Гульні ўсур’ёз

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

11 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта памяці Георгія Скрыпнічэнкі (1940 — 2015) “Метамарфозы”. У экспазіцыю ўвайшлі больш за 50 станковых жывапісных і графічных твораў з калекцыі сям’і мастака, прыватнай калекцыі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Перад вернісажам адбылася прэзентацыя шыкоўнага альбома “Георгій Скрыпнічэнка. Графіка”, куды ўвайшло каля 200 рэпрадукцый твораў мастака. Першы альбом пра творчасць мастака выйшаў у свет да 70-годдзя Георгія Сяргеевіча.

/i/content/pi/cult/614/13657/8-1.jpg

Георгій Скрыпнічэнка. “Яна прыйдзе...”

Як ні хацеў бы сучасны мастак адмежавацца ад якіх-небудзь ярлыкоў і аналогій, яму не пазбегнуць рознага кшталту параўнанняў. І хоць параўнанні заўсёды гавораць больш чым трэба, выпускаючы з-пад увагі аўтарскае і індывідуальнае, за беларускім мастаком Георгіем Скрыпнічэнкам замацавалася цвёрдае — “Беларускі Сальвадор Далі”.

Аднак што дрэннага ў артыкуляванай мастацкай крытыкай прыналежнасці да найважнейшай галіны мастацкага авангарду ХХ стагоддзя, якая эстэтычна пераасэнсоўвала адкрытыя навукай загадкі нашага Універсума? Скрыпнічэнка, сапраўды, па асноўнай праблематыцы і візуальнай паэтыцы сваёй творчасці блізкі да сюррэалізму. У яго мастацтве знаходзяць індывідуальны працяг мова іншасказанняў і парадоксу, метамарфознае пераўвасабленне, вытанчаная выяўленчасць, якая выкарыстоўвае прыёмы анамарфозы і мантажу — усё тое, што сведчыць пра сюррэалістычнае вобразнае мысленне.

Здзіўляе іншае. Як у інфармацыйным вакууме савецкага грамадства, ва ўмовах вельмі негатыўнага стаўлення да традыцый мадэрнісцкага мастацтва маглі нарадзіцца вобразы, што балансуюць на мяжы рэальнасці і ірэальнасці, што злучаюць фантастычнае і натуралістычнае, цялеснае і матэрыяльнае? Адказваючы на гэтыя пытанні, разумееш, што гэта сапраўды сюррэалізм!

Спачатку былі пейзажы, эцюды, партрэты, але ўжо ў перыяд вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы адбыўся паступовы адыход ад апісальных адносін знешніх рэалій да вобразнасці сноў, да рэалій унутранага свету, да шырокага культурна-часавага дыялогу. Адкрыліся магчымасці для больш багатай інтэлектуальнай гульні без правілаў, палёту імправізацый, якія эфектна і непрадказальна злучыліся ў графічных і жывапісных творах мастака.

Паступова абазначылася аўтарская вобразная сістэма, скразныя матывы, дзе найбольшую ўвагу прыцягваюць развагі мастака пра сюжэты, запазычаныя са Старога Запавету, антычнай міфалогіі, сусветнай гісторыі, афарбаваныя паэтыкай “суб’ектыўнага гістарызму”.

Такія працы, як “Святы Себасцьян”, “Выкраданне Еўропы”, “Адам і Ева”, “Дон Кіхот ХХ стагоддзя”, успрымаюцца не столькі ў кантэксце агульнапрынятых трактовак, колькі інтэрпрэтаванымі аўтарам у адпаведнасці з сучасным светаразуменнем, з вольнасцямі аўтарскай міфатворчасці. Ён па-свойму, згодна з уласнымі прынцыпамі і перакананнямі, па-філасофску трактуе адвечныя ісціны, знаходзіць арыгінальную сістэму іх выяўленчага ўвасаблення, злучаючы мінулае і сучаснае, даследуючы метамарфозную абарачальнасць вобразаў і форм, жаночага і мужчынскага, арганічнага і неарганічнага.

Разам з шэрагам карцін, у якіх распазнаванне біблейскіх і міфалагічных персанажаў спалучаецца з парадаксальным аўтарскім бачаннем, асабліва цікавыя краявіды, дакладней свабодныя ландшафтныя фантазіі мастака, дзе ён узламвае спакойны сузіральны тэмпарытм пейзажу сюррэалістычнай оптыкай. У канкрэтыку прыроднага ландшафту ўрываюцца дадатковыя вобразна-пластычныя элементы. Тут і аўтарскі эцюднік, які размяшчаецца на пярэднім плане ў “Белым беразе”, і знакаміты гістарычны партрэт Марыі Лупу ў “Гармоніі стагоддзяў”, і партрэты сучаснікаў, якія па-шагалаўску лунаюць у прасторы, у “Чарнобыльскіх дзяўчынах”.

Да ўпадабаных матываў яго твораў варта аднесці і жаночыя вобразы, нярэдка з партрэтнымі рысамі ў прасторы сюррэалістычнага інтэр’еру — “Ахвяра”, “Радаўніца”, “Аднойчы ў Ратамцы”. Для гэтых работ характэрна адценне фантасмагорыі, ператварэння рэальнасці ў гісторыка-рамантычным ключы. Гэта своеасаблівыя карціны-прытчы, карціны-іншасказанні.

Яркая і арыгінальная мастацкая мова Георгія Скрыпнічэнкі з першых крокаў уцягвае гледачоў у асацыятыўную гульню, правакуючы “раскручванне” свабоднага інтэрпрэтацыйнага шэрагу, прымушаючы знаходзіць цытаты, якія праходзяць скрозь усю гісторыю мастацтва. Аднак гэтая гульня, увесь гэты “суб’ектыўны гістарызм” пазбаўлены якой бы там ні было парадыйнай постмадэрнісцкай усмешкі. У Скрыпнічэнкі ўсё сур’ёзна і сумленна. У гэтай гульні — шлях да самаідэнтыфікацыі. Гульня з’явілася для мастака асаблівай формай вобразнага пазнання гісторыі чалавецтва, духоўных каштоўнасцей і, вядома ж, выяўленчых магчымасцей.

Георгій Скрыпнічэнка стварыў свой індывідуальны стыль. Ён стаў нацыянальным, па сутнасці, жывапісцам, атрымаў у спадчыну своеасаблівасць сваёй культуры і арганічна злучыў яе са шматвяковым вопытам сусветнага мастацтва.

Кацярына ІЗАФАТАВА, мастацтвазнаўца, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

 

“Экспромты на мяжы тысячагоддзяў”. Пад такой назвай напрыканцы 1990-х прайшла ў Мінску персанальная выстава Георгія Скрыпнічэнкі, а апошнюю, прыжыццёвую, пад назвай “Гармонія стагоддзяў”, мы пабачылі тры гады таму ў Нацыянальным мастацкім музеі. А што ж новы выставачны праект “Метамарфозы”, прысвечаны памяці Мастака?

Гэтая экспазіцыя — асаблівая па глыбінным канцэптуальным выяўленні вобразна-пластычнай “аўтабіяграфіі” Майстра, яго каранёвых ідэй, яго шматлікіх духоўных пошукаў творчага шляху “да сябе”. У экспазіцыі “беларускага сюррэаліста”, як часта недакладна называюць Скрыпнічэнку, — работы розных гадоў, пачынаючы з часоў вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Сабраныя разам, яны дазволілі яшчэ раз убачыць выдатнага мастака, які здолеў захаваць вернасць, адданасць сабе, сваім прынцыпам у гады шырокага распаўсюджвання ў нашай творчасці пластычнай абязлічанасці, кан’юнктурнай тэматыкі тады яшчэ ўстойлівага “сацрэалізму” і ў час постсавецкай кардынальнай пераацэнкі сусветнага і айчыннага мастацтва.

Я пасябраваў з Георгіем яшчэ ў сярэдзіне 1960-х і добра памятаю яго “сюррэалістычную” чорна-белую графіку, зробленую ну зусім не ў духу таго, як яго вучылі ці то ў Студыі выяўленчага мастацтва ў Слуцку, ці то ў вучылішчы. Хаця сярод настаўнікаў па сваёй прыродзе высакародны Георгій заўсёды вылучаў Уладзіміра Садзіна (яго першага педагога ў Слуцку) і Альгерда Малішэўскага, а таксама Леаніда Шчамялёва і Аляксандра Кішчанку, з якімі ён вельмі сябраваў. Але Георгій не стаў іх “капіістам” або паслядоўнікам. Проста, як мне здаецца, яны далі яму магчымасць навучыцца самастойна мысліць ды разважаць, быць незалежным у мастацтве ад любых аўтарытэтаў, чужых меркаванняў і поглядаў.

Тым не менш, такая незалежнасць прымушала Скрыпнічэнку шукаць аднадумцаў не толькі ў мастацкім асяродку тагачасных “левакоў” і сваіх равеснікаў накшталт, скажам, Мікалая Селешчука ці Уладзіміра Тоўсціка. У гэты асяродак “трапілі” і Босх, і Далі, і Эрнст, і Магрыт, і Гаруст, і многія “адраджэнцы”, антычная і біблейская міфалогія, і сімвалізм Сярэбранага веку. Хаця, па вялікім рахунку, для Скрыпнічэнкі так і засталіся чужымі такія сюррэалістычныя рысы, як абсурднае супярэчлівае спалучэнне натуралістычных вобразаў праз калажы і тэхналогіі “рэдзі-мэйд” (па Марсэлю Дзюшану). Ад сюррэалізму Георгій выкарыстаў толькі алюзіі ды парадаксальныя спалучэнні пластычных форм, і, такім чынам, вызначыў сваё мастацтва як галоўны інструмент вызвалення ад звыклых творчых ды ідэалагічных штампаў і бар’ераў, што існуюць у сучасным мастацтве. Лагічныя і звыклыя сувязі ён замяніў свабоднымі асацыяцыямі, дзе парадаксальнай алагічнасці і спалучэнню прадметаў ды з’яў віртуозна надаў бачную, прыкметную прадметна-пластычную і вобразную верагоднасць, напэўнасць, дакладнасць.

Такім чынам, называць Георгія “беларускім Далі” будзе не зусім правільна, хаця гэты “штамп” ужо трывала прыклеіўся да яго. Урэшце, ён і сам не пярэчыў гэтаму, толькі з выпадку хітравата ўсміхаўся, размінаючы цыгарэту, і пакручваючы свае вусы а ля Далі. Не пярэчыў і тады, калі я называў яго “постмадэрністам” — а гэта значна больш шырока і глыбока за “сюр”. Тое значыць — у яго постмадэрнізм са сваім эксклюзіўным падтэкстам, без прынятых правілаў і акадэмічных законаў. Бо гэта выяўленне чалавечага светаўспрымання, стан душы, спосаб пераасэнсаваць мінулае і па-свойму пабачыць сучаснае, не баючыся таго, што аўтара не зразумеюць арт-крытыкі і сучаснікі-гледачы. У яго не было ніякіх абмежаванняў для самавыяўлення. Ён адчуваў сябе свабодна ва ўсім, і для яго самай галоўнай узнагародай было не афіцыйнае ганаровае званне, не крутыя прэміі і медалі, а высакароднае званне — Мастак. Не ў сэнсе прафесіі, дыплома — а ў іншым, сусветным сэнсе: мастак-творца, мастак-дэміург, мастак-парадокс, мастак-даследчык таямніц унутранай чалавечай сутнасці.

…Калісьці Георгій Сяргеевіч актыўна пачынаў з друкаванай графікі, натурнага малюнка, кніжных ілюстрацый да беларускай літаратурнай класікі ды акварэлі, але ўжо з 1980-х цалкам перайшоў на жывапіс, і ў гэтай галіне мастацтва стаў адным з самых значных, вострасучасных чараўнікоў новага вобразна-выяўленчага свету. Гэты свет мастака  — добры і журботны, грацыёзны і таямнічы, пранізліва-рэальны і фантастычны, часам трагічны, калі гаворка ідзе пра Чарнобыль ці пра смерць чалавека і прыроды. Пры ўсёй празрыстай элегічнасці, у работах творцы ёсць ноткі настальгіі па тым, што адышло назаўжды, хвалюючае і трывожнае пачуццё тленнасці быцця. Быццам бы за ўсёй гэтай прасторай свету і паветра схавалася чароўная ноч…

Ён часта згадваў пра тое, што калісьці бачыў, што і каго любіў, але ўсё гэта даўно мінула. Так, свет Скрыпнічэнкі — выдуманы, сканструяваны, і стаўленне аўтара да адлюстраванай калізіі распазнаецца не адразу: яно схавана за апасродкаванасцю мастацкага мыслення і пастаянным імкненнем да іншасказання, за ўскладненасцю, “закадзіраванасцю” пластычнай мовы. Такі падыход да рашэння сваіх задач пазбаўляў творцу непасрэднасці, але затое даваў прастору для фантазіі, уяўлення гледача. Метафарычная значнасць усіх элементаў формы — колеру, святла, прасторы, суадносін аб’ёмаў і гэтак далей — рабілі такія творы разлічанымі на маштабнае ўспрыманне. У іх — тэкст і падтэкст, відавочная (і часцяком займальная) сюжэтная кампазіцыя ды прыхаваны сэнс, вонкавы, адкрыты “сюр” і ўнутранае напружанае выяўленне аўтарскага стаўлення да свету, адкрыты зварот да ўзораў мастацтва далёкага і блізкага мінулага і пошукі самабытнай пластычнай мовы.

У рамках такой сістэмы выразнае месца адводзілася іроніі: яна дапамагала схаваць гэтыя, часам пакутлівыя, пошукі формы светаўвасаблення і ўзнікала ад эмацыйнага аддалення мастака ад аб’екта адлюстравання ды нежадання адкрыта выявіць свае пачуцці. Іронія Скрыпнічэнкі дапускала інтэлектуальную ацэнку з’явы: спачатку — творцам, а потым — гледачом. Мастак прапаноўваў зірнуць на свет збоку, перш чым яго прыняць або адхіліць. Іронія прадвызначала многія глыбінныя ўласцівасці эмацыйнай структуры жывапісу, стварала пэўную дыстанцыю паміж мастаком і гледачом.

Георгій Скрыпнічэнка, як правіла, “да краю” запаўняў свае творы, прасякнутыя глыбока схаванай іроніяй ці сарказмам, пранізліва-шчаслівым святлом, якое давала фігурам, прадметам ды іншым атрыбутам і аксэсуарам адчуванне нейкага шматслойнага духоўнага Універсуму, дзе несумяшчальныя ў рэальным свеце рэчы, калізіі ды сітуацыі апынаюцца ў адзінай гульнявой і “знакавай” прасторы. Гэта бачна ў такіх розных работах па светаадчуванні, светапоглядзе, як “Гармонія стагоддзяў”, “З гісторыі чалавецтва”, “Апакаліптычны вынік”, “Нараджэнне”, “Маці. Прадчуванне Чарнобыля”, “Экалагічны баланс”, “Яна прыйдзе…”, “Бязлітасны час”, “Меланхолія”, “Саюз Зямлі і Вады”, “Святы Себасцян”, “Кентаўр — мой сябар”, “Па шляху жыцця”… Але ён адначасова і “чысты” рэаліст у найвышэйшым сэнсе слова, калі маляваў беларускія карціны-краявіды ці ўрбаністычныя замалёўкі, як гэта бачна, напрыклад, у серыі малюнкаў з вобразам Мінска 1960-х, у цыкле “Выдатныя дзеячы беларускай культуры”, у рупліва прадуманых пейзажных і партрэтных кампазіцыях, у нацюрмортах розных часоў.

Вельмі шмат рэчаў у творчай спадчыне мастака: я ведаю, што ён нават у святы стаяў з раніцы да ночы ў сваёй майстэрні ля мальберта. Над многімі работамі працаваў вельмі доўга, бывала, рабіў нават па два-тры варыянты аднаго і таго ж сюжэта, таму са сваімі творамі расставаўся толькі тады, калі лічыў іх па-сапраўднаму закончанымі. Але што ёсць закончанасць? Вось чаму не трэба здзіўляцца таму, што пад работамі часта пазначаны даты іх стварэння, расцягнутыя на цэлыя дзесяцігоддзі. Напрыклад, карціну “Нараджэнне” мастак маляваў з 1969-га па 1999-ы, “Выкраданне Еўропы” — з 1970-га па 1994-ы, а “Аўтапартрэт”, які пачынаў у 1967-м, мастак закончыў толькі ў 2011 годзе. Канешне ж, шмат што мянялася ў яго жывапісна-графічнай метафарычнай палітры, але тая душэўная шчодрасць, чалавечая камунікабельнасць, тое рэдкае пачуццё таварыства, якое я назіраў у творцы яшчэ ў маладосці, засталіся ў яго да канца жыцця непарушным залатым стрыжнем...

Барыс КРЭПАК


Дарэчы

Апошняе сваё інтэрв'ю Георгій Скрыпнічэнка даў газеце "Культура" ў рамках праекта "Рэдакцыя плюс...".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"