Даўлатаў, “свой у дошку”

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Ёсць што згадаць пра легенду: “А юнацтва было як малітва нядзельная”
Гэты ахматаўскі радок я вырашыў узяць у якасці падзагалоўка маіх успамінаў пра тое, якім быў у юнацтве Сяргей Данатавіч Даўлатаў у час маіх з ім сустрэч у кароткі ленінградскі студэнцкі перыяд пачатку 1960-х, калі да яго пісьменніцкай кар’еры было яшчэ вельмі і вельмі далёка.

/i/content/pi/cult/619/13776/_normal.jpg

Сяргей Даўлатаў. / Фота з сайта sobaka.ru

Шмат гадоў таму мяне папрасілі пра Даўлатава напісаць успаміны. Я доўга марудзіў, бо мяне спыняў якісьці “тормаз”: Даўлатаў пасля смерці, як гэта часцяком здараецца з таленавітымі і неардынарнымі асобамі, зрабіўся папулярным на ўвесь культурны свет. Невыпадкова, што ўпоравень з Бродскім і Салжаніцыным ён сёння ўваходзіць у тройку найбольш вядомых за мяжой рускамоўных аўтараў канца ХХ стагоддзя. Дастаткова нагадаць, што яго творы перакладзены на 30 моў свету, уключаючы японскую. Па яго прозе здымаюцца мастацкія фільмы, у тым ліку апошні — “Канец цудоўнай эпохі” Станіслава Гаварухіна — экранізацыя расказаў са зборніка Даўлатава “Кампраміс”; ставяцца спектаклі і называюцца вуліцы, як гэта не так даўно адбылося ў Нью-Ёрку і ва Ухце (Рэспубліка Комі), не кажучы пра ўстаноўленыя яму ў розных гарадах помнікі і мемарыяльныя дошкі. А сёлета мы пабачым і поўнаметражны мастацкі фільм рэжысёра Аляксея Германа-малодшага, які так і будзе называцца “Даўлатаў”, дзе ў галоўных ролях здымаюцца сербскі акцёр Мілан Марыч і Артур Бясчасных (Іосіф Бродскі), той самы, што зняўся ў ролі “рыжага” ў нядаўнім серыяле “Таямнічая страсць” паводле Васіля Аксёнава. Уся гэта слава, на жаль, пасмяротная…

Словам, я тады, 18 гадоў таму, усё ж наважыўся і вырашыў унесці свой мемуарны ўклад у гэтую справу: надрукаваў у “Культуры” невялічкі, эскізнага плану, артыкул пра мае стасункі з Сяргеем у 1960-х. І вось прайшло шмат гадоў, і я зноў вярнуўся на сустрэчу з Сяргеем Даўлатавым. І што цікава. Калі я пачынаў працаваць над сённяшнім матэрыялам, мне раптам згадаўся мой сябра Уладзімір Мулявін (яго 76-ы дзень народзінаў адзначым 12 студзеня), лёс якога нейкімі нябачнымі ніткамі аказаўся пераплецены з лёсам Даўлатава. Памяркуйце самі: абодва нарадзіліся ў 1941 годзе, і год 2016-ы стаў юбілейным і для Песняра, і для аўтара іскрамётных кніг “Зона”, “Кампраміс”, “Запаведнік”, “Чамадан”, якія маглі, каб лёс склаўся па-іншаму, адсвяткаваць у асяроддзі шматлікіх прыхільнікаў свае 75-годдзі.

Калі Мулявін ляжаў у лечкамісіі (праблемы з камянямі ў нырках), я вырашыў прынесці яму два першыя тамы (з трох тамоў, тады выдадзеных выдавецтвам “Лімбус-прэс”) прозы Даўлатава з цікавым афармленнем “міцька” Аляксандра Фларэнскага. Да гэтага Валодзя не чуў пра такога пісьменніка. І з таго дня Сяргей Данатавіч стаў, здаецца, ці не ўлюбёным празаікам Мулявіна — пасля кніг пра Швейка Яраслава Гашака. Па яго словах, ён і потым перачытваў апавяданні Сяргея па некалькі разоў, бо для яго даўлатаўскія рэчы былі лепшымі лекамі ад усіх хвароб. Дарэчы, кніжка Валерыя Папова “Даўлатаў”, як высветлілася, была апошняй прачытанай Святланай Пенкінай-Мулявінай за месяц да сваёй нечаканай смерці. Я даў яе Святлане ў час яе прабывання ў жніўні мінулага года ў нас на лецішчы на Браслаўшчыне.

Пасля смерці Даўлатава і Мулявіна ў абодвух пачалося “другое ўзыходжанне” на сусветны Алімп: з’яўляюцца помнікі ў іх гонар, мемарыяльныя дошкі, назвы вуліц, ствараюцца фільмы, выдаюцца кнігі, артыкулы, навуковыя даследаванні, успаміны, пісьмы, выяўляюцца новыя архіўныя дакументы… Наогул, у абодвух можна знайсці і нейкія агульныя прыхільнасці і інтарэсы да сусветнай культуры — што тычыцца літаратуры, музыкі, кінематографа: Хэмінгуэй, Мапасан, О’Генры, Яраслаў Гашак, джаз Дзюка Элінгтона, Луі Армстранга и Чарлі Паркера, рок-н-ролл (асабліва песня “Rock Around the Clock”), “Бітлз”, Джордж Гершвін, трафейныя фільмы... Ды што там казаць: жыццё і творчасць абодвух былі далёка не ўсыпаны ружамі, мабыць, драм на жыццёвым і творчым шляху было, па вялікім рахунку, больш, чым паўнаважкага шчасця…

І пражылі яны абодва вельмі мала: адзін — 49 гадоў, другі — 62… Магчыма, Усявышні вырашыў, што яны да канца зрабілі ўсё, што ім было загадзя прызначана… У прынцыпе, яны маглі б і сустрэцца ў Нью-Ёрку, каб Даўлатаў трошкі раней эміграваў за акіян, але мулявінскія “Песняры” тройчы гастралявалі па ЗША тады, каля будучы пісьменнік яшчэ жыў у СССР і пра сваю эміграцыю не заікаўся. Але пра Мулявіна, смею дапусціць, канешне ж, ён ведаў. Словам, амаль па Пушкіне: “Бывают странности сближенья…”

Наогул, успаміны — рэч даволі небяспечная. Чалавек памірае — і пачынаецца міфалогія. Таму я хачу сказаць адразу: не магу лічыць сябе блізкім сябрам Даўлатава, хаця амаль два гады нашы шляхі, зусім не звязаныя з літаратурнай прасторай, часта перасякаліся там і сям. І мне няёмка ставіць сябе ў адзін шэраг з такімі гучнымі мемуарыстамі, як Іосіф Бродскі, Леў Лосеў, Ігар Яфімаў, Яўген Рэйн, Андрэй Ар’еў, Аляўціна Дробыш, Пётр Вайль, якія непараўнальна бліжэй ведалі Сяргея. Але людзей са студэнцкага і “пасляармейскага” перыядаў жыцця Даўлатава, якія тады, у ленінградскія часы, яго дастаткова блізка ведалі, засталося вельмі мала. Памерлі Вячаслаў Веселаў, Фёдар Чырскоў, Самуіл Лур’е, Сяргей Вольф, Уладзімір Уфлянд. З таго племені жывы-здаровы Валерый Папоў, які некалькі гадоў таму выдаў вельмі цікавую, на мой погляд, кніжку пра Даўлатава з серыі “ЖЗЛ”, хаця, як хтосьці сказаў, напісаў “варыянт уласнай біяграфіі”. Наследнікі былі вельмі незадаволеныя яго томам быццам праз “дыфамацыю”, гэта значыць праз абвяшчэнне ў друку звестак, якія няславяць складаную і некіравальную асобу Даўлатава. Але ўсё гэта — па-за мяжой маёй сённяшняй гаворкі.

У Маскве жыве пісьменнік і эсэіст Анатоль Найман, блізкі сябра Даўлатава па юнацтве, “інтэлектуальны каўбой”, які ў пачатку 1960-х працаваў літаратурным сакратаром Ганны Ахматавай і не так даўно адсвяткаваў 80-годдзе. Паспяхова працуе ў Санкт-Пецярбургу былы мінчанін — пісьменнік Іван Сабіла, які згадаў свае сяброўскія стасункі з маладым Сяргеем у кнізе “Адкрыты рынг” (2000). Але і Валерый Папоў, і Іван Сабіла пазнаёміліся з Даўлатавым пазней за мяне, толькі пасля яго вяртання з вайсковай службы — гэта значыць пасля 1964 года. Наогул, большасць сяброў-сучаснікаў пісьменніка і яго родных у розныя гады эмігрыравалі за мяжу, галоўным чынам, у ЗША, у тым ліку згаданыя Бродскі, Яфімаў, Ар’еў, Лосеў, Вайль, а таксама Аляксандр Геніс. Некаторыя там і сустрэлі свой апошні час.

Што казаць, сяброў у камунікабельнага Даўлатава, асабліва “шапачных” ці, дакладней кажучы, “кароткачасовых”, да якіх належаў, можа, і я, было заўсёды шмат. Асабліва ў той перыяд, калі ён як пісьменнік ніяк сябе не выяўляў, хаця нешта пісаў “у стол”, забаўляўся вершыкамі, і час ад часу друкаваўся ў шматтыражнай газеце “Знамя прогресса” оптыка-механічнага завода, а пазней — і ў дзіцячым часопісе “Костёр”. А яшчэ пазней нейкія рэцэнзіі нават друкаваліся ў “тоўстых” часопісах “Нева”, “Звезда”, “Юность”. Але сваю тагачасную цану як журналіста Сяргей ведаў добра. Па яго ўласных словах, гэтыя нарысы “нагадваюць найгоршыя рэчы сярэдніх прафесіяналаў”, так бы мовіць, кан’юнктурнае барахло. Гэта самаацэнка цалкам у даўлатаўскім духу…

Пра кароткі студэнцкі перыяд Даўлатава напісана не вельмі шмат, асабліва ў параўнанні з эмігранцкім часам. Вось я і вырашыў сёння дадаць колькі словаў у гэтым рэчышчы пасля таго, як культурны свет у пачатку верасня 2016 года адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння славутага празаіка, да якога Сяргей не дажыў 26 гадоў. Дзіўная рэч, памяць мая, якая, зразумела, старэе з кожным годам, чамусьці ўсё часцей і часцей вяртаецца да тых, хто быў калісьці побач і хто раней выправіўся на лодцы Харона ў царства Аіда. У маім жыцці было нямала розных сустрэч: адны запомніліся дэталёва, нібыта ўсё адбывалася ўчора, іншыя зніклі ў тумане памяці, пакінуўшы пасля сябе няпэўныя абрысы; трэція — нібыта адбываліся не з табой, а з нейкім таямнічым двайніком, якому ты пазіраваў збоку…

Сяргей Даўлатаў — з першага шэрагу. Дзякуй богу, у мяне ў хатнім архіве захаваліся шмат дзённікавых блакнотаў з часоў юнацтва і маладосці, куды я, не ведаючы чаму, заўсёды ўносіў розныя запісы, адрасы, афарызмы, вершы, кароткія справаздачы пра тое, што адбылося напярэдадні, урыўкі гутарак з цікавымі людзьмі і гэтак далей. Вось, напрыклад, алоўкам зробленыя нататкі пра Яўсея Маісеенку, Рурыка Іўнева, Сяргея Канёнкава, Анатоля Зверава, Вадзіма Сідура, таксама пра Льва Гумілёва, Уладзіміра Маўродзіна, Міхаіла Каргера і іншых маіх універсітэцкіх настаўнікаў. Пра сустрэчы ў дамах творчасці ў Паланзе, Сенежы, Дзінтары, Седняве з выдатнымі савецкімі мастацтвазнаўцамі і культуролагамі таго часу. А вось — і запісы, нейкія пачыркушкі, адрасы, месцы сустрэч, якія звязаны непасрэдна з Даўлатавым.

Дзіўна, канешне, што ён трапіў на мае старонкі: тады Сяргей нічым асаблівым не вызначаўся сярод іншых, не лічачы яго выгляду, высачэзнага росту, 47-га памеру абутку, прыроднага сарказму і дару іранізаваць над усімі, хто трапляў у поле яго зроку. Але ён быў надзвычайным віртуозам па “частцы выпіць”, і ў гэтай галіне яму не было роўных. Любімыя напоі таго часу — танныя віны “Сонцадар”, “Агдам”, “Тры сямёркі”, не цураўся і піва, асабліва ў добрай кампаніі. Можа, таму ён быў своеасаблівым кумірам сярод тагачаснай багемнай інтэлігенцкай моладзі, у лік якой уваходзілі, у асноўным, філолагі, пачаткоўцы-літаратары і журналісты, мастакі, спартсмены, тэатралы, хаця выяўленчае мастацтва ў любых яго праявах Сяргей прынцыпова ігнараваў. Хоць, як я потым пераканаўся, іншы раз яго з’едлівыя, калючыя заўвагі наконт жывапісу і архітэктуры проста ўражвалі.

Дык вось, я ніколі не думаў, што мае “дзённікі” калі-небудзь мне спатрэбяцца. Мабыць, гэта была моц ранейшай звычкі: у школьныя гады ў агульных сшытках я вёў дзённік — падрабязна, акуратна, дзень за днём. Ну, а ў студэнцкую пару і пазней, у Мінску, агульныя сшыткі мне замянілі кішэнныя блакноты. І няхай потым прыйшлі ім на змену “крутыя” дыктафоны, са сціплымі блакнотамі я па-ранейшаму не расстаюся…

Безумоўна, на пачатку канца “адлігі” ніхто не мог меркаваць, што гэты, “свой у дошку”, волат з “фізічным лішкам”, прасцей кажучы, — Сяргей, Сяржук, Серж, Даўлат — стане тым Даўлатавым, якога сёння чытаюць літаральна ўсе, як чытаюць Чэхава, Мапасана, О’Генры, Купрына, Зошчанку, Джэка Лондана. Вось толькі, на вялікі жаль, два нешматслоўныя лісты, напісаныя мне Сяргеем яшчэ задоўга да эміграцыі (адзін — з Ленінграда ў Мінск, другі — з Пушкінскага запаведніка) і кароткая цікавая запіска, пакінутая мне (пасля яго вяртання з Комі ССР) у інтэрнаце на Мытнінскай набярэжнай, 5/2, некуды зніклі. Магчыма, яны дзесьці глыбока схаваліся ў маіх архівах, дзе чорт нагу зломіць, альбо проста згубіліся падчас кватэрных пераездаў. Таксама шкада, што хутка знасіў фінскія “фарцовачныя” шкарпэткі, падараваныя мне Сяргеем, які часам не цураўся займацца фарцоўкай. Захаваў бы, каб ведаў, што ён стане такім знакамітым (жартую, канешне).

Наогул, маё знаёмства з Даўлатавым адбылося вельмі незвычайна. Зараз я ўпершыню падрабязна раскажу пра тое, як гэта было.

(Працяг чытайце ў наступных нумарах.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"