Паўмільёна на культуру

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

На фінансаванне творчых праектаў некаторым установам культуры з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзеляць больш як 500 тысяч рублёў. Адпаведнае распараджэнне аб зацвярджэнні рашэння савета фонду Кіраўнік дзяржавы падпісаў 15 лістапада. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага Лідара.

/i/content/pi/cult/613/13630/1-1.jpgТак, грашовыя сродкі выдзеляць Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку на рэстаўрацыю і падрыхтоўку да экспанавання алейных роспісаў XVIII — XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы ў старажытным горадзе над Заходняй Дзвіной. Як кажа дырэктар установы Тамара Джумантаева, па плане з фонду Прэзідэнта да іх павінна ў хуткім часе паступіць 76 тысяч “новых” рублёў.

— На гэтыя грошы будзем працягваць працу над далейшай рэстаўрацыяй роспісаў у храме, — адзначыла візаві. — А ўжо потым усталюем у музеі дзве дадатковыя вітрыны, дзе і будуць экспанавацца адрэстаўраваныя работы. Дарэчы, падумаем над тым, каб уключыць гэтыя алейныя роспісы ў нашу перасоўную экспазіцыю, каб з імі маглі пазнаёміцца як мага больш людзей.

Таксама фінансавую падтрымку з фонду Прэзідэнта атрымае Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва — на стварэнне новай інтэрактыўнай экспазіцыі музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” — для стварэння архіўных копій фільмаў “залатой калекцыі” беларускага кінематографа ў мэтах іх шырокага паказу ў Беларусі ды Дзяржаўны ансамбль танца — для стварэння і паказу канцэртнай праграмы “Спадчына” ў рамках міжнароднай культурнай акцыі “Беларускі дзень” (“Belarus Day”).

— Сапраўды, у наступным годзе мы плануем зладзіць акцыю у шэрагу замежных краін, — адзначыў “К” дырэктар-мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч. — Хутчэй за ўсё, наш маршрут пройдзе па Фінляндыі, Літве, Латвіі, Эстоніі і Расіі. Праграма выступленняў будзе складацца з двух блокаў пад умоўнымі вызначэннямі пра старажытную і сучасную Беларусь. У першай частцы прадставім беларусаў як нашчадкаў крывічоў, прадэманструем гледачам сярэднявечныя матывы, музыку і танцы эпохі Радзівілаў і Вялікага Княства Літоўскага ды многа чаго яшчэ. У другой частцы, натуральна, змесцяцца набыткі сучаснага беларускага танца: тут нам таксама ёсць што паказаць замежніку.

Грошы пойдуць на набыццё тэхнічнага абсталявання, на закупку касцюмаў для выступленняў артыстаў падчас міжнароднай акцыі.

Акрамя таго, грашовыя сродкі запланавана выдаткаваць Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча на правядзенне майстар-класаў і фінальнага канцэрта рэспубліканскай акцыі “Харавое Веча”, а таксама Гомельскаму дзяржаўнаму цырку на мадэрнізацыю светлавога абсталявання пры падрыхтоўцы да Першага фестывалю цыркавога мастацтва Саюзнай дзяржавы, які мяркуюць зладзіць у 2017 годзе.

Як распавёў “К” генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага цырка Якаў Лабовіч, атрыманыя грошы прыйдуцца ім вельмі дарэчы.

— На прыкладна 90 тысяч рублёў плануем абнавіць светлавое абсталяванне, якое эксплуатуецца з пачатку 1970-х, — заўважыў кіраўнік установы. — Нам трэба ўсталяваць больш за 20 новых пражэктараў (64 у нас працуюць, але таго недастаткова), паставіць сучасныя асвятляльныя прыборы, каб прадстаўленні праходзілі на больш якасным узроўні. Не сакрэт, што найноўшая тэхніка каштуе вельмі дорага, так што грошы з фонду Прэзідэнта вельмі паспрыяюць у мадэрнізацыі нашага цырка. (Дарэчы, “К” пісала пра такую праблему ў рамках адной з онлайн-канферэнцый у 2016-м).

Як адзначылі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, прыняцце распараджэння Прэзідэнта ў Год культуры з’яўляецца сведчаннем увагі дзяржавы да захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, стварэння спрыяльных умоў для развіцця турыстычнага патэнцыялу краіны і пазіцыянавання беларускай культуры як складніка сусветнай культурнай прасторы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"