/i/content/pi/cult/623/13846/6-2.jpg— У часы Савецкага Саюза ў Грузію на адпачынак і аздараўленне ездзіла багата людзей. Вядома, сярод іх былі і знакамітасці. Тым не менш было нечакана даведацца ад сяброў, што сёння ў Грузіі з цеплынёй захоўваецца памяць пра Янку Купалу.

— Усё атрымалася даволі выпадкова. Невялікая музейная экспазіцыя ў гасцявым доме была створана ў маі 2015 года. Цяпер там можна ўбачыць фотаздымкі Янкі Купалы, ягоныя вершы як на беларускай, так і ў перакладзе на грузінскую. А пачалося з таго, што праз сацыяльныя сеткі са мной звязалася Вольга Гарадзіна, якая вядзе старонку на сайце “Грузіны Беларусі”, і распавяла, што ў Цхалтубе любіў адпачываць Янка Купала. Яна даслала вельмі цікавую інфармацыю ды прапанавала стварыць выставу. Каб было не сорамна ад зробленага, я вырашыла спачатку прыехаць у Мінск, наведаць Літаратурны музей Янкі Купалы. Так у нас і распачалося плённае супрацоўніцтва.

— Ведаю, што некалькі вершаў Янка Купала прысвяціў Грузіі, адзін з якіх “Генацвале” быў прысвечаны жанчыне, якую звалі Эліко. Ці захаваліся сведчанні пра візіты Купалы ў Цхалтуба?

— Так. Мне пашчасціла пазнаёміцца са сваякамі музы Янкі Купалы Эліко Ментэнхелі, якая працавала доктарам у тутэйшым санаторыі. А пачалася грузінская гісторыя Янкі Купалы ў 1937 годзе, калі адзначаўся юбілей Шота Руставелі, на які сабраліся пісьменнікі з усяго Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускі Пясняр. У Тбілісі яму параілі з’ездзіць на лячэнне ў Цхалтуба, што ён і зрабіў, — працягвае Марына Падгурская-Кутатэладзэ. — Да слова, яму там так спадабалася, што ён двойчы вяртаўся туды. Менавіта там ён пазнаёміўся з абаяльнай 26-гадовай дзяўчынай, доктарам і творчай асобай. Прысвяціў Эліко Ментэнхелі свае вершы. А названы верш “Генацвале” ў перакладзе на грузінскую мову быў у нас пэўным часам музычным хітом. Яе ўнукі і сёння з вялікай цеплынёй зберагаюць памяць пра Песняра: маюць багатую калекцыю арыгінальных дакументаў, фотаздымкаў, выдатна чытаюць на беларускай мове.

— Ці вядома, дзе яшчэ, апроч Цхалтуба, бываў Янка Купала падчас паездак па Грузіі?

— Зараз інфармацыя пра грузінскія пуцявіны Янкі Купалы ўдакладняецца, вынікам чаго павінен стаць адмысловы шляхаводнік. З дакладнасцю можна сказаць, што ў 1940 годзе ён пабываў у музеі Уладзіміра Маякоўскага. А неўзабаве там плануецца размясціць банеры з Літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэтаму праекту і прысвечаны мой візіт у Мінск.

— Якім вы бачыце далейшае развіццё свайго праекта?

— На жаль, абмежаваныя фінансы не дазваляюць зрабіць паўнавартасны музей. Аднак хочацца, каб у нас можна было пачуць голас Купалы, копіі дакументаў, аўтографаў вершаў. Маю жаданне дапамагаць мінскаму музею Янкі Купалы ў правядзенні асветніцкіх мерапрыемстваў. Так, перасоўная выстава пасля Цхалтуба пабывае ў Тбілісі, Батумі, іншых гарадах Грузіі. Да мяне прыязджаюць турысты з Германіі, Расіі ды іншых краін. Для многіх з іх гісторыя пра Янку Купалу — сапраўднае адкрыццё. Трэба сказаць, што ў Цхалтуба адпачывалі таксама Якуб Колас і Пятрусь Броўка. Дзякуючы дапамозе супрацоўніка Літаратуранага музея Янкі Купалы Паўла Каралёва зараз распрацоўваецца адмысловы буклет на некалькіх мовах па беларускіх мясцінах Грузіі. Плануецца распачаць супрацоўніцтва і з вашымі турфірмамі. Пакуль уласнага сайта мы не маем, але на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы можна знайсці інфармацыю як пра гасцявы дом, так і беларускі куток.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"