Чаму б дызайн не “зафрахтаваць”?

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Днямі Беларускі саюз дызайнераў выдаў ілюстраваны даведнік “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы”. Больш за 500 старонак, больш за 300 персаналій, блізу 170 прадметаў (ілюстрацыя і кароткая нататка). Праца над праектам доўжылася чатыры гады.

/i/content/pi/cult/613/13639/4-1.jpgНа думку аўтараў “Тутэйшага дызайну…”, для Беларусі гэты праект беспрэцэдэнтны, бо “гэта першы зварот да праблемы ідэнтычнасці ў такой касмапалітычнай сферы як дызайн”. Тэза пра беспрэцэдэнтнасць падаецца мне спрэчнай, бо развагі пра тое, што дызайн мусіць мець нацыянальнае аблічча, а яшчэ лепш — нацыянальны змест, друкаваліся, да слова, і на старонках нашай газеты. Ды і ўвогуле для дасведчанай грамады пытанне пра нацыянальнасць у дызайне стала надзённым з таго маманту, як у нашым лексіконе з’явілася само слова “дызайн”. Іншая справа, што гэтыя два з паловай кілаграмы выяў і тэкстаў (прыблізна столькі важыць даведнік) могуць стаць грунтоўным аргументам на карысць праваты тутэйшых прыхільнікаў “нацыяналізацыі” глабальных з’яў у іхняй бясконцай спрэчцы з зацятымі “касмапалітамі”. У такой якасці выдавецкі праект саюза сапраўды паўстае ўпершыню.

Мяне “Тутэйшы дызайн…” уразіў найперш сваім дызайнам і інфармацыйнай насычанасцю. Упэўнены, што выданне будзе адзначана на бліжэйшым Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Можна толькі пашкадаваць, што з прычыны высокага кошту і малога накладу кніга застанецца выключна прэзентацыйнай. Я ўспрымаю “Тутэйшы дызайн…” як каталог віртуальнага Музея матэрыяльнай культуры Беларусі, у якім прадстаўлены побыт і тэхналагічны ўзровень прамысловай і рамесніцкай вытворчасці нашага краю ў мінулым стагоддзі з даважкам рэалій сівой даўніны. Ён дапоўнены рэкламай сучасных дызайнераў і мастакоў. Гэта слушны маркетынгавы ход. Нездарма пры кожным музеі ёсць крама. Зазірнуўшы ў мінулае, асэнсаваўшы сённяшні дзень, мусіш задумацца і пра будучыню нашага дызайну. Гістарычнымі каранямі варта ганарыцца, але ці адпавядае наш сённяшні дзень, наша культурная рэчаіснасць сусветным стандартам? Ці зарэзервавана нам месца ў глабальным свеце, сённяшнім і будучым?

Спашлюся на прыклад, які наўпроставага дачынення да тэмы нататкаў не мае. Летась я з жонкаю адпачываў у Чарнагорыі, у Будве. Той Будве больш як дзве тысячы гадоў. Ідзем мы экскурсіяй па горадзе, гід распавядае нам, якая слаўная гісторыя ў Будвы, якія вялікія цывілізацыі тут пакінулі свой след. І раптам паўз нас у бок выспы Сан-Стэфана, дзе адпачываць па кішэні не проста багатым, а толькі вельмі-вельмі багатым людзям, праязджае шыкоўны кабрыялет… Ведаеце, у гэты момант уся будванская гісторыя, а разам з ёю і ўсе святыя камяні Чарнагорыі падаліся мне і, упэўнены, іншым экскурсантам чымсьці не надта вартым увагі ў параўнанні з гэтым цудам тэхнікі і знакам высокай прэстыжнасці. Бо той кабрыялет успрымаўся не йнакш як карабель іншапланецян на вясковай вуліцы.

Дык вось каб побач з гістарычнымі артэфактамі, прадстаўленымі ў “Тутэйшым дызайне…”, змясціць работы класікаў дызайну мінулага стагоддзя, скажам, Томаса Мальданада або Ціма Сарпаневы, у большасці гледачоў быў бы стрэс, аналагічны таму, пра які я апавядаў вышэй. Гэта не закід у адрас аўтараў даведніка, якія зрабілі велізарную, патрэбную грамадзе працу. Гэта думкі з нагоды знаёмства са згаданай кнігай. На прысутнасць, на пэўнае месца ў глабальнай прасторы з прыведзенага ў даведніку могуць прэтэндаваць хіба аўтамабіль “Белаз” і трактар “Беларус”. Для рэгіёна вялікай дзяржавы гэта дастаткова, а для суверэннай краіны — замала.

Сёння Беларусь разам з усёй Усходняй Еўропай трапляе пад вызначэнне “цывілізацыя, што даганяе”. Гэта значыць, што для прызнання Беларусі за раўнапраўнага партнёра нам давядзецца засвоіць законы сусветнага рынку, навучыцца рабіць рэчы, адпаведныя сусветным стандартам. У гэтай сітуацыі дызайн можа быць вельмі карысным як сродак адаптацыі краіны да глабальных працэсаў. Аднак відавочна (і гэта пацвярджае рэкламны блок даведніка), што беларускія дызайнеры засяроджаны, у асноўным, на стварэнні побытавага камфорту, эстэтычнай аздобы жыцця. Справа патрэбная, у савецкі час нам гэтага вельмі не хапала.

Але ж тое, што дызайн не задзейнічаны (або недастаткова задзейнічаны) у прамысловасці, наўрад ці можна лічыць нармальным. Іншая справа, што ў сітуацыі, калі Беларусь ператвараецца ў зборачны цэх распрацаванай у замежжы прадукцыі, нашаму дызайнеру сапраўды няма чаго рабіць. Атрымліваецца, што каб не страціць кваліфікацыю, ён або з’язджае за мяжу, або працуе на радзіме ў мясцовым філіяле замежнай фірмы. З аднаго боку ў нас Захад з высокімі тэхналогіямі, да якіх нам трэба адаптаваць нават не столькі сваю прамысловасць, як псіхалогію, у пэўным сэнсе разбэшчаную папярэдняй эпохай. З другога — Кітай, які за кошт танных версій сусветных брэндаў выціскае нашых жа вытворцаў з нашага ўнутранага рынку.

Дызайн у гэтай сітуацыі — не панацэя, не залаты ключ да дзверы, за якой Бураціна шчасце знайшоў. Але, нагадаю, дызайн вылучыўся ў самастойную прафесію менавіта ў часы вялікага крызісу 1930-х гадоў і ў пэўнай ступені выхаду з крызісу спрыяў. Я абсалютна ўпэўнены, што калі беларускі дызайн, які зараз нібы ў свабодным плаванні, будзе паўнавартасна “зафрахтаваны” дзяржаваю, краіне будзе лягчэй адолець прастору будучыні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"