Рэканструкцыя арната

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

31 студзеня Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадставіць шырокай публіцы новы артэфакт — арнат, які датуецца канцом XVIII — пачаткам ХІХ стагоддзяў. Ён незвычайны адразу па некалькіх прычынах.

/i/content/pi/cult/622/13838/3-2.jpgПа-першае, гэта частка літургічнага ўбрання каталіцкага святара ўтрымлівае фрагменты арыгінальных слуцкіх паясоў — што сустракаецца надзвычай рэдка. І па-другое — арнат быў літаральна вернуты з нябыту намаганнямі рэстаўратараў музея. Бо ў фонды ён патрапіў у папраўдзе крытычным стане.

Пазамінулым летам давялося паназіраць за тым, як рэстаўратар па тканіне Вольга Канаплёва карпатліва аднаўляла гэты помнік спадчыны. Давялося, фактычна, рабіць яго рэканструкцыю, дублюючы фрагменты паясоў на шоўк і “тэатральную газу”. Да ўсяго, задача перад майстрам стаяла папраўдзе ўнікальная: прэцэдэнтаў аднаўлення арнатаў з устаўкамі са слуцкіх паясоў у нас не было. Таму і не дзіўна, што на кожны сантыметр сыходзіла па некалькі дзён дбайнай працы, і завяршылася яна толькі праз паўтара гады. Плануецца, што гэты цудоўны помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гледачы змогуць убачыць на выставе “Беларусь: адраджэнне духоўнасці“, а з цягам часу ён будзе размешчаны ў экспазіцыі “Старажытная Беларусь“.