Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Ян Марцінкевіч: загадкі пра бацьку класіка / Частка І
У папярэдніх артыкулах я ўжо неаднаразова звяртаўся да асобы бацькі беларускага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Яна Марцінкевіча. З-за нявыяўленых архіўных дакументаў жыцці Яна і Марцыяны, маці пісьменніка, былі рэканструяваны, хутчэй у літаратурным, а не ў гістарычным стылі, з мноствам выдумак, здагадак і нават памылак. Напрыклад, калі маці “пахавалі” на 10 гадоў раней, то бацька, наадварот, “пражыў” яшчэ 10 гадоў пасля часу сваёй рэальнай смерці. Зрэшты, гэта далёка не адзіная памылка ў яго біяграфіі і, хутчэй за ўсё, намаляваны беларускімі літаратуразнаўцамі вобраз зусім не адпавядае рэальнаму. Але пра ўсё па парадку…

/i/content/pi/cult/623/13842/15-1.jpgПра тое, чаго няма

Ні ў адным са знойдзеных мной арыгінальных і несумнеўных дакументаў, самы ранні з якіх датуецца 1750 годам, ні Ян, ні яго брат Ігнат, ні Марцыяна Марцінкевічы, ні хтосьці іншы з гэтай сям’і ні разу не выкарыстоўвалі прыдомак “Дунін”. Няма двайнога прозвішча ні ў спісах 1795, 1816 і 1821 гадоў, ні ў дзясятках метрык. Няма ў справе аб выкраданні Вінцэнтам яго будучай жонкі Юзэфы, калі ён сам, адказваючы на пытанні следчага, называў сябе выключна Марцінкевічам. Тады кульмінацыяй стала вянчанне маладых 18 снежня 1831 года ў Мінскім касцёле бернардзінак, і гэты найважнейшы сакрамант праходзіў таксама без “Дуніна”. Няма яго ў даверанасцях, судовых паперах, купчых, фармулярных спісах. Няма “Дуніна” ў асабістых подпісах пад дакументамі, пакінутымі яго маці Марцыянай, дзядзькам Ігнатам, у дзясятках ранніх подпісах самога Вінцэнта. І, падобна, што нарадзіўся “Дунін” толькі ў 1832 годзе, хутчэй за ўсё, пад лёгкім пяром самога будучага класіка. Тады і з’явіліся ў доказе “старажытнага паходжання” роду Дуніна-Марцінкевіча некаторыя вельмі сумнеўныя дакументы.

Ні ў адным з вывадаў Марцінкевічаў у Мінскім і іншых дваранскіх дэпутацкіх сходах (ДДС) да 1832 года, а былі іх дзясяткі, не згадваўся прыдомак Дунін (прынамсі, пакуль такія мной не знойдзены). Праўда, само прозвішча Дунін яны называлі! Але толькі тады, калі гаварылі пра герб роду Марцінкевічаў — “Лебедзь”, які па легендзе прывёз нейкі Пётр Дунін, таму герб меў і другую назву ў гонар свайго “бацькі” — “Дунін”. Сапраўды, некаторыя прозвішчы, якія выкарыстоўвалі гэты герб, сталі называцца з прыдомкам “Дунін”, і такіх вядома каля трыццаці: Дунін-Баркоўскія, Дунін-Карвіцкія, Дунін-Ліпскія, Дунін-Раецкія, Дунін-Вансовічы, Дунін-Вольскія і іншыя. Зрэшты, гэты герб выкарыстоўвалі і каля 220 іншых шляхецкіх родаў, ды, відавочна, зводзіць усіх іх да аднаго продка не мае сэнсу — гаворка можа ісці толькі пра нейкае гербавае братэрства.

У 1832 годзе Вінцэнт (хутчэй за ўсё, па падказцы старэйшых таварышаў з Мінскага ДДС, што праславіліся на ўсю імперыю сфальсіфікаванымі радаводамі, добра вывучылі ўжо выдадзеныя да таго часу гербоўнікі і ведалі, як дакументальна даказаць нават тое, чаго ніколі не было) узвёў не толькі паходжанне свайго герба, але і самога свайго роду да Пятра Дуніна. Гэта добра відаць пры параўнанні заявы Марцінкевіча ў ДДС і дэкрэта сходу. Калі ў заяве была толькі згадка прыдомка “Дунін”, то ўжо ў дэкрэце з’явілася ўся цудоўная гісторыя пра Пятра Дуніна, выпісаная з “кнігі летапісацеля Пятра Наленч Малахоўскага”, хоць, па сутнасці, ён павінен быў паўтараць тэкст заявы. Па легендах Дунін прыехаў у Польшчу з Даніі (“Dunczyk” па-польску — датчанін) яшчэ ў 1124 годзе, што і паўтаралі беларускія даследчыкі. Пры гэтым, падобна, нікога не хваляваў часавы разрыў паміж амаль легендарным Пятром і самім Вінцэнтам, які рабіў дваранскі вывад праз 700 гадоў! Па-мойму, абсалютна ніякіх падстаў для роднаснай сувязі Дуніна (дарэчы, некаторыя сучасныя польскія даследчыкі наогул адмаўляюць яму ў дацкім паходжанні), які жыў у ХІІ стагоддзі, і роду Марцінкевіча няма.

На жаль, веданне таго факта, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не адзін раз праходзіў па крымінальных справах аб падробцы дваранскіх дакументаў і пячатак, а таксама выяўленыя мною ў складзеным ім дрэве фрагменты галін іншых родаў Марцінкевічаў, якія жылі ў іншым часе і месцах, і былі проста перапісаны з гербоўніка і “аформлены” падробленымі дакументамі, не дазваляе ставіцца да прыведзеных ім доказаў з поўным даверам. Хоць, безумоўна, не ўсё там хлусня і выдумка, але, каб адрозніць збожжа ад пустазелля, нам, фактычна, трэба стварыць радавод продкаў Вінцэнта Марцінкевіча зноўку, грунтуючыся выключна на несумнеўных архіўных дакументах. І тут ключавую ролю іграе асоба Яна Марцінкевіча. А што нам, уласна, вядома пра яго?

Маркеры сапраўднасці

З чатырох арыгінальных ранніх дакументаў, вядомых нашым даследчыкам, пра якія я пісаў у артыкуле пра лёсы сясцёр класіка (№№ 46 — 47 за 2016 год), бацька згадваецца толькі ў запісах аб хрышчэнні Вінцэнта (і іх копіях). І гэта не дае нам практычна нічога, акрамя згадкі ягонага статусу: наваградскі чашнік. Таму асноўная крыніца — гэта згаданы вышэй дваранскі вывад, зроблены Вінцэнтам. Але што ж там праўда? Для мяне менавіта згадка ў прыведзеных дакументах будучым класікам “Дуніна” стала своеасаблівым маркерам, па якім я адкідаў сумнеўныя дакументы, хоць, вядома, часам нават падробкі могуць распавядаць пра нейкія рэальныя падзеі, ды і не выключана, што сапраўдныя дакументы з гэтым прыдомкам яшчэ знойдуцца.

Другім такім маркерам сталі судовыя месцы, дзе нібыта гэтыя дакументы былі створаны або захоўваліся. Вядома, што асаблівай папулярнасцю ў фальсіфікатараў дваранскіх доказаў карысталіся кнігі Ашмянскага і Браслаўскага судоў, а таксама акты Галоўнага Трыбунала ВКЛ Мінскай кадэнцыі, якія захаваліся вельмі дрэнна. На ўсе спробы чыноўнікаў пераканацца, ці існавалі калісьці падобныя дакументы, праверка давала аднолькавыя вынікі: “А павятовыя суды адгукнуліся: Ашмянскі ад 9.04. за № 79, што актавых кніг 1630 і 1639 гадоў у ім не маецца, а Нова-Аляксандраўскі ад 12.04. за № 343, што акты скасаванага Браслаўскага суда ў 1812 годзе пры выгнанні непрыяцельскіх войскаў знішчаны агнём”. Або: “Акты Трыбунала Мінскай кадэнцыі з 1641 па 1759 год згарэлі ў горадзе Мінску ў 1762 годзе”. Натуральна, да ўсіх падобных выпісак трэба ставіцца з недаверам, а пры веданні таго факта, што нашы Марцінкевічы ніяк не былі звязаныя ні з Ашмянскім, ні з Браслаўскім рэгіёнамі, адпаведна не маючы ніякай неабходнасці ўносіць свае дакументы менавіта ў гэтыя суды, то ўвогуле ігнараваць іх.

Асноўную ж доказную базу для нас набываюць тыя дакументы, якія не былі прыведзены ні ў адным з дваранскіх вывадаў Марцінкевічаў, пра існаванне якіх яны не ведалі, адпаведна, і не падраблялі (гэта падыход універсальны, і яго можна выкарыстоўваць пры праверцы любога дваранскага радаводу). Так, на падставе знойдзеных мной дакументаў, я схіляюся да думкі, што продкі нашых Марцінкевічаў, сапраўды, як і гаворыцца ў вывадзе, жылі ў Слонімскім павеце ў маёнтку Высоха. Менавіта там нарадзіўся і 8 жніўня 1750 года ў Слонімскім касцёле быў ахрышчаны брат Яна — Ігнат Марцінкевіч ад бацькоў Мікалая і Настассі (такая метрыка не прыводзілася ў дваранскай справе, што дазваляе нам паставіцца да яе з усім даверам).

Цётка — прымадонна!

На сёння гэта самы ранні дакумент з радаводу нашага класіка. У мяне няма сумневаў, што з цягам часу будуць знойдзеныя і іншыя, але і гэтая знаходка дазваляе нам рушыць у глыбіню дакладнай, а не выдуманай гісторыі гэтай сям’і. Бабуля Вінцэнта Марцінкевіча Настасся ўпершыню трапіла ў поле зроку даследчыкаў, і ў будучыні я абавязкова распавяду пра яе, а таксама некаторых яе родных і нават продкаў, бо пакуль менавіта па гэтай прамой лініі мне ўдалося прасунуцца ў даследаваннях найбольш далёка — як у часавым, так і ў прасторавым кірунку. Пакуль дакладна невядома, калі нарадзіўся Ян Марцінкевіч, і хто з братоў быў старэйшым, але па тым, што ў некаторых дакументах яго імя пішацца пасля Ігната, мы можам выказаць здагадку, што ён быў маладзейшым за брата.

Зацвердзіўшы на карце Беларусі яшчэ адно месца, звязанае з Марцінкевічамі — горад Слонім, мне складана ўтрымацца ад згадкі аднаго цікавага факта. Бо менавіта тут вялікім гетманам Вялікага княства Літоўскага Міхалам Казімірам Агінскім быў створаны яго вядомы тэатр. І менавіта ў тым тэатры, апісаным у кнізе Анджэя Цеханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”, мной заўважана Марцінкевічаўна — спявачка, прымадонна слонімскай оперы. Атрымлівала з 1 верасня 1776 да 1 сакавіка 1778 гадоў месячную плату ў 40 злотых і тры дукаты “на сталаванне”. Мабыць, пасля 1.03.1778 г. пакінула Слонім… Уявіце толькі: цётка нашага Вінцэнта была опернай прымадоннай! Зараз, калі я ведаю, што сям’я Марцінкевіча была звязаная з гэтым горадам, такая здагадка мне не здаецца фантастычнай. Ёсць у гэтай версіі і самае неабходнае: “чалавечы рэсурс” — паводле маiх звестак у Яна і Ігната Марцінкевіча акрамя брата Антона, хутчэй за ўсё, былі і сёстры: Кацярына, Францішка, Разалія і Іазефата. Думаю, што адказ — яна ці не? — мы абавязкова атрымаем.

Дакладныя факты пра Яна

Наступнай дакладнай датай у біяграфіі Яна Марцінкевіча мы можам назваць 1772 год — менавіта ў гэтым годзе нарадзіўся яго сын Ігнат. Значыць, да 1771 года (ці крыху раней) мы можам аднесці адну з найважнейшых падзей у яго жыцці, якая паўплывала і на ўсю будучыню Марцінкевічаў: вельмі ўдалы шлюб з пляменніцай будучага мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Але трэба аддаць належнае Яну: ніхто тады не мог і здагадку выказаць аб такім узлёце Сестранцэвіча. У тыя гады ён быў звычайным віленскім святаром, і яго зайздросная кар’ера пачалася пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай абодвух народаў.

Доўгі час для даследчыкаў заставалася загадкай ступень сваяцтва Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Мітрапаліта. Выводзілася сваяцтва і па бацьку, і па маці. Аднак, як мы цяпер можам ужо сцвярджаць з упэўненасцю на 100 працэнтаў: ніякага крэўнага сваяцтва не было. У Станіслава была старэйшая сястра Ганна (нарадзілася 15 ліпеня 1724 года), па мужу Рыкачэўская, у якіх была адзіная дачка — жонка Яна Марцінкевіча. І тут, на шчасце, не пацвердзіліся словы Язэпа Янушкевіча, які сцвярджаў, што “гісторыя не данесла імя першай жонкі Яна Марцінкевіча” — яе звалі Людавіка. Жыла маладая сям’я першапачаткова ў Вільні — Сестранцэвіч падараваў Ганне каменны дом у сталіцы Вялікага княства Літоўскага, размешчаны ў раёне вуліцы Субач, за касцёлам святога Казіміра, які пасля яе смерці перайшоў па спадчыне да маладой сям’і.

Там і нарадзіўся іх старэйшы сын Ігнат (звернем увагу, што брат быў не толькі старэйшым за самога Вінцэнта больш чым на 35 гадоў, але старэйшы і за яго маці Марцыяну) — магчыма, ён атрымаў сваё імя ў гонар дзядзькі. Яго рэальнае нараджэнне і нараджэнне, якое дайшло да нас у вывадовых дакументах, даволі паказальная з’ява ў плане даверу да радаводу, складзенага ў 1832 годзе Вінцэнтам Марцінкевічам. Там яго зводны брат названы Ігнатам-Мацеем, што цалкам магло быць, але прыведзена яго метрыка, выдадзеная... з Ашмянскага касцёла. Хоць сам Ігнат, уступаючы ў свой першы шлюб, называў свой дакладны ўзрост і сцвярджаў, што нарадзіўся і ахрышчаны ў Вільні, што зусім лагічна, калі бацькі жылі менавіта там. Аб другім шлюбе з княгіняй Валконскай і марской службе Язэпам Янушкевічам напісаны цэлы артыкул “Нечаканая рэмінісцэнцыя, або Брат Ігнат-Мацей”. Дзіўна, але і першай яго жонкай была княгіня, што кажа аб вельмі высокім статусе сям’і Марцінкевіча пры расійскім двары. Але гісторыя Ігната павяла б нас у бок ад асноўнай тэмы гэтага артыкула, таксама як і гісторыя яшчэ адной дачкі Яна Марцінкевіча — Францішкі, ад якой мы ў наступных артыкулах правядзем прамую лінію да іншага класіка беларускай зямлі — Адама Міцкевіча.

Хутчэй за ўсё, цэлае дзесяцігоддзе сям’я Марцінкевіча правяла ў Вільні, пакуль у 1780 годзе Ян і Людавіка Марцінкевічы не прадалі за 2400 польскіх злотых свой дом Пятру Макржэцкаму. Неўзабаве, пасля гэтага сям’я Марцінкевіча пераехала на Беларусь. Змены былі звязаны з тым, што ў 1778 годзе Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які да гэтага моманту здзейсніў неверагодны кар’ерны скачок і стаў першай асобай рымска-каталіцкай царквы ў Расіі, набыў у ваяводы Лапацінскага маёнткі Маляцічы (цяпер Крычаўскі раён) і Лапацін (зараз Лапаціна, Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці)…

Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст

(Заканчэнне — ў наступных нумарах "К".)

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст