Ратаванне скарбаў

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Намаганнямі беларускіх навукоўцаў падчас спецыяльных экспедыцый 1990-х гадоў удалося сабраць і захаваць шматлікія помнікі этнаграфіі, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва забруджанага пасля чарнобыльскай катастрофы рэгіёна. Усё гэта аформілася ў адмысловы фонд пры аддзеле старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёлета з "К" сваімі ўспамінамі пра экспедыцыі ў тыя мясціны падзяліўся адзін з іх кіраўнікоў Міхаіл Філістовіч (у "К" № 18). Цяпер жа, напрыканцы года, калі мы прыгадвалі 30-годдзе чарнобыльскай бяды, яшчэ адзін багаты на факты матэрыял. Засяродзімся ў ім менавіта на згадках пра самі экспедыцыі.

/i/content/pi/cult/618/13745/15-1.jpgВясной 1991 года ў аддзеле старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору паўстае пытанне аб уратаванні шматлікіх тысяч помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва адселеных вёсак і раёнаў. Тагачасным загадчыкам аддзела быў Віктар Шматаў, паляшук, які паходзіў з гарпасёлка Камарын, што пацярпеў ад аварыі і апынуўся ў трыццацікіламетровай зоне. Шматаў, які не з чужых словаў ведаў аб наяўнасці ў тых краях незлічоных скарбаў, і падняў пытанне аб спробах уратаваць пласт магутнай вясковай культуры з яе моцнымі артадаксальнымі традыцыямі і ладам жыцця. На той час яго ініцыятыва была ўспрынята даволі скептычна і нават з насцярогаю, бо людзі ўжо баяліся слоў “Чарнобыль” і “радыяцыя”. Тым больш у зацікаўленых супрацоўнікаў не было аніякага адмысловага абсталявання і транспарту, адсутнічалі нават дазіметры. Але ініцыятыву Шматава падтрымалі некаторыя калегі, якія пасля аказаліся ў складзе першых энтузіястаў, што выпраўляліся ў “чарнобыльскія” экспедыцыі. Нарэшце, ствараецца рэспубліканская спецыялізаваная навуковая арганізацыя і накіроўваецца Дзяржаўная гісторыка-культурная экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Першая экспедыцыя ў складзе Віктара Шматава, Мікалая Мельнікава, Аляксея Хадыкі і Юрыя Піскуна выправілася 3 чэрвеня 1991 года. А паколькі ў інстытуце свайго транспарту не мелася, накіравалася яна ў Брагінскі раён, дзе Шматава добра ведалі, таму можна было разлічваць на дапамогу. Экспедыцыя сталася “разведкай” і, як аказалася, вызначальнай для далейшых даследаванняў і экспедыцый у гэты край. Да самога Брагіна са сталіцы дабраліся на звычайным рэйсавым аўтобусе. Мясцовы аддзел культуры з ахвотаю адгукнуўся на просьбу дапамагчы і выдзеліў транспарт. Агулам да 10 чэрвеня былі абследаваныя вёскі Вязок, Жэрднае, Калыбань, Пучын і Ясені.

Першым пунктам на шляху даследчыкаў апынулася Калыбань, якая знаходзілася за 18 кіламетраў ад Чарнобыля і дзе навукоўцы былі вельмі ўзрушаныя з дзвюх праяў. Па-першае — гэта запусценне, зараснікі хмызняку і пустазелля, вышэйшыя за чалавечы рост, пакінутыя і абрабаваныя вясковыя хаты. А па-другое — палеская вёсачка ўяўляла з сябе сапраўдны скансэн, бо лічы ў кожнай хаце можна было рабіць асобны міні-музей, настолькі многа мелася разнастайнага хатняга і гаспадарчага начыння: кросны, ступы, жорны, самапрадкі, грабяні, кадаўбы, куфры і шматлікая “мяккая” этнаграфія, якая, на жаль, збольшага ўжо спарахнела праз занядбанасць. Забраць усё багацце было немагчыма, асабліва мэблю, і таму цэлы дзень, без абеду і абліваючыся потам, адбіралі лепшыя па захаванасці і мастацкай вартасці прадметы, адначасова праводзілі фотафіксацыю народнай архітэктуры. Удалым было тое, што ў гэтай вёсцы жыла адзіная жыхарка-“вяртанка” — Галіна Ятчанка, якая дапамагала навукоўцам і паказвала, дзе будзе найбольшы “ўлоў”.

Увечары ўсё сабранае прывезлі да рэчкі Брагінка. А паколькі ўсе адабраныя рэчы былі зроблены яшчэ да аварыі і захоўваліся пад дахам, то дастаткова было проста ў рацэ пры дапамозе шчотак, рачнога пяску ды мыла вычысціць ўсе прадметы — такой была першасная “дэзактывацыя” ў тых умовах. Прадметы ткацтва вымывалі позна ўвечары ў гасцініцы.

У наступныя дні наведаліся і ў іншыя вёскі, якія, на жаль, у этнаграфічным і матэрыяльным плане былі больш бедныя ў параўнанні з Калыбанню, але цікавых знаходак і там ставала. Пасля ўсе сабраныя матэрыялы былі складзеныя і пакінутыя ў Брагіне, амаль усе супрацоўнікі вярнуліся ў сталіцу. Не паехаў тады адзін Шматаў, які арганізаваў грузавую машыну і пазней прывёз прадметы ў Мінск.

На той час сярод супрацоўнікаў інстытута ўзнялася нават паніка, бо “прывалаклі” радыяцыю! Тады давялося выклікаць прадстаўнікоў санэпідэмстанцыі і праводзіць замеры, па выніках чаго выдалі нават адпаведныя дакументы: прывезеныя прадметы бяспечныя і іх фон не перавышае дапушчальныя нормы.

Першая, чэрвеньская экспедыцыя 1991 года даказала бяспечнасць, слушнасць і вартасць працягу такіх экспедыцый, і пачаў фарміравацца “Чарнобыльскі фонд”.

Наступная экспедыцыя адбылася ў чэрвені 1992 года. Тады выехала ўжо 8 чалавек. Свой базавы лагер раскінулі на “чыстай” тэрыторыі ў дуброве недалёка ад Камарына. У той час і пазней ужо дапамагала мясцовае лясніцтва: прадастаўляла транспарт — двухмастовы Газон-66 — махіну, якая была актуальнай ва ўмовах бездарожжа і адсутнасці людзей на тэрыторыі, якая вывучалася. Прынамсі, былі выпадкі, калі самі дапамагалі мясцовай міліцыі выцягнуць іх затопленыя машыны. У той экспедыцыі вывучылі 8 вёсак Брагінскага раёна. І ўсё паўтаралася: удзень па вёсках, нават з удзелам мясцовых энтузіястаў, збіралі прадметы, а ўвечары іх мылі ў Дняпры. Як вынік, сабрана каля 200 прадметаў музейнага значэння.

У 1992 годзе пасля стварэння адмысловай Дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыі стала ажыццяўляцца належнае фінансаванне. Далейшыя экспедыцыі ўжо праходзілі не толькі па Гомельскай, але і па Магілёўскай вобласці. Напрыклад, трэцяя адбылася ў Кармянскім раёне Гомельскай і Краснапольскім раёне Магілёўскай абласцей. Багацце народнай культуры тут уразіла сваёй захаванасцю, насычанасцю і разнастайнасцю. Але паколькі ў выселеных вёсках жыхары не забівалі дошкамі хаты, бо ўжо не спадзяваліся вярнуцца ў родныя мясціны, то і разбурэнняў пабачылі болей. Напрыклад, у чэрвені і жніўні 1996 года давялося прысутнічаць падчас пахавання забруджаных вёсак у Слаўгарадскім раёне. Супрацоўнікі аддзела не толькі збіралі рэчы па хатах, якія пасля закопвалі, але і даволі падрабязна фіксавалі ўвесь гэты працэс на фотавідэаносьбіты. Прынамсі, цягам усіх экспедыцый убачанае пастаянна фіксавалася, а Шматаў яшчэ і рабіў замалёўкі, па выніках чаго была нават арганізаваная выстава гэтых унікальных малюнкаў.

Найбольш уражвальнымі і каштоўнымі былі экспедыцыі ў Нараўлянскі раён, арганізаваныя ў 1993, 1995 і двойчы ў 1997 гадах. Тады грузавым транспартам дапамагаў нараўлянскі аддзел культуры. Разам з шыкоўнай мясцовай прыродай і ракой Прыпяць, гэты край аказаўся багаты і разнастайны на розныя творы этнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод знойдзенага было шмат мэблі: разныя сталы, шматлікія ложкі, куфры і інш. Маляваныя ж дываны, шматлікія ўзоры ткацтва, бандарныя вырабы вялікіх памераў сустракаліся і ў суседнім Хойніцкім раёне. А, напрыклад, у Ельскім раёне была знойдзена ўнікальная нажная ступа, з’ява вельмі рэдкая для Беларусі — такія ступы супрацоўнікі аддзела раней бачылі толькі на ілюстрацыях.

Усяго на працягу 1991 — 1994 гадоў навукоўцамі было праведзена 8 экспедыцый і абследавана амаль 70 адселеных вёсак Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Пры адсутнасці свайго транспарту, без спецадзення, амаль не абсталяваныя тэхнічна, супрацоўнікі выратавалі сотні і сотні помнікаў традыцыйнай народнай культуры і мастацтва. У Мінску была праведзена іх экспертыза ў Інстытуце радыябіялогіі і галоўным упраўленні па гідраметэаралогіі пры Савеце міністраў на наяўнасць радыяцыйнай небяспекі для людзей. Як вынік, былі выдадзеныя адпаведныя дакументы з рэкамендацыямі аб магчымым далейшым выкарыстанні рэчаў у музейных экспазіцыях.

Аляксандр ГАЛКОЎСКІ, захавальнік чарнобыльскай калекцыі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі