Чэрвеньскія песні

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

9 лістапада адбылася адкрытая генеральная рэпетыцыя новай праграмы Заслужанага калектыву краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. У рэпетыцыйнай зале ў памяшканнях кінастудыі “Беларусьфільм” прадстаўнікі мас-медыя, першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга праслухоўвалі праграму, прысвечаную 135-м угодкам народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія налета адзначыць краіна.

/i/content/pi/cult/612/13623/2-1.jpg

Міхаіл Фінберг і аркестр падчас рэпетыцыі.

Новай праграмай адкрыецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”. Як зазначыла першы намеснік міністра, не паспеў завяршыцца леташні фестываль, як маэстра ўжо абмяркоўваў праграму на наступны чэрвень. Ірына Уладзіміраўна пакрэсліла, што ў Міністэрстве культуры не сумняваюцца ў шыкоўнай прэм’еры падрыхтаванага матэрыялу: “Вельмі прыемна, што ў рэпертуар уключаны вядомыя песні, але ў абсалютна новым выглядзе, у новых апрацоўках і аранжыроўках. Рада сустрэцца з салістамі, якіх традыцыйна бачым на сцэне падчас выступлення аркестра. Добра, што ў калектыве з’яўляюцца і новыя выканаўцы — мяркую, імёны гэтых спевакоў хутка стануць вядомымі”.

Спадар Фінберг зазначыў, што 2017 год будзе юбілейным і для самога аркестра — калектыву спаўняецца 30 гадоў. “Мы працуем вельмі шмат у розных кутках нашай Бацькаўшчыны. Ці шмат калектываў наведвае маленькія гарады? Прынамсі, у Хойніках мы былі 17 разоў, у Чачэрску — 16. Наогул, няма такога рэгіёна, дзе мы не сыгралі б творы беларускай музыкі! Я вельмі задаволены, што калісьці музыканты са мной пагадзіліся і мы стала ідзём па гэтым шляху. Так, гастролі патрабуюць фінансавых выдаткаў. Прынамсі, каб на аўтобусе завезці нашых выканаўцаў у Гомель, неабходна не менш за 75 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. І ўсё ж на сёння мы зрабілі 252 фестывалі ў маленькіх культурна-гістарычных цэнтрах Беларусі. Я не стамляюся паўтараць, што неабходна любіць сваю краіну”, — дадаў кіраўнік аркестра.

Фінберг нагадаў, што сёння ў творчым багажы калектыву — 38 праграм на словы беларускіх паэтаў, сярод якіх Максім Багдановіч, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Асаблівае стаўленне да Янкі Купалы і Якуба Коласа: дадзеная праграма — ужо трэцяя, што прысвячаецца ўгодкам народных паэтаў.

Фота аўтара

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"