Маюць афорт Рэмбранта

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

У лістападзе Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падпісаў мемарандум пра супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем мастацтваў Рэспублікі Казахстан імя Абылхана Касцеева (Алматы). У час цырымоніі навуковы сакратар апошняга Кацярына Рэзнікава і намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці і знешніх сувязях Анжаліка Акілбекава расказалі пра сённяшні дзень казахстанскага музея.

Было адзначана, што казахстанскі і беларускі музеі маюць шмат агульнага ў мінулым, бо ствараліся за савецкім часам па адных, так бы мовіць, ідэалагічных лекалах і культурных стандартах. (Заснаваны Дзяржаўны музей мастацтваў Казахстана ў 1935 годзе як Дзяржаўная карцінная галерэя імя… Тараса Шаўчэнкі: вядома, што украінскі геній быў не толькі паэтам, але і мастаком, а ссылку ён адбываў на мяжы імперыі ў казахскім стэпу). У абодвух — выдатныя калекцыі рускага і савецкага мастацтва. Што да мастацтва Заходняй Еўропы, дык тут мы можам казахстанскім спецыялістам нават пазайздросціць: яны маюць афорт Рэмбранта і работы Дзюрэра. Вартая ўвагі і калекцыя ўсходняга мастацтва: Індыя, Кітай, Карэя, Японія… Музейная экспазіцыя, кажуць госці, мусіць адлюстраваць адкрытасць Казахстана свету і шматвектарнасць ягонай культуры.

Мастацтва ж перыяду ад набыцця суверэнітэту да нашых дзён прадстаўлена ў музеі не ў тым аб’ёме, як хацелася б, зазначаюць спецыялісты. На тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: на мяжы 1980 — 1990-х парушылася ўсталяваная сістэма закупак твораў мастацтва, за кошт якой папаўняліся фонды дзяржаўных музеяў, і тое стала канкрэтнай праявай сістэмнага крызісу на абшары СССР. Трэба меркаваць, што і перанос сталіцы непазбежна паўплываў на ўстановы культуры былой сталіцы. Але сёння музей імкнецца запоўніць прагал, што ўтварыўся ў культурнай храналогіі. Работы згаданага перыяду набываюцца з персанальных выставак казахстанскіх творцаў. Як і наш музей, тамтэйшая скарбніца папаўняе свае фонды і за кошт падарункаў мастакоў. Прымаецца, зразумела, не ўсё запар, а толькі тое, што насамрэч уяўляе каштоўнасць.

Дзяржаўная культурная палітыка ў Казахстане накіравана на тое, каб творчыя кадры рэалізоўвалі свой патэнцыял на радзіме. Менавіта такім быў адказ на пытанне журналіста адносна таго, на чый мастацкі рынак сёння арыентуюцца казахстанскія творцы — расійскі, заходнееўрапейскі, кітайскі? Пры гэтым супрацоўнікі музея адсочваюць творчасць тых, хто прадстаўляе краіну за яе межамі.

Адказы ж на пытанні пра тое, што ўяўляе з сябе сучасны Казахстан у культурным сэнсе дадуць абменныя выставы, прадугледжаныя падпісаным мемарандумам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"