Ганчароў у Ганчарах не засталося, але…

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Творчы праект Лідчыны = інавацыя + традыцыя
Адметнасць творчых праектаў на Лідчыне ў тым, што мясцовыя ўстановы культуры імкнуцца спалучыць інавацыі са старадаўнімі традыцыямі. Працэс гэты толькі зараджаецца. Будзем спадзявацца, што не застанецца ў ім месца фармалізму ды абыякавасці. Паразважалі мы і пра тое, якім праз час можа быць вынік раённых праектных памкненняў. Падаецца, прастымулюе творчы пошук абласны конкурс на лепшы брэнд. Перспектыва хоць і далёкая, але думаць пра яе варта ўжо сёння. Хаця б з той нагоды, што культура Лідчыны ніжэй за трэцяе месца на Гродзеншчыне не апускалася. Так што марку трымаць трэба.

/i/content/pi/cult/623/13843/10-1.jpgКаралеўскі кухар з Беліцы

Вось што распавёў нам пра праекты праграм транспамежнага супрацоўніцтва намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў. Напрыканцы года іх было пададзена тры. Кожны — з разлікам на доўгатэрміновую перспектыву. Так, адзін арыентаваны на стварэнне ў раёне базы па развіцці ткацтва, з абавязковым прыцягненнем да гэтай справы дзяцей і моладзі. У цэлым жа ў праектах непасрэдна задзейнічаны вядучыя ўстановы сферы: мясцовая школа мастацтваў, Цэнтр культуры, а таксама гісторыка-краязнаўчы музей.

Падставы спадзявацца на поспех маюцца. Хаця б з улікам удалага папярэдняга досведу. Так, год таму быў завершаны праект “Дух продкаў жывы ў нашых сэрцах” — накіраваны на адраджэнне народных святаў. Цягам двух гадоў з літоўскім Тракаем сумесна арганізавалі некалькі мерапрыемстваў. У рамках абменных візітаў было наладжана навучанне народным рамёствам. Нашы давалі майстар-класы па кераміцы, выцінанцы, саломцы, літоўскія майстры — па шапавальстве, дэкаратыўным валянні.

Непасрэдна ў гэтым праекце былі задзейнічаны загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна ды вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш, якія і канкрэтызавалі сітуацыю з праектнай дзейнасцю. Раённая карта праектных захадаў — надзвычай стракатая. Шэсць клубных устаноў на Лідчыне — са сталым фальклорным ухілам. Працуюць яны ў вёсках Ганчары, Пескаўцы, Беліца, Ваверка, Голдава, Ходараўцы. Фальклорныя клубныя фарміраванні дзейнічаюць у Бердаўцы — “Ойра”, Першамайску — “Заранак”, Беліцы — “Абцасік”, Дзітве — “Танцы для душы”, Беліцы — “Спазнай смак сваёй кухні”. (Кажуць, у Беліцы нарадзіўся кухар караля Аўгуста Панятоўскага, таму было б дзіўна, каб вёска не ганарылася старадаўнімі нацыянальнымі стравамі… Інакш кажучы, традыцыйная аснова для праяў інавацый — больш чым грунтоўная. Вось і шчыруюць у раёне. Калі ўсё атрымаецца, любы ахвотны зможа пакаштаваць у Беліцы тое, чым любіў частавацца апошні кароль Рэчы Паспалітай. Але гэта, як той казаў, — тэорыя. А што Лідскі раён мае цяпер на практыцы?)

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я апошнім часам усё больш апелюю да тых матэрыялаў, што змяшчаюцца пад рубрыкай “Лабараторыя” і распавядаюць пра новыя тэхналогіі работы клубаў. Гэта ў працяг гаворкі пра тэорыю і практыку клубнай дзейнасці. Якім павінен быць сучасны праект? Не толькі адрасным, але найперш скіраваным на тое, каб у ягоную рэалізацыю была ўцягнута максімальная колькасць асоб. Праект толькі тады стане ”жывым”, калі прымусіць і суперажываць, і самавыяўляцца ў здольнасцях. Доказ таму — размах “Мотальскіх прысмакаў” у Іванаўскім раёне. Ці атрымаецца штосьці адметнае інавацыйнае, ды яшчэ і з каралеўскімі кухарскімі нюансамі? Павінна атрымацца.

А макуху каштавалі?

Каб лепш пазнаёміцца з той практыкай, вырашылі скіравацца ў Ганчары. У пошуках СДК завіталі на пошту і, атрымаўшы падказку, у дадатак набылі латарэйны білет “Скарбніцы”, як аказалася, выйгрышны.

Не менш прыемныя ўражанні чакалі нас і ў СДК, дзе нас з ходу закідалі рознымі крэатыўнымі праектамі. Да прыкладу, домам культуры ў Ганчарах загадвае Ганна Булай, а акампаніятарам працуе Васіль Дымовіч. Так і ўзнікла рабочая назва праекта — “Васіль ды Ганна запрашаюць”. Не, праект не мае дачынення да ганчарства. Ягоных праяў, на жаль, тут не захавалася. “Хочам стварыць фальклорную гасцёўню з фальклорнымі ж пасядзелкамі”, — тлумачыць Ганна Міхайлаўна.

З народных рамёстваў тут плануюць развіваць ткацтва. Калі атрымаецца заручыцца падтрымкай транспамежнага праекта, замовяць некалькі ткацкіх станкоў. Тым больш разгарнуцца ёсць дзе: СДК перадалі бібліятэчны пакой — так вырашылася пытанне з недахопам памяшканняў. Цяпер гэты пакой плануецца аформіць пад сялянскую хату. Там жа размесцяцца і новыя ткацкія станкі, там стануць праводзіць заняткі.

На ацэнку грантавай заяўкі ў арганізатараў будзе цэлы год. Пакуль жа ў Ганчарах ёсць яшчэ чым пахваліцца: адроджаны народны абрад “Жаніцьба коміна”, а на бягучы год запланавана свята печы. Усё гэта кладзецца на плечы, галоўным чынам, аматарскага аб’яднання “Ульяніца”, якое колькі гадоў таму распрацавала анімацыйна-рэалістычную дзею “Беларускае вяселле”.

І ўсё ж нас найбольш завабіла ідэя выкарыстання льну ў дзейнасці Ганчарскага СДК — не толькі як матэрыялу для ткацтва, але і як кулінарнага дэлікатэсу. Тым больш ёсць дзе і сыравіну браць: у ваколіцы працуе льнозавод.

У Ганчарах ведаюць некалькі дзясяткаў рэцэптаў. Дом культуры набывае зерне, апрацоўвае на кавамолцы. Так атрымліваецца льняная мука, што выкарыстоўваецца не толькі для выпечкі прысмакаў, але і для стварэння адмысловага кісяля. Але найвялікшы кулінарны гонар СДК — макуха, адмысловая беларуская прыправа. Зерне льну абсмажваецца на патэльні, дадаецца трохі солі. Пасля ўся сумесь дробна перамолваецца. З такой прыправай вараная бульба, блінкі і аладкі набываюць незвычайны смак. Прызнаемся, самі мы гэтыя прысмакі не пакаштавалі, але верым на слова мясцовым работнікам культуры.

І ткацтва, і льняная кухня, і свята печы... У нас узнікла лагічнае пытанне: ці пацягне адзін дом культуры столькі праектаў? Але яно знікла, як ва ўстанову завітала мясцовая школьніца Яна Кастэнка і з ходу ўзялася за майстраванне — па-за графікам працы гурткоў: таму што гэта цікава і займальна. Верым, за ёй падцягнуцца і іншыя.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Гасцюючы за межамі нашай краіны, даводзіцца сустракаць у супермаркетах незвычайныя для нас, але традыцыйныя для мясцовых жыхароў стравы кшталту вэнджаных каўбасак-“кабаносаў” у Польшчы ці кляновага сіропу ў Канадзе, ужо не кажучы пра духмяныя французскія сыры. Усё гэта не толькі частка кухні, але і выдатны спажыўны сувенір. Не, я не заклікаю вырабляць у Лідзе сухія канцэнтраты дранікаў, а вось спецыі з ільну — чаму б і не, ды і магутнасці мясцовага заводу, мяркую, дазваляюць. Але спачатку традыцыю спажывання такога кшталту спецый трэба адрадзіць, найперш, у свядомасці мясцовай супольнасці. А тут ужо без ініцыятывы ўстаноў культуры раёна не абысціся.

Кульбакі — Дзітва

Вёска называецца Кульбакі, а аграгарадок — Дзітва. Існуе тут вялікае торфапрадпрыемства. Таму і ЦДК тут — адпаведны: вялікі і шматпрофільны. Падтрымка галоўнага спонсара — торфабрыкетнага завода — адчувальная. Дзякуючы дапамозе прадпрыемства ў будынку пазалетась зроблены капітальны рамонт, заменена сантэхніка.

У будынак дома культуры завіталі без узгадненняў і папярэджванняў. За працай заспелі мастацкага кіраўніка ды харэографа Галіну Прымаву, а таксама бібліятэкара Ірыну Санюк. Памятаеце, адзін з праектаў тут — танцавальны. І пачыналася ўсё са шляхецкіх баляў ды побытавых танцаў. Усё гэта было літаральна тры гады таму. Пасля раённае кіраўніцтва вырашыла змяніць прапіску праекта і перакінуць яго ў Тарнове. Цяпер там штогод ладзіцца праект “Танцуем па-даўнейшаму”.

Але і ў Дзітве з танцамі вырашылі не развітвацца. Тут дзейнічаюць два дзіцячыя калектывы “Світанак” і “Сузор’е”. А вось дыскатэк няма. Прычына здзівіла: няма дзяўчат, якія з’ехалі з вёскі на вучобу ды працаўладкаваліся ў горадзе. Вяртаюцца хіба толькі сямейныя. Ды і ў іх вялікай ахвоты ісці ў дом культуры няма.

У Дзітве замест шляхецкіх танцаў прыдумалі іншы праект — шоу-праграму “Жанчына года”, якая летась з поспехам прайшла ў аграгарадку. Але і на гэтым вырашылі не спыняцца. Сёлета тут упершыню пройдзе свята капусты. Тлумачацца такія змены лагічна: мясцовым людзям павінна быць цікава. Тады і грошы ім не шкада пакінуць у доме культуры. А будзе ўсё аднастайна, то хто пойдзе? Такі ж прынцып тычыцца нават начыння ЦДК: нядаўна замест “летняга сада” паўстаў “куток даўніны”.

Хутчэй дзеля разнастайнасці дзейнічае тут і філарманічная пляцоўка: прыкладна раз на квартал прыязджае аркестр з Ліды. Вось толькі аматараў высокай культуры не так шмат: на канцэрт звычайна збіраецца пара дзясяткаў чалавек. Маецца і свой народны вакальны ансамбль “Святліца”, мастацкая самадзейнасць. Таму мясцоваму спажыўцу культуры ёсць з чаго выбіраць.

Завітваюць мясцовыя жыхары і ў бібліятэку. Тут мы заспелі чытача Лідзію Кудаш. Яна дзявятая на сёння наведвальніца ўстановы: былі старшакласнікі, рабочыя завода, пенсіянеры. А ўсяго ў бібліятэцы — 500 чытачоў. Па вялікім рахунку, усе яны і маюць стаць патэнцыйнай аўдыторыяй свята капусты.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Кожная камандзіроўка на Гродзеншчыну заўсёды чаканая, бо ведаем, што мясцовая ініцыятыва, працавітасць ды руплівасць у справах развіцця культуры падмацоўваецца падтрымкай абласнога кіраўніцтва. Так атрымалася і гэтым разам: поруч з цікавымі праектнымі задумкамі Лідскага і Гродзенскага раёнаў даведаліся пра надзвычай актуальныя і перспектыўныя абласныя ініцыятывы. А калі яшчэ і заяўкі на міжнародныя гранты будуць падтрыманы, дык хвалявацца за сферу культуры Гродзеншчыны не выпадае ўвогуле! Адно хочацца, каб і прыватная ініцыятыва неабыякавых да культуры, але не звязаных наўпрост з гэтай сферай людзей таксама знаходзіла падтрымку і разуменне. Вось тады будзе поўнае суладдзе, за якім абавязкова прыйдзе і эканамічны эфект.

Мінск — Воранаўскі і Лідскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"