Грантавы вынік… на тысячы еўра

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Праектная дзейнасць: здабыткі мінулага года ў раённай сферы культуры
Бюджэтны рубель, як вядома, даволі часта сёння падмацоўваецца пазабюджэтным, а таксама — грантавым рублём, і гэтую аксіёму, відаць, ведаюць цяпер ва ўсіх аддзелах і ўстановах культуры Беларусі. Праўда, мінулы год ў плане праектнай дзейнасці быў, можна сказаць, пераходным, бо адны праграмы з Еўрапейскім Саюзам і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый ужо паспяхова завяршыліся, а наступныя толькі пачынаюцца. Таму на пачатку 2017-га многія культработнікі краіны або падаюць, або ўжо падалі на гэтыя новыя грантавыя праграмы свае заяўкі, а цяпер чакаюць на іх станоўчых ці адмоўных адказаў.

Крэатыў ад бібліятэкараў

Разам з тым, некаторыя культурныя праекты, якія з’явіліся ў Беларусі цягам Года культуры, здолелі “прагучаць” не толькі на ўзроўні краіны, але і далёка за яе межамі. Часцяком гэта адбывалася таму, што крэатыўныя ініцыятывы рэалізоўваліся разам з партнёрамі з іншых краін Еўропы, а таксама Расійскай Федэрацыі. І тое цалкам зразумела, бо ў творчым тандэме, як вядома, можна зрабіць нашмат больш, чым паасобку.

Скажам, у Віцебскай абласной бібліятэцы ў 2016 годзе працягнулі працу над сумесным беларуска-расійскім праектам “Беларускія смаляне, смаленскія беларусы”, у рамках якога ствараецца база даных пра беларусаў, вядомых сваёй дзейнасцю на Смаленшчыне, і, адпаведна, пра ўраджэнцаў Смаленскай зямлі, якія ўнеслі важкі ўклад у беларускую культуру і адукацыю.

— Акрамя таго, мы сёння ладзім сумесны праект з іншымі расійскімі калегамі — бібліятэкарамі Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі, — распавяла “К” дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян. — Гэта міжнародны экалагічна-літаратурны конкурс сацыяльных эсэ “Я і мой горад”, які плануецца завяршыць у чэрвені бягучага года. Пераможцы атрымаюць беларуска-расійскі дыплом і памятны сувенір.

Больш важкія набыткі ад сумеснай праектнай дзейнасці маюць сёння ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага. Скажам, у дзіцячым філіяле бібліятэкі, як паведаміла кіраўнік установы культуры Лідзія Мальцава, у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча — Беларусь — Украіна быў рэалізаваны сумесны праект з польскімі партнёрамі — публічнай бібліятэкай імя Марыі Канапніцкай у Сувалках — і створаны інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій.

— Паводле праекта мы атрымалі каля 450 тысяч еўра, — адзначыла суразмоўца. — На гэтыя грошы была закуплена мэбля, камп’ютары, праекцыйнае абсталяванне, праграмнае забеспячэнне і многае іншае. Цяпер у цэнтры, які адкрыўся роўна год таму, дзейнічае 8 адукацыйных праграм-лабараторый па мастацтве, музыцы, замежных мовах, робататэхніцы, праграмаванні і многія іншыя…

Як кажа Лідзія Мальцава, на шляху да атрымання гранта трэба было пераадолець шмат перашкод.

— Самыя галоўныя з іх былі дзве: па-першае, будынак, у якім знаходзілася бібліятэка, нам не належаў, — кажа кіраўнік бібліятэкі. — Таму, каб выканаць умовы гранта, давялося тэрмінова рыхтаваць усе неабходныя дакументы і браць будынак у арэнду. Па-другое, наша бібліятэка месціцца на другім паверсе, і ў грантадаўцы ўзнікла канкрэтнае патрабаванне: зрабіць так, каб доступ да паслуг цэнтра не быў абмежаваны дзецям-інвалідам. Для вырашэння гэтай праблемы мы набылі за сем тысяч еўра італьянскі гусенічны ліфт-пад’ёмнік, які цяпер выкарыстоўваецца намі для дастаўкі дзяцей-інвалідаў наверх, у бібліятэку.

Так што, як бачна, атрымаць сёння грант — не так ужо і проста, і адным напісаннем праекта тут не абыдзешся. Каб урэшце займець фінансаванне, варта парупіцца і пра розныя тэхнічныя моманты, і ўлічыць усе нюансы ды патрабаванні грантадаўцы, і шмат дзе пабегаць і “пагрукаць” у дзверы і райвыканкама, і тых айчынных ды замежных кампаній, якія здольныя забяспечыць выкананне тых або іншых умоў праекта. І гэта толькі “вяршыня” праектнага айсберга…

Гранты нам патрэбны!

Дарэчы, па словах Лідзіі Мальцавай, бібліятэкары Гродзенскай абласной “кніжніцы” не спыняюцца на дасягнутым і ўжо адправілі заяўкі на ўдзел у іншых трох грантах па розных праграмах Еўрасаюза. Так, да слова, робяць і ў многіх раёнах Беларусі, асабліва ў тых, якія знаходзяцца на мяжы з Еўропай. Пра шэраг такіх паспяховых праектаў, рэалізаваных пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза, можна даведацца на сайце euprojects.by. Напрыклад, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрыя Зязюлі, мясцовыя культработнікі падалі заяўкі на ўдзел у некалькіх грантах па трансгранічных еўрапейскіх праграмах, адзін з якіх прадугледжвае фінансаванне раённага пленэру рэзчыкаў па дрэве.

Таксама падалі некалькі заявак на замежныя гранты ў Маларыцкім, Брэсцкім, Кобрынскім ды ў многіх іншых раёнах Брэсцкай вобласці. Гэтыя заяўкі ўжо займелі свой плён: скажам, у Івацэвічах яшчэ пазалетась на грант Еўрасаюза памерам звыш 300 тысяч еўра давялі да ладу экспазіцыю і адкрылі музей Напалеона Орды, а ў Пружанскім раёне летась па праекце ПРААН атрымалі каля 40 тысяч еўра. Праект займеў важкую назву “Стварэнне кансорцыума “Мясцовая ініцыятыва” з мэтай злучэння намаганняў дзяржаўных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і бізнесу для вырашэння мясцовых ініцыятыў, накіраваных на ўстойлівае развіццё Пружанскага раёна”. А ініцыятыў гэтых, да слова, было даволі.

— Гэта і будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі ў гарадскім парку, і набыццё печы для абпальвання гліны для раённага Дома рамёстваў, і правядзенне майстар-класаў для дзяцей-інвалідаў ды ІІ Раённага фестывалю “Крыніца — грыбоў сталіца” і многае іншае, — адзначыў “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш. — Яшчэ па трох нашых праектах, як чакаецца, у Еўропе будуць прыняты рашэнні цягам наступнага месяца. Вельмі спадзяемся, што гэтыя рашэнні будуць станоўчымі, бо замежныя гранты нам вельмі патрэбныя для паляпшэння сацыяльна-культурнага складніку нашага раёна.

Патрэбу ў грантах для развіцця сферы культуры адчуваюць і на Віцебшчыне. І калі, скажам, у Верхнядзвінскім раёне толькі рыхтуюцца да падачы дакументаў для ўдзелу ў падобных праграмах, а ў Пастаўскім раёне таксама чакаюць станоўчых адказаў на свае заяўкі цягам бліжэйшых месяцаў, дык у Глыбоцкім раёне адзін з такіх праектаў — па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь — ужо прынёс свае станоўчыя вынікі.

— Праект завяршыўся ў 2015 годзе і “пацягнуў” на даволі важкую суму ў 127 тысяч еўра, уключаючы 114 тысяч еўра са сродкаў ЕС, — адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяна Тарасевіч. — На гэтыя грошы мы правялі рамонт у раённай ДШМ, закупілі туды новае абсталяванне, камп’ютар, распрацавалі віртуальныя ўрокі, а таксама сумеснымі намаганнямі з партнёрамі выдалі кніжку-расфарбоўку па творчасці Язэпа Драздовіча і латвійскага мастака-педагога Антоне Кукайса.

Самае галоўнае, па словах суразмоўцы, тое, што хоць фінансаванне праекта і спыненае, сувязі і сяброўскія адносіны паміж супрацоўнікамі і навучэнцамі Глыбоцкай ДШМ і латвійскай Лудзенскай мастацкай школы, якая з’яўлялася замежным партнёрам па праекце, не перарваліся, а працягваліся цягам усяго 2016 года. Так што і гэты складнік трансгранічнага супрацоўніцтва, які нітуе культуру і творчасць беларусаў з жыхарамі іншых краін Еўропы, таксама трэба абавязкова ўлічваць, бо наўрад ці ён з’яўляецца менш важкім за матэрыяльны…

І апошняе, пра што ўжо мімаходзь згадваў раней. Многія начальнікі аддзелаў, з якімі давялося размаўляць падчас тэлефанаванняў у рэгіёны, казалі пра тое, што ўдзел у праектах і грантах для іх, — даволі цяжкая і, часам, няўдзячная справа. У ёй на першы план выходзяць нават не творчыя, а тэхнічныя аспекты: скажам, як правільна на англійскай мове аформіць заяўку, як дакладна пралічыць эканамічны бок праекта і ўсе магчымыя выдаткі, як “прабіць” цікавую культурную ініцыятыву для ўдзелу ў трансгранічным супрацоўніцтве ў кіраўніцтва райвыканкама, бо звычайна 10 % ад сумы гранта павінен выдаткаваць мясцовы бюджэт…

Да таго ж, асноўную працоўную дзейнасць для такіх “шукальнікаў грантаў” са сферы культуры ніхто, вядома ж, не адмяняў і не адменіць. А сумяшчаць усе свае будзённыя справы разам з грантавымі культработнікам, якія, як вядома, не маюць эканамічнай адукацыі ды наўрад ці сутыкаліся з фінансавымі дакументамі на замежнай мове, не так ужо і проста. Мабыць, менавіта з гэтай прычыны не так ужо многа раёнаў Беларусі могуць сёння пахваліцца рэалізацыяй цікавых праектаў з удзелам замежных грантадаўцаў…

Карацей кажучы, “падводных камянёў” у гэтай справе даволі. І гэта пры тым, што ў краінах ЕС — напрыклад, у той жа Польшчы, — існуюць цэлыя аддзелы і структуры (у тым ліку і тыя, якія дзейнічаюць на камерцыйнай аснове), што займаюцца падобным “тэхнічным” бокам справы, афармляюць неабходныя дакументы, перакладаюць дакументацыю і перапісваюцца з еўрапейскімі структурамі. Прычым, робяць гэта ўсё яны прафесійна і з веданнем усіх магчымых і немагчымых нюансаў. Айчынным раённым аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі дапамогі ў гэтай справе чакаць няма ад каго. Бадай што, толькі ад партнёраў па праекце ды і тое не ва ўсіх справах і не заўсёды.

У той жа час, як мне казалі многія кіраўнікі сферы раённай культуры, варта хаця б толькі адзін раз паўдзельнічаць у падобнай праграме ды атрымаць грант — і тады далейшыя поспехі на гэтым шляху абавязкова яшчэ будуць. Практычны вопыт, хай сабе і адмоўны, як вядома, не заменіш ніякімі тэарэтычнымі выкладкамі і семінарамі. Таму і Лідзія Мальцава, і Канстанцін Панімаш, і многія іншыя кіраўнікі ўстаноў і аддзелаў культуры сёння рашуча настроены на далейшы ўдзел у грантавых праграмах Еўрасаюза і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і заклікаюць да гэтага ўсіх сваіх супрацоўнікаў. Так што сённяшні матэрыял пра праектную дзейнасць — толькі “першая” ластаўка. Іншыя, мяркую, “прыляцяць” зусім хутка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"