Дык дзе ж “Звон звініць”?..

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Стаіць у цэнтры Мінска на самай яго Кастрычніцкай плошчы трэйлер. І ўсім бы ён быў непрыкметны, каб з калонак, устаноўленых побач з ім, не гучала музыка. Добрая музыка, “у тэму” каляднаму і навагодняму настрою. “Снег кружыцца”, “Пяць хвілін”, “Навагоднія цацкі”, “Тры белыя кані” і іншая зімовая песенная класіка цешыць слых жыхароў сталіцы ды яе гасцей.

/i/content/pi/cult/621/13794/4-17.jpgНогі самі пускаюцца пад яе ў скокі, а вусны з языком і з тым, што там яшчэ ў чалавеку адказвае за вакал, падпяваюць знаёмыя словы. І настолькі мяне ўразіла ўся гэтая феерыя, што захацелася неадкладна выказаць падзяку невядомаму дзі-джэю. Абрысы якога пасля нядоўгіх пошукаў набылі форму канкрэтную...

“Ганяе” хіты пра “бой гадзінніка раздасца неўзабаве” ды “такога снегападу даўно не памятаюць тутэйшыя месцы” адзін з найбуйнейшых у краіне “ігракоў” у сферы пракату прафесійнага канцэртнага абсталявання, кампанія, якая дзейнічае на дадзеным рынку дваццаць пяць гадоў. Яе прадстаўнік з гонарам распавёў мне пра тое, што фірма займалася і займаецца гукам ды святлом найбуйнейшых у рэспубліцы фестываляў, дзён гарадоў, канцэртных праектаў. Ды дарыў шлягеры пра “навагоднія цацкі, свечкі і хлапушкі ў ім” ды “ледзь натапырылiся дома” на галоўнай плошчы Мiнска трэйлер кожны дзень з 12-й да 19-й аж па стары Новы год уключна. І ўжо сабраліся мы з суразмоўцам у віры перадсвяточных пачуццяў пабратацца, як прыйшло мне ў галаву задаць парачку, як аказалася, “левых” пытанняў. Маўляў, Аркадзь Харалаў — гэта “кул”, з тэмбрам “пад дзіцячы” Ларыса Доліна — адпад, наогул расійскія поп-артысты, чые галасы на ўсю Кастрычніцкую і грымяць, — супер. А дзе ж усе гэтыя заходнія нятленкі пра “мэры крысмас” ды “хэпi нью еар”? І дзе  — самае галоўнае — айчынны выканаўца, дзе кампазіцыі родных аўтараў, дзе мова беларуская? Хуліа Іглесіяс з Тодарам таксама хацелі быць пачутымі ды атрымаць законныя аўтарскія! У той жа момант змяніўся тэмбр майго візаві і ўвесь ён неяк насцярожыўся: вядома, чаго добрага можна чакаць ад журналіста? І справядліва заўважыў, што не штодня ж я па сем гадзін у цэнтры горада праводзіў, каб затым рабіць шкодныя высновы аб дыскрымінацыі зусім замежнай ды нашай поп-культур. А яны ў названай кропцы з дынамікаў разносіліся! Праўда, на думку пракатчыка, песень адпаведных бягучаму сезону ды яго святам у сучаснай беларускай эстраднай ды альтэрнатыўнай музыцы не так шмат. І, спехам развітаўшыся, такі выдаў таямніцу: музычны кантэнт яго кампаніі прадаставіла галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, калі ёсць прэтэнзіі, туды і звяртайцеся. Не паспеў я супакоіць прадстаўніка, што асаблівых прэтэнзій ні да каго не маю, як зносіны ён перапыніў. Але па падказаным адрасе я ўсё ж звярнуўся.

Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветнай працы згаданага галоўнага ўпраўлення Аляксандр Шастакоў не пагадзіўшыся са мной у цэлым, што беларускай музыкі гучала мала, салідарызаваўся з работнікам пракатнай арганізацыі ў тым, што новых ды адносна новых песень прыдатнай тэматыкі ў багажы нашых артыстаў няшмат, маўляў, таму і выбіраць не было з чаго. А як жа, напрыклад, цэлы альбом “Святы вечар-2000”, з дванаццаццю трэкамі? Або аднайменныя кампазіцыі “З Новым годам!” гуртоў “Крамбамбуля” ды “Крама”, “З новым годам, родны край!” “Нейра дзюбеля”, “Белым снегам” ансамбля “Колер алоэ”, “Цуд на Каляды” Аляксандра Памідорава? А такія эксклюзівы, як лірычны баявік “Машыны часу” “Снег”, які лідар “машыністаў” Андрэй Макарэвіч спявае на беларускай мове (пераклад ажыццявіў наш вядомы рок-музыкант Юрый Несцярэнка); “Звон звiнiць”, выкананы гуртом “Палац”, — беларускамоўны варыянт “Jingle Bells”? “Каляда” “Песняроў” ды “Завiруха” “Верасоў” — гэта выдатна, але ёсць, ёсць матэрыял і больш свежы! Прычым артысты гатовыя былі адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на аўтарскія, абы іх “зімовая творчасць” парадавала людзей! І гэта быў бы сапраўдны падарунак усім нам! І гэта, у рэшце рэшт, эканомія дзяржаўных сродкаў! Увогуле, яшчэ не позна ўнесці карэктывы ў рэпертуарную палітыку Кастрычніцкай плошчы, прынамсі, для сезона 2017 — 2018...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"