Двое з шоу-бізнесу

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Аптымістычны погляд спевака ды яго прадзюсара на рэальныя рэчы
У адзін з першых дзён новага года рэдакцыя “К” атрымала доўгачаканы падарунак! Дзед Мароз ды Снягурка ў асобах спевака Пятра Елфімава (так прозвішча па-беларуску запісана ў пашпарце) ды прадзюсара Таццяны Касмачовай — адной з самых вядомых, любімых, творчых сямейных пар краіны — прыйшлі да нас, каб у паслясвяточнай атмасферы пагаварыць “за жыццё” з многімі яго праявамі. Не ведаю, ці сталі iм падарункамi пытанні журналістаў газеты, але мы стараліся...

/i/content/pi/cult/621/13797/6-1.jpgАб гадах старым ды новым

— Якім выдаўся 2016-ы для Пятра Елфімава?

Пётр Елфімаў (далей П.Е.): — Дастаткова насычаным ды плённым. Усё гэтак жа выкладаю на кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства мінскага Інстытута сучасных ведаў імя Аляксандра Шырокава — спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”, а з мінулага верасня — у маскоўскім Інстытуце сучаснага мастацтва, на факультэце эстрадна-джазавага спеву. Працягвае дзейнічаць Студыя Пятра Елфімава — “Голас будучыні”: гэтая вакальная школа працуе як у Мінску, так і ў Маскве. Пішу музыку для яе салістак, асабліва сярод іх адзначу юную спявачку ды скрыпачку, мінчанку Эліну Матарас, для якой паволі выбудоўваю рэпертуар. У праекце “Ведай нашых!” “Радыё “Сталiца” яна літаральна “выкасіла” ўсіх дарослых канкурсантаў і... “справядліва” заваявала другое месца. Каму, як не мне, ведаць цану “справядлівасці” ў шоу-бізнесе. Нічога, у нас з ёй усё наперадзе.

Шмат было выступаў — сольных, у зборных ды сумесных канцэртах — у межах серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна: спяваў у Польшчы, Крамлі, натуральна, у Беларусі. Аднавiў “песняроўскую” міні-рок-оперу “Ванька-ўстанька”.

У якасці запрошанага выканаўцы прымаў удзел у міжнародным музычным праекце лідара расійскага гурта “Боні НЕМ” Кірыла Немаляева “Forces United”, рок-операх Маргарыты Пушкінай ды Сяргея Скрыпнікава “Аксiтанiя”, маскоўскага метал-гурта “Калізей” ды таго ж Немаляева “Маўзалей” (дзве апошнія знаходзяцца ў завяршальнай стадыі).

Ды ўсяго і не запомніш, увогуле. Але, вядома, вылучу яшчэ тое, што я быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

— У Немаляева асаблівы, спецыфічны погляд на музыку. Лёгка ўпісваецеся ў яго канцэпцыі?

Таццяна Касмачова (Т.К.): — Яны так адзін у аднаго ўпісваюцца, што проста не разлі вада.

П.Е.: — Ён так кажа аб нашым супрацоўніцтве: “Ты ж ведаеш, я ў творчасці мыслю нестандартна і калі прыдумаю што-небудзь мудрагелістае, то да каго мне ісці, як не да цябе?” Нам вельмі зручна з ім працаваць, і ў маёй новай аўтарскай праграме, якую я зараз рыхтую, ён удзельнічае ў аранжыроўках — як прадзюсар.

— Свае планы на гэты год вы ўжо трошкі прыадкрылі, а што ў мінулым не атрымалася рэалізаваць?

П.Е.: — Бадай, нічога такога не было. Я якіх-небудзь жорсткіх фастрыг перад сабой сёння не стаўлю: прыходзіць час чарговага праекта — раблю яго, назапасіўся матэрыял — працую над ім.

Вучыцца, і яшчэ шмат-шмат разоў вучыцца

— Апошнія некалькі гадоў вы жывяце паміж Мiнскам і Масквой...

Т.К.: — На трасе М1!

— Камфортна існаваць у такім рэжыме?

П.Е.: — Хутчэй, так. Дарога з аднаго горада ў іншы — гэта час для разваг: пра творчасць, пра жыццё. Час нараджэння ідэй, распрацоўкі ўжо народжаных. У дарозе я магу прыдумаць новы твор, часткова яго аранжаваць у галаве, а, прыехаўшы, сесці за камп’ютар і “дабіць” матэрыял. У паездках абдумваю нюансы аўтарскай методыкі выкладання вакалу: спадзяюся, зусім хутка выпушчу яе ў выглядзе сваёй відэашколы.Траса — гэта яшчэ гадзіны і для чытання: літаратуры мастацкай і той, што неабходна для самаадукацыі.

— З вакальнымі методыкамі ўсё так дрэнна?

П.Е.: — Ведалі б вы, колькі людзей, у якіх няма магчымасці вучыцца прафесійным спевам у нейкіх установах, праз тую ж “сетку”, мараць, каб з’явіліся такія методыкі (сучасныя, правільныя), якія маглі б дапамагчы развівацца ў патрэбным кірунку. Я ўважліва вывучыў інтэрнэт, там сапраўды вельмі мала годнага ўвагі матэрыялу. І захацелася ліквідаваць гэты прабел, у прыватнасці — у рускамоўным вакале. (Калісьці ў юнацтве я на сабе адчуў ўсе цяжкасці, звязаныя з адсутнасцю педагога, які мог бы мне растлумачыць тую ці іншую тэхніку спеваў.)

Шмат узнікае пытанняў аб такой тэхніцы (ёй мала хто валодае на постсавецкай прасторы), як “экстрэмальны” вакал. Але навучыцца яму на належным узроўні вельмі складана, калі чалавек не мае аснову — у маім выпадку акадэмічную пастаноўку голасу. Адно iдзе за адным, і двума-трыма відэаўрокамi абысціся нельга. Неабходная цэлая сістэма. Таму я і ўзяўся за справу стварэння відэашколы.

— Расійскія тэлепраекты, у якіх вы ўдзельнічалі — “Галоўная сцэна”, “Голас”, могуць з дапамогай членаў журы (настаўнікаў) чамусьці рэальна навучыць, давучыць выканаўцу, усё роўна якога — пачаткоўца або ўжо больш-менш вядомага, пасля чаго кар’ера ў іх пойдзе ў гару? Альбо гэтыя праграмы — толькі “малюнак”, “мішура”, а не школа?

Т.К.: — Такія праекты — гэта перш за ўсё шоу. А далей многае залежыць канкрэтна ад самога артыста: калі ён нічога не ўяўляе з сябе як творчая асоба — не важна, пачатковец ён ці працягвае свой шлях у музыцы, то і пазней уяўляць нічога не будзе. Калі яму нешта дадзена звыш, калі талентам ён не абдзелены, калі працаўнік, то будуць і іншыя эфіры, і запрашэнні на канцэрты.

П.Е.: — У апошнім “Голасе” было шмат тых, хто раней удзельнічаў у розных праектах. Былі артысты, якія прыйшлі на праект, каб яшчэ раз гучна пра сябе заявіць, нагадаць пра сябе, як, да прыкладу, Аляксандр Панаётаў, калісьці вельмі папулярны спявак, што ў сілу розных прычын выпаў на некаторы час “з абоймы”. І дзякуй Канстанціну Львовічу Эрнсту ды Юрыю Віктаравічу Аксюце, што яны далі адбыўшымся артыстам такую магчымасць.

Але нават такім выканаўцам, не кажучы ўжо пра невядомых, трэба памятаць пра тое, што “другое нараджэнне” або першыя з’яўленні ў самых галоўных музычных тэлепраектах Расіі не даюць ім нейкай “індульгенцыі”. Гэта шанец на заваёву свайго месца ў шоу-бізнесе, на вяртанне згубленых пазіцый. Марнаваннем часу поспеху не даб’ешся, у любой сферы чалавечай дзейнасці, а застой у цяперашняй поп-музыцы падобны да творчай смерці. У ёй трэба ўвесь час быць напагатове, сачыць за тэндэнцыямі, пры гэтым, безумоўна, захоўваючы ўласную творчую асобу; трэба пастаянна самаўдасканальвацца, не баяцца эксперыментаваць, шукаць рэпертуар, з якім цяпер вялізныя праблемы ва ўсіх без выключэння артыстаў — і ў вялікіх, і ў малых. Адсутнасць рэпертуару — рускамоўнага — гэта ці не самая галоўная прычына таго, што многія цікавыя выканаўцы, якія прайшлі і на “Галоўную сцэну”, і ў “Голас”, зніклі з вачэй. Можна спяваць на англійскай, аднак у гэтым няма сэнсу, калі вы не спрабуеце выйсці на еўрапейскі рынак, дзе на аднаго нашага спевака, які спявае па-англійску, у Еўропе знойдзецца два дзясяткі сваіх. Вось таму і неабходна вяртаць моладзь да сваёй песеннай культуры.

— Каму, як не вам, гэтым заняцца? На асабістым прыкладзе?..

П.Е.: — Я ж сам ужо не моладзь..., хоць і імкнуся ісці з ёй у музыцы ў нагу. Магу, як вы кажаце, стаць для іх прыкладам толькі ў адным: у прафесійным стаўленні да сваёй справы. Пару месяцаў таму ў Інстытуце сучаснага мастацтва адбыўся мой творчы вечар, на які прыйшлі ўсе студэнты нашага факультэта. За дзве гадзіны зносін я ім прадэманстраваў, што можа выканаўца ў розных напрамках музыкі, як ён можа яе даносіць да гледача, паводзіць сябе на сцэне.

Т.К.: — Вучні яго любяць і заняткаў не прапускаюць! Наогул, людзі ў сваёй пераважнай масе хочуць песень на роднай мове. Чулі бы вы, як Пятра прымаюць за мяжой нашы колішнія суграмадзяне! Ды і спрадвечныя жыхары адчуваюць у гэтых песнях — на беларускай, рускай мовах — іх глыбіню, чуюць і бачаць шчырасць Пятра, прасякаюцца ёй, дзівяцца яго голасу. А на далёкія замежныя выступы прыходзяць зусім не адны толькі выхадцы з Беларусі ды былых рэспублік СССР, але і карэнная публіка. Як гэта было, дапусцім, у Германіі ці ў Францыі, калі гледачы прасілі праспяваць на беларускай ды рускай. У Польшчы, падчас сумеснага канцэрту з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь, гучалі песні на беларускай мове.

П.Е.: — У Расіі, у яе сібірскім рэгіёне: у Цюмені, Ніжнявартаўску, Табольску вельмі любяць песні з рэпертуару “залатых” “Песняроў”, песні, па якіх свету быў вядомы Савецкі Саюз. Сёння ў мяне з’явілася вялікая колькасць прыхільнікаў, якія з задавальненнем слухаюць і ведаюць мае аўтарскія творы.

Вяртаючыся ж да зададзенага пытання, скажу, што з гэтых праектаў я вынес тое, што і хацеў вынесці. Я пагутарыў з добрымі музыкантамі, з дасведчанымі людзьмі — музычнымі рэдактарамі, прадзюсарамі, аранжыроўшчыкамі. Мы размаўляем на адной, прафесійнай мове. Мой музычны свет, безумоўна, узбагаціўся.

Т.К.: — З’явіліся новыя знаёмыя, з кімсьці ўзніклі досыць прыяцельскія адносіны. Цяпер мы шмат працуем з Акадэмічным вялікім канцэртным аркестрам імя Юрыя Сiланцьева, з вялікім задавальненнем супрацоўнічаем з праектам “Рамантыка раманса” на тэлеканале “Культура”.

П.Е.: — Ёсць людзі, якія знаходзяцца як бы ў цені шоу-бізнесу, але менавіта яны ствараюць тую самую платформу, на якой ён трымаецца. З аднаго боку, у мяне склаліся выдатныя адносіны з Леанідам Агуціным, з яго татам — Мікалаем Пятровічам — гэта людзі, якіх ведаюць усе. З іншага — выдатныя аранжыроўшчыкі, музыканты, музычныя рэдактары. Да прыкладу, Аляксандр “Леў” Канавалаў, бо не шмат каму з аматараў музыкі што-небудзь гаворыць яго імя, імя аднаго з вядучых расійскіх аранжыроўшчыкаў. Або імёны яго калег — Андрэя Сяргеева ды Яўгена Арлова — высокаадукаваных ды вельмі прафесійных музычных прадзюсараў. Рэдактараў Наталлі Шамiладзэ ды Марыны Андрусенка. З імі проста прыемна гутарыць, нават на тэмы па-за нашай прафесійнай сферай.

/i/content/pi/cult/621/13797/7-1.jpgАб музычных рэаліях

— Беларускі рок жывы?

П.Е.: — У адрозненне ад Еўропы, у нас гэтая музыка не для многіх. Там яна пастаянна развіваецца, адгукаючыся, у тым ліку, на тыя ж запыты публікі. Тут усё больш сціпла, але каманды цікавыя ёсць, ёсць у каго маладым выканаўцам павучыцца. Мне не вельмі падабаецца, што многія імкнуцца спяваць на англійскай. Я раней ужо выказаўся на гэтую тэму, дадам яшчэ. Калі нашы музыканты мараць з англамоўным рэпертуарам прарвацца на Захад, то справа гэта малаперспектыўная. На Захадзе хапае сваіх. І паміж чужымі і роднымі выбар будзе зроблены на карысць апошніх, гэта ж відавочна. Трэба быць мегаталенавітым, каб здолець заваяваць з такім падыходам замежнага слухача. Я пакуль такіх у Беларусі не сустракаў.

Больш натуральна працаваць на беларускай, рускай мовах. Магчымасці для самарэалізацыі шырэй, артыст больш прыкметны для гледача, калі той яго разумее. Іншае пытанне, куды беларускамоўнаму рокеру прыткнуцца, акрамя як на “Радыё “Сталiца”?

Т.К.: — Але віна ў адсутнасці айчыннай рок-музыкі ў радыё- ды тэлеэфіры ляжыць не толькі на масмедыя. Зробіць музыкант адну песню, пакажуць яе адзін раз па тэлевізары, і вось ён ужо сядзіць і чакае, калі прыйдзе да яго слава: сітуацыя — копія той, пра якую Пётр казаў, адказваючы вам на пытанне аб расійскіх тэлепраектах. І, не дачакаўшыся, творча памірае.

П.Е.: — Тое, пра што ты сказала, усё ж больш характэрна для поп-музыкі.

Т.К.: — Нічога падобнага! Амбіцыі і там, і там адны і тыя ж, адна і тая ж завышаная самаацэнка ў тых, хто ледзь чагосьці дасягнуўшы, складвае рукі ў чаканні сусветнага прызнання.

— Калі гаворка зайшла пра беларускую поп-музыку, ёй дыягназ паставіце?

П.Е.: — Не дыягност я. Суб’ектыўнае меркаванне спатрэбіцца? Я дрэнна знаёмы з сучаснай беларускай поп-музыкай, не ведаю гэтых імёнаў, гэтых асоб, гэтых... дзяцей — вельмі маладзенькіх выканаўцаў. Насцярожваюць тыя абставiны, прашу зразумець мяне правільна, калі за сцэнай, падчас маіх рэдкіх удзелаў у зборных канцэртах на радзіме, яны — юныя — нават не вітаюцца. Хочацца культуры на сцэне ды за кулісамі. Магчыма, я не маю рацыю, напэўна, няправільна выхаваны... На мой погляд, усё пачынаецца з таго, як чалавека выхавалі. Я маю на ўвазе сям’ю, музычнае выхаванне, а яшчэ і выхаванне прадзюсара таго ці іншага выканаўцы. А зыходзячы з гэтага і творчы прадукт “дзеці” выдаюць... адпаведны.

Т.К.: — У нас жа жудасная мешаніна ў так званым шоу-бізнесе. Ужо даўно пара падзяліць самадзейнасць, якую запусцілі ў яго, і прафесійных музыкантаў, тады і адносіны стануць іншымі.

— Прыгадваючы Гою: “Акадэмія талентаў” нарадзіла...

П.Е.: — Без каментароў.

Т.К.: — Пятру часта задаюць пытанне, а ці патрэбна вакалісту вышэйшая музычная адукацыя? Абавязкова! Яна патрэбна любому артысту, які займаецца музыкай на прафесійным узроўні.

П.Е.: — Для мяне важна, калі музыканты, з якімі я маю зносіны, атрымалі вышэйшую музычную адукацыю, скончылі кансерваторыю, працягваюць займацца самаадукацыяй. Калі я сустракаюся на адной сцэне з тымі, хто ў прынцыпе ніякага дачынення да музыкі не маюць і называюць мяне калегам, я адчуваю сябе крыху няёмка. Выключэнні з правілаў, калі непрафесіянал дасць фору ў сто ачкоў прафесіяналу, бываюць, але яны вельмі рэдкія. У мяне ёсць адзін такі сябар, але яго я лічу “проста” таленавітым чалавекам. Ён варыцца ў сваім соку і “лішнія”, як ён мяркуе, веды яму не патрэбныя.

— А вось абывацель спытае: “Пётр, вось вы ўвесь з сябе такі прафесійны, а дзе ж Елфімаў у расійскіх “Блакітным агеньчыку”, “Песні года”?”...

П.Е.: — Існуе пэўны эшалон вельмі-вельмі медыйных артыстаў, якія на тэлебачанні ўсюды. А ёсць шмат тых, якія не так часта з’яўляюцца на экранах, можа, яны і не імкнуцца туды, але пры гэтым вельмі добра сябе адчуваюць. Вы шмат бачылі Аляксандра Градскага на экранах да праекта “Голас” — і ў савецкія гады, і цяпер? Хай ён не спяваў, але сама з’ява яго стала сенсацыяй, якая парадавала многіх і многіх. Люблю ўсю яго творчасць! І песні Градскага ведаюць усе, а Машу Пупкіну, што мільгае сёння па “скрыні” з перадачы ў перадачу, заўтра забудуць спрэс. А будзе запатрабаваная разумная, інтэлектуальная музыка, якую цяпер паказвае канал «Культура», напрыклад, усё ў той жа праграме “Рамантыка раманса”... Давайце я адкажу абывацелю так: усяму свой час. І першы эшалон сыдзе, і другі..., а вось чарговы здаўся.

Т.К.: — Пасля таго, як Пётр выканаў у “Галоўнай сцэне” “Зорачку маю ясную”, мне патэлефанавалі з аднаго з беларускіх тэлеканалаў, хай усе гэтыя людзі будуць жывыя ды здаровыя, рассыпаючыся ў захапленні: “Таня! Якую ён зрабіў аранжыроўку! Якая песня! Як ён крута яе праспяваў!” Акрамя як кінуць слухаўку ў адказ, у мяне іншага жадання не было: гэтую “Зорачку...”, у гэтай жа аранжыроўцы ён праспяваў на гэтым жа канале восем гадоў таму. Гэта прафесіяналы, яны ведаюць, што ў іх праграмах спяваюць? Я былы тэлевізійнік, кухню гэтую ведаю ад і да, за тое, што сёння часам паказваюць на нашым тэлебачанні, каго паказваюць, з якімі песнямі, галаву каму-небудзь “намыліла” б. Калі на тэлебачанні амаль няма людзей з музычнай адукацыяй, калі музыкай там “руляць” незразумела хто, калі мне рэдактар прызнаецца, што ў музыцы ён наогул нічога не разумее, бо яму мядзведзь на вуха наступіў, то пра што казаць? У мой час музычную рэдакцыю складалі на дзевяноста з лішнім працэнтаў тыя, хто меў за плячыма кансерваторыю або іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія выпускалі спецыялістаў у галіне культуры. А сёння? Мяркуючы па перадачах, напэўна, адна Люда засталася...

П.Е.: — Барадзіна.

— Ці ёсць у вас канфлікт паміж тым, што вы спяваеце, і тым, што хацелі б спяваць? Жывучы ў Еўропе, Елфімаву было б на каго абаперціся — на спадчыну “Deep Purple” або “Led Zeppelin”. І кар’ера яго склалася б, ужо прабачце, па-іншаму. А тут вы «раскідваецеся” паміж “песняроўскім” уплывам”, эстрадай, рамансамі і больш асабістымі музычнымі густамі...

П.Е.: — Тут справа не ў канфлікце. Так, тая музыка, якая мне падабаецца больш за іншую, не занадта папулярная на постсавецкай прасторы. Непапулярныя (калі параўноўваць з папсой) выдатны расійскi пауэр-метал-гурт “Эпідэмія”, выдатная беларуская каманда “Aillion”, нават культавыя “Арыя” ды “Майстар” сёння не могуць пахваліцца былым попытам. Я бачу, як ім усім цяжка. Але сказаць, што Елфімаў спявае “Песняроў”, эстраду, рамансы ды іншае толькі з-за таго, што яму трэба за кошт чагосьці жыць, было б памылкай. Я люблю музыку, умею яе выконваць і раблю гэта з задавальненнем. Я рухаюся сваёй дарогай, у якой ёсць розныя музычныя павароты, але калі з’яўляецца магчымасць засяродзіцца толькі на музыцы самай любімай, аддаюся ёй цалкам, нягледзячы на тое, зараблю што-небудзь ці не. Але зарабіць, вядома, хочацца.

Дарэчы, пра грошы. Калі сёння ў артыста яны не ўкладваюцца, то дасягнуць якіх-небудзь вышынь яму будзе практычна немагчыма. Але ўкладваць трэба вельмі ўмела, купляючы якасны рэпертуар, запрашаючы класных аранжыроўшчыкаў, наймаючы вядучых іміджмейкераў. І такім чынам можна раскруціць і юнага выканаўцу, як гэта было, дапусцім, з Брытні Спірс, і чалавека ўжо дасведчанага ў сваім рамястве, як, скажам, Рыгора Лепса — ён жа пасля трыццаці пачаў падымацца па лесвіцы поспеху... Калі хтосьці захоча ўкласці ў мяне шмат грошай — прыходзьце, яны не знікнуць...

— Вам у лютым споўніцца 37...

П.Е.: — Я не “паруся” з гэтай нагоды... У мяне ўсё яшчэ наперадзе!

З прыхільнасцю пра культуру і не толькі

— Што чытае Пётр Елфімаў?

П.Е.: — ...Вы не будзеце смяяцца?..

Т.К.: — У апошні час ён чытае казкі.

П.Е.: — Ну, гэта не казкі. Я люблю жанр “фэнтазі”. Але фэнтазі фэнтазі розніца. З апошняга самае моцнае ўражанне пакінуў раман “Шостае правіла чараўніка” Тэры Гудкайнда. Нягледзячы на назву, на фабулу гэтай кнігі, яна вельмі лёгка праецыруецца на сапраўднае жыццё, з яго адносінамі паміж людзьмі, з іхнімі ўчынкамі, поглядамі. І такая літаратура аказвае ўплыў нават на маю творчасць.

— Фрэдзі Мэрк’юры сказаў: “Я амаль не чытаю кніг — мне здаецца, гэта згуба часу. Ведаю, што людзі заб’юць мяне за гэтыя словы”...

Т.К.: — У нас у сям’і ўсе чытаюць. Мы ганяем па крамах з аднаго канца Масквы ў іншы у пошуках патрэбнай кнiгi.

П.Е.: — У пошуках разумных кніг, не аднадзёнак, мудрагелістых у чымсьці. Ёсць кнігі, якія я не дачытаў, але абавязкова дачытаю.

— Дастаеўскага?

П.Е.: — ...Не ...Усё, што з яго “неабходна”, я прачытаў.

— У кіно ходзіце?

П.Е.: — Што захапіла з апошніх прагледжаных стужак? “Дуэлянт”, новы “Экіпаж”. На “Ізгой-адзін. Зорныя вайны: гісторыі” яшчэ не хадзіў.

— Музеі, выставы, галерэі наведваеце?

П.Е.: — Каб я сябе мог кланіраваць, то з задавальненнем наведваў бы часцей.

Т.К.: — Тады мы значна часцей дастаўлялі б сабе задавальненне. Але — праца. У тэатрах нас таксама можна сустрэць рэдка.

П.Е.: — Я на канцэрты любімых выканаўцаў вырвацца не магу! За апошнія дзесяць гадоў упершыню атрымалася гэта зрабіць: мінулым летам схадзіў у Маскве на “Iron Maiden”. А ў тэатр вельмі хачу патрапіць, у Вялікі. На мюзікл схадзіць.

— Вы любіце “Iron Maiden”? Да гэтага часу?..

П.Е.: — Не “да гэтага часу”. Гэта музыка майго дзяцінства. І не схадзіць на яе было проста нельга. І я — да гэтага часу! — знаходжуся пад уражаннем ад іх выступу. А лідар-вакаліст гурта, Брус Дзікінсан, — адзін з маіх эталонаў у жанры “хэві-метал”. Дай бог усім рок-спевакам спяваць так, як ён гэта робіць у сваім узросце. Я нібы маленькі хлопчык стаяў перад сцэнай, адкрыўшы рот, назіраючы за двух з паловай гадзінным шоу. Я ведаю, наколькі гэта цяжка і якое гэта шчасце — дарыць радасць іншым.

— Мінулы год стаў апошнім у жыцці многіх знакамітых музыкантаў. Чый сыход для вас стаў найбольш горкім?..

П.Е.: — Джорджа Майкла. Жахліва нечаканая смерць.

Т.К.: — А трагедыя з артыстамі ансамбля імя Аляксандрава?..

— Калі змяшаць ўсе музычныя жанры, то каго б вы назвалі першым рокерам? Тыпу, Моцарт — гэта папсавік, хай і якасны, а Бетховен — рокер...

П.Е.: — Можа, і пагаджуся з гэтым... Моцарт — гэта сапраўды вельмі класная папса ў класічнай музыцы... Не, першым рокерам я б назваў Вівальдзі! Ён будзе круцейшы за Бетховена ў плане року. Яго “Поры года” — гэта ж проста нешта дзіўнае! Для мяне, як для аматара пауэр-металу, хочацца дадаць у гэты твор дзве “бочкі”: тык-дыг-дыг-дыг-дыг-дыг-дыг!..

— Асноўны “мінус” Пятра Елфімава — гэта...

Т.К.: — Ён вельмі шмат часу траціць на іншых: на вучняў, на прыяцеляў, якія просяць запісаць яго “бэкі”, дапамагчы з аранжыроўкай ды іншым. Часцяком забываючы пра сябе.

П.Е.: — Значыць, у мяне два “мінусы”. Другі заключаецца ў тым, што я перфекцыяніст, мне хочацца, каб усё было ідэальна, а людзям, аказваецца, гэта не трэба. Мне неаднаразова казалі, што каб я хоць раз “лажануў” на сцэне, вось тады ўсё дакладна было б ідэальна. Маўляў, калі гавораць са мной, бачаць перад сабой нармальнага чалавека, а не машыну, якая ў творчасці прэ, як танк. А я па-іншаму не магу! Кожная дробязь важная. Леанід Агуцін мне неяк сказаў: “Ды выключы ты ў сабе педагога! Выйдзі і проста атрымлівай задавальненне!”

— Вялікая мара Пятра Елфімава — гэта...

П.Е.: — Сабраць стадыён гледачоў “Уэмблі”...

Т.К.: — Дажывем і да гэтага!

— Не можам не запытацца пра Год культуры...

П.Е.: — Паўтаруся, асабіста для мяне ён быў вельмі плённым.

Т.К.: — Намі Год культуры адпрацаваны шчыра! Што зрабілі астатнія артысты, наколькі яны выклаліся, што зрабіла сама культура ў Год культуры — меркаваць не нам.

Пытанні задавалі Вольга РОПАТ, Дар’я АМЯЛЬКОВIЧ, Яўген РАГIН, Алег КЛIМАЎ

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"