Форум: ад “вялікага” да...

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

17 — 18 лістапада ў Мінску прайшоў V Форум маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню. СМІ: маральнае вымярэнне”. У рамках падзеі ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся прэс-дыялог з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова.

Маладыя журналісты, якія сабраліся ў сталіцы з усіх рэгіёнаў краіны, закранулі розныя пытанні: ад дзейнасці клубаў, музеяў, бібліятэк на вёсцы да развіцця беларускага кіно, але ўсе пытанні аб’ядноўвала адна тэма  — вынікі Года культуры.

Адна з галоўных задач Міністэрства культуры якая тычылася нарматыўнай базы, была вырашана. На сёння Кодэкс аб культуры ўжо падпісаны Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка. І ўжо праз два месяцы Кодэкс уступіць у сілу. Таксама міністр культуры Барыс Святлоў вылучыў некалькі праблем музеяў і бібліятэк сельскай мясцовасці. Раней у краязнаўчых музеях рабіліся экспазіцыі па адным шаблоне: кожны раённы музей стараўся ісці ад “вялікага” да “прыватнага” — гісторыі рэгіёна. А зараз галоўная задача музеяў у тым, каб у аснове была гісторыя месца знаходжання музея, што патрабуе новага падыходу, пошукаў формы падачы матэрыялу. Сёння экспазіцыя павінна адпавядаць часу, а гэта ўжо звязана са свядомасцю музейных супрацоўнікаў.

Што да бібліятэк, дык яны першыя з устаноў “адчулі” аптымізацыю. У якасці эксперымента праводзілася аб’яднанне публічных ды школьных бібліятэк, і яны мусілі адчуць на сябе якасныя змяненні. Уласна бібліятэкі як форма працы, адзначыў міністр, крыху састарэлі, таму вядзецца гаворка пра інфармацыйныя цэнтры.

Культура, па словах Святлова, павінна зарабляць самастойна, і яна можа гэта рабіць. Так, 25 працэнтаў (сярэдні паказчык па краіне) лёгка зарабляюцца ўстановамі культуры. Ёсць і тыя інстытуцыі, якія маюць і 40 і нават 60. Міністр адзначыў, што Нацыянальны мастацкі музей — прыклад таго, як можна здзяйсняць камерцыйную і асветніцкую дзейнасць, а таксама падтрымліваць розныя пласты насельніцтва.

— Упершыню за ўсю гісторыю Беларусі, у тым ліку і суверэннай, зрабілі выставу беларускіх праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіх ікон, якія былі паказаны ў музеях Ватыкана, — казаў падчас свайго выступлення ў рамках прэс-дыялогу Уладзімір Пракапцоў. — Напрыканцы Года культуры прэзентуем палатно Яна Дамеля, якое зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі. Да ўсяго, рыхтуемся да 130-годдзя Марка Шагала і 100-годдзя Антона Бархаткова ды іншых мастакоў-юбіляраў.

Па словах гендырэктара НММ, сёння музейны супрацоўнік павінен быць і навукоўцам (мог пісаць артыкулы, кнігі), і экспазіцыянерам (мог зрабіць выставу), і кіраўніком праграм.

Міністр культуры таксама адзначыў, што Год культуры паспрыяў “культуратвочасці” супрацоўнікаў. Год культуры ў Беларусі падтрымалі за мяжой, больш за тое — з’явіліся новыя формы работы ў гэтай галіне. Прыклад  — сумесны праект Аўстрыйскі культурны сезон у Беларусі. Што да кінематографа, дык Святлоў згадаў: “Краіна выдзяляе нямала фінансаў на падтрымку нацыянальнага кіно. Міністэрства робіць конкурс кінапраектаў, у якім могуць прымаць удзел прыватныя кінастудыі, і адзіная ўмова — каб яны з’яўляліся рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь. Многія прыватныя праекты куды цікавейшыя за тое, што робіць “Беларусьфільм”, таму ў маладых кінематаграфістаў ёсць магчымасць зняць альманах”.

Не абышлося і без пытання наконт наступнай культурнай сталіцы — Бабруйска. Ці будзе дапамога Міністэрства культуры ў аднаўленні гісторыка-культурнага помніка — Бабруйскай крэпасці? Святлоў падкрэсліў, што ўсе помнікі знаходзяцца пад увагай, але фінансаванне збольшага наступнае: 50 % павінны выдзеліць мясцовыя ўлады і 50 % — Міністэрства культуры. Але пакуль што трэба аднавіць тыя помнікі, над якімі ўжо вядзецца работа, зазначыў кіраўнік Мінкультуры.

Прэс-дыялог, які павінен быў даць адказы, разам з тым, узняў многія пытанні. Для сябе я пазначыла наступнае. Якім чынам і за які тэрмін музейныя супрацоўнікі павінны змяніць канцэпцыю краязнаўчых музеяў? Што з сябе ўяўляюць інфармацыйныя цэнтры? Як не згубіць чалавечы фактар, калі ўсё больш ва ўстановах культуры прысутнічаюць мультымедыйныя тэхналогіі?..

Іншыя пытанні ўзнімаліся на пленарным пасяджэнні “Маральнасць як асноватворны прынцып прафесійнай дзейнасці журналіста”, якое адбылося 18 лістапада ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Падчас прэс-падходу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі сказаў, што планы і стратэгіі, якія закладваюцца ў рамках гэтага форуму — будучыня не толькі журналістыкі, але і ўсёй краіны, магчыма нават і саюзных праектаў.

— Форум аб’яднаў паняцці “маральнасць” і “духоўнасць”, і не з’яўляецца сакрэтам, што выхаваўчы працэс, фарміраванне духоўнасці і маральнасці — цяжкая праца. І ад таго, наколькі зможам яго эфектыўна арганізаваць, — залежыць наша будучыня, — падкрэсліў Бузоўскі.

Некалькі слоў перад пленарным пасяджэннем дадала і міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

— Мы разумеем, як важна данесці праўду. А праўдзівая інфармацыя — маральная. Журналіст, як і ўрач, — павінен дапамагчы, а не нашкодзіць. У краіны — вялікія задачы, вялікія перспектывы, адказны гістарычны перыяд развіцця і, канешне, трэба глыбока і ўдумліва ўглядацца ў развіццё нашай краіны як у цэнтры, так і ў рэгіёнах. У першую чаргу маладыя журналісты павінны быць грамадзянамі сваёй краіны, асобамі са сваёй адказнай грамадзянскай пазіцыяй, з разуменнем, што слова — не верабей. Вельмі важна, каб мы рабілі ўсё з любоўю да сваёй прафесіі і да краіны, — сказала журналістам Лілія Станіславаўна.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст