Выхад у свет з “К” і "М"

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Падпіска-2017!
Гэтым разам сустрэча супрацоўнікаў рэдакцый газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” з грамадой адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.

/i/content/pi/cult/616/13708/2-2.jpg

Падчас сустрэчы ў Маладзёжным тэатры. / Фота аўтара

Журналісты сабраліся ў фае Маладзёжнага а 18-й — за гадзіну да пачатку камедыі “Плаціць не будзем”. Нам хацелася з гасцямі тэатра абмеркаваць пытанне: як “выжыць” газеце ў “стрэсавым” становішчы. У рэальнасці атрымалася крыху па-іншаму, як кажуць, не па сцэнарыі.

Супрацоўнікі тэатра адразу папярэдзілі: большасць гледачоў прыходзяць пасля 18.20. Скарыстаўшыся вольнымі хвілінамі, пагутарыла з намеснікам генеральнага дырэктара Маладзёжнага Аленай Пяроўскай.

— Для тых, хто заўсёды чытаў газету — нічога змяняць не трэба, — лічыць Алена Іванаўна. — Галоўнае — даступнасць. Напрыклад, пакідаць асобнікі ў ячэйках метрапалітэна. Маладым цікава, што адбываецца за межамі нашай краіны, крыху старэйшым — выхаванне дзяцей… У кожнай узроставай катэгорыі — свае інтарэсы. Як выглядае чытач “К”? Чалавек з вышэйшай адукацыяй, крыху за 30, які на працягу жыцця пашырае кола сваіх інтарэсаў. Яшчэ з дзіцячага садка бацькі і педагогі вучылі яго адчуваць і бачыць прыгожае.

На думку маёй суразмоўцы, у газеты слушны баланс у дачыненні да прапорцыі “рэгіёны / сталіца”. Але на падпіску, павелічэнне чытачоў, па меркаванні візаві, наўрад ці зможам істотна паўплываць:

— Калі не было інтэрнэту, выпісвалі папяровую прэсу. А зараз можна “клікнуць” і прачытаць матэрыял, ды яшчэ азнаёміцца з рознымі меркаваннямі.

З журналістамі “К” пагутарыў і генеральны дырэктар тэатра Віктар Старавойтаў. На яго думку, руская мова павялічыла б аўдыторыю газеты. Але “Культуру” ён чытае стала, асабліва артыкулы Надзеі Бунцэвіч. Увогуле, як кожны прафесіянал, спадар Віктар прагне бачыць больш тэкстаў пра сваю дзялянку — тэатр: “Канешне, сачу за працэсамі, якія адбываюцца і ў суседніх краінах, у расійскай тэатральнай прасторы. І ўявіце, колькасць тэатраў на нашу рэспубліку — каля 30-ці, а ў дачыненні Масквы гэта лічба апісвае карціну толькі ў адной з яе акругаў. Таму чыесьці засцярогі ў дачыненні да шматлікасці беларускіх тэатраў залішнія: і тэатраў мусіць быць больш, і ўкладанняў у яго, у культуру наогул”.

Між тым тэатр паступова запаўняўся людзьмі. У асноўным — жанчынамі пасля 30. Але сустракалася і моладзь. Як бавіць вольны час перад спектаклем? У Маладзёжным — усё арганізавана. За адзін білет наведвальнік атрымлівае адразу пяць задавальненняў: спектакль, “жывую” музыку (часта запрашаюцца студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, дзіцячых музычных школ), буфет, выставачны павільён, а таксама магчымасць зрабіць прыгожыя фотаздымкі ў інтэр’еры. Што да павільёна, то ён нагадвае маленькі музей. У ім можна ўбачыць матэрыялы журналістаў пра ўстанову і яе пастаноўкі, эскізы касцюмаў, афішы, макеты сцэн, здымкі сцэн са спектакляў, буклеты, узнагароды. Менавіта тут перад спектаклем убачыла мужчыну з дачкой школьнага ўзросту, якія ўважліва разглядалі тэатральныя рэчы. У Маладзёжным яны ўпершыню, таму і прыйшлі “не за пяць хвілін”. Запыталася, што думаюць мае героі наконт газет, якія матэрыялы ім цікавыя. (Адразу папярэджу: мужчына не ведаў пра існаванне “К”, а дзяўчынка бачыла яе некалькі разоў у кіёску.) Так, мужчына не супраць пачытаць матэрыялы на гістарычную тэматыку, да рэцэнзій жа ставіцца адмоўна. Маўляў, навошта інфармацыя “пастфактум”? Адзінае — усё ж такі патрэбна “расшыфроўка” арт-журналіста або крытыка пра актуальнае мастацтва, якое не заўсёды зразумелае. Для чаго? Каб не было сорамна перад знаёмымі за неразуменне. І яшчэ. На думку суразмоўцы, сайт зрабіць куды танней, чым газету выпускаць… У дачкі ж яго іншыя думкі наконт кантэнту газеты. Ёй, наадварот, было б цікава прачытаць меркаванні журналістаў. Але яна, як і ўсе, — чытае тое, што ёй трэба, у інтэрнэце. Якія тэмы лічыць актуальнымі? Новыя маладзёжныя пляцоўкі ў сталіцы (іншымі словамі, “дух”, аблічча Мінска, якія штогод змяняюцца) і жыццё ў рэгіёнах падчас вайны.

 

“Мастацтва” ў Карэлічах

У снежні рэдакцыя часопіса “Мастацтва” вандравала ў Карэлічы. Нас цёпла прымалі спачатку ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў, а потым у Маладзёжным цэнтры культуры, дзе сабраліся настаўнікі школ мастацтваў, іх вучні, бібліятэкары.

/i/content/pi/cult/616/13708/2-3.jpg

Майстар-клас часопіса ў Карэлічах. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Пасля сціслага знаёмства з часопісам (хто мы, пра што пішам і які зваротны звязак хочам мець) прыйшоў час практычных заняткаў, а больш дакладна — жывой рэкламы нашага праекта майстар-класаў ад беларускіх творцаў па розных мастацкіх тэхніках. Акварэліст (і дызайнер часопіса) Вячаслаў Паўлавец у падрабязнасцях распавёў пра сакрэты прафесійнага майстэрства, каментуючы кожны рух пэндзля па вільготнай паперы. Аўдыторыя падцягнулася нават з самых апошніх шэрагаў актавай залы, назіралі і слухалі ў захапленні.

Незапланаванай кропкай вандроўкі стала шыкоўная галерэя-майстэрня-сядзіба мастака Кастуся Качана ў Навагрудку. У галерэі, акрамя жывапісных твораў, уражвае калекцыя прадметаў каляровага шкла, якія ў розныя часы зрабілі на фабрыцы “Нёман”. За кубачкам кавы мастак распавёў пра ідэю адкрыць у горадзе арт-рэзідэнцыю для творцаў, якія маглі б наведваць Навагрудак і ладзіць пленэры. Галерэя-майстэрня Качана выглядае сапраўдным месцам сілы, вакол якога магло б віраваць творчае жыццё. На жаль, пакуль яе магчымасці не выкарыстоўваюцца напоўніцу, але галерэя можа стаць месцам для майстар-класа ад “Мастацтва”, а пазней і для вясновага пленэру для юных мастакоў.

Алена КАВАЛЕНКА, галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст