Каб выбіцца ў поп-зоркi...

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

“Патрэбны баян, барабаны і лінейка!” — сцвярджае Аляксандр Патліс
У Гродне спевака Аляксандра ПАТЛІСА чакала творчая сустрэча з яго прыхільнікамі. Але першым пунктам знаходжання выканаўцы ў родным горадзе значыўся традыцыйны для герояў гэтай рубрыкі паход па ўстановах культуры. Кампанію ў візіце яму склалі чатырохгадовы сын Леон ды я. А цяпер яшчэ і вы...

/i/content/pi/cult/618/13758/10-1.jpgБаяністам нумар адзiн стаць не хацеў

У ліпені 1989 года Аляксандр Патліс быў прызваны ў шэрагі ўзброеных сіл СССР, служыў у Мінску ў “мотастралках” ды выступаў у складзе дывізіённага ансамбля. Не сыходзячы на “дэмбель”, у сталіцы і ажаніўся. Жаданне вярнуцца ў Гродна было, але жонка яго разупэўніла. З тых часоў на радзіме Аляксандр бывае наездамі, наведваючы бацькоў, даючы канцэрты.

...Прадзед Патліса граў на скрыпцы, дзед — на гармоніку, дзядзька — на баяне ды гітары: многія сваякі па лініі мамы мелі схільнасць да музіцыравання. За сталом спяваліся хіты народныя ды эстрадныя, гучалі шлягеры з магнітафонаў ды з пласцінак, і не дзіва, што маленькi Саша “галасіў” лiтаральна ўсюды. Нават у рэйсавым аўтобусе ладзіў сольнікі, выводзячы на ўвесь салон “Лісце жоўтае” ды “Ідзе салдат па горадзе”. У дзіцячым садку рулады дзіцяці пачулі “пакупнікі” з мінскай кансерваторыі, уразіліся ды прапанавалі пераехаць у школу-інтэрнат пры ёй. Аднак сямейны савет пад ціскам дзядулі на такі крок не адважыўся, але калі дзіцяцi споўнілася сем, было прынята рашэнне аддаць яго ў музычную школу № 1. Марыў ён пра аддзяленне скрыпічнае або вакальнае, але апошняга ва ўстанове не было, а замест скрыпкі бацькі настаялі на класе баяна, iгры на якім у школе навучалі з 9-гадовага ўзросту. Так і атрымалася, што не самаму свайму любімаму інструменту (а бацькі купілі сыну белага колеру дарагі тульскі баян ручной работы) Патліс часу аддаў “ад званка да званка”. Не асаблівую стараннасць яго выкладчыкі адзначалі, ад самага строгага з іх часам перападала лінейкай па пальцах!

З “музыкалкi” падлетак выпусціўся ў музычнае вучылішча — на выбарны баян (якое не скончыў: за месяц да дзяржэкзаменаў студэнта, што не паспеў падрыхтаваць адзiн з абавязковых твораў, адправілі ў акадэмічны адпачынак (вучобе “перашкодзіў” яго ўдзел у рок-гурце “Ісціна”), i ён назад не вярнуўся). Там Аляксандр і спяваў (у хоры, нярэдка “перацягваючы на сябе коўдру”, калі яго голас раптам выбіваўся з агульнай “пачкі”), як і ў агульнаадукацыйнай школе: да кар’еры вакаліста ён з нейкага моманту пачаў імкнуцца ўсур’ёз. Прычым жадаў ён не толькі спяваць, але яшчэ і адначасова граць... не, ужо не на скрыпцы, а на барабанах! Нават у народным аркестры, паралельна з вучобай па баянным профілi, ён спрабаваў свае сілы ў перкусійным майстэрстве. Але пра барабаны гаворка наперадзе, а зараз выпраўляемся ў...

Праз лінейку ў “зоркі”

...Дзіцячую музычную школу мастацтваў № 1, якая ўжо не першы год знаходзіцца ў іншым будынку. Змянілася пакаленне настаўнікаў, але пенсіянер Мікалай Мурын, той самы строгі педагог, пабачыцца з колiшнiм сваім падапечным завiтаў. Як мне падалося, Мікалай Уладзіміравіч не без настальгіі згадваў пра тое, якімі яшчэ сродкамі ён прышчапляў вучню любоў да высокага. Але ж вынік атрымаўся! Аляксандр засяроджана слухаў, ківаў і пільна пазіраў па баках — лінейкі паблізу не было...

— Вельмі адкрытым ён быў, аднак у вучобе ленаваўся, заняткі прагульваў, — “рэзаў” праўду спадар Мурын. — Ды талент я ў ім бачыў. А сёння — таленавітыя цi не — усе ідуць у школу. Раней працэс адсейвання быў стражэйшым. А вось якасць выкладання нядрэнная, узровень цяперашніх педагогаў стаў вышэйшы ў параўнанні, дапусцім, з 1990-мі.

У ДМШМ і яе філіялах навучаецца 1082 чалавекi (дарослыя — на рэпетытарскай, платнай аснове), асвойваючы iгру на фартэпіяна, гітары, домры, балалайцы, скрыпцы, альце, віяланчэлі, кантрабасе, мандаліне, цымбалах, флейце, кларнеце, саксафоне, трамбоне, трубе, валторне, ударных, баяне, акардэоне... Ёсць аддзяленнi харавое, эстраднае ды музычна-тэарэтычных дысцыплін, сем калектываў са званнем “узорны” ды некалькі вучнёўскіх. Штогод каля 30 працэнтаў выпускнікоў далей паступае ў профільныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

— Не шмат для нашай маленькай краіны? — задаю я “дзіўнае” пытанне намесніку дырэктара па выхаваўчай працы Вользе Кавальчук.

— А ці не ўсе з іх рвуцца стаць “рыхтэрамi”. Шмат хто хоча выкладаць, балазе нават пры аптымізацыі патрэба ў музычных педагогах на сяле існуе.

Сапраўды, парадокс! Сферу скарачаюць, а наборы ў ССНУ ды ВНУ прынцыпова не змяняюцца, і пры ліквідаваных у вёсках установах культуры маладыя спецыялісты па-ранейшаму кудысьці ды размяркоўваюцца. А праблемы з інструментамі ў школе не здзівілі (зношаныя рэстаўруюцца сваімі ўмельцамі, на набыццё новых грошай не заўсёды хапае (установе ж, скажам, вельмі неабходны новы раяль)). Як і тое, што будынку патрабуецца рамонт. ДМШМ таксама з’яўляецца арганізатарам шэрагу конкурсаў, і пад іх патрэбныя фінансы...

Вольга Генадзьеўна правяла нас у залу, дзе рэпетыраваў школьны ансамбль, і Патліс па-хуткаму правёў “майстар-клас” iгры на баяне. А яшчэ паказалi нам невялікi музейны пакой, застаўлены інструментамі, па сценах якога развешаны падрабязны летапіс установы ў асобах ды падзеях. Хутка тут з’явіцца здымак Аляксандра з інфармацыяй пра спевака, паабяцала намеснік дырэктара.

Тут будзе...

Але вернемся да нашых барабанаў. У Палац культуры тэкстыльшчыкаў студэнта музвучылішча Патліса занесла з прычыны таго, што там мелася вакансія ўдарніка ў ансамблі. А барабаны ў ім прастойвалі не простыя, а вельмі і вельмі паважанай заходняй маркі. Любоў да гэтага інструмента была настолькі вялікая, што Аляксандр набыў у асабістае карыстанне фірмовую ўстаноўку, змясціў яе дома ў сваім пакоі, чым невымоўна “ўсцешыў” суседзяў. Да творчасці хатняй і палацавай дадалася вясковая — з 1986 года ў складзе “халт-каманды” ён стаў граць на сельскіх вяселлях: стукаць і адначасова спяваць (дзве “стаўкі” ён сумяшчаў і ў ПК). Слава пра юны гродзенскi талент шырылася ды мацнела, і вось тады надышла чарга перайсці яму ў вядомы па тых часах і ў горадзе, і ў краіне гурт “Ісціна”. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, а нас з Патлісам чакалі ў Гродзенскім палацы культуры (экс-“тэкстыльшчыкі”). Пра ўстанову нам трошкі распавяла дырэктар ГПК Ірына Міклашэвіч.

Дык вось, некалі ПК тэкстыльшчыкаў належаў прафсаюзам. У суровыя для галаўной арганізацыі гады ўстанова атрымала “незалежнасць” і, каб выжыць, на ўсю моц занялася арэндаздачай часткі сваіх памяшканняў. Што не перашкаджала будынку гібець. Калі старэнне стала набываць пагрозлівыя формы, Палац як самастойную юрыдычную асобу ў 2011 годзе ліквідавалі і перадалі на баланс горада, каб тут жа заняцца складаннем дакументацыі на яго рэканструкцыю. Улетку 2012-га ПК і павінны былі на яе паставіць. Чаго не здарылася. У чаканні абнаўлення яе жыццё Палаца, размешчанага ў цэнтры горада, падтрымлівалася спачатку выставамі ды арэндай. У канцы 2015 года ўжо як ГПК установа атрымлівае статус юрыдычнай асобы. Мала таго, у пачатку 2016-га яна данабiрае штат служачых і ў ім прыступаюць да працы спачатку Тэатр гумару “Канкан” ды Народны маладзёжны тэатр эстрадных мініяцюр “Кантры”, а потым фрык-тэатр і гурткі спартыўна-акрабатычнага i сацыяльнага танца (апошнія два — платныя, а ад выстаў ды здачы ў арэнду вырашылі адмовіцца). Але ж паставіць Палац на рэканструкцыю збіраюцца, пакінуўшы яго філіялам Цэнтра культуры, такiм чынам творчыя падраздзяленнi ПК працаўладкаваныя будуць.

Унутраныя пакоі будынка сапраўды “цешаць” сваім маркотным аварыйным станам (але рамонту ды абнаўленню падвергліся сістэма ацяплення, частка труб і фасада, дах). І не верыцца, што праз некалькі гадоў на гэтым месцы паўстане не проста адрэстаўраваны Палац, а Мегапалац, Палац-сад! Сумненнi мае Ірына Уладзіміраўна прагнала, паказваючы праект. Эскізы залаў, холаў, усходаў, іх інтэр’ер уражанне, вядома, ствараюць. І гэта мякка сказана. Калі ўсё задуманае будзе ажыццёўлена хоць бы на 50 працэнтаў (дырэктар згодная толькі на ўсе 100), то жыхары горада і будучыя насельнікі гэтай установы атрымаюць будынак у тым выглядзе, у якім мы можам бачыць якія-небудзь найпрыгожыя замкі з кінаказак, вытрыманыя ў класічным стылі. Спярша, праўда, ажыццяўленне праекта павінна быць прафінансавана з бюджэту, альбо праз міжнародны грант на яго рэалізацыю, і тады пачатак перараджэння можа стартаваць у 2018-м.

А пакуль і ў такім ГПК творчасць кіпіць. І каля яго. Напрыклад, летам тут праходзілі мерапрыемствы з серыі “Нядзеля каля Палаца”. Налета Палац, у якім бы становішчы ён ні знаходзіўся, мае намер ажыццявіць яшчэ шэраг эксклюзіўных праектаў: сумесную акцыю з вядомым расiйскім баяністам, спеваком, кіраўніком гурта “Белы дзень” Валерыем Сёміным; “Бульба-фэст”; вялікі фестываль гарадскога раманса; культурна-спартыўнае свята з канцэртам ды футбольным матчам...

— Яшчэ артыстаў Палаца на гастролі па Беларусі выправіць бы, — марыць яго мастацкі кіраўнік Яўген Альфяровіч. — Гродзенскіх выканаўцаў наогул.

Не яго Багдановіч

Перыпетыі з пера- і падначаленнем установы, якая з 2014 года называецца Літаратурны аддзел установы культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” (прасцей кажучы — Музей Максіма Багдановіча), магчыма, увойдуць у аналы сучаснай беларускай культуры. І хто каму дасць фору ў дадзеным аспекце — літаддзел або ГПК — гэта яшчэ як паглядзець. У Аляксандра Патліса вельмі смутныя ўспаміны пра Музей Багдановіча: школьнікам ён у ім дакладна быў, а вось пазней — не памятае. Такія ж “няпростыя” і яго адносіны з тым, чыё імя носіць установа.

— Я спрабаваў нешта скласці на яго вершы, — прызнаўся Аляксандр Валянцінавіч. — Але яны, як я іх адчуваю, нібы ўжо ўтрымліваюць у сабе мелодыі, а пры напісанні песень я заўсёды спачатку прыдумляю іх, а потым шукаю словы. Мова ў яго добрая, вобразная, ды... не мая... пакуль.

Ледзь увайшоўшы ў памяшканне, Леон прамовіў: “Клёва!” Калі глядзець на Музей метраў з дзесяці, выглядае ён сапраўды выдатна, быццам толькі што “ўведзены ў эксплуатацыю” альбо пасля рамонту. Падышоўшы ж ушчыльную, заўважаеш і парэпаную фарбу аканіц, і аблупленыя сцены. Унутры — “аўтэнтычныя” падлогі, якія патрабуюць неадкладнай замены ці хаця б афарбоўкі. Так што паспяшаўся сыночак Аляксандра з ацэнкай, зрэшты, можа, яму нейкі экспанат адразу ж спадабаўся, або магніцікі, якія тут можна набыць? А Патліс-старэйшы чамусьці зацікавіўся радаводам класіка беларускай літаратуры, пра якi яму распавяла малодшы навуковы супрацоўнік Музея Кацярына... Багдановіч. (На лагічную цікаўнасць — цi не сваячка, яна звыкла з усмешкай адмоўна паматала галавой.)

Як і любая іншая ўстанова культуры, аддзел пастаянна “змагаецца” за кругазварот народу ў ім. У наступ кідаюць экскурсіі звычайныя ды тэатралізаваныя (з дэгустацыяй гарбаты), лекцыі ды тэматычныя заняткі (гульнявыя, інтэрактыўныя ў тым ліку), выязныя брэйн-рынгі ды спецыяльныя ўрокі, літаратурна-музычныя мерапрыемствы ды прэзентацыі... Аднак наведвання хочацца большага.

Якую музыку любіць Гродна?

Чым яшчэ сталася карыснай наша паездка для Аляксандра, акрамя дозы ўсё ж такі прыемнай настальгіі — тым, што ён атрымаў прапановы аб выступах у горадзе (хай пакуль і вельмі папярэднія). Як і ў выпадку з Янам Маерсам, якога родны Слуцк не спяшаецца клікаць да сябе з канцэртамі, тым жа самым Патлісу адказвае Гродна: выступаў у ім спявак у апошнія гады толькі на мерапрыемствах, пераважна ініцыяваных звонку (“Напэўна, я залішне інтэлектуальную музыку выконваю”, — сумна ўсміхнуўся артыст). Дзiўныя справы твае, беларуская поп-культура...

Мінск — Гродна — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"