Унёсак наперад

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа — 90!
Валерый АНІСЕНКА — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва і прэміі Кіраўніка дзяржавы “За духоўнае адраджэнне”, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — заснавальнік і першы галоўны рэжысёр Тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску, пад яго кіраўніцтвам набылі новае творчае дыханне беларускі радыётэатр (там рэжысёр ажыццявіў больш за 100 пастановак) і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Ён вядомы як стваральнік шэрагу тэлевізійных пастановак, мастацкіх і дакументальных фільмаў. Да гэтага трэба дадаць яго шматлікія акцёрскія работы. На працягу апошніх чатырох гадоў творчае аблічча Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа наўпрост звязана з гэтай асобай. Напярэдадні 90-годдзя славутага калектыву мы сустрэліся з яго мастацкім кіраўніком.

/i/content/pi/cult/613/13636/6-1.jpg— Коласаўскі — мой першы “жывы” дарослы тэатр, які пабачыў падлеткам у Талачыне, куды коласаўцы прывезлі спектакль “Родная маці”. А потым я патрапіў сюды ў якасці артыста пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута. Памятаю карыфеяў коласаўскай сцэны. Прычым не толькі іх сцэнічныя ўзлёты, але і цікавосткі з нашых сустрэч. Скажам, Анатоль Шэлег, народны артыст Беларусі, ішоў неяк мне насустрач у бабровай шапцы, каракулевым каўняры і чамусьці ў спартыўных штанах. Але як ён ішоў — вельмі паважна, самавіта! Альбо славуты Аляксандр Ільінскі, які аднойчы, ідучы са мной, доўга чмыхаў носам, а потым як кашлянуў. Я параіў яму: “Аляксандр Канстанцінавіч, трэба пераціснуць пераноссе, тады добра будзе”. А ён мне: “Дзетачка, Валерык, у жыцці і так мала радасцей, што ж я буду пазбаўляць сябе іх”. Вось такія дробязі. Але яны чамусьці запомніліся. Згадваю, як быў уражаны прыгажосцю, “пародай”, як той казаў, Алены Радзялоўскай, народнай артысткі Беларусі. Я ж рыхтаваў перадачу на абласным тэлебачанні да 40-годдзя тэатра (а пазней і ставіў юбілейны вечар), дзе іграў з ёй ва ўрыўку з “Блуднага сына” (ішоў у нас такі спектакль). Наогул, для мяне ўваходзіны ў тэатральнае жыццё былі ўражвальнымі і эмацыйнымі. Прыгадваю не толькі славутых калег, але і першых гледачоў. Пасля прэм’еры “Вей, ветрык” па п’есе Яніса Райніса, выходжу на апладысменты, але не кланяюся, бо бачу, як каля рампы плачуць гледачы. Я ўзрушаны! Бо разумею, што гэта мае нейкае дачыненне і да мяне. І таму я шчыра ўдзячны гэтаму тэатру, дзе працавалі артысты той старой маскоўскай школы — той жа Ільінскі, тая ж Радзялоўская, Сяргейчык…

— Да іх жа на заняткі, якія вялі мхатаўцы яшчэ першага набору, прыходзіў сам Станіслаўскі, а таксама Качалаў, Міхаіл Чэхаў.

— Так, сувязь наўпрост яшчэ з тымі волатамі! Я потым зразумеў, наколькі гэта важна. І першыя рэжысёрскія крокі былі зроблены таксама тут — казка “Беласнежка і сем гномаў”. Ніколі не забудуся, як ішоў на сваю першую рэпетыцыю і сеў недзе збоку, а Люся Лагун, памочнік рэжысёра, мяне падштурхнула ўперад, у тарэц стала. І я ўпершыню адчуў сябе рэжысёрам, чалавекам, які кіруе і адказвае перад мноствам людзей за лёс спектакля.

— Наколькі разумею, вы, хоць і вучыліся на акцёрскім аддзяленні, мелі схільнасці да рэжысуры?

— Справа нават не ў здольнасцях — цяга была. Калі паглядзець мае студэнцкія сшыткі, дык яны стракацяць развагамі, рэплікамі.

— Потым быў Мінск, Купалаўскі тэатр, стажыроўка ў Маскве... І ваша наступная сустрэча з Коласаўскім тэатрам адбылася праз сорак з гакам гадоў пры пастаноўцы п’есы Георгія Марчука “Кракаўскі студэнт” — пра юнацтва Скарыны…

— Гэта быў гасцявы варыянт. Помніцца цікавая, вобразная сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай — адна з першых яе работ у тэатры. Памятаю маладых Яўгена Бераснева у ролі Скарыны і Наталлю Саламаху-Конанаву ў ролі яго каханай. У ролі арцыбіскупа цудоўна працаваў мой сябар, з якім мы яшчэ ў юнацтве сядзелі ў адной грымёрцы, — Тадэвуш Кокштыс. Гэта была ўдалая п’еса. Мне вельмі імпанавала, што ставіў яе менавіта ў Коласаўскім тэатры. Я адгукнуўся на прапанову кіраўніцтва, і вельмі ўдзячны за яе былому дырэктару Рыгору Шацько. Працаваў з задавальненнем, у мяне было адчуванне свята.

— Наколькі нечаканай аказалася прапанова ўзначаліць калектыў? З якімі праблемамі, перашкодамі сутыкнуліся з пачаткам працы?

— Вельмі складанае пытанне. Гэта было валявое рашэнне колішняга міністра культуры Паўла Латушкі. Але, калі глядзець углыб, ён усё слушна зрабіў. Таму што тэатр знаходзіўся ў крытычнай сітуацыі. Сюды павінен быў прыйсці чалавек з моцнымі прынцыпамі, воляй. Жаданнем выканаць задуманае. Я і прыйшоў з такімі ўласцівасцямі. Пад Новы год выйдуць мае “Віцебскія дзённікі”, дзе я падводжу вынікі зробленага за чатыры гады. Гэта быў вельмі цікавы, значны перыяд майго жыцця, асабліва першыя два гады, калі я быў адказны за ўсё, нават за надвор’е. Дырэктар і мастацкі кіраўнік у адной асобе — гэта магутная ўлада, але і моцная адказнасць. Людзі, у большасці сваёй, паверылі мне, пайшлі за мной. Але, як і ў любой справе, былі і праціўнікі. У маёй кнізе ёсць канкрэтныя лічбы і факты, якія пацвярджаюць, што мне ўдалося зрабіць. За час кіравання на “здвоенай” пасадзе, а гэта два з паловай гады, скажам, было пастаўлена 30 новых спектакляў.

— Навошта так шмат?

— Неабходна было “разбудзіць” трупу, загрузіць усіх ролямі, змяніць рэпертуар (павярнуцца да сённяшніх праблем, пусціць на сцэну сучасную драматургію), выпрацаваць сучасны стыль акцёрскага існавання. Стаць сучасным, жывым тэатрам, вярнуць да сябе сур’ёзнага гледача, прыцягнуць моладзь. Задачы не на адзін сезон — на гады. Паралельна многае ўдалося зрабіць у гаспадарцы тэатра: з дапамогай Міністэрства культуры набылі новы аўтобус, адкрылі тэатральную гасцёўню, падрыхтавалі новую малую сцэну, перавялі на “лічбу” гук, святло і многае іншае. Але асноўныя мае намаганні былі скіраваныя на трупу. Я практычна з кожным артыстам зрабіў тую ці іншую ролю. Запрошана на пастаноўку 15 рэжысёраў, у тым ліку стваральнік і мастацкі кіраўнік Маскоўскага тэатра “На Юго-Западе”, народны артыст Расіі Валерый Беляковіч з “Рамэа і Джульетай”, і яго спектакль дасюль упрыгожвае нашу афішу.

— Наколькі ўдалося ажыццявіць творчую праграму?

— Наша справа практычная, і таму трэба глядзець і прыгадваць спектаклі, там ёсць свая эстэтыка, свая адметнасць — у выбары п’ес, існаванні акцёраў на сцэне, сцэнаграфіі. У кожным убачым пераканаўчыя акцёрскія работы — гэта і ёсць доказ слушнасці праграмы. Селянін пасеяў жыта, хай месцамі яно і вымакла, але вырасла. Так і тут, у тэатры: калі нехта пачуў мяне, вынік ёсць, нехта не пачуў — выніку няма. Найбольшы доказ і мая радасць — адкрыццё драматычнага таленту выдатнага акцёра Юрася Цвіркі. Гэта было поўнай нечаканасцю для ўсіх, калі ён, прызнаны комік, “народны артыст Віцебска”, узняўся да трагедыйных вяршынь у “Макбеце”. Цяжка прызнаць гэта самім? Пацверджанне — поспех на міжнародных фестывалях. Маю вялікую радасць ад работы з магутнай актрысай Тамарай Скварцовай, артысткай з глыбокім тэатральным полем, багатай сцэнічнай біяграфіяй. Да ўсяго, займаўся і займаюся выхаваннем акцёра, як і ў іншых тэатрах. Сёння гэта рэдкая якасць — бацькоўская, і людзі яе адчуваюць. Хацеў бы адзначыць маладога артыста Рамана Салаўёва. Ён валодае сучасным мысленнем, паводзінамі і сучаснай сцэнічнай мовай. Дадам, што многія з коласаўцаў пры мне сыгралі такія ролі, якія за ўвесь свой творчы лёс не атрымлівалі. Напрыклад, Зінаіда Гурбо стварыла вобраз Бернарды Альбы.

— Якім вам бачыцца Коласаўскі тэатр у кантэксце творчага жыцця краіны?

— Прыйшоў новы час, і мы яшчэ самі дакладна не асэнсавалі, наколькі ён іншы. Нездарма гаворыцца пра чацвёртую, тэхналагічную, рэвалюцыю. Ды цяпер эканамічныя ўмовы такія, што не наездзішся па гастролях. Хоць мы пару разоў былі ў Мінску, паказалі і “Макбета” і “Пахавайце мяне за плінтусам”. Але цяпер гэта складана. Культурны абмен фактычна знік. І тут нам трэба спусціцца з вышынь на грэшную зямлю. Мы мала на што ўплываем. Нават у Віцебску. Тэатр жа апошніх гадоў у прынцыпе дае адну і тую ж рэч — камерцыйныя спектаклі. Трэба ж выхоўваць і сябе і гледача, а “петрасянаўшчыну” з тэатра выганяць прэч. Тэатр — не маскультура, а адзін з базавых відаў мастацтва.

— А як выжываць?

— Так ставіць пытанне нельга: самаакупнасці не павінна быць у тэатры, яе нідзе ў свеце няма. Мастацтва — гэта шматгадовы ўнёсак наперад, яно з людзей, з натоўпу робіць нацыю. А потым нейкім дзіўным чынам паўплывае і на ўраджай бульбы або пшаніцы. Мы часцяком гэтага не разумеем.

— Зусім нядаўна вы пабывалі ў Расіі, у Іркуцку, дзе ўвасобілі пастаноўку шэскпіраўскага “Макбета”…

— Я трапіў у тэатр сваёй мары. Уявіце сабе: ім кіруе больш за 30 гадоў выдатны дырэктар Анатоль Стральцоў, заслужаны работнік культуры Расіі. Больш за тое, ён мне сказаў у прыватнай гутарцы, што 80% работнікаў працуе з ім больш за 20 гадоў. Ён стварыў непараўнальны творчы калектыў. Спектакль атрымаў добрыя водгукі ў прэсе, наколькі ведаю, на яго добра ходзяць. Магу сказаць, што я не падвёў ні сябе, ні свой тэатр, ні сваю краіну.

— З якімі прэм’ерамі, праектамі сустракае Коласаўскі тэатр сваё 90-годдзе?

— Да канца года мы пакажам яшчэ дзве прэм’еры. Першая — меладрама італьянскага драматурга Альда Нікалаі “Матылёк… Матылёк…” Гэта мой падарунак да 70-годдзя заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Скварцовай. Рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Краснабаеў рыхтуе для маленькіх гледачоў казку “Прыгоды Дзюймовачкі” (аўтар п’есы — расійскі драматург Павел Ісайкін). У наступным годзе нас чакае цікавая работа маёй вучаніцы Ірыны Цішкевіч спектакль “Злачынца з роду Дастаеўскіх” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Ягора Конева. Дзея гэтага гістарычнага дэтэктыва адбываецца ў часы Вялікага Княства Літоўскага (што ўжо само па сабе цікава). Ніна Обухава, таксама мая вучаніца, працуе над інсцэніроўкай кнігі Святланы Алексіевіч “Цудоўны алень вечнага палявання”. Адмыслова для народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса Сяргей Кулікоўскі, галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра з Мінска, плануе паставіць “Дзядзечкаў сон” Фёдара Дастаеўскага. У планах тэатра таксама камедыі Браніслава Нушыча “Доктар філасофіі” (рэжысёр Міхась Краснабаеў), Жана-Батыста Мальера “Хітрыкі Скапэна” (Ірына Цішкевіч), “Гэтыя вольныя матылі” Леанарда Герша (Юрый Пахомаў). Гэта выдатны літаратурны, драматургічны матэрыял, а які атрымаецца вынік — пабачым.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа