Пра пяць гадоў і адзін скандал

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

У пераднавагодняй мітусні неяк зусім забыўся цікавы юбілей. Пяць гадоў таму будынак па мінскім адрасе Някрасава, 3 змяніў шыльду і адчыніў дзверы для ўсіх ахвотных. Так распачаў сваю публічную гісторыю Цэнтр сучасных мастацтваў. Далей былі самыя розныя пертурбацыі: змена кіраўніцтва, потым — рэарганізацыя і наданне статуса нацыянальнага, урэшце, паступовы рамонт… Але самае галоўнае — іншае. Сёння ўжо нікому не трэба тлумачыць, дзе гэты цэнтр знаходзіцца. Ён — сапраўды адбыўся.

/i/content/pi/cult/618/13754/4-11.jpgКалі хто не памятае, варта нагадаць, што сваю перадгісторыю новая ўстанова культуры распачала ў трохі іншай эканамічнай рэальнасці, калі зусім не шкодна было марыць пра шыкоўны гмах з ультрасучаснай начынкай, здатны ўцерці нос аналагічным цэнтрам прынамсі ў суседніх краінах. Мары развеяліся як дым, пакінуўшы па сабе толькі даволі сціплае памяшканне былых Творчых майстэрняў — у дадатак да ўжо існых не менш сціплых плошчаў музея.

І тым не менш, будынак на Някрасава і сапраўды стаў цэнтрам. Там рэгулярна ладзяцца смелыя паводле ўсіх параметраў выставы, чыя прыналежнасць да contemporary art не выклікае сумневаў нават у скептыкаў, там ледзь не штодня праходзяць размаітыя спектаклі, імпрэзы, кінапаказы… Сам гэты досвед пераканаўча засведчыў: для поспеху трэба не так і шмат. Хаця б мінімальная матэрыяльная база і, найперш, добрая каманда. Пасля таго як цяперашняй дырэктарцы НЦСМ Наталлі Шаранговіч удалося яе сабраць, завабіўшы на працу цэлы шэраг ужо “здзейсненых” куратараў і проста шчырых культуртрэгераў, справа адразу пайшла. І людзі на Някрасава пацягнуліся — хто са сваімі ідэямі і праектамі (а да іх тут ставяцца надзвычай прыязна), а хто і проста дзеля цікаўнасці.

Дзейнасць Цэнтра многія крытыкуюць, прычым з самых розных пазіцый. Яно і зразумела: кожны і дасюль разумее паняцце “сучаснае мастацтва” па-свойму. Але ў чым не адмовіш НЦСМ, дык гэта ў адэкватнасці — адэкватнасці той культурнай сітуацыі, якая ў нас склалася на дадзены момант. Цэнтр наўрад ці спрабуе яе фарматаваць, па-валюнтарысцку вызначаючы актуальныя трэнды і адсоўваючы ў бок тых, хто ім не адпавядае. Хутчэй, ён проста транслюе тое, што ў нас ёсць. І другі аспект, які непасрэдна вынікае з першага — адкрытасць да “вонкавых” ініцыятываў. Як выявілася, іх у нас даволі шмат, і калі знайшлася пляцоўка для рэалізацыі, яны адразу сталі бачнымі.

…Тым не менш, акурат пад першы юбілей, які чамусьці ніхто не святкуе, НЦСМ апынуўся ў эпіцэнтры немалога (для тутэйшага штылю) скандалу. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь Аляксей Талстоў падаў на яго ў суд, не атрымаўшы адказу на запыт пра змест фондавых калекцый Цэнтра, кошт закупленых установай твораў мастацтва, а таксама склад экспертнай камісіі. Суд прыйшоў да высновы, што правы грамадзяніна ў дадзеным выпадку не парушаныя.

Не буду каментаваць ані вырак, ані сам учынак грамадзяніна, не буду і дашуквацца тых матывацыяў, якія падахвоцілі яго да гэткага кшталту актыўнасці. Звярну ўвагу толькі на адну акалічнасць — папраўдзе сімптаматычную для нашага часу. Судовы інцыдэнт спарадзіў ці не больш публікацыяў у СМІ, чым любая з сёлетніх выставаў, што ладзіліся ў НЦСМ. А іх было шмат, цікавых і розных. І інтравертная “Усё было па-іншаму”, і даволі правакатыўная “Анатомія”, і добрая падборка маладых аўстрыйскіх мастакоў, якая дэманструецца там сёння…

Але ніводная з іх не ўспеніла сацсеткі ды не выклікала тых хваляў эмоцый, якія здолела спарадзіць судовая позва аднаго неабыякавага грамадзяніна. Раней сцверджанне пра тое, што ваколмастацкія скандалы цікавяць публіку болей за само мастацтва, выглядала спрэчным і занадта рэзкім. Цяпер жа пэўную частку публікі, падобна, нічога апрача скандалаў і не цікавіць.

Фота Юрыя ІВАНОВА