Рыцар дызайну

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Пра сустрэчу з Мальданада, які перамог, расчараваўся і рушыў далей
У кастрычніку 1955 года ў заходнегерманскім горадзе Ульме ішла цырымонія ўрачыстага адкрыцця новай вучэбнай установы — вучылішча мастацкага канструявання, якое потым стане вядомым на ўвесь свет як Ульмская школа дызайну. На цырымоніі прысутнічалі ганаровыя госці: Вальтар Гропіус — заснавальнік і першы дырэктар знакамітай дызайнерскай школы Баўхаўз , а таксама 92-гадовы Генры ван дэ Вельдэ — у свой час лідар нямецкага мадэрну, стваральнік веймарскай школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, папярэдніцы Баўхаўза. Ды ўсё сведчыла: новая школа за ўзор узяла акурат апошні, першую школу дызайну сучаснага тыпу, яго ідэі і педагагічную сістэму. Менавіта Баўхаўз упершыню стаў рыхтаваць мастакоў, якія маглі б працаваць з масавай прамысловай формай. Гэта дызайнерская школа мела вялікі ўплыў на развіццё еўрапейскай, а потым і сусветнай мастацкай культуры перадваеннага часу, аднак, у 1933 годзе была закрытая нацыстамі. Адрадзіць традыцыі даваеннага Баўхаўза — такую мэту паставіў стваральнік Ульмскай школы, дызайнер Макс Біл, які і ўзначаліў яе. Сярод яго прыхільнікаў былі амаль усе, каго Біл запрасіў у школу ў якасці выкладчыкаў. Аднак…

/i/content/pi/cult/618/13743/13-1.jpgНа цырымоніі прысутнічаў малады выкладчык, аргенцінец па паходжанні, мастак і дызайнер Томас Мальданада. Ён вельмі паважаў Вальтара Гропіуса, лічыў работу школы Баўхаўз вялікім момантам у развіцці сусветнага дызайну, але, па яго меркаванні, не трэба рэстаўраваць аджылае. Да таго ж Мальданада бачыў хібы, якія існавалі ў методыцы гропіўсаўскага Баўхаўза. Яго не задавальняў, як ён яго называў, “фармалістычны функцыяналізм”, затое яму імпанаваў “сацыяльны функцыяналізм” позняга Баўхаўза, калі яго кіраўніком стаў архітэктар Ганес Маер.

Супрацьстаянне паміж Максам Білам і Томасам Мальданада выявілася ад пачатку работы Ульмскай школы дызайну. І ў Мальданада былі свае прыхільнікі — у асноўным маладыя, радыкальна настроеныя дызайнеры. Нарэшце, маладосць перамагла. У 1956 годзе Макс Біл пакінуў пост дырэктара, а ў наступным годзе наогул пайшоў са школы, а кіраўніком вучылішча стаў Мальданада. У сваёй дзейнасці ён паслядоўна адстойваў сацыяльна-культурны падыход да прафесіі дызайнера, гуманістычныя пазіцыі ў дызайнерскім праектаванні, развіваў і замацоўваў тэорыю сувязі фарміравання рэчавага асяроддзя з тэндэнцыямі развіцця грамадства.

Так, менавіта ён вылучыў ідэю так званага апераджальнага праектавання. Па меркаванні Мальданада, праектаванне мела быць звязаным з пытаннямі кіравання і прагназавання культуры, дызайнеры абавязаны звярнуцца да рашэння ў сваёй дзейнасці сацыяльных, палітычных і культурных праблем. Трэба адзначыць, што ідэі героя гэтага эсэ наогул вылучаліся большай рацыяналістычнасцю ў параўнанні з рамантычнай тэорыяй даваеннага Баўхаўза. Мальданада не ставіў у прамую залежнасць характар фарміравання рэчавага свету і непасрэдную пабудову ідэальнага грамадства, пра што марыў Гропіус. Ён разумеў, што змены ў грамадстве падпарадкоўваюцца значна больш складаным сацыяльна-палітычным працэсам. У сувязі з гэтым Мальданада ў сваіх тэарэтычных работах вялікае месца надаваў крытыцы капіталістычнага грамадства з уласцівымі для яго фетышысцкімі адносінамі да рэчавага асяроддзя.

Менавіта дызайн, па яго меркаванні, павінен узяць на сябе функцыю кантролю паўнаты задавальнення чалавечых патрэб у галіне рэчавага асяроддзя. Гэта значыць, што дызайнер мае па-навуковаму падыходзіць да фарміравання рэчавага свету, не бяздумна множыць колькасць рэчаў, а вызначаць структуру функцыянальных працэсаў, якія складаюць жыццядзейнасць сучаснага чалавека, і ў адпаведнасці з гэтым ствараць вырабы, якія найлепшым чынам забяспечвалі б ажыццяўленне тых самых працэсаў, задавальняючы пільныя патрэбы.

Аднак з часам Мальданада прыходзіць да высновы аб несумяшчальнасці навукова абгрунтаванага дызайнерскага праектавання і рэалій грамадства. І ў 1967-м ён пакідае Ульмскую школу, якая, пазбавіўшыся ідэйнага натхняльніка, налета спыняе дзейнасць. Але, нягледзячы на тое, што ідэйны лідар у сваіх тэарэтычных поглядах прыйшоў да пэўнага тупіку, дзейнасць установы адыграла ролю ў развіцці еўрапейскага пасляваеннага дызайну.

Дызайнер жа пасля сыходу з Ульмскай школы больш займаецца агульнагуманітарнымі, філасофскімі праблемамі праектавання. У 1967 — 1969 гадах ён кіруе міжнародным саюзам дызайнерскіх устаноў ІКСІД, выкладае на кафедры архітэктуры Прынстанскага ўніверсітэта ў ЗША. Пасля пасяляецца ў Італіі, дзе ў Балонскім універсітэце на факультэце літаратуры і філасофіі стварае кафедру праектавання асяроддзя, а таксама выкладае ў Міланскім політэхнічным універсітэце, піша кнігі.

Адна з галоўных тэарэтычных работ Мальданада гэтага перыяду “Надзеі праектавання. Асяроддзе і грамадства”, напісаная ў процівагу авангарднаму дызайнерскаму руху т.з. “новых левых”, якія адмаўлялі не толькі існуючую культуру, але і стваральную дзейнасць наогул. Майстар лічыць, што ў сапраўднасці асяроддзе можна змяніць толькі шляхам яго рэальнай перабудовы. Ён паказвае, што праектаванне павінна быць звязана з праблемамі кіравання і прагназавання культуры ўвогуле. Дызайн — гэта перш за ўсё рэальная сіла вытворчасці, фактар, які трывала ўваходзіць з ёй у кантакт.

У 1975 годзе Мальданада прыязджаў у Маскву на IX кангрэс ІКСІД. На пленарным пасяджэнні кангрэса ён выступіў з дакладам на тэму “Дызайн і будучае навакольнага асяроддзя”. У сваёй прамове ён сцвярджаў: “…мы лічым, што праблемы распадаюцца на часткі, якія носяць назвы лямп, халадзільнікаў, пральных машын, аўтамабіляў, пасудамыечных машын. У сапраўднасці, рэальныя праблемы называюцца асвятленнем, збераганнем прадуктаў, праннем, індывідуальным і калектыўным перасоўваннем, мыццём посуду. У любой стратэгіі кантролю нашай першаснай задачай будзе вызваленне саміх сябе ад фетышызму рэчаў…”

Як дэлегат кангрэса я чуў цікавы даклад Мальданада. А потым, у перапынку пасяджэння, мне пашчасціла крыху пазнаёміцца з ім асабіста. Ён сядзеў на лесвічнай прыступачцы і нешта пісаў у сваім нататнічку (зусім як Ленін на вядомых кадрах кінахронікі). Я тады збіраў аўтографы знакамітых гасцей, просячы іх падпісаць мне фатаграфіі, якія былі зроблены ў час кангрэса. У мяне меўся фотаздымак, на якім быў засняты першы рад залы пасяджэнняў, дзе сядзеў Мальданада побач з іншымі замежнымі дызайнерамі. Я падышоў да яго, прывітаўся і папрасіў паставіць свой аўтограф на фотаздымку. Ён усміхнуўся, знайшоў сваю выяву, знізу фатаграфіі паставіў свой подпіс і ад яго правёў стрэлку, якая ўказвала на яго постаць. Гэты аўтограф быў для мяне самым дарагім з тых, што я атрымаў на кангрэсе.

Ну а ў наступным пасля кангрэса годзе Мальданада, не пакідаючы выкладаць, пачынае рэдагаваць адзін з найбуйнейшых італьянскіх часопісаў па архітэктуры і дызайне “Касабела”. Ён публікуе новую праграму часопіса ў першым нумары за 1977 год і рэзка крытыкуе выданні, якія толькі рэгіструюць падзеі без спроб вызначыць вартасць зробленага…

З таго часу прамінула сорак гадоў. І новае тысячагоддзе Мальданада сустрэў у поўным росквіце творчых сіл. На парозе дзясятага дзясятка ён заняўся аналізам асаблівасцей новага лічбавага асяроддзя. Ну а ў красавіку 2016-га Мальданада споўнілася 94 гады. Ці тое яшчэ будзе!

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства