Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Невядомае пра лёс маці класіка
У папярэдніх артыкулах я распавёў пра раней невядомыя перыпетыі лёсаў сясцёр Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Алены (Хелены) і Юліі (у “К” №№ 46 — 47 за 2016 год). На жаль, архівы не данеслі да нас звестак, наколькі блізкім быў Вінцэнт з імі. Ды вядома, што ён перажыў сясцёр, і шмат у чым на яго лёг клопат пра пляменнікаў — дзяцей Алены. Але з чалавекам, пра якога гаворка пойдзе сёння, ён быў блізкім. Блізкім, як можа быць сын, што рана застаўся без бацькі, і рос, хутчэй за ўсё, без клопату дзядуляў і бабуляў або іншых родных (прынамсі, нам нічога пра іх невядома). Увесь свет Вінцэнта быў сканцэнтраваны на маці. Менавіта з яе лёсам была звязана і мая паездка ў беларускую глыбінку.

/i/content/pi/cult/617/13730/15-1.jpgПа гасцінцы Дуніна-Марцінкевіча

Праца гісторыка-архівіста — падарожжы ў часе, і старадаўнія паперы становяцца своеасаблівымі праваднікамі. Толькі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі больш за мільён спраў, і ў многіх з іх — больш за тысячу лістоў, а гэта — дзясяткі тысяч дакументаў, мільёны жыццяў, для вывучэння перыпетый якіх патрэбныя сотні даследчыкаў. А яшчэ многія нашы скарбы раскрадзены акупантамі, вывезены змушанымі пакінуць радзіму спадкаемцамі, прададзены на аўкцыёнах, і таму столькі, здавалася б, простых пытанняў багатай гісторыі, загадак з біяграфій людзей — нават тых, чыімі імёнамі названыя вуліцы, — так і застаюцца без адказу. Часта, адкрываючы замоўленую для прагляду справу, бачыш: ты — першаадкрывальнік! Але ў гэтым ёсць і прыемнае: беларусаў чакаюць многія адкрыцці, а можа, і сапраўдныя сенсацыі.

Часам удалыя знаходкі дазваляюць адшукаць сляды забытых жыццяў. Так здарылася з адным маім героем — Рудольфам Пішчалам, — чыя магіла, здавалася б, безнадзейна згубленая. Але пасля публікацый артыкулаў у СМІ, яе адшукалі мясцовыя краязнаўцы. Так, будзем спадзявацца, рана ці позна здарыцца і з іншым лёсам, у пошуках слядоў па якім я і выправіўся ў адзін з раённых цэнтраў (пакуль наўмысна не называю яго).

— Як прайсці да касцёла? — не з першага разу я атрымаў адказ на, падавалася б, зусім простае пытанне. І пачуты адказ мяне здзівіў. Нібыта на машыне часу я прамахнуўся з датай і замест першай паловы XIX стагоддзя, куды накіроўваўся, мяне “выкінула” ў іншую эпоху:

— Пройдзеце па вуліцы Кірава скрыжаванне з Калгасным завулкам, потым будуць Рэвалюцыйная, Валадарскага, Піянерская, Першамайская, Камсамольская, Сацыялістычная, Пушкінская, Луначарскага, і там недалёка. Аднак храма няма — толькі могілкі...

Потым на гэтым маршруце я задумаўся: відавочна ж, калісьці старадаўнія вуліцы мелі зусім іншыя назвы. Пасля, вывучаючы карту, я знайшоў там і Юбілейную, Рэспубліканскую, Інтэрнацыянальную, Пралетарскую, і вуліцы 8-га Сакавіка, 40 год Кастрычніка, Будзёнага, Чапаева, Маркса... І задумаўся: няўжо за ўсю сваю шматвяковую гісторыю той гарадок не даў свету, Беларусі ці хай нават сваім ваколіцам тых, хто годна пражыў сваё жыццё, зрабіў шмат добрых спраў? Старшыні калгаса, дырэктара школы, настаўніка, лекара?.. А цэнтральная вуліца гэтага горада, мяркую, цалкам магла б насіць імя беларускага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які хутчэй за ўсё бываў тут, прыязджаючы з Мінска. Дарэчы, акурат па цяперашняй вуліцы Кірава...

Урэшце, гарадоў ды і наогул памятных мясцінаў у Беларусі, звязаных з яго імем, не так і шмат. Вядома, першым называем у тым шэрагу Мінск, дзе Вінцэнт пражыў большую частку свайго жыцця (і да гэтых мінскіх адрасоў у канцы артыкула я дадам яшчэ адзін, невядомы раней). Далей Бабруйск, побач з якім знаходзіўся маёнтак Панюшкавічы, дзе ён нарадзіўся. Люцынка (там знаходзіўся ягоны маёнтак) і непадалёк — Тупальшчына, дзе ён пахаваны... Сёння ж мы ўпершыню нанясем на карту нашай краіны яшчэ два месцы, звязаныя з жыццём Дуніна-Марцінкевіча і яго блізкіх.

Ці сірата Вінцэнт?

Ва ўсіх вядомых даследчыкам дакументах засведчана, што Марцыяна Марцінкевіч, маці Вінцэнта, жыве ў маёнтку Панюшкавічы. Тое, што ў дваранскім спісе паказаны яе ўзрост, дазволіла вызначыць прыблізны год нараджэння — каля 1776-га. Гэта значыць, была яна нашмат маладзейшай за свайго мужа Яна, чыя дакладная дата нараджэння пакуль невядомая. Але сёння мы можам сцвярджаць, што ў гады, калі Марцыяна нарадзілася, Ян — ужо даволі дарослы чалавек, бо ў 1780 годзе ён быў жанаты і са сваёй першай жонкай Людавікай (чыё імя мы таксама называем упершыню) прадаваў падораны ім у Вільні Станіславам Сестранцэвічам каменны дом. Зазначым, дата смерці ды і наогул лёс маці нашага класіка пасля 1820 года былі абсалютна невядомыя, што дазваляла яго біёграфам маляваць некалькі рамантызаваны яе вобраз, “абцяжараны” хіба што ўстаноўкамі аб бедным і галаднаватым жыцці беззямельных шляхцічаў-арандатараў.

Язэп Янушкевіч, які знайшоў большасць найважнейшых дакументаў і прысвяціў вывучэнню жыцця Дуніна-Марцінкевіча не адзін год, у артыкуле “Бацькі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” пісаў: “Калі ў другой палове 1820-х Вінцэнт вярнуўся на Беларусь, яго чакала самастойнае жыццё дробнага чыноўніка розных казённых устаноў губернскага Менска. Пра маці ягоную аніводнай згадкі за гэты і пазнейшы час не выяўлена…” У артыкуле “Радаводнае дрэва Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, або Працяг — будзе!” даследчык быў больш рашучы ў здагадцы пра лёс маці класіка: “Год смерці Марцыяны невядомы: хутчэй за ўсё яна памерла ў 1820-х”.

Аднак сёння маем усе падставы сцвярджаць: тыя меркаванні — памылковыя. І прычын тут некалькі. Па-першае, згаданы “Эверэст” дакументаў — аднаму даследчыку немагчыма перагледзець тысячы архіўных спраў, і патрэбныя дакументы проста застаюцца “за кадрам”. Адсюль і выснова: Марцыяна памерла прыкладна ў тыя гады. Па-другое, гэтай выснове спрыяў і сам Вінцэнт Марцінкевіч, які пры падачы ў 1832 годзе дакументаў у Мінскі губернскі дваранскі сход сцвярджаў: “З дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню, я зусім не меў нікога, хто заняўся б вывадовымі інтарэсамі нашага роду…” Сам Вінцэнт сцвярджаў, што ён з дзяцінства быў сіратой, і хіба ў кагосьці былі падставы засумнявацца ў тым?

Па-трэцяе, усе нашы даследчыкі зыходзілі з памылковай аксіёмы, што Ян Марцінкевіч быў арандатарам маёнтка Панюшкавічы, і, такім чынам, менавіта ў тых краях трэба шукаць іх сляды. Але і гэта аказалася не зусім так: Ян Марцінкевіч не быў арандатарам Панюшкавіч, гэтак жа, як і пажыццёвы ўладальнік маёнтка, кіраўнік Рымска-каталіцкага Касцёлу ў Расіі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч не быў дзядзькам Марцыяны (як сцвярджалі некаторыя біёграфы). І Панюшкавічы — кароткі эпізод у жыцці Яна Марцінкевіча, хоць для яго сям’і адрэзак стаў даволі працяглым — больш за 20 гадоў. Але, аказалася, не толькі сам Вінцэнт у 1819 годзе пакінуў месца нараджэння, выправіўшыся да Сестранцэвіча ў Санкт-Пецярбург, але і абедзве яго сястры Юлія і Алена, выйшаўшы замуж, пакінулі дом, а неўзабаве да адной з іх і пераехала жыць сама Марцыяна Марцінкевіч. Таму і ўсе спробы знайсці сляды гэтай сям’і на Бабруйшчыне аказаліся безвыніковымі.

Што вядома пра Марцыяну?

Толькі дзякуючы новым дакументам мы можам скласці ўяўленне пра тое, чым жа займалася Марцыяна пасля смерці мужа (у 1809 годзе). Мне ўдалося ўстанавіць, што яна вяла актыўнае жыццё — у першую чаргу, каб забяспечыць сям'ю, для чаго спрабавала вярнуць грошы, якія раней Ян Марцінкевіч пазычыў розным людзям. Многія з гэтых даўгоў мелі ўжо даволі доўгую гісторыю. Так, яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай (у 1782 годзе) ён пазычыў пляменніку Мітрапаліта шамбяляну польскага двара Яну Сестранцэвічу 4712 польскіх злотых і 15 грошаў. Гэта вельмі прыстойная сума. Відавочна, каб Ян меў жаданне купіць зямлю, ён мог сабе тое дазволіць (вышэйзгаданая камяніца ў цэнтры Вільні, размешчаная побач з палацамі Патоцкага і Салагуба ў раёне вуліцы Субач, была прададзена ўсяго за 2400 злотых). Яшчэ ў 1801-м сам Ян выпісаў даверанасць сваёй старэйшай дачцэ Францішцы для адшуквання гэтай пазыкі. Як мы можам бачыць, толькі па гэтых сумах, насуперак сцвярджэнням у даведніках, сям’ю Марцінкевіча наўрад ці назавеш беднай. Тым больш, тое — далёка не адзіная нявернутая пазыка.

Як я пісаў раней, у раздзелах, прысвечаных сёстрам, яшчэ ў 1815 годзе Марцыяна спрабавала вярнуць грошы, якія Ян пазычыў сваякам, у тым ліку роднаму брату навагрудскаму ротмістру Ігнату Марцінкевічу. Відаць, адносіны паміж імі былі не вельмі добрымі. Таму, калі Марцыяне і Вінцэнту спатрэбілася яго дапамога, справа дайшла да паліцыі: “Па аб’яве, якая падавалася ад апекуна губернскага сакратара Баброўскага ў 12 дзень лістапада 1818 года, паведамляема было ў слуцкія ніжні земскі суд і градскую паліцыю, з патрабаваннем аб адабраннi ад дзядзькі гэтага малалетняга, ротмістра Ігната Марцінкевіча, але той тлумачэннем у паліцыю пададзеным 12.01.1819 за № 30, патлумачыў, што, усе, што толькі ён мае, на дваранства дакументы, то мае адзіна для сябе і сваіх дзяцей і нікому іх даваць не абавязаны”.

Магчыма, тое, што знайсці арыгінальных старадаўніх дакументаў так і не ўдалося, не ў апошнюю чаргу змусіла Вінцэнта Марцінкевіча ў 1832 годзе, даказваючы сваё дваранскае паходжанне, шмат у чым заняцца міфатворчасцю і даказваць яго, скажам мякка, сумнеўнымі дакументамі. Пасля гэтага ў прозвішчы нашага класіка і з’явіўся прыдомак “Дунін-”, чаго ні ў адным з арыгінальных дакументаў не было заўважана. Але гэта — крыху іншая гісторыя.

Подпісы і “калектары”

Вяртаючыся ж да ўжо вядомых дакументаў, якія сумневаў не выклікаюць, мы не можам упусціць адну важную дэталь для партрэта самой Марцыяны Марцінкевіч. Пад дваранскім спісам, складзеным 19 жніўня 1816 года, стаіць яе асабісты подпіс. На тое звярнуў увагу яшчэ Язэп Янушкевіч, які ў артыкуле “На свой хлеб” пісаў: “І — абавязковы, хоць і рэдкі з-за непісьменнасці (нават у шляхецкіх колах), заключны акорд дакумента — уласнаручны подпіс: “Marcianna Marcnkiewiczowa”. Аднак на падставе знойдзеных мной дакументаў, можна сцвярджаць, што яшчэ ў 1815 годзе, падпісваючы даверанасць свайму зяцю Юзафу Высоцкаму, і пасля, Марцыяна, як непісьменная (што і пазначана ў дакументах) падпісвалася толькі крыжыкамі. Можна меркаваць, што, хутчэй за ўсё, як і многія, яна магла пры неабходнасці паставіць толькі свой подпіс.

Пасля таго, як памерла дачка Марцыяны Юлія Высоцкая, яна напісала іншую даверанасць: замест свайго былога зяця прызначыла павераным апекуна сваіх дзяцей Антонія Баброўскага, каб адшукваць усе належныя яе дзецям грошы — у тым ліку і па спадчыне ад аднаго з найбагацейшых сваякоў, памерлага яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, але чыя спадчына не трапіла да дзяцей Яна і ў 1816-м. Гэтая гісторыя працягвалася яшчэ і ў 1824 годзе, калі маёр расійскіх войскаў Станіслаў Сестранцэвіч, былы прэзідэнт бабруйскага земскага суда Каспер Кельчэўскі і адвакат таго ж суда Каспер Клецкі, рэзалюцыяй дваранскай бабруйскай апекі ад 27 лютага 1823 года прызначаныя апекунамі над малалетнімі Марцінкевічамі, працягвалі адшукваць тую спадчыну, выдаючы чарговую даверанасць на адабранне грошай. Складала яна 110 чырвоных злотых (на пачатак стагоддзя курс чырвонага злотага да звычайнага польскага злотага дасягаў 1:18 і больш, так што і гэтая сума была вялізная).

Акрамя таго, і сама Марцыяна валодала якім-ніякім капіталам і давала грошы ў доўг пад невялікі штогадовы працэнт ды пад заклад нерухомай маёмасці. Праўда, вяртаць крэдыты даводзілася праз суды, якія часам доўжыліся дзесяцігоддзямі, як бачым на прыкладзе Яна Марцінкевіча. У 1814 годзе яго ўдава пазычыла шамбяляну былога польскага двара Дамініку Вайзбуну 907 рублёў і 50 капеек срэбрам пад заклад яго маёмасці. У 1821 годзе Крыштаф Незабытоўскі атрымаў ад Марцінкевічавай 200 штук чырвоных галандскіх злотых, і яшчэ на 1832 год ён выплаціў нейкія працэнты з гэтай сумы. Аднак даўжнік памёр, так і не выплаціўшы ўсю гэтую суму, і ўжо сам Вінцэнт Марцінкевіч вымушаны быў займацца крэдытам. У жніўні 1831 года ён прадаў доўг з нявыплачанай сумай і адсоткамі за наяўныя яўрэю Елле Шлёмавічу Цыпкіну, які ўжо спаганяў іх са спадчыннікаў Незабытоўскага і іх апекуноў. У 1828 годзе 300 рублёў срэбрам пад заклад свайго маёнтка ў Марцыяны пазычыў маршалак бабруйскага павета Ігнаці Булгак. Толькі па крэдытах (далёка не ўсіх, мяркуем) мы можам сцвярджаць, што сям’я не вяла напаўгалоднае існаванне, як часам сцвярджалася ў літаратуры.

Зноў пра грошы

Раней я ўжо распавёў пра лёс Алены Марцінкевіч, якая выйшла замуж за вознага (ці, як яшчэ часам пафасна называлі гэту невысокую пасаду, — генерала) Бабруйскага павета Юзафа Уміньскага. Вянчанне адбылося ў Бабруйскім касцёле 13 ліпеня 1829 года, і ў нас ёсць падставы меркаваць, што на гэтым шлюбе акрамя высокіх гасцей прысутнічаў і сам Вінцэнт Марцінкевіч. Мяркуючы па тым, што Марцыяна выдала сваю ўжо адзіную дачку за ўдаўца, ды яшчэ на 16 гадоў старэйшага за яе, з двума дзецьмі, становішча ў сям’і Марцінкевічаў на той момант было не самае добрае. Падобна, што большасць даўгоў так і не ўдалося вярнуць. Ва Уміньскага ж быў свой, хоць і невялікі, фальварак Юзафова, што гарантавала, калі не багатую, дык негалодную будучыню.

Частка двара Юзафова і чацвёра прыгонных сялян, якія жылі ў суседняй вёсцы Калюга, былі прысуджаны рашэннем суда ў 1815 годзе спадчыннікам Паўла Шыпілы, а тыя 18 красавіка 1817-га прадалі Юзафу і Кунігундзе з Міхневічаў Уміньскім усю маёмасць. Як значылася ў купчай крэпасці: будынкі дваровыя і гумны, засеў жытні і ярыны, палі, рэкі, рэчкі, затокі, азёры, зараснікі і, вядома, прыгонныя абоега полу са сваімі сямействамі. Там і пражыў Уміньскі, перажыўшы і Кунігунду, і Алену, і нават ажаніўшыся ў трэці раз, да самай сваёй смерці. Вёска Юзафова існуе і сёння ў некалькіх кіламетрах ад Глуска. Яна магла б стаць аб’ектам у магчымым турмаршруце “Па мясцінах Дуніна-Марцінкевіча”.

Тастамент маці

30 студзеня 1830 года Марцыяна склала тастамент, па якім яе дзеці — Вінцэнт і Алена — у маі 1831 года падзялілі яе спадчыну. Хоць, як паказвае артыкул, не заснаваныя на дакументах або заснаваныя на іх адсутнасці версіі заводзяць у тупік і прыводзяць да памылак, рызыкнем выказаць здагадку: Дунін-Марцінкевіч не толькі ўдзельнічаў у лёсе пляменнікаў, але бываў на магіле сястры Алены ў Глуску. І ў гэтай здагадкі ёсць аргумент. 20 чэрвеня 1830 года ў Юзафова ва ўзросце 62 гадоў памерла пані Мар’яна (так у дакуменце) Марцінкевічава, ротмістрава Бабруйскага павета, і была яна пахаваная таксама ў Глуску. Можна меркаваць, што побач з ёй у 1843 годзе пахавалі дачку.

Мог ён наведвацца і на магілы іншых блізкіх людзей. Так, да гэтага часу на могілках захаваўся вялікі помнік Тэклі з Забелаў Валатоўскай — жонкі, а потым доўгі час удавы тытулярнага саветніка Міхаіла Валатоўскага. Іх сям’я валодала маёнткам Краснае побач з Глускам і Юзафова. Няма сумненняў, што ў Вінцэнта былі вельмі добрыя адносіны з гэтай сям’ёй, бо менавіта ў іх доме ён жыў у Мінску ў 1833 годзе — і гэта новае памятнае месца на карце беларускай сталіцы. Барбара Валатоўская ў 1834 годзе з Юзэфам Уміньскім былі хроснымі бацькамі дачкі Марцінкевіча Камілы. На гэтым сакрамэнце прысутнічала і Ганна Валатоўская. І ўжо зусім блізкае сваяцтва: адна з Валатоўскіх (хутчэй за ўсё, тая ж Барбара) аказалася… дачкой першага беларускага літаратурнага класіка! Адбылося гэта ў 1841 годзе на сцэне мінскага тэатра, калі яна грала разам з Марцінкевічам у яго п’есе “Яўрэйскі рэкруцкі набор” яго дачку Сару.

На жаль, падчас візіту ў Глуск адшукаць магілы Марцыяны Марцінкевіч і Алены Уміньскай не ўдалося. Але, можа, хтосьці з мясцовых прыгадае, дзе на могілках былі гэтыя камяні. Знаходка ж магіл сталася б сапраўднай падзеяй. Думаю, можна выказаць здагадку, што неаднаразова па дарозе, якая вядзе з Мінска і праходзіць якраз непадалёк ад Юзафова, Марцінкевіч прыязджаў у Глуск, каб наведаць дарагія магілы. І праязджаў ён па той самай сучаснай вуліцы Кірава…

Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст

 

(Пачатак расповеду пра сясцёр Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ўпершыню апублікаваныя дакументы — тут і тут.)

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст