Нацыянальнае страчана? або Спроба ўніверсальнасці

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Балетная грамада пад мінскай апекай
За 25 гадоў незалежнасці постсавецкіх дзяржаў многія з іх акадэмічных тэатраў балета згубілі адзін аднаго з полю зроку. Спачатку было не да наладжвання творчых сувязяў, пасля новыя межы і эканоміка даліся ў знакі нясмелым спробам гастрольных абменаў. Цяпер прыйшлі да таго, што калектывам з адзінай харэаграфічнай платформай усё ж неабходна знаходзіць кропкі судакранання.

/i/content/pi/cult/620/13780/13-1.jpgПраблему аб’яднання балетнай прасторы постсавецкіх краін абмяркоўвалі на “круглым стале” ў рамках V Міжнароднага культурнага форуму, што ладзіўся ў снежні ў Санкт-Пецярбургу. Ініцыятар сустрэчы мастацкі кіраўнік аўтарскіх Тэатра танца і Акадэміі танца Барыс Эйфман патлумачыў: “Хацелася разам з прадстаўнікамі і мастацкімі лідарамі нацыянальных балетных труп расказаць адзін аднаму, што мы існуем. У нас ёсць адзіная творчая прастора, якую можна больш актыўна насыціць неардынарнымі творамі і сумеснымі праектамі. Калі будзе ўзаемнае запатрабаванне, хацелася б знайсці форму творчага аб’яднання, якое займалася б рэальнымі справамі”.

У выказваннях прадстаўнікоў нацыянальных калектываў праз аднаго гучала праблема пераемнасці прафесіі танцоўшчыка. Мастацкі кіраўнік Кіргізскага акадэмічнага Марына Ластачкіна распавядала, як маладыя кадры з’язджаюць па больш высокія заробкі ў замежжа. Па назіраннях мастацкага кіраўніка балетнай трупы Нацыянальнай оперы “Эстонія” Томаса Эдура, балетная моладзь ірвецца ў Лондан: “Так, заробкі там вышэйшыя, аднак трэба адпрацаваць 270 спектакляў на год! Танцоўшчыку, да прыкладу, неабходна выканаць 84 разы партыю “Шчаўкунка”! Не ўсе вытрымліваюць тую катаргу, таму пайшоў зваротны працэс — артысты вяртаюцца ў родныя сцены”. Эстонскаму балету, як і многім нацыянальным калектывам, бракуе мужчын-танцоўшчыкаў. “Сёння ўсе хочуць быць футбалістамі і IT-менеджарамі, хлопцаў не цягне ў балет”, — падвынікаваў прамоўца. Харэографы краін Балтыі маюць стасункі па ўсім свеце, аднак захаваць сваю школу, па прызнанні спадара Томаса, не ўсім удалося: “У адрозненні ад суседкі-Латвіі, мы не маем сваіх харэографаў. Да нас завітваюць з Захаду на пару гадоў — і з’язджаюць. Многія з маладых умеюць прыгожа рухацца, аднак сказаць нешта новае ў балеце ў іх не атрымліваецца”.

Каб адолець кадравы голад, напрыклад, у азіяцкіх краінах адчыняюцца балетныя навучальныя ўстановы. Аднак вастрыня праблемы пакуль не сышла. Так, галоўны балетмайстар Таджыкскага акадэмічнага Марыя Лявіцкая прызнае, што выпускнікі пры першай магчымасці з’язджаюць па больш выгадныя кантракты. А вось у мастацкага кіраўніка балетнай трупы Азербайджанскага акадэмічнага Камілы Гусейнавай да якасці навучання ў тамтэйшым харэаграфічным каледжы шмат пытанняў. На яе погляд, не заўсёды падрыхтоўка адпавядае традыцыйным стандартам, якія дзесяцігоддзямі выпрацоўвалі ў вядучых балетных вучылішчах былога Саюза. Таму адразу прагучала прапанова арганізаваць у рамках магчымага новага аб’яднання стажыроўкі для педагогаў і навучэнцаў. Тады з першых вуснаў да ўсіх зацікаўленых будуць трапляць найноўшыя распрацоўкі харэаграфічнай педагогікі.

У працяг тэмы народны артыст СССР Уладзімір Васільеў прапанаваў грамадзе стварыць адмысловыя майстэрні, на базе якіх можна будзе аб’яднаць моладзь, што прагне новых ведаў. “Вельмі важна не замыкацца на адной лініі, балетмайстры, пляцоўцы. Сучаснаму акадэмічнаму тэатру нельга быць музеем! Захоўваючы класіку, трэба даць магчымасць артыстам удыхнуць іншыя эмоцыі, выпрацаваць сучасную харэаграфічную мову”, — упэўнены ён. Сапраўды, у рэпертуары акадэмічных тэатраў краін СНД абавязкова сустрэнуцца традыцыйныя “Сільфіда”, “Спячая прыгажуня” ці “Лебядзінае возера”. Інакш і быць не можа, калі мы гаворым пра захаванне класічнага балета. Аднак, каб рухацца далей, неабходна развіваць нацыянальную харэаграфію. Прынамсі, таджыкскі балетмайстар Марыя Лявіцкая прапанавала правесці фестываль балетных нацыянальных замалёвак краін СНД: “Для гледачоў і калег — гэта сапраўдная экзотыка. А для нас — яшчэ і магчымасць аднавіць страчанае. На жаль, падчас грамадзянскай вайны пачатку 1990-х таджыкскі рэпертуар быў згублены. Падобны форум стаўся б стымулам для моладзі аднавіць хаця б тыя ўрыўкі, што захаваліся, а таксама стварыць новае на аснове падзей з айчыннай гісторыі”.

Калегу падтрымаў намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, падкрэсліўшы, што ў рэпертуарным тэатры павінна быць усё — ад класікі да мадэрну і эксперыменту, а сучасны артыст павінен успрымаць розныя харэаграфічныя стылі. Звяртаючыся да Барыса Эйфмана, Уладзімір Пятровіч дадаў: “Цудоўна, што вы прапанавалі пачаць збіраць камяні. Гэты працэс пачаўся ўжо ў Беларусі, прынамсі, падпісаны мемарандум аб двухбаковым супрацоўніцтве з Астаной. Нацыянальным школам неабходны абмен вопытам. На мой погляд, варта было б правесці балетны сімпозіум. У Акадэміі танца Барыса Эйфмана шыкоўная база для мерапрыемства такога маштабу і ўзроўню, а Мінск гатовы падтрымаць форум, калі будзе неабходна, і прыняць”.

Спадар Рылатка нагадаў пра яшчэ адну праблему: калі за савецкім часам абменныя гастролі былі звыклымі, то сёння аднаго толькі жадання выправіцца да суседзяў замала праз пошук фінансавання для маштабных пераездаў. Барыс Эйфман пагадзіўся, што і арганізатарам запрашаць трупы вельмі стратна. Каб зрабіць абмены эканамічна магчымымі, у будаўнічыя планы свайго доўгачаканага тэатра (на 2018 год у Санкт-Пецярбургу мяркуецца адкрыццё Палаца танца Барыса Эйфмана), прамоўца заклаў будаўніцтва гатэля амаль на 200 месцаў адмыслова для прыезджых артыстаў. “Мая галоўная ідэя — стварыць сапраўдны мікрасвет балета, аб’яднаць харэаграфічную прастору СНД, зрабіць яго паўнавартаснай часткай сусветнага харэаграфічнага руху, каб мы ведалі адзін аднаго не па відэазапісах у інтэрнэце, а глядзелі адзін аднаму ў вочы”, — растлумачыў свае памкненні мадэратар.

Для таго, каб прамоўленае не растаяла ў паветры, прадстаўнік Вялікага тэатра Беларусі прапанаваў узяць балетную грамаду пад беларускае апекаванне. “У Мінску ў чэрвені ў чацвёрты раз пройдзе Міжнародны фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”. Давайце пры вашай падтрымцы правядзём у яго рамках “круглы стол” для прадстаўнікоў акадэмічных тэатраў постсавецкай прасторы”, — падсумаваў Уладзімір Рылатка.

 

У класічнай адукацыі харэаграфічных каледжаў на постсавецкай прасторы — шматгадовыя традыцыі, апрабаваныя праграмы. Вось толькі патрапіўшы ў тэатр, учорашнія выпускнікі ўсё часцей сутыкаюцца з сучаснай харэаграфіяй і такімі патрабаваннямі балетмайстраў новай хвалі, да якіх цела не прызвычаілася. Пастаноўшчыкі вымушаны губляць час на перавучванне, танцоўшчыкам даводзіцца пераломліваць сябе. Выйсце з гэтай пасткі спрабуе знайсці расійскі балетмайстар Барыс Эйфман: у 2013 годзе ў Санкт-Пецярбургу ён адчыніў уласную Акадэмію танца. Па задумцы народнага артыста Расіі, выпускнікі змогуць прыйсці ў любую трупу і пераняць якую заўгодна тэхніку, бо іх цела ад пачатку падрыхтавана да ўспрымання ўсіх кірункаў харэаграфіі.

Балерына ў стойцы на руках

Па сутнасці, Акадэмія Эйфмана — вялікая творчая лабараторыя, бо ўпершыню ў Расіі праводзіцца спроба вынайсці новыя магчымасці падрыхтоўкі ўніверсальнага танцоўшчыка, абапіраючыся на стрыжань класічнай харэаграфічнай падрыхтоўкі.

Як распавёў метадыст і выкладчык акадэміі танца Сяргей Лалецін, калі ў традыцыйныя харэаграфічныя ўстановы дзяцей набіраюць у пяты клас агульнаадукацыйнай школы, дык Барыс Эйфман пайшоў на эксперымент, адкрыўшы для будучых танцоўшчыкаў набор у першы клас. З сямі гадоў нароўні з чытаннем, матэматыкай і пісьмом дзеці пачынаюць вывучаць рытмапластыку, гімнастыку, пластычную выразнасць, займаюцца развіццём каардынацыі і расцяжкай. Так, аб’ядноўваючы асноўныя элементы харэаграфічных і акцёрскіх школ, навучэнцы засвойваюць першапачатковыя тэхнічныя навыкі. У трэцім класе дзецям выкладаецца партэрная гімнастыка па сістэме Барыса Князева. Яна рыхтуе цела да традыцыйных урокаў класікі, якія пачынаюцца ў пятым класе. У наступным годзе да стандартнага набору харэаграфічных дысцыплін дадаецца танец-мадэрн. “Мы сутыкнуліся з праблемай, што профільныя навучальныя ўстановы не выпускаюць дыпламаваных спецыялістаў па сучасным танцы. Калі класіку ў нас выкладаюць лепшыя выпускнікі Акадэміі рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай, то выкладчыкаў сучаснага танца шукаем сярод харэографаў-практыкаў”, — тлумачыў Лалецін.

Яшчэ аднім ноу-хау стала абавязковае вывучэнне спартыўных дысцыплін. На цокальным паверсе я пабачыла шматфункцыянальныя спартыўныя залы. У Акадэмію прыйшлі майстры спорту па мастацкай, спартыўнай гімнастыцы, а таксама па акрабатыцы. Сяргей Лалецін распавёў: “Мы разумеем, што прафесійны спорт павышае траўматызм, таму шукаем баланс, просім выкладаць менавіта тыя спартыўныя элементы і звязкі, якія будуць потым выкарыстоўвацца ў танцах, напрыклад, сальта, перакаты, стойкі на руках. Выкладчыкам спартыўных дысцыплін нагадваем, што развіццё структуры цягліц не павінна замінаць заняткам класікай. Яны кантралююць, каб дзеці не накачвалі лішняга”.

Акадэмія танца вярнулася да дыхальнай гімнастыкі, якой некалі карысталіся і ў традыцыйных вучэбных установах. А пасля асноўных заняткаў дзеці маюць магчымасць, не выходзячы са сцен комплексу, паплаваць у цёплым басейне.

Харэаграфія як сацыяльны ліфт

Сёлета інавацыйны падыход вырашылі ўжыць і падчас уступнай кампаніі. Звычайна харэаграфічныя каледжы і ВНУ канстатуюць фізічную адпаведнасць дзіцяці будучай прафесіі, абапіраючыся, па сутнасці, на вока. Часам шматгадовы вопыт дае збой: худзенькая навучэнка ў пераходым узросце можа моцна набіраць вагу — і паўстае пытанне аб прафесійнай непрыдатнасці. У Акадэміі танца пачалі выкарыстоўваць метад самататыпіравання абітурыентаў. На падставе вылічэнняў высвятляюць, да якога тыпу — эктаморф, мезаморф, эндаморф — адносіцца дзіця. “Адпаведна, можам абраць слушны кірунак працы з кожным навучэнцам, выбраць правільную нагрузку (напрыклад, “падсушыць” цягліцы) і харчаванне”, — растлумачыў прымяненне навуковага падыходу Сяргей Лалецін.

Увогуле, для набору ў Акадэмію выкладчыкі выязджаюць ва ўсе рэгіёны Расіі, са снежня напярэдадні наборнага года пачынаюць праводзіць прагляды ў ДК і школах мастацтваў, праводзяць аддаленыя прагляды па зробленых па пэўных правілах і дасланых на паштовую скрыню фотаздымках. Лепшых запрашаюць на адборачныя туры ў Санкт-Пецярбург. Пасля такога “сіта” ў клас павінны залічыць 10 дзяўчат і 10 хлопчыкаў. У жніўні праводзіцца дабор на вакантныя месцы.

Барыс Эйфман, засноўваючы сваю Акадэмію танца, абазначыў яе сацыяльную місію: ён хоча, каб харэаграфічная адукацыя стала “сацыяльным ліфтам” для таленавітых дзяцей-сірот, дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сямей. І місія тая цалкам дасягальная не толькі з-за добра выбудаванай адборачнай кампаніі. Ведаючы айчынную сістэму адукацыі, я, быццам казку, слухала расповед пра цалкам бясплатную адукацыю ў Акадэміі танца: камітэт па культуры Санкт-Пецярбурга цалкам забяспечвае навучэнцаў падручнікамі, уніформай (у спіс уваходзіць школьная форма з лагатыпам, форма для заняткаў танцамі і спортам, фірменныя камплекты для пераходу ў танцавальныя класы!), харчаваннем.

Балетны квартал

Архітэктурная майстэрня “Студыя 44” пад кіраўніцтвам архітэктара Нікіты Явейна атрымала шмат узнагарод за ўнікальны будынак Акадэміі танца. Аднак амбіцыйны праект яшчэ не завершаны: плануецца стварыць сапраўдны балетны квартал. Зараз побач з асноўным будынкам і інтэрнатам дзейнічае музей Барыса Эйфмана (а ў перспектыве — музей пецярбургскага балета), размешчаны ў помніку драўлянага дойлідства. Рэканструюецца будынак звычайнай сярэдняй школы — туды пераедуць класы для выкладання агульнаадукацыйных прадметаў і тады ўсе чатырнаццаць балетных класаў і зала-трансформер будуць выкарыстоўвацца толькі для спецдысцыплін. А да першага выпуску адчыніцца Дзіцячы тэатр танца на 500 глядацкіх месцаў, сцэну якога аддадуць не толькі пад школьныя канцэрты, але, па задумцы Барыса Якаўлевіча, усім лепшым дзіцячым калектывам горада. Так навучальная ўстанова XXI стагоддзя выходзіць за рамкі адно адукацыйнай праграмы, каб выканаць узятую на сябе культурную місію — фармаванне прафесійна і сацыяльна кампетэнтнай асобы будучага дзеяча мастацтваў.

Мінск — Санкт-Пецярбург — Мінск

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"