Аўтэнтычна не значыць этычна

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

У 2016-м UNESCO прыняла дакумент “Этычныя прынцыпы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны”. Прааналізуем некаторыя з гэтых прынцыпаў на прыкладзе працы ўстаноў культуры.

/i/content/pi/cult/621/13796/5-16.jpgКанвенцыя UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны не апелюе паняццем “аўтэнтычнасць”. У этычных прынцыпах аховы НКС, прынятых у 2016-м, паведамляецца: “Неабходна паважаць дынамічны і жывы характар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Аўтэнтычнасць і ўнікальнасць не павінны выклікаць асцярогі ці з’яўляцца перашкодамі ў ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”.

Як звязаць гэты пункт з практыкай? Возьмем абрад калядавання. Сёння “прасунутыя” беларускія каляднікі, што чыталі кніжкі па фалькларыстыцы, збольшага арыентуюцца на ўзнаўленне аўтэнтычных узораў. На гэтым фоне цікавым выглядае вопыт аднаго з мінскіх калядных гуртоў. Яго арганізатар Барыс Шчука разважае: “Калядныя персанажы сімвалізавалі прадстаўнікоў навакольнага хаосу — небяспечных, злавесных, драпежных, незразумелых. Прадстаўнікоў тых прастораў, што знаходзяцца па-за звыклай і прадказальнай паўсядзённасцю грамады“.

Барыс з сябрамі зладзілі калядаванне, дзе ад “традыцыйных” персанажаў засталася толькі Каза. Але і тая носіць моднае футра з торбачкай, робіць манікюр на капытку і працуе лабаранткай у санстанцыі. Гурт каляднікаў, фронтмен у якім — рэвізорка Тамара Цыліндрычная, “правярае” ў хаце ўзровень вітамінізацыі паветра, шуму, наяўнасць няўзгодненай перапланіроўкі… Міліцыянер складае пратакол на гаспадара пасля таго, як лабарантка Каза “памёрла”, узяўшы пробу ежы і напояў. Усе праблемы прапануюць вырашыць Навязлівы Менеджар па продажах, што гандлюе слоікамі з шумам ды вітамінамі і Поп, што “адпявае” Казу, але рэвізорка іх адганяе. Каза ажывае, а гаспадар атрымлівае пасведчанне аб адпаведнасці дома нормам Раю першай катэгорыі.

Такім чынам, не варта баяцца ні масак з пап’е-машэ на калядным карнавале “Конікі” ў Давыд-Гарадку, ні нейкай сучаснай атрыбутыкі на традыцыйных святах. Іншая справа, што варта захаваць агульны кірунак святкавання, падумаць, чаму традыцыйна выкарыстоўваліся менавіта такія рэчы ці дзеянні, і падыходзіць да замены іх на сучасныя вельмі асцярожна і асэнсавана.

Іншыя пункты “Этычных прынцыпаў” паведамляюць: “Супольнасці, групы і, у адпаведных выпадках, асобныя людзі павінны адыгрываць галоўную ролю ў ахове іх уласнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны; Правы супольнасцяў, груп і, у адпаведных выпадках, асобных людзей працягваць звычаі, формы ўяўлення і выяўлення, веды і навыкі, неабходныя для забеспячэння жыццяздольнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны, павінны прызнавацца і паважацца. Кожная супольнасць, група або асобны чалавек павінны вызначыць каштоўнасць іх уласнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны і гэта нематэрыяльная культурная спадчына не падлягае вонкавай каштоўнаснай адзнацы”.

Гэта значыць, што ступень каштоўнасці таго ці іншага элемента вызначаюць самі яго носьбіты, а не эксперты. Навукоўцы і грамадскія дзеячы могуць патлумачыць унікальнасць пэўнай праявы НКС, але не могуць здзейсніць яе ахову без кантакту з мясцовай супольнасцю (але гэта не значыць, што не павінны ёй дапамагаць): “Усе ўзаемаадносіны з супольнасцямі, групамі і, у адпаведных выпадках, асобнымі людзьмі, якія з’яўляюцца стваральнікамі і носьбітамі гэтай спадчыны і забяспечваюць яе перадачу, павінны ажыццяўляцца праз транспарэнтнае супрацоўніцтва, дыялог, перамовы і кансультацыі пры ўмове іх вольнай, папярэдняй, бесперапыннай і інфармаванай згоды”.

Два пункты тычацца пагроз існаванню НКС: “Супольнасці, групы, мясцовыя, нацыянальныя і транснацыянальныя арганізацыі і асобныя людзі павінны старанна ацаніць простыя і ўскосныя, кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя, патэнцыйныя і канчатковыя наступствы любых дзеянняў, якія могуць паўплываць на жыццяздольнасць нематэрыяльнай культурнай спадчыны або супольнасцяў, якія з’яўляюцца яе носьбітамі; супольнасці, групы і, у адпаведных выпадках, асобныя людзі павінны адыгрываць істотную ролю ў вызначэнні небяспекі, якая пагражае іх нематэрыяльнай культурнай спадчыне, у прыватнасці, яе дэкантэкстуалізацыі, камадыфікацыі, скажэння інфармацыі пра яе, а таксама ў прыняцці рашэнняў аб тым, як не дапусціць ці змякчыць гэтыя небяспекі”. Часта носьбіты НКС не могуць сфармуляваць пагрозы для існавання сваёй спадчыны, але спецыялісты павінны рабіць гэта, пагутарыўшы з носьбітамі і зразумеўшы іх патрэбы.

“Неабходна цалкам паважаць культурную разнастайнасць і самабытнасць супольнасцяў, груп і асобных людзей. У адпаведнасці з каштоўнасцямі, якія вызнаюцца супольнасцямі, групамі і асобнымі людзьмі, і захаваннем культурных норм, неабходна надаваць асаблівую ўвагу гендарнай роўнасці, удзелу моладзі і павазе этнічнай самабытнасці пры распрацоўцы і ажыццяўленні мер па ахове”. У беларускім інвентары НКС пакуль толькі праявы беларускай этнічнай культуры. Але на нашых землях шмат этнічных меншасцяў, якія захоўваюць традыцыі сваёй далёкай радзімы, значыць, у новых умовах яны з’яўляюцца для іх каштоўнасцю. Часта этнамузыказнаўцы кажуць, што маладзейшыя спявачкі “псуюць” гучанне спеўных гуртоў старэйшых носьбітаў НКС. Але як забяспечыць пераемнасць, калі не пускаць маладых далучацца? Бадай, ніяк…

Дакумент UNESCO завяршаецца ўраўнаважаным: “Ахова нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае агульнае значэнне для чалавецтва і таму павінна ажыццяўляцца на аснове супрацоўніцтва на двухбаковым, субрэгіянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Разам з тым супольнасці, групы і, у адпаведных выпадках, некаторыя асобы не могуць быць адчужаныя ад іх уласнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"