“Д” не заўсёды “дзяцінства”

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

На мінулым тыдні ў кінатэатры “Піянер” можна было паглядзець 8 конкурсных дзіцячых і юнацкіх карцін штогадовага “Лістападзіка”. Аднак, сёлета гэта былі не самыя адназначныя, не самыя простыя, а месцамі нават не юнацкія стужкі. Пра што яно, гэта (не)дзіцячае кіно?

/i/content/pi/cult/613/13637/7-1.jpgПра дабро і людзей

Азербайджанскія рэжысёры Рафік Аліеў і Джавід Тавакул зрабілі простае, але ад гэтага не без вытанчанага стылю і глыбокага сэнсу кіно. “Урок” атрымаў “Залаты лістападзік” і быў прадстаўлены на шырокім экране з шматгалосай агучкай. Адназначны плюс за назву, таму што “ўрок” — гэта і наводка, маўляў, фільм усё ж на школьную тэматыку. Але галоўны сэнс назвы ў іншым. Немудрагелістая гісторыя хлопчыка Халіда, якога не любяць у класе не столькі за тое, што ён тоўсты і непаваротлівы, колькі за яго востры розум і добрае сэрца. Вось ён і дае ўрок сваім крыўдзіцелям, але зусім без злосці, хутчэй, з недзіцячай мудрасцю і любоўю. Дарэчы, мудрасць як галоўная скразная тэма ў кінастужцы добра карэлюе з праблемай дзіцячай жорсткасці і праз яе, па сутнасці, раскрываецца. Цікавая сцэна, дзе Халід робіць сюрпрыз сваім аднакласнікам і кожнаму прысвячае верш уласнага сачынення наконт яго (яе) імя. Вершы не выглядаюць графаманскімі, а наадварот, акрамя іх сэнсавай каштоўнасці, яны маюць цікавую форму, неардынарныя параўнанні ці метафары. Думаю, што паэзія стала той самай нечаканай кульмінацыяй у прадказальным (калі быць шчырымі) сюжэце. Упрыгожваннем фільма стала меланхалічная музыка (чамусьці яна нагадвае савецкую “Іронію лёсу…”) і некаторыя прыёмы кшталту запаволенай здымкі.

А вось на фільм Дамініка Весэлі “Прыгоды Нэлі” (з аднагалосай агучкай, якая псавала ўспрыманне яркага, насычанага візуальна дзіцячага кіно) трапіла падчас яго прадстаўлення рэжысёрам. Весэлі распавёў, што над сцэнарыем працавалі два чалавекі на працягу 10 гадоў, абодва яшчэ маленькімі ездзілі з сям’ёй у Румынію, у той час адзін з іх згубіўся, і гэта гісторыя аказалася ў аснове сюжэта. Сям’я Клабунд пераязджае з трынаццацігадовай дачкой Нэлі з Германіі ў Румынію з прычыны выгаднай прапановы па працы, якую зрабілі бацьку сямейства. Прыгожыя пейзажы, добрыя людзі, але ўсё добра не бывае, і дачка пачынае бунтаваць супраць пераезду, апынаючыся, у выніку, закладніцай. Фільм асэнсаваны і цікавы, але здаецца смешнай такая відавочная гульня на стэрэатыпах. Першую палову фільма цыгане прадстаўлены як хітры, вёрткі, не вельмі прыемны народ, другую — самаадданы і недазразумелы. Наогул, усё добра, як і павінна быць у дзіцячым кіно, але хронаметраж нібы адмыслова падзелены на дзве часткі: “да” і “пасля”. І для папярэджання: некаторыя мамы былі незадаволеныя парай момантаў, дзе дэманстраваліся “дарослыя рэчы”. Не ведаю дакладна, дзе яны іх убачылі, але (так, на ўсялякі выпадак) на афішы было абмежаванне “10+”.

Пра стэрэатыпы і грамадскую думку

Рэжысёрскі дэбют Ота Бэла пасуе людзям любога веку. “Маленькая паляўнічая з беркутам” — фільм дакументальны, але, шчыра кажучы, дакументальнасць тая ніколькі не сумная, яна надае стужцы натуральнасць, сапраўднасць, і, разам з тым, вытанчанасць, якія не “адпускаюць” гледача да апошняга кадра. Айшалпан з дзяцінства была дзяўчынкай асаблівай, замест традыцыйнай жаночай працы, якой павінны займацца дзяўчыны ў патрыярхальным грамадстве, адкуль гераіня выйшла, яна абрала працу, пра якую марыць. Як і бацька, Айшалпан стане ўтаймавальніцай дзікіх птушак, але ёй давядзецца прайсці праз чараду выпрабаванняў і непаразумення з боку людзей. Каштоўнасць карціны складаюць не толькі сюжэт і рэжысёрская работа, але і захапляльныя пейзажы горнага Алтая і цікавыя ракурсы актыўнага дзеяння (напрыклад, калі Айшалпан залазіць у гняздо беркутаў). Выклікае сімпатыю і маленькая паляўнічая, і яе бацька, і маці, што асабліва падтрымлівае сваю дачку. Дарэчы, тут развіваецца і папулярная сёння тэма фемінізму, якая і гучыць вуснамі маці: “Я веру, што гэта права жанчыны — выбіраць”.

Нямецкія рэжысёры Эві Гольдбрунэр і Ёхім Дольхопф зрабілі вострасацыяльную карціну “На ўзроўні вачэй”, за якую атрымалі адразу дзве ўзнагароды: за лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме і спецпрыз журы. З пункту гледжання сюжэта — не банальна і не прадказальна, што адразу выклікае давер ды жаданне даглядзець да канца. Міхі жыве ў інтэрнаце, маці памерла, таты няма. Але вось ён, шанц пазнаёміцца са сваім бацькам, які нават не ведае пра яго існаванне. Міхі знаёміцца, але адразу перастае марыць пра штосьці агульнае са сваяком, таму што апошні аказваецца з так званым фізічным недахопам. Цікава, што рабіць: вяртацца ў дзіцячы дом, дзе кожны імкнецца паздзеквацца і назваць “сынам карліка”, ці паспрабаваць змяніць стэрэатыпнае мысленне навакольных… Нягледзячы на камедыйны жанр, кіно гэта сур’ёзнае. У некалькіх звычайных дыялогах столькі філасофіі, колькі няма нават у пэўных псіхалагічных трылерах. Асабліва падабаецца момант на пачатку, калі сябар Міхі кажа, што пад вадой рост вызначыць цяжка, на што мае адказ: “Каб толькі ўвесь свет быў пакрыты вадой”. Сумна і крыўдна. Але апошні пазл устае на сваё месца і “здымае” крыўду і сум, калі фільм завяршаецца фразай: “Пад вадой усе мы аднаго росту, але самае дзіўнае, што гэта не мае ніякага значэння”.

Пра гіперрэальнасць

Гіём Сенэс паказаў сваю неабыякавасць да падлеткаў і іх праблем праз максімальна рэалістычны, момантамі абсурдна праставаты фільм “Брамнік”. Вось дзе для сюжэта не патрэбна было выдумляць штосьці новае і непрадказальнае, але, магчыма, гэта не з’яўляецца новым толькі для нашай лакацыі і часу! Пятнаццацігадовая дзяўчына сустракаецца з хлопцам, зацяжарвае і вырашае пакінуць дзіцятка, каб жыць далей шчаслівай і поўнай сям’ёй. Аднак, крок за крокам, Мэлані пераглядае свае рашэнні, а потым зноў вяртаецца да зыходнай кропкі (і так некалькі разоў). Незразумела толькі адно — галоўны герой, Максім, брамнік — сапраўды заўсёды ў цэнтры ўвагі, але думка карціны не такая ўжо і аднабаковая. Па сутнасці, Мэлані — галоўная, ключавая фігура ў расшыфроўцы гэтага сэнсу. Яна заўсёды робіць так, як хоча (ведаеце, увесь час). Зноў модны фемінізм прасочваецца скрозь нібыта відавочныя пласты падлеткавых праблем і нібыта прымітыўных рэальных форм. І становіцца сорамна: гэта ты такі нездагадлівы ці рэжысёр штосьці “намудраваў”? Тым не менш, галоўнае ў стужцы — людзі, і акрамя іх там літаральна няма нічога. Такі падыход робіць карціну псіхалагічнай і неаднастайнай.

Метафарычны фільм “Жалейка” з жывым дыялектам і амаль усімі непрафесійнымі акцёрамі зняла рэжысёр Эліза Пяткова. Так, фільм пра рэальнасць, але знята гэта рэальнасць з дапамогай новастворанай, аўтарскай мовы. На кожным кроку — вобразы, сімвалы, проста асаблівыя значэнні, якія могуць мець некалькі дзясяткаў расшыфровак, гэта значыць для кожнага карціна будзе пра рознае. Хтосьці ўбачыць тут немагчымасць разарваць жыццёвы цыкл ад дзяцінства да старасці і смерці, і ў гэтым трагедыю. Хтосьці ў тых жа вобразах — немагчымасць імкнення да набыцця сваіх мар (таму што тваё жыццё і нават смерць ужо запланаваныя). Бясконцыя козы, ручай, у які пасля цяжкай сітуацыі гераіня апускае жалейку (жалобны шалік), — гэта самыя простыя сімвалы, па якіх можна прачытаць цягу да жыцця, творчасці ці самавыражэння. “Менш слоў — больш паэтыкі” — як слоган размеранай, спакойнай карціны, пасля якой яшчэ шмат часу хочацца падумаць над тым, чаго жадаеш сам.

Пра розум і мастацтва

Галоўны прыз “За лепшы фільм” атрымаў вядомы французскі рэжысёр, чыё імя дакладна ніколі не асацыявалася з дзіцячым кіно. Гэта — Мішэль Гандры і яго “Мікроб і Бензін”. Мікроб і Бензін — мянушкі школьных сяброў, двух дзівакаватых інтэлектуалаў, якіх відавочна дасталі рамкі дазволенага, якія вырашаюць, пабудаваўшы свой дзіўны дом-аўтамабіль, выправіцца ў падарожжа па Францыі. Бясспрэчна камічныя сітуацыі змяняюцца на неадназначна сур’ёзныя (часам здаецца, што ты ўжо трызніш), а часам, калі падаецца, што зразумеў героя, ён раптам пераўвасабляецца ў зусім новага, быццам незнаёмага. Некаторыя простыя фразы галоўных герояў, як у выпадку з “На ўзроўні вачэй”, маюць на ўвазе далейшыя развагі. “Твая індывідуальнасць не мае нічога агульнага з валасамі, гэта залежыць ад учынкаў і выбару, якія ты робіш”. Прабачце мяне аматары Гандры, але адчуванне, што перамог ён у конкурсе выключна фармальна. Таму што лаўрэат “Оскара”, таму што “Вечнае ззянне чыстага розуму”, таму што “Зялёны шэршань”. Не, дзіцячы фільм — мастацтва, фільм — праўда, фільм — каштоўнасць. Але пасля хочацца больш поўнага адчування свету, людзей, сябе, а атрымліваецца, што застаецца чамусьці толькі філасофія і сум.

Фільм з галавы да кончыкаў пальцаў працяты мастацтвам у чыстым выглядзе — гэта “Маленькія мужчыны” Айра Сакса. Дзіўная справа, але сюжэту, па сутнасці, у карціне няма — ёсць канфлікт паміж сем’ямі дзвюх лепшых сяброў Тоні і Джэйкаба. Тоні займаецца ў тэатральнай студыі, марыць пра акцёрскую кар’еру, а Джэйкаб — таленавіты мастак, якога ніхто акрамя Тоні не ўспрымае ўсур’ёз. Ад канфлікту ж сем’яў пакутуюць якраз хлопцы. Але наколькі пачуццёвыя, кранальныя моманты праз тыя праблемы ўзнікаюць! Фільм насычаны адсылкамі да твораў літаратурных і твораў жывапісу, што дае адпаведную рэакцыю — гэта кіно добрае толькі для людзей свядомых, у ідэале — не школьнікаў. Казаць пра штосьці яшчэ ў гэтым фільме вельмі цяжка: пакуль ён ідзе, шмат чаго застаецца неўсвядомленым, непаразумелым, але ўсё адчуваецца на ўзроўні інтуітыўным, эмацыйным і больш глыбокім, чым простае счытванне інтэртэксту. Дарэчы, для мяне засталося вялікай загадкай, чаму стужка адзіная з усіх не ўганаравалася нават дыпломам…

Напрыканцы

У сувязі з тым, што апошнія хвіліны “Маленькіх мужчын” даглядзець было проста немагчыма (не па сваёй віне), хацелася б звярнуцца да настаўнікаў, бацькоў і ўсіх тых, хто ніколі не чытае апісанне фільмаў, на сеансы якіх ідуць. Вы можаце ўсё ж такі гэта рабіць? Глядзець на ўзроставае абмежаванне, жанр, наяўнасць субтытраў? Вельмі палягчае прагляд колькасць пераважна людзей зацікаўленых, а не наадварот. Калі будзем памятаць, што акрамя нас саміх вакол ёсць яшчэ людзі, лепшыя ідэі тых фільмаў, пра якія распавядалася вышэй, аднойчы могуць спрацаваць.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ