Ажывала дрэва ў Дзятлаве…

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Свой след на зямлі...
У сваёй кнізе “З беластоцкай зямлі” я ўпершыню прыгадаў беларускага мастака, рэзчыка па дрэве, грамадска-культурнага дзеяча Уладзіміра Мацюка (1902 — 1989). Гэта была толькі невялікая згадка пра таленавітага беларуса з Беластока. Але пошукі працягваліся…

/i/content/pi/cult/619/13773/12-1.jpgУладзімір Мацюк нарадзіўся ў Беластоку ў сям’і беларускага фельчара Язэпа (Іосіфа) Мацюка (родам з вёскі Гернікі Слонімскага павета) і Людмілы са збяднелага роду Антыноравічаў з Нараўкі. У пары нарадзілася пяцёра дзяцей, Валодзя па ліку быў трэцім.

Але заставацца шчаслівымі сям’і перашкодзіла Першая сусветная вайна і бежанства. Іосіфа Мацюка мабілізавалі ў расійскае войска і накіравалі працаваць эпідэміялагічным фельчарам у адзін з земскіх шпіталяў Падольскай губерні, які знаходзіўся каля самай лініі фронту. Але ў 1916 годзе ён захварэў на тыф, прыехаў да эвакуіраванай сям’і ў Калугу, дзе хутка памёр. На плечы Людмілы леглі ўсе сямейныя клопаты.

У Калузе Валодзя пайшоў у школу. Ён часта згадваў, што фізіку ў іх класе выкладаў знакаміты вучоны Канстанцін Цыялкоўскі, да якога вучні прыходзілі дадому, дапамагалі яму. У 1919 годзе Уладзімір Мацюк запісаўся на завочныя курсы пры Калужскай мастацкай акадэміі. У гэты час у Расіі ішла Грамадзянская вайна і сям’я з-за нястачы вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Аднак усім адразу здзейсніць тое не было магчымасці, таму на радзіму паехаў пакуль адзін Уладзімір. Вясной 1924 года ён перасёк мяжу і апынуўся ў Заходняй Беларусі, якая ўжо знаходзілася пад Польшчай. Прыехаўшы на радзіму бацькі, Мацюк хутка вырашае вярнуцца зноў у Калугу, але яго арыштоўваюць на мяжы і ён некалькі месяцаў праводзіць у польскай турме. У выніку, сустрэцца з маці і з роднымі братамі і сёстрамі Уладзімір Мацюк змог толькі пасля 1939 года. Ён пасяліўся ў Дзятлаве на Гродзеншчыне, куды на сталае месца жыхарства да яго прыехала і старэйшая сястра Вольга. У Дзятлаве ён і пражыў усё астатняе жыццё.

Калі на Дзятлаўшчыну прыйшла савецкая ўлада, Уладзімір Мацюк працаваў загадчыкам базы ў райспажыўсаюзе, а ў вольны час захапляўся разьбой па дрэве. Летам 1941 года Баранавіцкі абласны Дом народнай творчасці арганізаваў экскурсію на выставу ў Мінск для лепшых скульптараў, рэзчыкаў і інкрустатараў вобласці. Захаваўся запыт у міліцыю з просьбай выдаць пропуск у горад Мінск майстру-рэзчыку па дрэве Мацюку, датаваны 20 чэрвеня 1941 года. Экскурсія не адбылася, бо праз два дні пачалася вайна.

У гады вайны сям’я Уладзіміра Мацюка жыве то ў Дзятлаве, то на хутары Гнаінскі ў сваякоў, то проста ў лесе. І шмат прац, якія захоўваліся ў хаце мастака ў Дзятлаве, згубіліся. Ратавалі і кармілі сям’ю ў часы ліхалецця “дзеравяшкі” — абутак з дрэва, які рабіў Уладзімір. Іх набывалі землякі.

Пасля вайны Уладзімір Мацюк уладкаваўся на працу мастацкім кіраўніком раённага Дома культуры, адпрацаваўшы там усё жыццё. Ён арганізаваў драматычны гурток і ставіў спектаклі. Напрыклад, “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы ў 1952 годзе заняў першае месца на Гродзенскім абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці і быў паказаны ў Мінску. Кіраўнік тэатральнага гуртка сам выступіў і рэжысёрам, і акцёрам, і мастаком, і дэкаратарам, і грымёрам, рыхтаваў эскізы касцюмаў да спектакляў. Але галоўным яго захапленнем заставалася разьба па дрэве.

У лістападзе 1945 года працы мастака “Начное”, “Дудар” і “Данясенне” ўпершыню былі паказаны на агульнабеларускай выставе майстроў народнай творчасці ў Мінску. За барэльеф “Данясенне” Мацюк атрымаў другую прэмію ў конкурсе на лепшы твор на тэму “Беларусь у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. Мастак пастаянна ўдзельнічае ў розных абласных, рэспубліканскіх і былых усесаюзных выставах. На выставе народнага выяўленчага мастацтва ў 1948 годзе ў Маскве яму прысудзілі другую прэмію за скульптурныя працы “Тры пакаленні ў барацьбе за Радзіму” і “Пастух-сувязіст” (“Дудар”). А Ленінградскі музей этнаграфіі тады набыў у яго некалькі скульптур і наладзіў з мастаком творчыя сувязі.

Уладзімір Мацюк у другой палове ХХ стагоддзя быў вельмі паважаным чалавекам на Дзятлаўшчыне. Яго абіраюць дэпутатам пасялковага савета дэпутатаў. А ў 1959 годзе мастак становіцца сябрам Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі пры Беларускім доме народнай творчасці. Гэта арганізацыя ў свой час набыла некалькі прац Уладзіміра Мацюка для паказу за мяжой. Яму быў замоўлены твор з дрэва ў якасці падарунка ад БССР на фестывалі моладзі ў Варшаве ў верасні 1955 года. Ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні агульнабеларускага фестывалю моладзі і студэнтаў у 1957 годзе. Апошняй вялікай выставай, у якой удзельнічаў творца, з’яўлялася Усесаюзная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва самадзейных мастакоў і майстроў народнай творчасці ў 1970 годзе. Скульптура мастака “Мишка-сладкоежка” была адна з лепшых і яе выбралі для ўдзелу ва Усесаюзнай рухомай выставе па гарадах Поўначы і Сібіры ў 1971 годзе.

У апошнія гады свайго жыцця Уладзімір Мацюк працаваў толькі для сябе, працы дарыў сябрам і сваякам. Спрабаваў займацца і разьбой па косці. Усе гэтыя працы часта можна было ўбачыць на беларускіх выставах. За некалькі гадоў да смерці мастак пачаў губляць зрок і не мог больш працаваць. Гэта была для яго трагедыя. А 24 лістапада 1989 года Уладзіміра Мацюка не стала: ён памёр у Дзятлаве, дзе і пахаваны.

Уладзімір Мацюк стварыў сотні выдатных твораў з дрэва і косці. Сёння яны захоўваюцца ў прыватных беларускіх, расійскіх і польскіх музеях і архівах, а таксама ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Але дзясяткі арыгінальных твораў мастака, якія ён аддаваў на розныя выставы, проста зніклі, і лёс іх невядомы. Асноўнай тэматыкай яго твораў былі і засталіся гісторыя беларускага народа, сялянская праца, жывёлы і фальклорныя персанажы, а таксама скразной тэмай праз розныя творы праходзіла вайна.

Для іх увасаблення і выканання ён выкарыстоўваў розныя пароды дрэва: бярозу, клён, дуб і іншыя. І дрэва ажывала ў руках народнага майстра….

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнаўца

Слонім

Фотаздымкі з фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея