Пастаўскае зямляцтва, лёс ручніка і ВВБ у Браславе

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

30 лістапада ў аграгарадку Іёды згадваюць жахлівую падзею: у 1944 годзе фашысты спалілі больш за дзесяць вёсак і хутароў Іёдскага сельсавета. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людмілы Стома, у мясцовым клубе збяруцца сведкі тых далёкіх падзей, школьнікі, работнікі культуры. У СДК адбудзецца прагляд фільма, створанага па ініцыятыве грамадскай арганізацыі былых непаўнагадовых вязняў фашызму, а ў бібліятэцы пройдзе гадзіна ўспамінаў. Дарэчы, з тых знішчаных паселішчаў да жыцця вярнулася толькі некалькі.

/i/content/pi/cult/614/13655/14-1.jpgТры інфармацыі запар даслаў у рэдакцыю вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. “У расійскім Смаленскім абласным цэнтры народнай творчасці, — піша ён, — працуе выстава “Народнае мастацтва Віцебшчыны”. Прэзентуюцца праекты, рэалізаваныя Віцебскім АМЦНТ за апошнія пяць гадоў. Гэта лепшыя работы па выніках конкурсаў лозапляцення, выцінанкі, мастацкага роспісу, цацкі і лялькі, па ткацтве і народным касцюме. На адкрыцці выставы выступіў народны фальклорны калектыў “Кудзеліца” з Дуброўна”. А ў самім Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстава “Ручнік — як лёс”. Аўтар паведамляе, што ў экспазіцыі — ручнікі, сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый па Віцебшчыне, а таксама — інсталяцыі, якія выяўляюць мясцовыя адметнасці выкарыстання іх у побыце і абрадах. Трэцяя інфармацыя — пра свята лялькі ў Капцянскім сельскім доме культуры Віцебскага раёна. “Гэта мерапрыемства, — распавядае Андрэй Струнчанка, — стала заключным этапам творчага праекта “Лялька”. Была прадэманстравана калекцыя лялек у розных тэхніках ад мясцовых майстроў — Вольгі Марудавай, Любові Паляковай, Валянціны Барсуковай, Таццяны Німалан… Усяго на выставе — амаль 200 лялек.

У Дзятлаве ўшанавалі работнікаў сельскай гаспадаркі. Былі аддзячаны лепшыя работнікі і спецыялісты аграпрамысловага комплексу. А завяршылася свята традыцыйным маштабным канцэртам, у якім былі заняты лепшыя творчыя сілы раёна і вобласці, у тым ліку народныя калектывы: ансамбль песні і музыкі “Ятранка”, гурт “Гудскі гармонік”, тэатр-студыя “Прымакі”.

Беларускі фонд культуры, паведамляе намеснік яго старшыні Тадэуш Стружэцкі, разам з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і “Краязнаўчай газетай” распачынаюць новы праект “Мой край — мая радзіма”. Ён скіраваны на папулярызацыю краязнаўцаў і краязнаўчай літаратуры. Прэзентацыя праекта адбылася 24 лістапада ў сталічным Музеі гісторыі музычнай і тэатральнай культуры. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Пастаўскага раёна. Наведвальнікі паглядзелі відэафільм пра шчыраванні пастаўскіх краязнаўцаў, фотавыставу і выставу краязнаўчых кніг, а таксама — выступленне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.

Праектная дзейнасць набывае ўсё большыя маштабы і становіцца явай ці не ва ўсіх раёнах краіны. Вось інфармацыя з Вілейшчыны. Вынікам праекта “Незабыўныя імёны Вілейшчыны” стала адкрыццё ў сярэдняй школе № 3 класа-музея імя паэта Івана Лашуткі. Ініцыятарам справы стаў не толькі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама, але і музычны калектыў “Элегія”.

Метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсянікава распавядае аб прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў сярод чытачоў-школьнікаў. Кніжныя выставы-перасцярогі, конкурсы па веданні правілаў дарожнага руху, урокі бяспекі прайшлі ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Аркадзя Гайдара, гарадскіх і дзіцячых бібліятэках, у Цэнтры вольнага часу і творчасці, Палацы мастацтваў.

“Бібліятэкары Шчучыншчыны чацвёрты год запар ладзяць краязнаўчыя экскурсіі, — піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская. — Сёння нашымі распрацоўкамі цікавяцца ў іншых раёнах Гродзеншчыны. А мы ўжо выйшлі са сваім праектам за межы роднага краю. Васілішкаўская бібліятэка арганізавала паездку чытачоў у Лідскі замак, а Шчучынская раённая — у Гродна… Маршруты распрацавала супрацоўніца дзіцячай бібліятэкі Наталля Матошка. Чытачы знаёмяцца з храмамі, аграсядзібамі, з культурнымі аб’ектамі ў Навагрудку, Нясвіжы, Міры, Жыровічах…”

З Віцебскай абласной бібліятэкі паведамляюць, што 24 лістапада тут адбылася II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Віцебскі край”, прымеркаваная да 385-годдзя выхаду ў свет “Буквара” Спірыдона Собаля. Канферэнцыя аб’яднала паўсотні навукоўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў з трох краін. Арганізавалі мерапрыемства абласная бібліятэка, дзяржуніверсітэт імя Пятра Машэрава, абласны краязнаўчы музей.

Любаншчына адзначае 70-годдзе земляка Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Ён, як адзначае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Святлана Баброўнік, — аўтар серыі кніг пра лёсы старадаўніх беларускіх родаў; фундатар, які падтрымлівае дзіцячыя дамы і дапамагае ў фарміраванні фонду Нацыянальнай бібліятэкі.

Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская піша пра персанальную выставу Аляксандра Краўчанкі. Ён займаецца мастацкай вышыўкай. У выставачнай зале раённага цэнтра рамёстваў — 21 яго работа: пейзажы, нацюрморты…

“Квітней, мая Беларусь!” — так называлася выстава жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая дзейнічала ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Аўтар работ — настаўніца мастацкіх дысцыплін Пагранічнага філіяла школы Наталля Жалязоўская. Асаблівую цікаўнасць у гледачоў выклікалі творы, выкананыя ў тэхніцы вітражнага роспісу.

Дзіцячаму музычнаму тэатру “Казка” споўнілася 25 гадоў. 12 лістапада адбыўся ў Цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна сталіцы справаздачны юбілейны канцэрт, асновай якога стала папуры з пастановак “Казкі”. Мастацкі кіраўнік і педагог па вакале — Аляксандр Арцем’еў.

У Браславе адкрыты новы культурны комплекс — Вольная вулічная бібліятэка. Пра гэта распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Ірына Макарэвіч. Ідэя праекта належыць Цэнтральнай бібліятэцы, творчая рэалізацыя — Відзаўскаму дзяржаўнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу, фінансавае садзейнічанне — Браслаўскаму райвыканкаму. Комплекс складаецца з міні-бібліятэкі ў выглядзе кніжнай хаткі, з лавак, малых архітэктурных форм. Гэта першая ў вобласці бібліятэка пад адкрытым небам. Яна спецыялізуецца на буккросінгу.

Адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі праграмы “Традыцыйная культура і моладзь”. Пра тое, як з гэтым спраўляецца Кастрычніцкі раён Мінска, піша метадыст сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міхаіл Камоцкі. Дадзеная праграма стала першай спробай укаранення ў гарадскую выхаваўчую прастору традыцыйнай культуры беларусаў. Прайшлі раённыя конкурсы народных танцаў, краязнаўчыя чытанні. На перспектыву запланаваны конкурс чытальнікаў народнай прозы, фестываль традыцыйных рамёстваў.

 

Праект з сустрэч

У выставачнай зале Століна працуе новая экспазіцыя. Свае работы — жывапіс і мастацкую кераміку — прэзентуюць Сяргей Місюн і Уладзімір Валаскоў.

Сяргей Місюн — ураджэнец Століна, хоць і малады, але ўжо добра вядомы сваімі жывапіснымі палотнамі. За плячамі — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Сяргей — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, дыпламант міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, удзельнік мастацкіх пленэраў. Яго работы выстаўляліся ў Мінску, Віцебску, Брэсце, не раз персанальныя выставы ладзіліся ў Століне.

Уладзімір Валаскоў — мастак-дэкаратар, кераміст. Апошнім часам пачаў займацца жывапісам. Нарадзіўся і жыве ў Брэсце. Скончыў Кобрынскі мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў, БДУКіМ. Падчас вучобы ва ўніверсітэце пасябраваў з Сяргеем Місюном, і цяпер яны разам удзельнічаюць у выстаўках.

— Сённяшняя “Арт-сустрэча” — гэта жаданне ўзнавіць традыцыю паказу творчых работ, якія раней не выстаўляліся, — расказвае Сяргей Місюн. — Першая такая “Арт-сустрэча” адбылася ў былым Доме палескай культуры гадоў дзесяць таму. Хочацца, каб ідэю падтрымалі творцы, каб экспазіцыя аказвалася разнапланавай.

Мастак пазнаёміў са сваімі палотнамі, з гісторыяй іх напісання. Здзівіў наведвальнікаў і Уладзімір Валаскоў. Яго кампазіцыі — гэта спалучэнне бетону, жалеза, дроту, цэменту. Думаецца, тое важкае слова ў мастацтве керамікі.

— Задача мастака — не проста адлюстраваць з’яву ці прадмет, — упэўнены Валаскоў. — Праз твор аўтар перадае гледачу цеплыню і энергію, сваё бачанне рэчаіснасці...

Галіна ГАШЧУК

Столін

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"