Букет мастацтваў Таджыкістана

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

З 10 па 14 лістапада ў нашай краіне праходзяць Дні культуры Таджыкістана. Апошняя сустрэча з культурай гэтай краіны ў такім фармаце адбылася 8 гадоў таму. Чым гэтым разам радуюць майстры Таджыкістана?

/i/content/pi/cult/612/13624/2-2.jpgПерад адкрыццём Дзён культуры, якое адбылося ў Белдзяржфілармоніі 10 лістапада, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў адзначыў, што ў нас даўнія сувязі з Таджыкістанам. У 1994 годзе было заключана міжурадавае пагадненне, якое было ўдакладнена ў 2001 годзе паміж міністэрствамі культуры краін. А галоўным з’яўляецца тое, што на гэтым этапе Беларусь і Таджыкістан перайшлі да стадыі заключэння прамых дагавораў паміж установамі культуры. Першымі ў нашай краіне іх заключылі з адпаведнымі ўстановамі ў Таджыкістане Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Падчас урачыстага адкрыцця падзеі Барыс Святлоў падкрэсліў: “Дні культуры Таджыкістана ў Беларусі — знамянальная падзея ў культурным жыцці нашых краін. А сённяшні канцэрт стане святам мастацтва, і дазволіць нам бліжэй пазнаёміцца з сучаснай культурай і мастацтвам Рэспублікі Таджыкістан”. Першы намеснік Міністра культуры Таджыкістана Ібадула Машрабаў у прывітальным слове надаў асаблівую ўвагу беларускай літаратуры. “У Таджыкістане добра ведаюць, што за многія стагоддзі беларускі народ стварыў багатую, разнастайную і традыцыйна-самабытную культуру. Асаблівых поспехаў дасягнула беларуская літаратура. Імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Васіля Быкава вядомыя ў многіх краінах. За многія гады творы гэтых аўтараў былі перакладзены і выдадзены тысячамі экзэмпляраў у Таджыкістане. А па п’есах беларускага драматурга Аляксея Дударава былі пастаўлены спектаклі нашымі рэжысёрамі на сцэнах таджыкскіх тэатраў” — сказаў Ібадула Машрабаў.

Так, пятніца стала яскравым букетам мастацтваў Рэспублікі Таджыкістан. У галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава сучасных мастакоў Таджыкістана, а ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі п’ес беларускага драматурга Аляксея Дударава на таджыкскай мове. А з 11 па 13 лістапада ў кінатэатры “Беларусь” пройдзе паказ мастацкіх і дакументальных фільмаў таджыкскіх рэжысёраў. У нядзелю ў Палацы мастацтва горада Бабруйска адбудзецца канцэрт творцаў з Таджыкістана.

Фота аўтара

 

Дарэчы

Дні беларускай культуры прайшлі 1 — 2 лістапада ў Турэцкай Рэспубліцы напярэдадні афіцыйнага візіту ў Беларусь яе лідара Рэджэпа Таіпа Эрдагана. На адкрыцці іх, паведамляе прэс-служба беларускага Міністэрства замежных спраў, прысутнічаў намеснік міністра культуры нашай краіны Аляксандр Яцко, які адзначыў вялікі ўклад сферы культуры ў беларуска-турэцкія ўзаемаадносіны і двухбаковыя кантакты. У рамках свята Беларускае тэлеграфнае агенцтва арганізавала фотавыставу “Беларусь сёння”, а Заслужаны калектыў краіны Дзяржаўны ансамбль танца пад кіраўніцтвам народнага артыста Валянціна Дудкевіча даў канцэрты ў Анкары і Эскішахіры. Не абышлося і без дзелавых сустрэч: Аляксандр Яцко разам з кіраўніцтвам Міністэрства культуры і турызму Турцыі, мэрам і губернатарам горада Эскішахіра, рэктарам Анаталійскага ўніверсітэта дамовіліся пашырыць практыку культурных адукацыйных абменаў.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст