Спосабы прыцягнення

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Рознага кшталту сацыяльныя праекты ўсё больш набіраюць моцы. І праводзяцца яны дзеля таго, каб насельніцтва звярнула ўвагу на праблему. Вось, скажам, ініцыятывы, датычныя літаратуры, якія ажыццёўлены ў розных краінах.

/i/content/pi/cult/613/13642/5-2.jpgУ Бухарэсце сцены адной са станцый метро ператварыліся ў выяву са стэлажамі. У сталічным метро таксама адбылася падобная акцыя, але ў замежным варыянце можна прасканаваць QR-код кнігі, якая спадабалася, проста на месцы спампаваць яе і чытаць на тэлефоне. Пры гэтым праект падрыхтаваны сумесна з выдавецтвам і даступны для абанентаў любых мабільных аператараў.

Яшчэ ў адным з румынскіх гарадоў прайшла цікавая трохдзённая акцыя: той, хто ў транспарце чытае кнігу — едзе бясплатна. Затым актывісты прапанавалі наступнае: той, хто пакіне на профілі ў сацыяльнай сетцы фотаздымак з кнігай, атрымае скідку.

А супрацоўнікі парыжскага метро кожную вясну праводзяць конкурс непрафесійных паэтаў — “Grand prix poesie”. Умовы ўдзелу — вельмі простыя: сядзіш у метро і занатоўваеш думкі, затым дасылаеш іх на сайт метрапалітэна. Адбор “твораў” праводзіцца па трох узроставых катэгорыях. Лепшыя ж можна будзе прачытаць у цягніку на працягу двух месяцаў.

У балгарскім Плоўдзіве дызайн-студыя пераўтварыла стары тралейбус у бібліятэку, дзе, акрамя 600 кніг, ёсць яшчэ і невялічкая кухня, каб выпіць каву або гарбату. Тут ужо самі напрошваюцца паралелі. Вось каб у Віцебску стварыць у адным з нядаўна адмыслова аздобленых трамваяў тэматычную бібліятэку, якая будзе прысвечана дзеячам групы УНОВИС? Тое ж тычыцца і сталіцы: на Кастрычніцкай вуліцы, як вядома, ужо стаіць размаляваны графіцістамі трамвай, дык чаму б не зрабіць яшчэ адну культурную “кропку”?

На вакзале ў Грэноблі ўсталявалі літаратурныя аўтаматы, якія выдаюць чэкі з апавяданнямі сучасных аўтараў. У чалавека няма магчымасці выбраць аўтара або твор, таму кожны чэк — сюрпрыз. Якія творы патрапілі ў аўтамат? Па выніках конкурсу выбрана 600 аповедаў. Урэшце, мне падаецца, літаратурныя аўтаматы наўрад ці будуць карыстацца поспехам на нашых вакзалах, але каля паркаў, скверыкаў, магчыма, спатрэбяцца.

У Нью-Ёрку можна скарыстацца маленькай бясплатнай бібліятэкай, якая мае форму будкі і знаходзіцца каля кафэ ды парку. Тэлефонныя будкі ў гэтым горадзе таксама прыстасавалі. Каля вулічных тэлефонаў вісяць паліцы з кнігамі. Чым не спосаб прыцягнуць людзей да чытання?.. Гэта ідэя, на мой погляд, добра пасуе наступнай культурнай сталіцы — Бабруйску. Дадаць гораду яшчэ некалькі яскравых ненадакучлівых дробязяў — і атрымаецца запамінальны для бабруйчан і турыстаў іміджавы лоск.

Што ж, ідэй у свеце — багата, думаю, іх можна ажыццявіць у любым абласным цэнтры, маленькім горадзе, вёсцы. Галоўнае, каб была ў тым запатрабаванасць.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст