Дуэт або ўзаемавыгада?

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

З 8 па 12 лютага ў Мінску пройдзе ХХIV Міжнародны кніжны кірмаш. Напярэдадні падзеі карэспандэнт “К” спытаў, якім чынам у выдавецтвах адбіраюцца творы мастакоў для афармлення кніг, і якія нюансы ў сувязі з гэтым існуюць у аўтарскім праве?

Іншы раз на вокладках кніг можна ўбачыць “візуальныя штампы”, якія падказваюць пакупніку жанр, тэму літаратурнага твора. Зусім іншая справа, калі на вокладцы — карціны мастакоў. Адразу згадваецца: “Дык гэта ж Губараў!” альбо “А чаму для твораў Янкі Маўра і Змітрака Бядулі абралі на вокладку менавіта маляваныя дываны Алены Кіш?” Але “дуэт” выяўленчага мастацтва і літаратуры выклікае пытанні. Якім чынам адбіраюцца творы мастакоў у выдавецтвах для афармлення кніг, і якія нюансы ў сувязі з гэтым існуюць у аўтарскім праве?

Прагледзеўшы кнігі некалькіх выдавецтваў, спынілася на “Мастацкай літаратуры”, якое выпусціла серыі “Школьная бібліятэка”, “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, “Беларуская літаратура ХХ ст.”, “Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі” з энцыклапедыяй “Культура Беларусі” і прыватным выдавецтве “Чатыры чвэрці” (серыі “Несур’ёзна аб сур’ёзным”, “Дзеці вайны”), з якім ужо некалькі гадоў супрацоўнічае мастак Валянцін Губараў.

Погляд выдавецтваў

Так, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп адразу адзначыў, што ў выдавецтве ўсё робіцца для таго, каб беларускія мастакі “былі на слыху”, не забываліся. — Зусім скора з’явіцца першая кніга серыі “100 вершаў”, прысвечаная 80-годдзю са дня нараджэння Міхася Стральцова. Аформлена кніга творамі Валерыя Шкарубы, якія найбольш дакладна перадаюць эмацыянальны стан вершаў. Рыхтуецца выданне да 100-годдзя Пімена Панчанкі, дзе таксама будуць размешчаны работы беларускіх мастакоў, — сказаў галоўны рэдактар. — Што да ганарараў, то яны невялікія, і для майстроў лепшы варыянт — атрымаць некалькі экзэмпляраў кніг у лік ганарара. Некаторыя мастакі гатовыя заплаціць уласнымі грашыма, каб выдалі каталог іх работ.

Падчас размовы Віктар Шніп згадаў сваё юнацтва — падручнікі школьнай пары з рэпрадукцыямі айчынных мастакоў, якія, па словах Віктара, і зараз “перад вачамі стаяць”. Дзякуючы візуальным вобразам у падручніках, хочацца і музей наведаць — паглядзець на сапраўдную карціну. Таксама галоўны рэдактар згадаў часопіс “Беларусь”, у якім былі ўклейкі з творамі — спачатку з імі знаёміўся, а потым і да мастакоў у майстэрні прыходзіў.

Бываюць выпадкі, калі ўбачыла ў краме кнігу, аформленую прыгожым творам мастака, але яго аўтар нідзе не пазначаны… — Гэта ўжо недагляд. Абавязкова трэба ўказваць аўтара. Кнігі распаўсюджваюцца па крамах, бібліятэках, на рэпрадукцыі заўжды звяртаецца ўвага, — сказаў Віктар Анатольевіч.

Якія недахопы бачыць галоўны рэдактар выдавецтва ў законе аб аўтарскім праве? — Ёсць нюансы. Калі, напрыклад, у прыватную калекцыю патрапіў твор, то ў каго прасіць дазвол на выкарыстанне работы? У калекцыянера? Увогуле, калі карціна знаходзіцца ў прыватнай калекцыі, то выпадае з беларускага або еўрапейскага культурнага жыцця, таму многія таленавітыя мастакі застаюцца невядомымі, — адзначыў Шніп.

Была магчымасць пагутарыць і з мастацкім рэдактарам “Мастацкай літаратуры” Надзеяй Барай, якая адразу папярэдзіла, што вокладка не абавязкова павінна адпавядаць зместу кнігі, бо існуюць зборнікі, у якіх змяшчаюцца розныя па тэматыцы творы. — Вокладка — “упакоўка”. Яна павінна прыцягваць увагу, перадаваць настрой і эмацыянальны стан кнігі, а не яе змест,  — удакладніла Надзея.

— Выкарыстоўваем тыя творы, на якія аўтарскае права не распаўсюджваецца. З сучаснымі мастакамі — дамаўляемся, каб выкарыстаць твор бязвыплатна. Вокладкі не замаўляем. Напрыклад, для серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” бралі творы, адпаведныя часу. Рэпрадукцый багата ў Сетцы, і калі яны там, значыць, знаходзяцца ў свабодным карыстанні,  — сказала мастацкі рэдактар.

Па словах галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Ларысы Языковіч, для энцыклапедыі “Культура Беларусі” рэпрадукцыі выбірала мастацтвазнаўца Галія Фатыхава разам з мастакамі. З кожным з іх яна звязвалася, і мастакі, у сваю чаргу, прапаноўвалі свае работы. Потым усё разам абмяркоўвалася. У выдавецтве, як сказала галоўны рэдактар, мастацкім афармленнем кніг займаюцца дызайнеры. Мастакі-ілюстратары не запрашаюцца, адзінае — іншы раз робіцца замова для афармлення дзіцячых кніг. Ларыса Уладзіміраўна адзначыла, што з праблемамі аўтарскага права не сутыкалася, толькі ўзнікалі пытанні па аб’ёме ганарараў.

— Ідэя стварэння серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае” нарадзілася, калі заўважыла, што шмат у каго з нашых знакамітых пісьменнікаў ёсць пачуццё гумару. Адразу ўспомніліся работы вядомага мастака Валянціна Губарава. Зараз ён ахвотна супрацоўнічае з выдавецтвам, прычым безганарарна. Праект некамерцыйны, і мэта яго — дарыць людзям добры настрой, — сказала дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух.

Падчас размовы Ліліяна Фёдараўна ўзгадала, што на апошнім з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі абмяркоўвалася пытанне аб павелічэнні памеру аўтарскіх ганарараў. Трэба ўлічваць, што павелічэнне ганарару адначасова азначае і рост сабекошту кнігі, які сёння і так немалы. — Нават калі, напрыклад, тыраж складае 100 экзэмпляраў, часу затрачана шмат на падрыхтоўку, рэдагаванне ды іншыя працэсы, то, зразумела, што кніга не можа каштаваць “пяць капеек”. На мой погляд, калі будуць прымацца рашэнні аб ганарарах, трэба сур’ёзна падумаць над тым, каб даць ільготы кнізе. Напрыклад, зняць з яе частку падаткаў. Яна сёння “аплочвае” падаткі на дабаўлены кошт, на прыбытак… Што да аўтарскага права, то і ў юрыдычным, і ў фінансавым плане аўтар павінен быць у цэнтры ўвагі пры выкананні ўсіх пунктаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. Гэта будзе справядліва.

“Рэклама на мяне працуе”

Некалькі гадоў таму да мастака Валянціна Губарава звярнулася дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух, вырашыўшы, што гумарыстычныя, іранічныя карціны Валянціна вельмі падыходзяць для серыі “Несур’ёзна аб сур’ёзным”. — Шкада, чытача знайсці цяжка: выданні бюджэтныя, многія аўтары ва ўзросце, некаторыя кнігі выдаюцца на беларускай мове…

— Нам далёка да заходніх стандартаў, дзе ўсё строга, — сказаў мастак. — У нашай краіне да мяне звяртаюцца па дазвол, за межамі Беларусі — ужо не прасочыш. Але бывае, канешне, пішуць, пытаюць дазволу. Маскоўскія выдавецтвы таксама пыталі дазволу, калі вырашылі выдаць набор паштовак і альбомы. Так, напрыклад, з Германіі, Румыніі нават ганарар дасылалі. Ужо 12 гадоў супрацоўнічаю з адным вядомым беларускім заводам, які штогод выпускае каляндар з рэкламай сваёй прадукцыі. Там размяшчаюцца ў тым ліку і мае работы. Рэклама на мяне працуе. Галоўнае — каб быў пазначаны аўтар. Аднойчы даведаўся, што ў Арменіі сын падарыў сваёй маці набор кубкаў з выявай маіх работ. Але мяне ніхто не пытаў… Заўважыў: у кнігавыдавецкай справе больш парадку.

Абарона мастака

Пра некаторыя нюансы ў аўтарскім праве распавёў “К” начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын. Думаю, варта іх абазначыць.

Умовы дагавора

— Само па сабе заключэнне дагавора наўрад ці выступае сродкам, які гарантуе абарону ад здзяйснення парушэнняў. Умоўна кажучы, дагаворам прадугледжана выплата ўзнагароджання аўтару, але выдавецтва можа не выканаць гэтыя ўмовы. Канешне, аўтар павінен быць уважлівым. Калі, напрыклад, у дагаворы ўсталяваны тыраж выдання, які дазволены з боку аўтара, то здзейсненае выдавецтвам за рамкамі яго ўжо з’яўляецца незаконным. Безумоўна, аўтар можа звярнуцца да выдавецтва, каб перагледзець умовы дагавора. Напрыклад, даць дазвол на распаўсюджанне дадатковага тыражу, але ўжо з падвышанай сумай узнагароджання. У выніку ён сам вырашае, якім чынам атрымаць узнагароджанне. Заканадаўства дапускае нават бязвыплатнае выкарыстанне, калі гэта акрэслена ў дагаворы.

У каго прасіць дазвол? Калекцыянер і мастак.

— З аднаго боку, усё залежыць ад мэтаў, у якіх мяркуецца выкарыстоўваць твор. Так, карціна як матэрыяльны аб’ект належыць калекцыянеру, але аўтарскім правам у адносінах да гэтай карціны ён не валодае. Выключэнне — калі паміж ім і аўтарам твора заключаны адпаведны аўтарскі дагавор. Па агульным правіле аўтарскае права на карціну як твор, нават у выпадку яе продажу новаму ўласніку, працягвае заставацца ў мастака. У адносінах да твораў выяўленчага мастацтва ўзнікае свайго рода дваякасць аўтарскае права належыць мастаку, калі, канешне, ён яго не перадаў. Таму дазвол на выкарыстанне твора ў новай форме (напрыклад, у якасці ілюстрацыі) трэба браць у яго. А што тычыцца тэхнічнай магчымасці зрабіць копію твора — фотаздымак, які пасля будзе выкарыстаны, то тут пытанне ў атрыманні доступу да самога матэрыяльнага аб’екта, які з’яўляецца ўласнасцю калекцыянера. Таму выдавецтву давядзецца звяртацца да мастака — за дазволам на атрыманне праў на выкарыстанне твора, іншымі словамі, вырашыць юрыдычныя пытанні, і да калекцыянера — з пытаннямі тэхнічнага характару — дазвол на магчымасць атрымаць копію карціны і ў далейшым выкарыстаць яе. Ні мастак, ні калекцыянер апрыёры не абавязаны прадастаўляць права. Але, мяркую, той жа калекцыянер будзе зацікаўлены за плату выдаць на часовае карыстанне экзэмпляр.

Мастак і некалькі выдавецтваў

— Усё залежыць ад камерцыйнай зацікаўленасці выдавецтва і ад зместу першага заключанага па часе дагавора. Можна гаварыць, што найбольш распаўсюджаныя ў практыцы выпадкі, калі выдавецтва зацікаўлена набыць выключнае права на выкарыстанне твораў, якое, зразумела, больш каштуе. Гэта значыць, што іншыя выдавецтвы на працягу пэўнага тэрміну не могуць тым жа спосабам выкарыстоўваць адпаведныя творы.

Музей і выдавецтва

— Фотаграфаванне твора выяўленчага мастацтва, напрыклад, з мэтай далейшага камерцыйнага выкарыстання, з’яўляецца актам яго ўзнаўлення, капіравання экзэмпляра ў новай форме — гэта тая дзея, якая патрабуе атрымання дазволу праваўладальніка. За выключэннем выпадкаў, калі скончылася дзеянне аўтарскага права на твор — прайшло 50 гадоў з даты смерці аўтара і твор можа выкарыстоўвацца любой зацікаўленай асобай. Іншы аспект, калі твор знаходзіцца ў спецыялізаванай арганізацыі. Часцей за ўсё экзэмпляры твораў набываюцца музеямі ў мастакоў з мэтай экспанавання, уключэння ў калекцыю. Наколькі ведаю, дагавораў на перадачу аўтарскага права паміж аўтарам і музеем у большасці выпадкаў не заключаецца — адпаведна музей не валодае правам дазваляць ці забараняць выкарыстанне твора.

Выкарыстанне рэпрадукцый карцін на вокладках кніг у сённяшніх умовах — найбольш трапнае выйсце і для выдавецтваў, і для мастакоў. Для апошніх — рэклама, для выдавецтваў — супрацоўніцтва з мастаком на бязвыплатнай аснове, а таксама іх прасоўванне. Магчыма, толькі на такіх узаемавыгадных умовах можна рэалізоўвацца.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст