Наша спадчына на ВДНГ

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

У снежні 2016 года завяршылася рэстаўрацыя скульптурнай кампазіцыі “Працаўнікі Беларусі” павільёна “Рэспубліка Беларусь”, што месціцца на тэрыторыі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

/i/content/pi/cult/618/13739/1-3.jpgРаботы выконваліся за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы на падставе пастановы Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Гэтым дакументам на Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага заказчыка-каардынатара работ па рэстаўрацыі. Аднаўленнем скульптурнай кампазіцыі “Працаўнікі Беларусі” займалася творчая група ЗАТ “Белрэстаўрацыя” пад кіраўніцтвам намесніка генеральнага дырэктара па рэстаўрацыі Аляксандра Клімашонка. Над “Аграномам” працавалі скульптары Канстанцін Касцючэнка і Сяргей Логвін, фарматар Дзмітрый Захарэвіч. “Даярку” аднаўлялі скульптары Уладзімір Піпін і Міхаіл Шкробат, фарматар Уладзімір Маркевіч. “Механізатарам” займаліся скульптары Уладзімір Нефёд і Іван Арцімовіч, фарматар Аляксей Мысліўцаў. Копію “Калгасніцы” выканалі скульптар Валерый Дудко і фарматар Максім Паляшчук. “Хлебароб” выйшаў з-пад рук скульптараў Яраслава Філіповіча (ён таксама выступіў у ролі фарматара) і Ганны Дыдышка, фарматара Яўгена Білея. Паўторна адноўленыя, скульптуры ўжо занялі свае месцы на другім ярусе вежы павільёна.

Праца была высока ацэненая Урадам горада Масквы, а Урад Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата конкурсу “Маскоўская рэстаўрацыя-2016” за лепшую арганізацыю рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце культурнай спадчыны.