Над чым пасмяяўся б камедыёграф?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Фестываль аўстрыйскага кіно, які ўпершыню адбыўся ў мінскім кінатэатры “Перамога” з 23 па 27 лістапада ў рамках Аўстрыйскага культурнага сезону ў Рэспубліцы Беларусь, распачынала трагікамедыя “Індыя”. Улюбёная карціна аўстрыйскай публікі, якую па папулярнасці там можна параўнаць з “Іроніяй лёсу…” ці “Іван Васільевіч змяняе прафесію” на постсавецкай прасторы, распавядае дзіўную гісторыю знаёмства і сяброўства двух інспектараў прыдарожнага сэрвісу. “Я не ведаю чаму гэты фільм так выбухнуў, але яго паглядзеў кожны жыхар маёй краіны. Людзі бралі ў мяне аўтографы, акцёры пераследавалі на вуліцы, а я — студэнт кінашколы… Насамрэч, проста нейкі жах там дзеяўся”, — рэжысёр стужкі Паўль Харатар, які асабіста прыехаў у Мінск прадставіць фільм, падкрэслівае, што “Індыя” была яго дэбютнай стужкай. Тым не менш, яна “сарвала банк” глядацкай любові, вылічыць якую, як вядома, немагчыма. Вось менавіта пра тое — ці існуюць пэўныя правілы добрай камедыі, ці бывае камедыйнае кіно паліткарэктным і якія рысы характару аўстрыйцаў рэжысёр “Індыі”, што сталася класікай, высмяяў бы — аглядальнік “К” пагутарыла з Паўлем ХАРАТАРАМ напярэдадні беларускай прэм’еры нашумелага фільма. Інтэрв’ю атрымалася дасціпным і даволі непрадказальным — менавіта такім і падаўся мне аўстрыйскі камедыёграф.

/i/content/pi/cult/615/13679/13-1.jpg“Паліткарэктнасць і камедыя? Не ўяўяляю!”

— Паўль, ці існуюць пэўныя правілы стварэння добрай камедыі?

— Галоўнае правіла камедыі  — парушыць тыя самыя правілы: сістэм, парадку, ладу... Добрая камедыя мае патрэбу ў анархіі — запомніце гэта! Усё ідзе сваім ходам і раптам — бах-бах! Я вам зараз распавяду анекдот для прыкладу. Сустрэліся тры мужчыны дзявятага сакавіка, і кожны хваліцца, што ён падарыў сваёй жонцы. Першы кажа: “Я зрабіў сваёй жонцы цудоўны падарунак, які робіць сотню за сем секунд”.

— Што гэта?

— “Паршэ Каен”.

Другі кажа: “Я таксама падарыў сваёй жонцы такую рэч, якая робіць тую сотню за тры секунды”.

— Што?

— “Ферары”!

І тут у гутарку ўступае трэці: “Я таксама зрабіў сваёй жонцы падарунак, які робіць сотню за… 1 секунду”.

— Што падарыў?

— Вагі.

— Смешна.

— Бачыце, у гэтым жарце задаецца пэўная сістэма, якая потым ламаецца. Прычым, у дадзеным прыкладзе, двойчы. Трэці муж не толькі не дорыць жонцы машыну, ён дорыць ёй штосьці такое, што зусім не з таго шэрагу. Такая некарэктнасць, але яна ўсё ж у межах такту. Вось вам і анархія, якая робіць жарт смешным. Так і ва ўсім, калі хочацца пасмяяцца. Вам належыць парушыць пэўны парадак, правіла, лад і тады жарт будзе смешным.

— Дарэчы, камедыя можа быць паліткарэтнай?

— Не бачыў такой. Назавеце мне хоць адну? Ды кожны жарт непаліткарэтны: у гэтым сутнасць гумару — выкрыць пэўныя рэчы. Давайце возьмем такую “абстрактную” біблейскую гісторыю, як Адам і Ева. Нават тут ёсць соцыум. У гэтай прасторы раю — трое: Адам, Ева і Бог. Па-сутнасці, можам трактаваць біблейскі міф як праблему бацькоў і дзяцей. Ды нават далей: гэта гісторыя пра дыктат.

“Сёння мы смяемся, а заўтра плачам”

— Давайце пагаворым пра вашу стужку “Індыя”. Якім чынам вы прыйшлі да гэтай гісторыі, якая выкрывае шмат чаго — і дрэнны сэрвіс у аўстрыйскіх гатэлях, і уласна, мужскую мускулінасць, і чалавечую безабароннасць перад абліччам смерці…

— Пра “Індыю” я магу расказваць бясконца. Колькі ў вас часу?

— Хвілін дваццаць.

— Добра. “Індыя” прыйшла да мяне так. Гэта быў 1993 год і я вучыўся ў кінашколе. Заўжды ведаў, што хачу зрабіць штосьці смешнае. Хадзіў ва ўсе нашы кабарэ — у нас ёсць вялікая традыцыя гумарных выступленняў на сцэне — і шукаў. Аднойчы прыйшоў на адно з такіх шоу і ўбачыў Ёзафа Хадэра і Альфрэда Дорфера — двух акцёраў, якія тады толькі пачыналі. Яны давалі такую невялікую п’есу пра двух тыпажоў, якія паехалі інспектаваць матэлі. Гэта сапраўды актуальная тэма для аўстрыйцаў, бо сэрвіс звычайна ў гэтых прыдарожных забягалаўках, матэлях проста жудасны. Але ў невялічкай п’есе было шмат таго, што кранула маё сэрца. Пастаноўка ўразіла і сваёй кінематаграфічнасцю, што і казаць. Я запаліўся зрабіць з гэтымі акцёрамі фільм. Падышоў да іх з прапановай. Але, аказалася, што яны вельмі сарамлівыя людзі. Заглянуў да іх пасля выступлення, а яны ўжо сышлі праз іншыя дзверы. На наступны дзень пайшоў ад “чорнага” ўваходу, каб злавіць іх, але хтосьці папярэдзіў, маўляў, вас нехта шукае, і яны збеглі праз парадны. Гэта паляванне зацягнулася на тыдні… Карацей, праз пэўны час мне ўдалося пагутарыць з адным з іх, Альфрэдам. І ён адказаў: “Трэба, каб згоду даў і Ёзаф”. (Тут Паўль яшчэ хвілін дзесяць распавядае, як ён тэлефанаваў цягам месяцаў другому акцёру. — Д.А). Нарэшце, яны... адмовіліся. Але я настаяў на сваім, і мы зрабілі фільм, які ў выніку стаў адным з самых паспяховых за ўсю гісторыю аўстрыйскага кіно. З’яўляючыся на той час студэнтам, я не ведаў як ставіцца да поспеху. Але, мяркую, “Індыя” сталася такой, таму што яна закранае многія рэчы, тыя, якія вы пералічалі, ды само спалучэнне камедыі і трагедыі… Мне падаецца, што так у нашым жыцці і адбываецца. Сёння мы смяемся, а назаўтра — плачам.

— Паўль, але маё пытанне тычылася і злабадзённасці тэм, на якія можна зняць камедыйнае кіно…

— Насамрэч, ваша пытанне досыць рамантычнае. Бо кіно — гэта заўжды бізнес, і, акрамя мяне ды маіх памкненняў, ёсць тыя людзі, што даюць грошы. Іх меркаванне наконт актуальных тэм можа аказацца зусім іншым. Добра, калі вашы пазіцыі супадаюць, ці вы здольныя знайсці кампраміс, але часам бывае наадварот. Да прыкладу, за сваю камедыю “Адам і Ева” я ўзяўся таму, што мне прапанаваў яе прадзюсар, з якім я мог знайсці агульную мову. Мне стала цікава “развянчаць” міф пра “дзве палавінкі” на ўсё жыццё, — і ён падтрымаў мяне. Хоць гісторыя даволі рызыкоўная — пра поліаморнасць, даволі табуяваная тэма, аднак прадзюсар не пярэчыў. Аднак, вядома, у маёй кар’еры былі і такія праекты, дзе дамовіцца не атрымалася.

Серыялы сёння — гэта раман у кіно

— Дарэчы, апошнім часам вы актыўна здымаеце тэлесерыялы… Чым вас прываблівае гэты фармат? Чула пра ваш праект “Плут” зроблены ў жанры мак’юментары, што мае на ўвазе пэўную інсцэніроўку пад дакументальнае кіно…

— Так, гэты цікавы праект, які, дарэчы, вельмі добра прыняла публіка. Ён цалкам вар’яцкі, бо мы вырашлі зрабіць такі серыял, каб нават на дваццатай серыі было не зразумела, кім працуюць яго галоўныя героі. Усё дзеянне адбываецца толькі ў сям’і, прасторы прыватнага жыцця. Якая прафесія ва ўсіх гэтых персанажаў вялікага сямейства  — невядома. Не раскрывалася ўсё згаданае ў тым ліку і таму, што мы не маглі нічога прыдумаць. І тое, што рабілі акцёры гэтага серыяла — проста фантастыка! Вельмі смешна! Нам удавалася трымацца так даволі доўга.

— Дарэчы, за серыяламі, якія апошнім часам вядуць рэй у кінаіндустрыі, вы бачыце будучыню кіно?

— Апошнім часам серыял сапраўды вельмі захапляльная форма, якая прапануе новыя правілы гульні. Раней фільмы ў ім існавалі падобна да асобных раздзелаў, фрагментаў. Сёння серыял ператварыўся ў свайго кшталту раман у кіно. Каб атрымаць ад гісторыі асалоду, ты мусіш глядзець усе яго фільмы з самага пачатку. Нельга зразумець, што адбываецца ў рамане, прачытаўшы з 10-й па 20-ю старонкі. Так і серыял сёння мае на ўвазе прагляд кожнага эпізоду, каб занурыцца ў аповед. Адбылася змена ў структуры апавядання, і так, яна захоплівае, бо прапануе шырокае поле для эксперыменту.

— Ды ўсё ж вярнуся да свайго ўлюбёнага пытання пра злабадзённую тэму для камедыі. У характарыстыцы беларусаў, якая часта гучыць праз медыя, выкарыстоўваецца пэўны набор рысаў: талерантнасць, міралюбівасць, практычнасць… Даўно мару пра тое, каб з’явіўся добры камедыёграф, які б “развянчаў” гэты “пакет” характарыстык, якія ператварыліся, на мой погляд, у клішэ. Ці існуе падобныя рысы характару аўстрыйцаў, над якімі вы пасмяліся б, пажартавалі ў добрай камедыі?

— Цікава. Напэўна, першая такая рыса альбо тэма — гэта смерць. Аўстрыйцы вельмі любяць пасмяцца над смерцю, не ведаю з чым тое звязана. Дарэчы, і ў маёй трагікамедыі “Індыя” гэта асаблівасць раскрываецца. Два сябры даведваюцца пра тое, што ў аднаго з іх рак, і яны не ведаюць што з гэтым рабіць. Смех тут становіцца своеасаблівай абаронай ад таго, што нельга змяніць. Другая адметнасць, альбо, скажам так — падстава для жартаў — класавая адрознасць. Сем’і розных сацыяльных класаў і іх лад жыцця ў Аўстрыі — выдатная тэма для камедыі. Справа тут не толькі ў грошах: людзі маюць розныя жыццёвыя каштоўнасці. У іх розніцца нават паняцце гонару — і гэта надзвычай багатая глеба для камедыі. І трэцяе… гэта, напэўна, сэкс. Больш дакладна — тое, як яго ўспрымаюць аўстрыйцы. У сваёй стужцы “Адам і Ева” я трошкі “прайшоўся” па гэтым. Мы ўспрымаем усё занадата сур’ёзна. Смех тут, на мой погляд,  — лепшыя лекі.

— Не магу ўстрымацца і не спытаць пра Моцарта — буйны кампазітар і аўстрыйскі нацыянальны гонар, які сёння ператварылася збольшага ў лікёр і цукеркі…

— Ну, гэта толькі для турыстаў! Усё вось гэта: Моцарт быў маньяк і гулец — рэчы, якія разлічаны выключна на працягненне турыстаў. Ды, бадай, самі турысты хочуць бачыць кампазітара такім і па тое едуць у Вену. Мне падаецца, што для нас ён хутчэй геній, які не падтрымліваў буржуазны лад жыцця. Штосьці кшталту рок-зоркі. Так, рок-зоркі старых часоў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"