Ці адчуваем дачыненне?

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Ала ГРАХАВА, артыстка катэгорыі “Майстар сцэны”, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск)
Мне не давялося шмат з кім з іншых гарадоў паразмаўляць аб рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная тэатральная прэмія”, але вазьму на сябе смеласць выказаць некалькі думак, бо яны існуюць, яны вярэдзяць і… нехта ж павінен іх выказаць, а нехта пачуць.

/i/content/pi/cult/616/13710/4-3.jpgДобра памятаю, як праходзіў гэты конкурс першы раз, я была сярод тых, каго запрасілі на тэатральнае свята. Так, на конкурсе прысутнічалі прадстаўнікі абсалютна ўсіх тэатраў Беларусі, і гэта было для нас гонарам, мы адчувалі сваё дачыненне да тэатральнага свету краіны, мы мелі такую рэдкую для нас магчымасць — убачыць лепшыя створаныя ў Беларусі спектаклі. Разумееце, не проста прачытаць потым у “Культуры” альбо “Мастацтве” пра іх. Пабачыць! Потым распавесці сваім калегам, падзяліцца ўражаннямі. Мы, артысты, што працуюць у так званых рэгіянальных тэатрах, рэдка маем магчымасць прыехаць на якіясьці спектаклі, бо самі штовечар граем на сцэне, выконваючы непамерныя планы. Прысутнасць жа на Нацыянальнай прэміі разглядаецца ўсімі амаль як узнагарода.

У тыя дні на конкурсе была арганізавана сустрэча ў нефармальнай абстаноўцы з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам. Наогул, вельмі цёплая творчая атмасфера склалася на першым конкурсе. Добрыя словы падзякі чутны былі і ад тых, хто меў гонар прысутнічаць у якасці гасцей на другім конкурсе. На трэцяе свята артыстаў не запрасілі. На чацвёртую Нацыянальную прэмію ад тэатра не запрасілі нікога...

Больш можна не казаць нічога, усё зразумела. Крыўдна? Канешне ж. Мы як бы выключаны з тэатральнай прасторы краіны. Нам здаецца, што і дыск з запісам спектакля не можа быць падставай для ўдзелу ў Нацыянальнай прэміі. Ну што за ўражанне можна атрымаць ад спектакля, проста запісанага на дыск? Няўжо такая праблема адборачнай камісіі прыехаць паглядзець той спектакль, калі тэатр прапануе менавіта яго для ўдзелу ў конкурсе? Беларусь жа краіна не самых вялікіх памераў. У Мінску тэатральная крытыка мае магчымасць глядзець любы спектакль, і не па разу, а якія спектаклі яны бачылі, напрыклад, у Бабруйску?.. Так што мы знаходзімся не ў аднолькавых умовах і нам нашмат больш цяжка. Хацелася б, каб нас ведалі, бачылі і… паважалі, бо ёсць за што. А што да Нацыянальнай прэміі, дык прайшла яна і “толькі халадком ад яе павеяла”.