Аўдыя & Відэа-33

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Лістападаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць кампазітар, прадзюсар Леанід ШЫРЫН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/618/13741/7-1.jpgАўдыя

Праект “Tvorca”, міні-альбом “Мара”

А.: Складана сказаць пра гэты праект нешта абсалютна асэнсаванае... Адчуваецца ўплыў “Muse”, але ў адрозненне ад “арыгінала”, якi не шкадуе матэрыялу ў кожнай са сваіх кампазіцый, тут меладычнай разнастайнасці менш. Ці раптам ідуць абрывы і паглыбіцца ў тэмы не паспяваеш. Неапраўдана доўгія ўступленнi, што не нясуць iнфармацыю. Ёсць прэтэнзіі да запісу, калі за гукам часам дрэнна чутны тэкст. З таго, што пачуў, асобныя вобразы спадабаліся, як і шэраг гармоній. Наогул, цікава было б пагутарыць з аўтарам работы: што ён хацеў ёй сказаць, што хацеў данесці?

В.: Вушы ў мяне доўгія, і Сяргея Малашонка, які хаваецца за назвай “Tvorca”, я пачуў. Прыемная электроніка, з мінімальнымі наваротамі, некалькі танцавальнага складу, прытым, што тэксты нясуць пэўную нагрузку сацыяльнага характару. З мелодыямі, праўда, бедна: паменшыць бы і без таго міні-рэліз (з пяці кампазіцый) трэкаў да двух, пакінуўшы, скажам, “Mara” (на беларускай мове) і “Madness” (кавер “Muse”), і асадачку тады не засталося б. А так вось ён, на дне, у выглядзе міні-рэцэнзіі.

Гурт “Drwiwy”, альбом “Cyrk Biezzahanny”

A.: З такім светапоглядам, з такой падачай я знаёмы добра, досыць згадаць запісы “Аўкцыёну” або Пятра Мамонава канца 1980-х: гэткія музычныя ды тэкставыя брутальнасць і фрыкаватасць, тэатральнасць. Увесь час ловіш сябе на тым, што і тое было, і гэта: здавалася б, надзейна забытае старое, ды не — усплыло. З гэтай прычыны, я думаю, пры быццам бы ўяўным уласным абліччы, ідэнтыфікаваць гурт нават пры яго зусім нетрывіяльнай назве нялёгка. Сёння мяне падобная творчасць не вельмі чапляе. Цікава, наколькі блізкая такая пазіцыя цяперашняму пакаленню меламанаў? Асобныя песні нядрэнныя, падышлі б як саўндтрэкi да адпаведных фільмаў, але ў цэлым, як канцэпт, альбом занадта ідэйна перагружаны ды манатонны меладычна. Але спробе сказаць сваё слова ў музыцы, тым больш на беларускай мове, я паставіў бы “залік”.

B.: Усё гэта хараство мiнска-гомельскага складу апісаць словамі вельмі цяжка, а таму настойліва рэкамендую работу дадзеную адшукаць, у інтэрнэце, вядома. Нават тыя, хто потым стане адчайна лаяцца, усё ж ткі карысць ад гэтага працэсу атрымаюць — яны пазбавяцца ад назапашанай у арганізме адмоўнай энергіі. Але, мне здаецца, эмоцый больш будзе станоўчых. Панурая псіхадэліка з дзіўнымі гукамi ды рыфмаванай... ну хай будзе эквілібрыстыкай (а, як я!). З першых, хто прыйшоў у галаву, расiйскіх “аналагаў” — гурты “Аўкцыён”, “Н.О.М.”, “Авія”.

Макс Корж, альбом “Малы пасталеў. Ч. 1”

A.: Такое адчуванне, што дадзены альбом Каржа — дэбютны, а яго папярэднія дыскі — паспяховае развіццё гэтага. І музычны, і тэкставы спектры рэлізу не вельмі шырокія: як бы аўдыторыя Макса пасля такога альбома не звузілася да зусім падлеткавага ўзросту. Навацый не прапанавана, ёсць хіба новыя песні выканаўцы, менш хітовыя, з немудрагелістымі аранжыроўкамі. Можа, у пары выпадкаў толькі гітара прыцягвае ўвагу. Попытам работа карыстацца будзе, бо шлях Максам ужо накатаны, але асабіста я больш расчараваны, чым натхнёны.

B.: Корж назбіраў трэкаў на альбом. Нягледзячы на тое, што і без таго немалы малы пасталеў, жах бярэ, калі ўявіш сабе, што і праз 10 гадоў саракагадовы Макс будзе “гнаць” усё тое ж для “шкалаты”. Ну гэта як амаль пяцідзесяцігадовы Грыгор’еў-Апалонаў з калегамі працягвае выводзіць для дзяўчынак ды іх мам, што хмары, як людзі. Але аўдыторыя ў Макса — не раўня нашаму тыражу. (А лепш бы было наадварот.) Можа, нам таксама рэдакцыяй у рэперы падацца?

Відэа

Гурт “The Superbullz”, кліп “Чарка-шкварка”

А.: І кліп і кампазіцыя зроблены прафесійна. І сыграна, і праспявана, і запісана песня на ўзроўні высокім. Трошачкі закранула тое, што тэкставы негатыўны пасыл адрасаваны менавіта беларускаму чалавеку — нейкаму прыстасаванцу, бо такіх людзей, — што “жывуць” на канапе — мільёны ва ўсім свеце. Відэа, напэўна, адпавядае нейкаму сучаснаму трэнду, моднай тэхналогіі. Мне ад яе ні халодна, ні спякотна. Глядзіцца? Глядзіцца.

В.: Гурт, раней вядомы як “The Superboyz”, спявае песню пра людзей, чыя пазіцыя ў гэтым жыцці ў тым, каб была чарка са шкваркай, а астатняе — не важна. Ілюстрацыяй жа да сацыяльнага опусу стала відэа, дзейнымі асобамі якога з’яўляюцца дзяўчына ды юнак. Яна вывучае кнігу з работамі Леніна (пакажыце мне наяве такую паненку), а ён у паралельнай рэальнасці выказвае сваю жыццёвую пазіцыю шляхам здзеку над выданнем. Гофман з Лінчам, карацей. Інакш кажучы — і кампазіцыя ні пра што, і кліп.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"