Космас пад мікраскопам

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Спектакль “З жыцця насякомых” быў прэзентаваны беларускай публіцы ў першы дзень VI Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “TэAРT”. Менавіта гэта абсалютная ці, як апошнім часам прынята казаць, сусветная музычна-тэатральная прэм’ера сталася адкрыццём і беларускага шоу-кейса “Belarus Open”, і ўсяго фестывалю. А словы “адкрыццё” і “сусветнае” — самыя, бадай, прыдатныя, каб сцісла акрэсліць сутнасць падзеі.

/i/content/pi/cult/613/13645/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "З жыцця насякомых". / Фота Вольгі ПІПЧАНКА прадастаўлена форумам

Ініцыятарам выступіў беларускі кампазітар Валерый Воранаў, які апошнім часам жыве паміж роднай краінай і Германіяй. Неяк ён убачыў выступленне кабарэ-бэнда “Сярэбранае вяселле” і вырашыў пасупрацоўнічаць з яго лідарам і салісткай Святланай Бень. Падобныя нечаканыя тандэмы для яго не рэдкасць: заўважыўшы кагосьці з цікавых творчых асоб, ён тут жа запальваецца новымі ідэямі. Так было, да прыкладу, з шоумэнам Міхеем Насарогавым, якога кампазітар запрасіў у якасці саліста-чытальніка, ствараючы па замове Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета свой “Архітэктон” паводле паэмы “Звярынец” Веліміра Хлебнікава. Гэтым разам ён думаў звярнуцца да твораў Святланы Алексіевіч, але Бенька, у сваю чаргу, прапанавала вершы Мікалая Алейнікава. Прычым сама абрала з яго творчасці тое, што хацела б увасобіць. Так што кампазітару заставалася хіба скараціць прапанаваны яму спіс, каб твор уклаўся прыблізна ў гадзіну. У выніку спыніліся на 14 вершах, якія і сталі асновай вакальнага цыкла.

Апошняе азначэнне выкарыстана невыпадкова: у арыгінале партытура “З жыцця насякомых” пазначана як “вакальны цыкл для спеўнай актрысы, скрыпкі, тэрменвокса і фартэпіяна”. Музычны складнік твора цалкам самадастатковы, можна без цяжкасці ўявіць яго акадэмічнае выкананне, якое мела б не меншы фурор. Але той сінтэз мастацтваў, што ўзнік у спектаклі, шмат у чым быў справакаваны самімі вершамі, якія далёка не ўпершыню знайшлі музычна-тэатральнае ўвасабленне.

Асаблівай увагай творцаў карысталася “Муха”. Прынамсі, гэты верш увайшоў і ў вакальны цыкл “Каханне і жыццё паэта” расійскага кампазітара Леаніда Дзясятнікава, і ў рок-навэлы “Вівісекцыя” ўкраінскага кампазітара, рэжысёра, акцёра, спевака (у тым ліку опернага), заснавальніка аўтарскага тэатра Аляксея Каламійцава. Абодва творы былі рэалізаваныя на тэатральнай сцэне. Цыкл Дзясятнікава, напісаны ў 1989 годзе на вершы Алейнікава і Хармса, у 2007-м ператварыўся ў аднаактовы балет Аляксея Ратманскага “Вываливающиеся старухи”, дзе харэаграфія дакладна ішла за тэкстам, камічна ілюстравала яго ледзь не падрадковым “пераказам-перакладам”. “Вівісекцыя”, наадварот, была скіравана ў палітычны бок. З 2003-га, калі з’явіліся чатыры рок-навэлы, твор неаднаразова ўвасабляўся ў тэатрах Харкава, Данецка, Львова, Адэсы — штораз у новым абліччы, але з падкрэсліваннем, што пад жывёламі і насякомымі (“Прусак”, “Муха”) хаваюцца чалавечыя постаці і зусім не жартоўныя эксперыменты на жывых людзях.

Спектакль “З жыцця насякомых” аказаўся куды больш прасякнуты эстэтыкай Сярэбранага веку рускай паэзіі, аб’яднання “ОБЭРИУ”, да якога былі блізкія Мікалай Алейнікаў, Казімір Малевіч, іншыя рэфарматары мастацтва першай трэці ХХ стагоддзя. У спектаклі знайшлі ўвасабленне і шматлікія спасылкі на афіцыйную савецкую культуру тае пары: на тагачасны інтанацыйны слоўнік эпохі, што ўключае творчасць Ісака Дунаеўскага, на акрабатыку 1930-х (пластыка і харэаграфія ў спектаклі належыць Яўгену Карнягу). Мультымедыя-мастак Марыя Пучко зрабіла выключнае відэа з цудоўнымі “мульцікамі”, якое дапаўнялі ўдалыя светлавыя эфекты (Сяргей Навіцкі). Затое “прадметная” сцэнаграфія была мінімальнай: высокі зэдлік, які адначасова быў і столікам і лесвічкай, вялізная маска прусака, здольная ператварыць артыстку ў іншапланецянку, міска з вадой — і, лічыце, усё.

Пакінуўшы за аснову вакальны цыкл, рэжысёры — згаданая Святлана Бень і Дзмітрый Багаслаўскі — дапоўнілі ўласна музычныя гучанні тэатральнымі шоргатамі-шамаценнямі, стварыўшы ў спектаклі папраўдзе касмічную фонасферу. Дый музыканты-інструменталісты Даша Мароз (фартэпіяна) і Марыя Васілеўская (скрыпка, а таксама тэрменвокс), апранутыя ў адмысловыя сцэнічныя строі, выступілі паўнавартаснымі ўдзельнікамі тэатральнай дзеі, нават шпацыравалі па сцэне, бы акцёры.

Як жа была дасягнута гармонія між рознымі відамі мастацтва? Пытанне актуальнае, невыпадкова ж лічыцца, што лепшыя вакальныя творы куды часцей узнікаюць на вельмі сярэднюю паэзію: так яны не засланяюць музыку. Вядома, бываюць і выключэнні. Але ж тут “сышліся ў паядынку” ўсе мастацтвы разам: слова, музыка, размаіты відэашэраг, дзе спалучаюцца акцёрская ігра, пластыка, згаданыя “мульцікі”, светлавыя выявы. Хто ж перамог? Як ні дзіўна, усе, уключаючы гледачоў. Кожны са складнікаў спектакля не “каментаваў” астатнія, не “дапаўняў” іх, а выступаў бы самастойны голас кантраснай поліфаніі, дзе няма падзелу на “сола і акампанемент”.

Ды ўсё ж задавала тон не толькі бязмежна таленавітая, харызматычная Святлана, але і ўласна музычная драматургія. У ёй закладзены і сістэма лейтматываў-паўтораў (вобразных, стылёвых, сэнсавых), і ўсё тое багацце інтэртэкстуальных разгалінаванняў, што дазваляла вывесці аповед на папраўдзе касмічныя арбіты. Тая ж “Муха”, якая ў Дзясятнікава была вырашана ў рамантычных традыцыях, тут набыла класіцысцкае і нават яшчэ больш аддаленае па часе барочнае гучанне, ніякіх намёкаў на якое ў вершах няма. “Блыха Пятрова” аказалася вырашана ў жанры бліскучага паланэза. У іншых частках закраналіся і вальс, і джазава-рок-н-рольныя гучанні, і рамансавасць. Скрыпка імітавала балалайку, басэтлю, дуду. З раяля ўвогуле выціскалася неверагодная гульня тэмбраў. Тэрменвокс дадаваў касмічнай загадкавасці, пераводзячы аповед на недасягальна нябесныя сферы. А колькі разнастайнасці ў вакальнай партыі! Ад напаўгаворкі да кантылены, ад рэчытатыўнасці і рытмізаванай дэкламацыі да народных плачаў.

У рамках “TэAРТа” спектакль прайшоў двойчы. Яшчэ адным паўнавартасным паказам можна лічыць яго прагон, што адбыўся за дзве гадзіны да прэм’еры і сабраў аншлагавую залу прэсы, музычных і тэатральных дзеячаў. Зразумела, такі спектакль здольны ўпрыгожыць любы замежны фестываль самага высокага рангу. А што ж беларуская публіка — няўжо больш яго не ўбачыць? Незалежны тэатральна-музычны праект (так было пазначана паходжанне спектакля ў праграме форуму) павінен стала прапісацца і ў нашай культурнай прасторы. Ведаю, былі прапановы пакінуць яго на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дзе ён і дэманстраваўся. Калі гэта здзейсніцца, у выйгрышы застануцца не толькі тыя, хто датычны да стварэння спектакля, але і згаданы РТБД, славуты “прыцягненнем” найноўшых эксперыментаў, што рухаюць развіццё нацыянальнай культуры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"