Атака троляў, або Даеўрабачыліся…

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

За што я люблю айчынную папулярную музыку (эстрадную альбо рокавую)? За ўменне перыядычна па-сапраўднаму радаваць. Вось і днямі стварыла яна для мяне проста свята нейкае. Вялікая спакуса ўзяць у двукоссе слова “свята”, але ж задавальненне ад пачутага ды ўбачанага я атрымаў у сапраўднасці!.. Хоць і “задавальненне” просіцца абнесці штрышкамі. Калі вы яшчэ не здагадаліся, інтрыгую я паўфінальным адборачным турам да “Еўрабачання”, што выліўся ў парад фрыкаў усіх масцей. Вось, аказваецца, на каго безумоўна багатая наша зямля беларуская!..

/i/content/pi/cult/616/13713/4-17.jpg“Перажыўшы” напышлiвага акі Махамед Алі са своеасаблівым англійскім вымаўленнем Аляксандра Саладуху, лагічна паўсталы ў “зомба-скрынi” зомбi-калектыў Віталя Варанко, што забіваў баянам фугі ў самае эстэтычнае нутро людзей, я і выказаць здагадкі не мог, што гэта толькі пачатак нашэсця па нашы кволыя душы арміі не з гэтага свету тых, хто ротам спявае. А развіццё падзей прытаілася побач. І бабахнула ў мозг залпам “Аўроры”: ва ўсё залімітавае пусціліся прызнаныя, дзесьці і кімсьці прызнаныя і наогул непрызнаныя артысты ды нібыта выканаўцы. Гналі пераднавагоднюю “завею” яны з запалам, з пафасам ды са скупой мужчынскай слязой, расхістваючы маю нервовую сістэму. Вызначыўся “эксклюзівам” пра барыста і той, ад каго я падобнага выкрунтасу ну ніяк не чакаў — вечна лірычны Аляксандр Сухараў, з якім мы ў пару яго станаўлення не адзiн кубак гарбаты “раздушылі” ў кампаніях шумлівых.

Выпіўшы валідолу пасля нейкага чарговага “англамоўнага” стварэння (туманнаму Альбіёну зараз і з англійскай мовы трэба выходзіць), адкачаўшы валяр'янавымi кроплямі пад “на досвітку пабудзі мяне шчаслівую”, не даўшы апусціцца павекам ды скруціцца вушам, дунуўшы на паненку, якая пра тое эратычна ўмольвала, угаварыўшы сябе, што, падабаецца-не падабаецца, а і з такім змірыцца давядзецца, экстаз ад метал-шоу ансамбля “The Superbullz” (у якім, на хвілінку, за галоўнага зусім не апошні ў краіне па прафесіяналізме ды наяўнасці густу Алесь-Францішак Мышкевіч) мяне ўжо не накрыў. Паверце, я не такі ўжо дзікі, як здаюся, і гумарыць сам люблю, але ў дадзеным выпадку гурт “Kriwi”, вазьмі ён на сябе ролю Станіслаўскага, праспяваў бы нешта накшталт “За сцёбам нічога не відна”. Ну а опусы некаторых іншых, што падносiлiся як драматургічныя творы і “ў вобразе” (як, напрыклад, стогн пра кліч адзіны славянскіх светаў): творчасць Аляксандра Сярова — бяздарная самадзейнасць у параўнанні з імі.

А можа, я чагосьці “не даганяю”, і ў такіх з’явах народу быў закладзены глыбокі сэнс — у меру магчымасцяў выказаць “фе” туру працяжнік “Еўра”, кшталту: як бы ўволю публічна паздзекавацца над абодвума праектамі? Ці таго горш — ідэя была ў банальным “засвятленні” ўласнага таленту перад пэўнай электроннай аўдыторыяй хоць з чымсьці? Няўжо артысты напраўду і ўсур’ёз усё вось гэта спявалі ды скакалі? Тады нашай поп-музыцы дакладна прыходзіць поўны карачун.

“Якое шчасце, — дагрызаючы пазногці, думаў я, седзячы ля камп’ютара, на экране якога буяла дзейства ад папсы лёгкай і цяжкай, — што сёлета Аляксандр Ціхановіч не ўзначаліў “адборачнае” журы. Нават яго адважнае сэрца наўрад ці вытрымала б гэты “перформанс”. Дапырхалiся… Даеўрабачыліся...

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"