Пра краязнаўчы факультатыў, маладзёжную сталіцу і “Святкі.by”

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Пачатак месяца насычаны важкімі культурнымі падзеямі. 2 — 3 лютага, скажам, рэспубліканскае свята “Полацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2017”. Такі статус прысуджаецца гораду па выніках конкурсу тэрмінам на адзін год. За гэты час Полацк прадэманструе дасягненні сучаснай маладзёжнай культуры, лепшыя практычныя напрацоўкі па развіцці сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай актыўнасці юнакоў і дзяўчат. Рэалізацыя новых ідэй, ажыццяўленне інавацыйных праектаў павінна стаць узорам для далейшага развіцця іншых гарадоў краіны. У свяце бралі ўдзел кіраўнікі маладзёжных арганізацый, маладыя спецыялісты і вучоныя, пераможцы конкурсаў ды спаборніцтваў, студэнты і навучэнцы, а таксама — ганаровыя госці з маладзёжнай сталіцы Азербайджанскай Рэспублікі. Гэтымі днямі праведзены рэспубліканскі форум “Разам мы — Беларусь”, стартаваў рэспубліканскі культуралагічны праект “Францыск Скарына. Чалавек дасканалы”.

/i/content/pi/cult/623/13841/5 kultura14.jpgА з 6 па 11 лютага ў Гродне пройдзе XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”. У праграме: выставы, вечар духоўнай паэзіі, выступленні харавых калектываў з Сербіі, Арменіі, Украіны, Расіі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

6 лютага ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрыецца (у рамках згаданага вышэй фестывалю) выстава работ выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Выстава завецца “Прыгажосць Боскага свету”. У экспазіцыі — жывапіс, графіка і кераміка.

9 лютага ў Палацы культуры МТЗ запланаваны канцэрт-прэзентацыя з нагоды выхаду кнігі “Беларускія народныя музычныя інструменты”. Аўтар праекта Тадэвуш Стружэцкі паведамляе: “Мерапрыемства называецца “Галасы Бацькаўшчыны”. А кнігу выдала “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Майстры Алесь Лось з Валожыншчыны і Мар’ян Скрамблевіч з Гродзенскага раёна пазнаёмяць са сваімі калекцыямі, агучаць уласнаручна адноўленыя ці зробленыя інструменты. Выступяць Заслужаныя аматарскія калектывы: ансамблі “Палешукі” з Іванава, “Паазер’е” з Пастаў, “Пастараль” з Дзяржынска, “Дударыкі” з Мінска, народныя калектывы: “Картузяне” з Бярозы, “Гудскі гармонік” з Лідскага раёна. У ліку выканаўцаў — і кіраўнік этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук. Сваё майстэрства прадэманструюць капэла народных духавых інструментаў “Гуды”, ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. Можна будзе прыдбаць не толькі кнігу, але і сувеніры з Іванаўскай школы бондарства і Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў”.

Навіна з сацыяльных сетак. Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа наладзіла чарговы факультатыў па краязнаўстве “Сустрэчы з мінулым і сучасным”. Да бібліятэкараў і чытачоў прыйшлі супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага РЦК і правялі майстар-класы па ручным ткацтве габеленаў, паясоў і вырабе сувенірных кошыкаў.

Гонарам вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна з’яўляецца фальклорны гурт, якім кіруе Аліна Мішчук. Пра гэта піша Настасся Голуб. Гурт створаны ў 1975 годзе тагачасным загадчыкам клуба Антонам Гузарыкам. Большасць рэпертуарных песень — аўтэнтычныя, запісаныя ад мясцовых носьбітаў песеннай творчасці. Адна бяда: калісьці ў калектыве налічвалася два дзясяткі чалавек, цяпер — толькі шэсць кабет, самай старэйшай — больш за 80 гадоў. Заслуга гурта яшчэ і ў тым, што дзякуючы яму ў вёсцы бытуе абрад “Выпечка вясельнага караваю”. А песню гурта “Плыві доля ты з вадою” выконвае і эстрадны спявак Георгій Калдун: у Нацыянальным хіт-парадзе “Сто песень для Беларусі” яна — у тройцы лепшых.

Яшчэ дзве інфармацыі з Дзятлаўшчыны. У раёне прайшла традыцыйная сустрэча працоўнай моладзі. Назва мерапрыемства — “Святкі.by”. У раённым цэнтры разам сабраліся 57 маладых спецыялістаў з арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак Дзятлаўшчыны. Знаёміліся з уладамі, абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з пачаткам працоўнай біяграфіі, прыкідвалі ўласныя перспектывы.

Кіраўнік Беларускага ігравога тэатра роставых лялек “Dolls4All” Іван Каско анансуе II фестываль-карнавал роставых лялек і гульнявых праграм, што мяркуецца правесці ў Дзятлаве 26 — 28 мая. Кіраўнік калектыву пазіцыянуе яго як частку event-індустрыі Беларусі. А фестываль, па перакананні Івана Каско, скіраваны на ўдасканаленне рэпертуарнай палітыкі і павышэнне ўзроўню тэатралізаваных праграм, а таксама — на выпрацоўку сучасных тэхналогій для наладжвання дзіцячых святаў. Калі так, дык ухвальна.

З 10 па 15 мая ў рамках Года беларускай культуры на Сардзініі (Італія) адбудзецца канцэрт. Вось што паведамляе Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры (Консульская акруга Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія — Італія) Джузэпэ Карбоні: “Год беларускай культуры арганізаваны пад патранатам Прэзідыума Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італіі і пры супрацоўніцтве з Цэнтрам міжнародных сувязяў Міністэрства адукацыі Беларусі і Італа-беларускага цэнтра супрацоўніцтва і адукацыі “Сардзінія”. З гэтай нагоды абвяшчаецца адкрыты конкурс на выбар народнага музычнага калектыву, які возьме ўдзел у двух канцэртах — у гарадскім парку Кальяры і ў музычным клубе горада Сасары. Выбар калектыву ажыццяўляецца да 6 лютага”.

Удзельніца сямейнага клуба патрыятычнага і эстэтычнага выхавання “7Я” Уладзіслава Усціновіч з Рэчыцы (Гомельшчына) паведамляе пра фалькларыста і балетмайстра Міколу Котава. Ён — носьбіт мясцовых абрадаў. “А яшчэ высокай актыўнасцю па адраджэнні народных святаў і традыцый, — піша аўтар допісу, — вызначаюцца на Рэчыцкім Палессі аматарскія аб’яднанні “Жывіца” і “Сям’я”, што нарадзіліся амаль дваццаць гадоў таму ў Азершчынскім цэнтры культуры і адпачынку, а цяпер працуюць пры Рэчыцкім гарадскім палацы культуры. Нядаўна гэтыя аб’яднанні зладзілі ў цэнтры горада Каляды”.

Пры сельскай бібліятэцы вёскі Мішневічы (Шумілінскі раён) каля дзесяці гадоў дзейнічае клуб па інтарэсах “Люстэрка”. Кіруе ім бібліятэкар Людміла Тарасава. Скіраванасць “Люстэрка” — тэатральная. Днямі Людміла Віктараўна ў чарговы раз набрала ў клуб новы склад ”артыстаў”, бо колішнія паспелі школу скончыць і раз’ехацца. А памяць пра пастаноўкі і сцэнкі засталася, бо “Люстэрка” ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах сельсавета і аўтарытэт мае немалы. Вельмі часта сюжэты спектакляў будуюцца на мясцовым матэрыяле. Новы набор гурткоўцаў, па словах бібліятэкара, таксама таленавіты і традыцыям здраджваць не збіраецца.

8 лютага спаўняецца 207 гадоў з дня нараджэння беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Хруцкага. Наваполацкая дзіцячая мастацкая школа носіць імя знанага мастака, таму згаданая дата адзначаецца з асаблівым піетэтам. 6 лютага тут па традыцыі адбудзецца свята першакласнікаў — “Прысвячэнне ў юныя мастакі”. Сёлета чакаецца рэкорд: у цырымоніі будуць удзельнічаць больш за 80 пачаткоўцаў. Іх чакаюць творчыя выпрабаванні, вясёлыя гульні і конкурсы, звязаныя з самымі рознымі відамі выяўленчага мастацтва. Пасля “клятвы юнага мастака” і жартаўлівага абраду “памазання” першакласнікі атрымаюць сертыфікат навучэнца мастацкай школы. 10 лютага ў навуковай бібліятэцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пачне працу выстава “Вялікаму майстру прысвячаецца…” У экспазіцыі — каля сарака творчых работ выпускнікоў школы, якія сталі студэнтамі ўніверсітэта і неўзабаве набудуць прафесіі дызайнера і архітэктара.

Піша дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко: “Вырабы мясцовых майстроў упрыгожваюць калекцыі самых розных музеяў, і не толькі беларускіх. Шмат узораў мясцовага мастацтва захоўваецца і ў Цэнтры рамёстваў. Яны патрапілі сюды ў выніку нашых экспедыцый. Таму асобныя віды мастацтва адраджаюцца падчас работы гурткоў і майстар-класаў. 1 лютага ў РЦР завіталі студэнты Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа, агледзелі выставу “Куфар былога”. У экспазіцыі — больш за сотню прадметаў: саматканыя радзюжкі, ручнікі і паяскі з вёсак Сямкова, Новыя Лагадкі, Купіск, Ваўковічы, Нягневічы, Мірацічы, прылады працы з вёсак Малыя Карнышы, Літоўка, Пуцэвічы, Кміцянка, папяровыя фіранкі з калекцыі работ Ніны Шурак”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"