Акрамя карагодаў пад ёлачкай…

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Адной з сёлетніх асаблівасцей навагодніх прэм’ер стала тое, што паболела рознага роду рэвю, дзе збіраліся разам героі то папулярных мультфільмаў, то вядомых казак, а то і спектакляў з рэпертуару дадзенага тэатра.

/i/content/pi/cult/621/13801/8-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 2.)

Апошні варыянт удала апрабавалі ў ТЮГу. Чароўнае прадстаўленне “Карагод на Новы год” круцілася па тры разы на дзень і складалася са спасылак на іншыя спектаклі таго ж тэатра — цяперашнія і ранейшыя. Ідэя і яе распрацоўка належалі тэатральнаму крытыку і супрацоўніцы тэатра Жане Лашкевіч і актрысе гэтай трупы Ганне Казловай (апошняя цудоўна выконвала таксама ролю Бабы Карготы — бяссменна, на кожным са спектакляў і пасля пад ёлачкай не стамлялася скакаць, “бы ў першы і апошні раз”). Такі “эканом-варыянт”, дзе не трэба шыць безліч новых сцэнічных строяў, з’яўляецца яшчэ і добрай (так бы мовіць, “схаванай”) рэкламай тэатральнай афішы. Тыя з дзяцей, хто бачыў выкарыстаныя ў ім спектаклі, будуць радавацца знаёмым персанажам. Тыя ж, хто не бачыў, захочуць на іх схадзіць. Праўда, з сучаснага рэпертуару сюды патрапіла толькі “Дзюймовачка”, астатнія фрагменты — “архіўныя”.

Дый у саммім “Карагодзе...”, дзе казачныя героі выпраўляюцца ў Новы год, ёсць некаторыя “нестыкоўкі”. Зразумелае жаданне аўтараў пазбавіцца чорна-белага погляду на персанажаў прывяло да таго, што адмоўныя героі не паслядоўна змяняюцца на нашых вачах, пачынаючы рабіць станоўчыя ўчынкі, а неяк незразумела хістаюцца ў розныя бакі. Уцяміць матывацыю некаторых іх учынкаў немагчыма не толькі дзецям, але і дарослым — тым больш, што некаторыя словы “праглытваюцца” артыстамі, не даходзячы да гледача. Дадатковыя тлумачэнні ад бацькоў патрабуюцца і ў фінале, калі Змей Гарыныч, Кашчэй Бессмяротны і іншыя спачатку застаюцца за бортам свята, а потым усё ж прыходзяць на яго — да ўсеагульнай радасці прысутных.

Ды ўсё ж у падобных рэвю бясспрэчная перамога, вядома, была за героямі-“мульцяшкамі” — менавіта дыснэеўскімі і сучаснымі расійскімі: што бачым на экранах, тое і становіцца папулярным. Не дзіва, што большасць прыватных праектаў на розных пляцоўках тычылася менавіта такіх персанажаў і, магчыма, іх прыгод. Не засталіся ў баку і дзяржаўныя ўстановы. У сталічнай філармоніі ўзнік “Навагодні кірмаш цудаў”. У Беларускім акадэмічным музычным тэатры — “Баль у Папялушкі”, які чаргаваўся з некаторымі ранейшымі спектаклямі тэатра і леташняй прэм’ерай — “Снежная каралева” (“Прыгоды Кая і Герды”) таго ж маладога рэжысёра Валерыі Чыгілейчык. Няма чаго здзіўляцца, што некаторыя героі (а менавіта прынцэса Эльза і Снегавік Олаф) у “Балі…” і філарманічным “Кірмашы…” паўтараліся, выклікаючы жаданне іх параўнаць. Адчувалася, што ў Музычным тэатры над кожным з вобразаў працавалі прафесіяналы, уключаючы грымёраў: падабенства было сапраўднае. Ігра і спевы артыстаў — розныя, бо сярод удзельнікаў былі і прызнаныя мэтры-прымадоны, і студэнты, для некаторых з якіх гэта быў першы выхад на прафесійную сцэну. Асаблівым поспехам карысталася “каманда Шрэка” — у тым ліку, дзякуючы каларытным увасабленням Восліка (Дзяніс Нямцоў) і Коціка ў ботах (Яўген Ермакоў). Яркімі атрымаліся таксама іншыя характарныя героі: Снегавік Олаф (Яўген Далідовіч, Мікалай Русецкі), Краб Себасцьян (Дзмітрый Клімовіч). Што ж да шматлікіх прынцэс і прынцаў, дык тут патрабаваліся нешараговыя акцёрскія здольнасці і сцэнічны вопыт, каб зрабіць лірычных герояў адметнымі не толькі з-за пазнавальнасці анімацыйных “праекцый”. У дачыненні да Феі, якая была Хроснай Папялушкі, узнікала непаразуменне: чаму яна раптам ператварылася ў злую? Нават знешне — у фею са “Шрэка”. І ці патрэбны дзецям падрабязнасці, звязаныя з “сіндромам старой дзевы”, пазбаўленай асабістага жыцця? Ці, можа, гэта частка казкі скіроўвалася на настаўніц?

Увогуле ж, часам паўставала справядлівае пытанне: дзеля чаго дзеці прыйшлі на гэты спектакль — толькі каб паглядзець на ўлюбёных герояў “жыўцом”? І нават, калі пашчасціць, дакрануцца да іх, бо практычна ўсе “ажыўленыя” персанажы мультфільмаў выходзілі на сцэну праз глядзельную залу. У астатнім — спектакль, названы дзе мюзіклам, а дзе шоу-канцэртам, ні на што не прэтэндаваў, пачынаючы з адсутнасці аркестра, замененага інструментальнай фанаграмай, пад якую і спявалі салісты песні сваіх герояў (другаснасць музыкі ў расійскіх мультфільмах — асобная тэма). Але поспех — каласальны. Не ўпэўнена, што запаўняльнасць залы была б такой жа амаль стопрацэнтнай, каб на сцэне дзейнічалі беларускія героі: ды хто ведае беларускія мульцікі, акрамя спецыялістаў? Тады, магчыма, намаганні можна было б і з’яднаць, стварыўшы нейкі сумесны кіна-тэатральны праект, дзе ішлі б беларускія мульцікі — таго ж Аляксандра Ленкіна (“Прыгоды рэактыўнага парсючка”, “Рыбка па імені Нельга”) — і іх тэатральныя “працягі” з удзелам іншых мульцяшных герояў.

Філарманічны “Навагодні кірмаш цудаў” аўтара лібрэта і рэжысёра Таццяны Мажар і кампазітара Уладзіміра Саўчыка (з выкарыстаннем, вядома, папулярных мелодый) адрозніваўся большай сюжэтнай разгалінаванасцю, шырокім удзелам дзіцячых творчых калектываў (як заўжды, тут былі і танцавальныя, і цыркавыя нумары). А галоўнае (філармонія ўсё ж, як ніяк) — нават у тэксце гаварылася пра жывую музыку, без якой, маўляў, цуда не здзейсніцца: спектакль і сапраўды ўпрыгожвала гучанне маленькага струннага ансамбля з удзелам арфы. Але надта ўжо псавалі ўражанне раз-пораз фальшывыя спевы і жудасныя маналогі-дыялогі на павышаных тонах (оперныя спевакі — ды ў мікрафон) і ў высокім “каларатурным” рэгістры (нават снегавік Олаф увасабляўся жаночым голасам), што папросту “націскала на псіхіку”.

Тая ж “крык-праблема” напаткала ў цэлым даволі прывабны спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Залатое сэрцайка”. Казка Уладзіміра Арлова “Залатое кураня”, вядомая па колішнім украінскім мульціку і шматлікіх тэатральных увасабленнях, уключаючы музычны спектакль Вячаслава Уланоўскага, тут была значна перароблена. Рэжысёр Святлана Навуменка не проста пераклала-перапісала яе, але і цалкам змяніла фінал: пад уздзеяннем Кураняці (менавіта яго называюць Залатым сэрцайкам) перавыхоўваецца не толькі Воўк, але і каварная Ліса, у якой замест крыважэрства нараджаюцца матчыны пачуцці. Разам героі ўтвараюць паўнавартасную сям’ю: маўляў, тата, мама, я — дружная сям’я. У спектаклі заняты выдатныя артысты, сярод якіх Кірыл Навіцкі, Ганна Анісенка і асабліва Гражына Быкава, якая самой пластыкай стварае аблічча цікаўнага птушаняці. І ўсё б добра, каб не вышэйзгаданая жудасная тэатральная манера.

На вялікі жаль, гэта хвароба аказалася заразнай і апошнім часам напаткала нават Тэатр Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”. А тут, між іншым, у адрозненне ад шматлікіх дзяржаўных творчых калектываў, увасобілі цалкам арыгінальны па музыцы і лібрэта мюзікл “Цётухна Прастуда і Чароўны гадзіннік” беларускіх прафесійных творцаў: кампазітара Алены Атрашкевіч і пісьменніка, драматурга Наталлі Марчук. Дарэчы, пяць гадоў таму тая ж пастаноўчая група на чале з рэжысёрам Настассяй Грыненка (і часткова ў тым жа акцёрскім складзе) выпусціла прэм’еру гэтага твора ў нашым Музычным тэатры — пад назвай “Чароўны гадзіннік, ці Хто выратуе Новы год”. Праз год спектакль, наўпрост звязаны з зімовымі святамі, аднаўляўся на той жа сцэне. Калі-небудзь, як мне паведамілі ў Музычным, там збіраліся нанова да яго звярнуцца, але пасля цяперашняй пастаноўкі Тэатра Гладкова на сцэне Дома ветэранаў адмовіліся: маўляў, глядач ужо гэтай тэмай насыціўся. Не ведаю, ці з’яўляецца такое тлумачэнне ісцінай, але факт застаецца фактам. Праўда, ранейшая версія рабіла большае ўражанне. І не таму, што ішла на вялікай сцэне, а таму, што разгортвалася крыху больш стрымана, “са смакам”, без цяперашніх скарачэнняў. Тым не менш, спектакль працягвае вабіць шматлікімі рэжысёрскімі знаходкамі і, галоўнае, цудоўнай музыкай — яркай, стыльнай, добра прыпраўленай разнастайнасцю і багаццем гармоній, цікавымі рытмамі.

“Калядная казка пра Казу і Пятра” стала сумесным праектам гурта “Vuraj” на чале з Сяргеем Доўгушавым і студэнтаў Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Андрэя Саўчанкі. Пад сціплай “усярэдненай” назвай “музычны спектакль” хавалася, на мой погляд, больш дакладнае азначэнне — сучасная фальклорная дзея. А “месцам дзеяння” была абрана нядаўна адкрытая кавярня-клуб “Грай”, дзе на даўніну настройвае сам будынак канца ХVIII стагоддзя. Потым спектакль на чатыры дзеючыя асобы “паехаў” па Беларусі, так што ўбачылі яго не толькі мінчане.

У аснову была пакладзена не так даўно выдадзеная-перавыдадзеная празаічная “Казачка пра гандляра Пятра, Казу і Каляды” Ігара Кузьмініча. Але яна абрасла такой колькасцю візуальных прыдумак ды гульнявых дадаткаў, што ператварылася ў інтэрактыўную дзею. Як толькі пачынаюць збірацца дзеці, іх запрашаюць упрыгожваць стужкамі (тасьмой з нацыянальнай арнаментыкай) саламяную калядную зорку: вось табе і майстар-клас. Потым нам спяваюць-расказваюць-паказваюць гісторыю пра Пятра, яго жонку (пальчыкавую ляльку, вырабленую ў народных традыцыях, без расфарбаванага твару) і Казу, падключаючы дзяцей да скокаў-спеваў, развучвання каляднай песні, ігры на народных ударных інструментах, да гульняў, нават у снежкі (скамечаныя сурвэткі, мачаныя ў крухмал, а лётаюць спрытна), да чытання вершаў. Ды не для Дзеда Мароза, а для Казы, што “павалілася”. Стаўшы калядоўшчыкамі, гледачы атрымліваюць падарункі-пачастункі, усім весела. Гэта не прамое аднаўленне старадаўніх калядных традыцый, а іх сучаснае, крэатыўнае і адначасова беражлівае ўвасабленне, аднолькава набліжанае да побыту (пасля спектакля рэальна хочацца пайсці калядаваць!) — і да акадэмічнага музычна-тэатральнага мастацтва, уключаючы прыёмы інструментальнага тэатра (той жа кантрабас становіцца… сонейкам, танчыць-верціцца разам з Казой).

Ладзіліся і каляды ў Доме-музеі Ваньковічаў -- у канцэртным фармаце, з запрошанымі музычнымі гуртамі, але з інтэрактывам.

Акурат 7 студзеня, на праваслаўнае Нараджэнне Хрыстова, нарадзіўся ў сталіцы і новы дзіцячы тэатр “Кропка”, абжыўшы частку нядаўна збудаванага гандлёвага цэнтра. Пастаўленая там “Снежная каралева” (рэжысёр -- Дарыуш Язерскі з Польшчы) вырашана як імерсіўны спектакль, дзе маленькія гледачы становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі дзеяння, разам з артыстамі перамяшчаючыся ў прасторы і сюжэце. А потым атрымліваюць магчымасць удосталь “памацаць” сцэнаграфічныя інтэр’еры, сфатаграфавацца ў іх. Такога ў нас яшчэ не было!

Мастацкай кульмінацыяй вышэйшага рангу, і не толькі сярод сёлетніх навагодніх прэм’ер, сталася “Калядная гісторыя” паводле Чарльза Дыкенса, пастаўленая ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек “запрошанай знакамітасцю” — маладым галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігарам Казаковым. Менавіта яму належаць нашумелыя і неаднойчы ўганараваныя дарослыя спектаклі “Гамлет”, “На дне”, дзіцячы “Самы маленькі самалёт на свеце” — лаўрэат нядаўняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі. У кожнай сваёй новай пастаноўцы (і цяперашняя не выключэнне) гэты творца ўмудраецца не паўтараць аднойчы знойдзенае, а ісці далей, бо фантазія з яго б’е фантанам, а працаздольнасці хопіць на пяць калектываў. У “Каляднай гісторыі” ёсць усё: эфекты “3D”, дасягнутыя “за тры капейкі”, чараўніцтва, філасофія, дабрыня, неверагодна выразныя лялькі Таццяны Нерсісян — галоўнага мастака сталічнага тэатра лялек, цудоўная музыка Аляксандра Ліцвіноўскага, трапныя песенныя тэксты Рыгора Гольдмана, які некалькі гадоў быў галоўным рэжысёрам Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, а зараз на той жа пасадзе ў Стаўрапалі. Не праект, а яднанне лялечнікаў розных гарадоў і краін! І пры гэтым — усё вельмі стыльна, па-еўрапейску, дзе Беларусь — у цэнтры і наперадзе. Увогуле, пра гэты спектакль трэба гаварыць асобна і больш падрабязна. Бо ён, як і вышэй апісаныя “калядаванні”, закладае новыя традыцыі зімовых святкаванняў. Там — уласна нацыянальных. Тут — еўрапейскіх. На скрыжаванні гэтых дзвюх дарог і пралягае шлях да беларускасці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"