“Гістарычная памяць, роднае слова, моцная краіна”

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў урачыстасцей з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

/i/content/pi/cult/616/13705/2-1.jpgУ віншаванні гаворыцца, што вытанчаныя, дасканалыя вершы сусветна вядомага паэта, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай слова, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі ХХ стагоддзя.

“Сваёй дзейнасцю пясняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа. Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай дзяржавы, павінны шанаваць і захоўваць тое, дзеля чаго працаваў наш знакаміты зямляк, — гістарычную памяць, роднае слова, моцную краіну”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча паспрыяюць умацаванню еднасці грамадства і ўслаўленню творчых талентаў нашага народа.

Сімвалічнае вяртанне

Святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння паэта, перакладчыка, публіцыста Максіма Багдановіча распачалося 9 снежня ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Яно мела працяг на плошчы Парыжскай камуны, дзе прайшлі літаратурная акцыя “Расцём разам з Максімам” і памятны мітынг “Пакланіся Максіму”. Шэраг урачыстых і памятных мерапрыемстваў былі арганізаваны напярэдадні свята і ў культурных установах.

У дзень святкавання ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых адбылася ўрачыстая цырымонія “Вяртанне” па закладцы капсулы з зямлёй з магілы Багдановіча ў горадзе Ялта. Цырымонія мела працяг у Белай зале храма, дзе прысутных чакала літаратурна-музычная сустрэча “Калі ўсе мы разам ляцім да зор…” Урачыстыя словы з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытала намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.

Пасля цырымоніі закладкі капсулы міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў зазначыў, адказваючы журналістам, што ўсё жыццё і творчасць Максіма Багдановіча — прыклад адносін да Айчыны і роднай мовы. “Гэта не проста сімвал, а аснова сучаснай беларускай культуры. Ён даў напрамак для развіцця літаратуры і паказаў, як трэба адносіцца да Айчыны, роднай мовы” — адзначыў міністр. “Цырымонія пахавання зямлі з магілы Максіма Багдановіча ў Ялце — сімвалічнае дзейства. Паэт завяшчаў быць пахаваны ў Беларусі. Узяцце зямлі з магілы паэта і пахаванне капсулы на радзіме — выкананне волі Максіма Багдановіча”, — дадаў Барыс Святлоў.

Падчас мерапрыемства Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь выканаў “Ціха ўсё было на небе”, прагучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Алены Золавай і Віктара Мендзялеева. “Слуцкіх ткачых” выканала вакальная група “Камерата” Белдзяржфілармоніі, а “Вальс” Фрэдэрыка Шапэна — саліст Белдзяржфілармоніі Арцём Шаплыка.

Затым на плошчы Парыжскай камуны ля помніка паэта распачалася літаратурная акцыя “Расцём разам з Максімам”, якая сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і актуальнасць вершаў творцы. Прагучалі любімыя паэтычныя радкі ўдзельнікаў акцыі — студэнтаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікаў літаратурных музеяў, прадстаўнікоў грамадскасці і дзяржаўных дзеячаў. У прыватнасці, Багдановіча чыталі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

Тым часам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для навучэнцаў адбылася вучэбна-пазнаваўчая экскурсія “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаная Багдановічу. Таксама наведвальнікі пазнаёміліся з архіўнымі дакументамі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўлены ў выставачным праекце “Светлы след…”

У філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” адкрылася новая экспазіцыя. Што ў ёй? Скажам, 3D-узоры. Наогул, сучасныя мультымедыя-сродкі дазволяць перагарнуць старонкі адзінай Максімавай кнігі — “Вянка” 1913 года, а таксама даведацца пра радавод Багдановічаў. Гледачы пабачаць таксама калекцыю паштовак з фондаў установы, сапраўдны слуцкі пояс, гадзіннік, які адлічваў апошнія хвіліны жыцця паэта (ён узяты на дэпазіт з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея). На адкрыцці экспазіцыі Ірына Дрыга адзначыла: “Аб значэнні Максіма Багдановіча ў гісторыі Беларусі сказана нямала. Ён быў першацветам адраджэння беларускай культуры, фарміравання нашай сучаснай мовы, паэтам еўрапейскага ўзроўню. Выдатны талент, які тонка валодаў літаратурнымі формамі, з’яўляўся пасланцам у вялікую еўрапейскую літаратуру, першапраходцам нацыянальнай літаратуры. Гэта спадчына, якая сагравае нас і цяпер”.

Скончылася святкаванне 125-годдзя вялікага паэта памятным мітынгам “Пакланіся Максіму”. Да помніка Максіма Багдановіча быў ускладзены кошык з кветкамі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікі мітынгу запалілі лампады ў памяць пра выдатнага беларускага паэта.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст