Якой нацыянальнасці “рыцар”?

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Партнёрства ля лідскіх муроў
Даўно мы не пісалі пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы рэгіянальнай культуры. Дакладней — пра ягоную не надта яркую акрэсленасць на раённа-сельскай прасторы. А тут такая нагода! Сустрэлі на Лідчыне прыватную агратурыстычную сядзібу з такім нацыянальным каларытам, што не змаглі праехаць міма і завіталі. Незапланаваная сустрэча з прадпрымальнікам дапамагла зірнуць на праблемы развіцця мясцовай культуры ў крыху іншым святле, з пазіцый, так бы мовіць, шараговага аўтатурыста.

/i/content/pi/cult/621/13811/10-1.jpgБеларус з Пескаў

Сярод заснежаных палёў Лідчыны, на другараднай дарозе ля вёскі Пескі нечакана заўважаем акуратна агароджаныя будыніну з кідкай нацыянальнай рэкламай і вялізны падворак з акуратнай паветкай ля маляўнічай копанкі. “Акурат вясковы амфітэатр!” — уражваемся мы і спыняемся без залішніх разваг. А насустрач ужо ідзе гаспадар. Віталь Корбач — яшчэ маладога веку, каржакаваты, нетаропкі. Мы доўга сядзім за абгабляваным, чалавек на сорак сталом, п’ём гарбату і гутарым “за жыццё”.

Жонка і сын Віталя жывуць пакуль у Лідзе. Корбач старэйшы перажывае, што Корбач малады яшчэ не ўсвядоміў важнасць бацькавай справы. “Усё яшчэ наперадзе”, — супакойваем мы. Віталь, купіўшы сядзібу ў Песках, паспеў зрабіць многае і ўжо цяпер прапаноўвае ахвотным адпачынак з нацыянальным каларытам, урачыстасцямі і канцэртамі (паветка менавіта для гэтага), сустрэчамі з цікавымі людзьмі, імпрэзамі і ўласнай хатняй гаспадаркай. Сядзіба называецца “Гасціна” (з націскам на другі склад). Вось ён, каларыт!

Як і любы прадпрымальнік, Віталь Корбач хоча, каб справа пашыралася і развівалася, і разумее, што не будзе гэтага без трывалых стасункаў з дзяржаўнымі структурамі, з тым жа аддзелам ІРКСМ. Як прыклад, Віталь стварыў перасоўны тэатр-батлейку, дзеі якой могуць зацікавіць малечу і вясковую, і гарадскую. Але галоўнае, што тыя прадстаўленні спрыяюць выхаванню моладзі на нацыянальнай традыцыі. “Толькі ў справе партнёрства надзвычай далікатна трэба — кажа прадпрымальнік — каб не нашкодзіць агульнаму поспеху. Каб не атрымалася так, як з Лідскім замкам: замест драўляных аконных рам паставілі там пластыкавыя шклопакеты. Палякі, дасведчаныя ў аднаўленні даўніны, здзіўляюцца”. Заўвага слушная. Адпачынак з нацыянальным каларытам прадугледжвае ў першую чаргу праўдзівасць гістарычную.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мы на сёння так і не маем пераканаўчага прыкладу ўзаемакарыснага стасункавання аграсядзібнай гаспадаркі і аддзела ІРКСМ. Прынамсі, узорнага суладдзя бачыць нідзе не давялося. У чым яно асабіста для мяне? У падтрымцы так званых аддаленых і маланаселеных вёсак. Калі няма там стацыянарных устаноў культуры, дык чаму б не выкарыстаць у гэтай якасці імправізаваныя сцэны-паветкі аграсядзіб? Для наладжвання канцэртаў, святаў, фестываляў нават раённага маштабу. Думаю, тут і агульны фінансавы інтарэс не можа не ўзнікнуць. Такія стасункі і прынята называць партнёрствам… Мы паабяцалі Віталю, які робіць у аграсядзібнай справе першыя крокі, што прыедзем на першую ж ягоную маштабную акцыю. Вельмі цікава прасачыць, як складзецца творчы лёс у гэтага амбіцыйнага рызыканта.

Замкавыя нюансы

Ліда — горад замкавых муроў і выдатнага квасу. Непадалёк ад гасцініцы “Ліда” — помнік Францыску Скарыну. Побач — вядучыя ўстановы культуры. У тым ліку і Цэнтр рамёстваў, дзе мы запланавалі купіць сувеніры. Але “замкавыя” магніцікі спачатку сустрэліся нам ў гасцінічным кіёску. Гэтыя вельмі прывабныя выявы рыцара адразу кідаліся ў вочы. Разгаварыліся з крамніцай. Яна адкрыла нам “таямніцу”: магніцікі з выявамі рыцараў вырабляюцца нібыта ва Украіне. (Калі мы вярнуліся ў Мінск і пацікавіліся ў сеціве асартыментам айчынных магніцікаў, загаданых рыцараў так і не адшукалі.) З думкай “Ізноў нас з нашым апярэдзілі” мы вытанчаны сувенір усё ж прыдбалі. Так, з прыватнікамі супрацоўнічаем, але не з нашымі.

Гаворку пра Лідскі замак як крыніцу даходаў для мясцовых работнікаў культуры мы працягнулі з намеснікам начальніка аддзела ІРКСМ Уладзімірам Самсонавым, які перакананы, што аснова дзяржаўнай ідэалогіі — гэта нішто іншае, як захаванне і развіццё нацыянальнай культуры. На гэта зарыентавана і дзейнасць аддзела. Падаецца невыпадковым, што летась Ліда стала лепшым горадам культуры сярод райцэнтраў краіны.

І ўсё ж запаветная мара Уладзіміра Самсонава перад выхадам на пенсію: завяршыць працу па рэстаўрацыі галоўнай перліны раёна — Лідскага замка. Вось толькі летась сродкі на працяг работ з рэспубліканскага бюджэту не выдаткоўваліся.

На сёння выкарыстоўваецца толькі дваровая тэрыторыя. Вежы яшчэ ў рамонце. Далёка і да сапраўднай музеефікацыі: паралельна з рэстаўрацыяй ёй ніхто не хоча займацца, бо невядома, якой арганізацыі будзе належаць замак пасля яго здачы ў эксплуатацыю. Пакуль жа ён знаходзіцца на балансе абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва.

Неверагодна, але дзякуючы нават недарэстаўраванаму замку летась аддзелам ІРКСМ было зароблена каля мільярда недэнамінаваных рублёў — на экскурсіях, рэаліці-шоу, забаўляльных і асветніцкіх мерапрыемствах кшталту “купальскай дыскатэкі” з фаер-шоу і зорнымі артыстамі, а таксама — з “Рыцарскім фэстам”, адным з самых пазнавальных культурных брэндаў вобласці.

Названая сума досыць вялікая, супастаўляльная з выручкай сферы культуры іншых раёнаў Гродзеншчыны. Але, як кажа народная мудрасць, з нічога нічога і атрымаеш: каб правесці якасна мерапрыемства, трэба не толькі праявіць крэатыўнасць, але і ўкласці грошы. Вось і ідзе прыбытак, зароблены на замку, на развіццё ўсёй сферы. Усяго да аддзела ІРКСМ даведзены план у шэсць тысяч рублёў. І без сведчання Уладзіміра Віктаравіча зразумела, што сельскія ўстановы асаблівага прыбытку не прыносяць, а таму застаецца разлічваць на замкавыя атракцыі ды выязныя канцэрты. Ды і з апошнімі сітуацыя не простая, улічваючы, што на 45 калектываў усяго два аўтамабілі — мікрааўтобус і легкавік.

Людзі прызвычаіліся, што культура на сяле — бясплатная, а таму і даступная. Пераканаць у адваротным сёння вельмі цяжка. А таму і прыходзяць на платныя канцэрты ў вясковых клубах на дзіва мала людзей. З другога боку, як два супрацоўнікі сельскага клуба могуць прапанаваць 15 якасных мерапрыемстваў у месяц? За колькасцю губляецца якасць.

Тым не менш, па словах Самсонава, апошнім часам у глыбінцы адбываецца шмат крэатыўных мерапрыемстваў, асабліва ў аграгарадках, у тым ліку дзякуючы праектнай дзейнасці, пра якую — у наступным выпуску аўтатура.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Нягледзячы на кепскае надвор’е, Ліда робіць вельмі прыемнае ўражанне: сваёй архітэктурай, помнікамі, установамі культуры, гатэлямі. Усё нібыта ў чаканні масавага турыста, які абавязкова з’явіцца з адкрыццём экспазіцый лідскага замка. Хочацца разам з Уладзімірам Самсонавым спадзявацца, што апошні крок з боку дзяржавы ў гэтым кірунку будзе зроблены, бо прыкра спыняцца ў паўкроку да здзяйснення задуманага. І няўжо патэнцыяльныя спонсары тут застануцца ўбаку?

Сувенірная крама — паўнюткая

Лідскага рыцара мы знайшлі і ў сувенірнай краме Раённага аддзела рамёстваў. Айчынны рыцар — керамічны, зроблены з вялікім пачуццём гумару ды самаіроніі. Натуральна, павінен быць і такі: сімпатычны, круглы ды вясёлы. Але ж неабходны і прамыя сувенірныя адпаведнікі нашай велічнай гісторыі — таксама велічныя. І такі пафас, як нам падаецца, тут цалкам апраўданы: у нас ёсць чым ганарыцца і мы гэтым ганарымся.

Трэба аддаць належнае мясцовай сувенірнай краме: выбар у ёй — найбагацейшы. Гаспадыня салона Ядвіга Стацэвіч кажа, тавар на паліцах не залёжваецца. Творы мясцовых рамеснікаў, сапраўды, якасныя і прывабныя, а таму набываюць іх нават турысты з Японіі і краін Афрыкі.

Апроч сувенірнай крамы, дзе мы правялі з паўгадзіны, маецца ў аддзеле рамёстваў інтэрактыўная праграма “Кола часу”, прысвечаная народным святам і выдатная музейная экспазіцыя з аўтэнтычнымі ўзорамі і іх сённяшнімі адпаведнікамі. Тут прадстаўлены практычна ўсе віды ткацтва. А адзін з іх, белае фактурнае ткацтва, плануецца ўжо ў гэтым годзе развіваць у раёне (у межах праекта трансгранічнага супрацоўніцтва) і ў перспектыве ўключыць у спіс элементаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Пакуль жа пры сельскіх установах культуры майстры займаюцца пераважна саломкай, а таксама маюць унікальныя “смачныя” льняныя і не толькі праекты, пра якія неўзабаве чытайце на старонках “К”.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Нам трэба вучыцца быць разваротлівымі. Наш замкавы патэнцыял павінен стаць асновай для стабільна прыбытковай туріндустрыі, уключаючы і рэалізацыю самай разнастайнай сувенірнай прадукцыі. І выкарыстоўваць тут варта самыя дробныя рэзервы…

У наступных нумарах “К” мы распавядзём, што супрацьпастаўляюць аптымізацыі сельскія ўстановы культуры Лідскага раёна.

Мінск — Воранаўскі і Лідскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"