Пленэрны досвед

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

У сёлетнім верасні ў славацкім горадзе Сніна прайшоў чарговы ХХІІІ Міжнародны фестываль выяўленчага мастацтва. На гэтае мерапрыемства прыехалі 30 мастакоў з 18 краін. Арганізатар — вядомы славацкі мастак і галерыст Андрэй Смолак. Дзякуючы яго арганізатарскаму таленту такі мастацкі фестываль праходзіць не першы год на высокім узроўні.

/i/content/pi/cult/614/13653/13-1.jpg

Падчас пленэру ў славацкім горадзе Сніна. / Фота аўтара

Два тыдні інтэнсіўнай працы ў майстэрні, на пленэры для жывапісцаў перамяжоўваліся з культурнымі мерапрыемствамі. Сёлета падзею прысвяцілі аб’яднанню нацый, і мастакі розных краін — людзі, якія закліканы несці асвету і дабро, паказалі прыклад яднання культур, сутворчасці для людзей з усяго свету. Падчас пленэру мастакі Арэфы Дам, Саід Земар, Лела Гелеішвілі, Зу Сані, Анатоль Концуб і я наведалі гімназію, дзе сустрэліся з навучэнцамі ды распавялі пра культуру сваіх краін.

Таксама на працягу двух тыдняў пленэра адбываліся адкрыцці выстаў. Так, у Снінскім палацы даў аўдыенцыю мэр Сніны, дзе ён павітаў мастакоў з розных куткоў свету, пасля чаго там жа былі адкрыты чатыры экспазіцыі. Прыемна адзначыць, што на адкрыцці выстаў у Сніне, на адкрыцці пленэра заўсёды прысутнічалі прадстаўнікі ўлады — мэр горада, яго намеснік. Хочацца, каб і ў Беларусі прадстаўнікі ўлады не забываліся наведваць адкрыцці выстаў, мець зносіны з людзьмі мастацтва і даведвацца пра іх надзённыя патрэбы.

Дык вось, у адной з залаў латвійская мастачка, прафесар Балтыйскай міжнароднай акадэміі Ірына Капейкіна прадэманстравала серыю пейзажаў Славакіі, выкананых пастэллю. Заслужаны дзеяч мастацтваў Татарстана, старшыня тамтэйшага Саюза мастакоў Зуфар Гімаеў (на цырымоніі закрыцця фестывалю за творчы ўнёсак у мастацтва яму ўручылі прыз — бронзавую статуэтку Цібора Бартфая) прадставіў увазе гледачоў выставу жывапісных прац “Мая Славакія”. У трэцяй зале мастакі з Грэцыі Вікі Влахаджані і Нікас Рызас рэпрэзентавалі сваю экспазіцыю пад назвай “Дыялог”, закрануўшы сацыяльныя праблемы. У чацвёртай жа зале карціны выставіла сербская чацвёрка — яркія, вельмі розныя па манеры пісьма, мастакі Срэчка Здравкавіч, Міхайла Глігарыч, Зоран Зограф, Бранка Маравіч. Вельмі ўразілі мяне работы Зорана — мастак паказаў абстрактныя жывапісныя карціны, эмацыйныя, вельмі тонкія па колеры і кампазіцыі. А якія ж цудоўныя яго акварэлі: ад абстрактных да рэалістычных! Ад яго палотнаў не адвесці погляд, а мастак жа скончыў тэалагічны факультэт Бялградскага ўніверсітэта і не мае спецыяльнай адукацыі! Сваю манеру ён вынайшаў шляхам многіх пробаў, эксперыментаў, вывучэння вялікай колькасці літаратуры па жывапісе і малюнку. А Бранка Маравіч скончыў Рымскую кансерваторыю, спяваў у Ла Скала, але любоў да жывапісу перамагла: пасля вучобы ў Бялградскай акадэміі мастацтваў ён заняўся жывапісам больш шчыльна.

У перыяд фестывалю ў Прэшаве адбылася персанальная выстава работ і арганізатара пленэру Андрэя Смолака. Серыя работ у жанры ню пад назвай “Мелодыя ночы” прыадчыняе гледачу свет фантазій творцы. Маэстра любуецца пачуццёвай прыгажосцю мадэлі. Выдатная муза з’яўляецца на палатне перад гледачом як фантазія, лясная німфа, як мелодыя ў ночы, прадстаючы ў розных вобразах — безабаронная і сладастрасная, спакуслівая і фатальная. У Кошыцэ мне выпаў гонар быць куратарам і адкрываць выставу пад назвай “Добры год” таленавітай і самабытнай мастачкі з Казахстана Алены Ралінай. Выстава атрымалася вельмі жаноцкай. У экспазіцыі прадстаўлены некалькі кветкавых нацюрмортаў. Іх Алена піша ва ўласцівай толькі ёй манеры, і яны ў яе атрымліваюцца пачуццёвымі, жывымі, быццам водар ідзе з нежывога палатна. А жанчыны на палотнах Ралінай — выкшталцоныя, гуллівыя, але нярэдка — у штодзённай абстаноўцы. Але ад гэтага яны ніколькі не банальныя, наадварот, у мастачкі атрымалася перадаць унутраную духоўную сутнасць Жанчыны, яе ўнутранае святло і спакой.

Напрыканцы фестывалю быў арганізаваны вернісаж, дзе на суд гледача ўсе мастакі вынеслі вынік сваёй двухтыднёвай працы. Беларусь прадстаўлялі вядомыя жывапісцы Леанід Гоманаў і Анатоль Концуб. Фантастычны рэалізм у пейзажах Анатоля Концуба і тонкі лірызм у работах Леаніда Гоманава высока ацанілі наведвальнікі вернісажу. Уразіў сакавітасцю палітры, радасцю жыцця на сваіх палотнах малады, але ўжо вядомы ўкраінскі мастак Аляксандр Храпачоў. Высокі прафесіяналізм жывапісца, пастозны мазок, удалая кампазіцыя і звонкія фарбы прыцягвалі да сябе ўвагу гледача. Як мастацтвазнаўцу мне цікава было адзначыць, што, нягледзячы на блізкае суседства Беларусі і Украіны, жывапісныя школы ў нас адрозніваюцца: беларусы больш стрыманыя па колеры, больш лірычныя ў адрозненні ад экстравертных, тэмпераментных украінцаў. Мяркую, было б карысным зладзіць “круглы стол”, прысвечаны пытанням нацыянальнага светаадчування і развіццю сучаснага выяўленчага мастацтва дзвюх краін.

Фарэз Хадзі з Алжыра выставіў канцэптуальныя работы. Наджа Саід Аль-Мадані з Бахрэйёна, Фаціма Аль-Абаідзі з Ірана, Хасан Аль-Мула і Абдульрахман Аль-Мутава з Катара прадставілі абстракцыі. Магчыма, таму, што ў мусульманскай культуры не прынята адлюстроўваць чалавека. Таксама на гэтай выставе нельга было не адзначыць, як клімат, геаграфія краіны мастака адлюстроўваюцца ў яго працах. Так, работы грузінскіх мастакоў Лелы Гелеішвілі і Давіда Сілагадзэ глыбока працятыя нацыянальным каларытам, але, тым не менш, розныя — тэмпераментныя ў Лелы і загадкавыя, глыбокія ў Давіда. Працы Зу з Інданэзіі адрозніваюцца дэкаратыўнасцю, у іх відавочна прасочваюцца нацыянальныя рысы. Дамініка Хрзанова і Патрыцыя Гудакова, выставіўшы абстрактныя работы, прадэманстравалі лінію актуальнага мастацтва. Маладая мастачка з Татарстана, вучаніца Зуфар Гімаева, Айгуль Мазітава праз свае пейзажы перадае жыццярадаснасць, пазітыўнае ўспрыманне навакольнага свету. Нельга не адзначыць, што ў большасці мастакоў з краін былога Савецкага Саюза глыбокая сувязь з традыцыямі акадэмічнай школы, у адрозненне ад еўрапейскіх мастакоў. Прыемна было пазнаёміцца з творцамі з Афганістана. Яны сябруюць з самага дзяцінства, прыехаўшы ў Расію, атрымалі выдатную мастацкую адукацыю: Саід Земар — у Дзяржаўным мастацкім інстытуце імя Васіля Сурыкава ў Маскве, а Арэфы Дам — у Дзяржаўным інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна ў Санкт-Пецярбургу. Абодва выдатна ведаюць рускую мову. Арэфы выкладае ў мастацкай школе ў Галандыі, Саід займаецца жывапісам у Маскве. І на мастацкія пленэры сябры прыязджаюць не ўпершыню.

Хочацца таксама сказаць колькі словаў пра гуманістычны праект Андрэя Смолака “Маляваны Экватар”. Яго мэта — аб’яднаць народы ў імя міру на Зямлі. Знакамітыя мастакі, спартсмены, артысты, палітыкі, акцёры — яркія прадстаўнікі ад сваёй дзяржавы — кожны піша невялікую працу фарматам 20х20, якая сімвалізуе сабой адзін кіламетр на экватары. Даўжыня Экватара 40 075 кіламетраў і столькі ж трэба работ.

Вольга ГОМАНАВА, мастацтвазнаўца