Варыянтнасць існавання

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Ці можа Нацыянальная тэатральная стаць ядром, што аб’яднае тэатральную грамаду?
“Мы раз’яднаныя” — гэты выраз лейтматывам гучаў падчас працяглай гаворкі ў рамках “круглага стала” на тэму “Нацыянальная тэатральная прэмія: вопыт і перспектывы развіцця”. Па адчуванні мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валерыя Анісенкі, каб абмеркаваць набалелае і вынайсці шляхі выйсця з праблем, тэатральная грамада сустракалася ледзь не за савецкім часам. Мо таму дыскусія праходзіла эмацыйна і раз-пораз адыходзіла ад асноўнай тэмы да больш шырокіх пытанняў тэатральнага жыцця. Прадстаўнічы сход знайшоў згоду ў адным: сітуацыя з прэміяй у сённяшнім яе выглядзе заходзіць у тупік, таму неабходна яшчэ неаднаразова дэталёва абмеркаваць пункты палажэння аб яе правядзенні. Балазе да пачатку наступнага рэспубліканскага конкурсу час трывае.

/i/content/pi/cult/622/13831/4-2.jpgСланы, буслы і прэстыж

Распачатая мінулым разам размова (пра гэта — у “К” № 3) не змагла ўмясціцца ў невялікі інфармацыйны тэкст, бо прапаноў за дзве з паловай гадзіны было выказана нямала. Зразумела, заўсёды будуць мецца незадаволеныя вынікамі і размеркаваннем “сланоў”, аднак крытычная маса ўсё роўна не павінна перавышаць пэўнага пункту кіпення. Пасля завяршэння сёлетняга спаборніцтва многія загаварылі пра памяншэнне значнасці прэміі ў параўнанні з яе першымі крокамі. Валерый Анісенка выказаўся ўвогуле катэгарычна: “Даводзіцца канстатаваць, што чацвёртая прэмія “здзьмулася…” Знайсці выйсце са становішча запрасілі рэжысёраў, мастакоў, дырэктараў тэатраў, профільных крытыкаў і педагогаў. Асабіста мне падалося, што спісу ўдзельнікаў бракавала прадстаўнікоў ад усіх вылучаных на прэмію відаў сцэнічнага мастацтва. На сходзе не было айчынных лялечнікаў, майстроў оперы і балета, а каму ж, як не ім, распавесці бачанне сітуацыі з іх намінацыямі знутры… Не прысутнічалі і прадстаўнікі рэгіянальных тэатраў (за выключэннем вышэйназванага спадара Анісенкі), а між тым гаворка тычылася конкурсу рэспубліканскага ўзроўню. Спадзяюся, гэта толькі першы з дыспутаў і далейшыя абмеркаванні ахопяць усе колы тэатральнай супольнасці краіны…

Старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рычард Смольскі бачыць адзін з варыянтаў заахвочвання і ўмацавання прэстыжу конкурсу ў магчымай карэляцыі перамогі ў рэспубліканскім конкурсе з дзяржаўнымі ганаровымі званнямі: “Прынамсі, калі лаўрэатам прэміі стаў заслужаны артыст, дык чаму не скараціць яму тэрмін для атрымання наступнага звання? Ці атрымаў “…Бусла” малады акцёр — дык дайце яму магчымасць стаць кавалерам ордэна Францыска Скарыны. Калі яшчэ моладзь да ганаровага звання дойдзе…”

Усё “вымяраецца” відэа?

Але ў першую чаргу прэстыж конкурсу складаецца з прафесійнасці журы і якасці прадстаўленых на конкурс спектакляў. Апошняе цалкам залежыць ад скрупулёзнасці працы адборачнай камісіі. Вось якраз “оптыка” адборшчыка і стала самай балючай кропкай дадзенага дыспуту. Адпаведна з палажэннем, на першым этапе адбор будучых канкурсантаў адбываецца па відэазапісах, якія тэатры дасылаюць на адрас аргкамітэта. Прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Вячаслаў Іваноўскі быў у адборачнай камісіі адной з прэмій і згадаў, як складана скласці ўяўленне пра пастаноўку па дрэнным запісе: “У гэтым выпадку няма гаворкі пра тое, каб годна ацаніць работу акцёра ці рэжысёра!” Адзін з членаў журы сёлетняй прэміі паскардзіўся на ўмовы працы, калі трэба прыняць рашэнне па спектаклі, аднак у тузіна экспертаў ёсць толькі адзін дыск на ўсіх і дзень-два ў распараджэнні... Бывала, што “прысуд” выносілі па хвілінах дзесяці з усяго дыска, а становішча выратоўваў эксперт, які адзін з усіх бачыў пастаноўку жыўцом… Загадчык кафедры рэжысуры тэатральнага факультэта БДАМ Віталь Катавіцкі дадаў, што ў журы ўсё ж быў час паглядзець увесь спектакль цалкам, аднак чуў ад некаторых: “І так зразумела!”

Каб пазбавіцца ад такіх недарэчнасцей і зрабіць працу камісіі больш аб’ектыўнай, многія прапанавалі ўвесці абавязковае патрабаванне ацэньваць спектаклі, якія вылучаюцца да ўдзелу ў конкурсе, паводле жывога паказу. Напрыклад, у Расіі, як сведчыць афіцыйны сайт аналагічнага нацыянальнага тэатральнага конкурсу, экспертны савет за сезон паглядзеў 774 прэм’еры, з якіх у асноўны конкурс патрапіла 70 спектакляў. Наша краіна больш кампактная, таму не павінна быць вялікай праблемай даехаць да таго ці іншага тэатра… Выступоўцы згадвалі колішні досвед, калі вядучых крытыкаў на працягу сезона на міністэрскім аўтобусе вывозілі на прэм’еры ва ўсе абласныя цэнтры. “Жывыя” прагляды адбіліся б на прэстыжнасці конкурсу, а яшчэ выправілі сітуацыю з мас-медыя, бо сёння, у асноўным, да чытача даходзяць рэцэнзіі на сталічныя прэм’еры, а пра рэгіянальныя ён даведваецца хіба па выніках мінскіх гастроляў пэўных тэатраў. І тэатральным дзеячам тыя “прагляды” пайшлі б на карысць, бо часта рэгіёны застаюцца па-за жывымі абмеркаваннямі сваёй працы і слушнымі заўвагамі прафесіяналаў. Па словах спадара Іваноўскага, пасля прагляду крытыкі маглі б параіць калектывам, на якую канкрэтна з намінацый можна вылучыць тую ці іншую працу, бо самі тэатры часам губляюцца з выбарам. Па меркаванні кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандра Марчанкі, “эстэтычныя перавагі адборшчыкаў павінны быць відавочнымі”. Сённяшняй сістэме адбору не хапае празрыстасці. Верагодна, напружанне можна зняць, калі будучых намінантаў дазволяць прапаноўваць не тэатрам (альбо не толькі ім), а куратарам.

Хто хаваецца за кулісамі?

Прагучала нямала прапаноў наконт перагляду пераліку намінацый. Раілі вярнуцца да спісу першай прэміі, дадаць дыплом за работу тэатральнага крытыка, адзначаць сучасных айчынных драматургаў, тым самым заахвочваць іх да стварэння новых твораў. Усё ж не трэба забываць, што тэатр — мастацтва калектыўнае, і неяк дзіўна вылучаць толькі акцёраў і лепшы спектакль, забыўшыся на ўсіх тых, без каго прэм’ера проста не пабачыла б свет. Між іншым, на расійскім конкурсе, на які так часта спасылаюцца нашы тэатралы, уручаюць каля 50 “Залатых масак” і спіс намінацый вар’іруецца ў залежнасці ад віду мастацтва. Дадаткова адзначаюць у музычным напрамку працу дырыжора, у драматычным — ролю другога плана, мастака-пастаноўшчыка, мастака па касцюмах, мастака па святле (апошнія тры прэміі таксама з’яўляюцца ў намінацыі за лепшы спектакль сярод музычных тэатраў), паасобку лепшы спектакль малой і буйной формы, у тэатры лялек — мастака. А ёсць яшчэ намінацыя за лепшы эксперымент і спецыяльныя прэміі журы. Хочацца верыць, што беларуская Нацыянальная тэатральная таксама стане больш прадстаўнічай па ахопе катэгорый…

Пры ўсіх акалічнасцях і зменах намінацый журы просіць у аргкамітэта ўсё ж не забывацца на іх існаванне. Кіраўнік аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вераніка Ярмалінская здзівілася, што летась уручаць прэміі паклікалі вядомых людзей, але не ўспомнілі пра журы, якое ўвесь тыдзень вызначала тых самых лаўрэатаў: “Нашы камісіі ўзначальваюць выбітныя дзеячы, упэўнена, трэба было паклікаць на сцэну старшыняў, тым самым прадставіўшы публіцы журы. Шчыра кажучы, нам на цырымоніі закрыцця было нават няёмка прысутнічаць....”

Засвоіць гарадскую прастору

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Уладзімір Галак загаварыў пра знешні бок справы, бо рэспубліканскаму конкурсу не хапае не толькі пастаяннай дырэкцыі, але і інфармацыйнага цэнтра. “Правільны SММ і дакладнае пазіцыянаванне ў сеціве дазваляе як заахвоціць гледача, так і дапамагчы стварыць неабходную нам “аскараносную” атмасферу, а форум зараз не мае прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках, у яго няма нават банальнага сайта, куды глядач мог бы ў любы момант зайсці”, — слушна зазначыў прамоўца. Насамрэч, звычайнаму гледачу было нялёгка арыентавацца ў праграме прэміі: не на ўсіх афішах было пазначана, што спектакль ідзе ў рамках рэспубліканскага конкурсу, часам не хапала зводных праграмак, каб зарыентавацца, у якую ўстанову культуры накіроўвацца далей. Інфармацыйны цэнтр змог бы аператыўна рэагаваць на такія незапланаваныя выпадкі, як адмена конкурснага паказу.

Прадстаўнік НЦСМ прапанаваў таксама ўвесці серыю дадатковых мерапрыемстваў спецыяльна пад падзею: “Напярэдадні фінальнага этапу можна рабіць шмат рэчаў перфарматыўнага характару ў гарадской прасторы, каб прыцягнуць увагу людзей да будучай падзеі. Сам тэатральны тыдзень насыціць адукацыйнымі мерапрыемствамі, лекторыямі, майстар-класамі ад тых жа лаўрэатаў для рознай аўдыторыі... У Нацыянальнай тэатральнай прэміі ёсць цудоўны адміністрацыйны рэсурс: можна звяртацца ў розныя інстытуцыі, пасольствы, каб запрашаць праз іх пасрэдніцтва ў Мінск цікавых персон, якія будуць праводзіць майстар-класы з гледачамі ці дэбаты з удзельнікамі”.

Сапраўды, засноўвалі конкурс у тым ліку і для далучэння да тэатральнага мастацтва шырокіх слаёў грамадства, але далёка не ўсе залы падчас леташніх паказаў канкурсантаў змаглі прадэманстраваць поспех у гэтым напрамку… Можа, прыспеў час задзейнічаць у чарговым рэбрэндынгу прэміі тэатральную моладзь? Прынамсі, спадар Галак упэўнены, што тыя дадатковыя імпрэзы абыдуцца прэміі танна, а вось эфект уздзеяння на канчатковага спажыўца — гэта значыцца, на гледача — будзе сапраўды моцным.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"