Беларускае "Золата..."

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Ды іншыя ўзнагароды і ўражанні ад Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2016"
Гасцей “Лістапада” вылучае выдатная лёгкасць у зносінах, недасяжная ў паўсядзённым жыцці: усе жадаюць распавесці пра свае фільмы, паглядзець так шмат, наколькі хопіць сіл, паспець на ўсе праграмы — а гэта немагчыма. На нейкі момант такая акалічнасць становіцца галоўнай праблемай, а астатнія як быццам і не існуюць. Але ўсе поўныя эмоцый, жадання падзяліцца сваімі думкамі і ўдзячнасцю Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю.

Эмілія Мiра Гавіярава, Чэхія (старшыня журы “Лiстападзiка”)

— Сёлета ўпершыню падрабязна гляджу конкурс дзіцячага і юнацкага кіно, і чым больш унікаю, тым часцей у мяне ўзнікае крамольная думка: гэта фільмы не столькі для дзяцей, як пра дзяцей. Дык якое ж яно, дзіцячае кіно, цяпер?

— Галоўнае, пра што мы павінны казаць дзецям, гэта — сям’я. І гэта тое, што сучасны свет губляе. Як пра гэта гаварыць? Гэта не проста, таму ў нас так мала рэжысёраў дзіцячага кіно, прычым і ігравога, і дакументальнага. Нам складана зразумець дзіцячы свет, ім складана прыняць наш, і гутарыць з дзецьмі таксама трэба ўмець. Напрыклад, яны дрэнна ўспрымаюць доўгія дыялогі. Патрэбна павольная гаворка, трэба рабіць паўзы паміж выказанымі думкамі. І яшчэ вельмі добра і важна, калі ў фільме паказваецца прырода: гэта тое, што ўсе разумеюць, усе адчуваюць, яна аб’ядноўвае дарослых і дзяцей.

У праграме “Лiстападзiка” вельмі добры адбор, усе працы цікавыя, але трэба яшчэ правільна запрашаць аўдыторыю. Вось амерыканскія рэаліі, або дзелавое еўрапейскае асяроддзе — наколькі гэта разумеюць дзеці? Маленькім наўрад ці тое падасца цікавым.

Дэні Катэ, Канада (старшыня журы “Маладосць на маршы”, аўтар сцэнарыяў і рэжысёр фільмаў праграмы “Майстар-клас”)

— Ва Умбэрта Эка ёсць выраз “сумніўнае паняцце рэальнасці”. Мне здаецца, што вы якраз працуеце з гэтымі рэчамі.

— Менавіта так. Я пачынаю фільм як звычайную гісторыю, але тут жа сыходжу ў бок. Мне не цікава рэалістычнае, сацыяльнае кіно, я стараюся прапанаваць іншыя выхады, іншы погляд, можа, нават дапамагчы людзям знайсці іншыя рашэнні ды рэальнасць. Мяне заўсёды пытаюцца, ці не фантастыка гэта, ці не містыка? Не, і не рэлігійнасць, і не навукова-папулярныя тэмы. Але я люблю сутыкаць жанры, змешваць сюжэтныя лініі. Ненавіджу ж клішэ. Сам пішу сцэнары, часам запрашаю непрафесійных акцёраў. Прашу грошай у сябе ў Квебеку і наогул у Канадзе (то бок у муніцыпальнай і нацыянальнай адміністрацыі), і мяне ведаюць як незалежнага рэжысёра. Паважаюць жа дзякуючы фестывальным узнагародам.

Аксана Бычкова, Расія (рэжысёр эпізода “Раніца” ў фільме адкрыцця “Пецярбург, толькі па любові”)

— Наколькі сённяшні глядач успрымае паэзію кіно — счытвае метафары, узнёслыя інтанацыі, як бы наіўна гэта ні гучала?

— Цяжка сказаць за масавага гледача, але ў мяне ў гэтым плане самым паспяховым быў “Піцер FM”. І камерцыйна паспяховым таксама: усе паглядзелі гэты фільм, мы зарабілі на гэтым праекце. Але вось новую маю карціну “Яшчэ адзін год” у Расіі прынялі неадназначна, палічылі зацягнутай, “фестывальнай”. У Ратэрдаме яе глядзеў той самы “звычайны глядач” і рэагаваў вельмі добра. Там аўдыторыя прывучаная да такой мовы. У Францыі яе зараз пракатваюць у 12 гарадах.

Мабыць, прасцей зараз рабіць кіно пад пэўную аўдыторыю: прадзюсарскае, ці кіно для тэлеаўдыторыі. Але складана казаць аб гледачы ў цэлым. Паэзія, метафара, падтэксты — гэта ўсё роўна павінна быць. За сябе магу сказаць: гэта — выдатна! І мая каманда была абсалютна шчаслівая, калі мы працавалі. Нас падтрымаў найбуйнейшы расійскі прадзюсар Сяргей Сяльянаў, хоць ён не верыць у жанчын-рэжысёраў. Пакуль усё атрымліваецца, мы спадзяёмся на новую працу.

Ганна Манолава, Балгарыя (актрыса):

— Ваш фільм — “Жалейка” ў праграме “Лiстападзiк” — практычна дарослы, і вам паставілі падлеткавую катэгорыю “16+”. Але гэта дэбют, так што вы апынуліся як бы на скрыжаванні з іншым конкурсам “Маладосць на маршы”. Наколькі актуальная, на вашу думку, праблематыка “Жалейкi”?

— Так, гэта актуальны фільм для моладзі, і я рада, што яго добра прыняла ваша аўдыторыя. Але на “Берлінале” нас вызначылі як юнацкае кіно, і ў Мінску таксама. Моладзь паўсюль шукае сябе, імкнецца да новага жыцця і часта адмаўляецца ад традыцый, ад рытуалаў, характэрных для сельскага ладу. Мая гераіня Лора не выяўляе сваё гора пасля смерці бацькі так, як ад яе чакаюць аднавяскоўцы — не носіць жалобную вопратку, не адмаўляецца ад сустрэч. Такі яе выбар, і ў выніку ёй даводзіцца з’ехаць у горад. Гэта распаўсюджаныя працэсы: у Балгарыі многія людзі пакідаюць свае вёскі, адмаўляюцца ад цяжкай сялянскай працы, ды і ад каранёў таксама. На жаль, вельмі цяжка знайсці кампраміс з бацькамі, з бліжэйшым асяроддзем.

Тамуна Карумiдзэ, Грузія (рэжысёр дакументальнага фільма “Калі зямля здаецца лёгкай”)

— Мы ўсе любім старое грузінскае кіно. А ці нарадзілася ўжо новае?

— Мы таксама яго любім, але апошнія 20 гадоў у нас наогул не было кінематографа. Можа, толькі цяпер пакрысе з’яўляюцца маладыя аўтары. У нас ёсць тэндэнцыя вучыцца за мяжой, і даволі часта маладыя людзі вяртаюцца, каб працаваць у Грузіі. Я таксама вучылася ў Берлінскім універсітэце мастацтваў, бацькі з велізарнымі высілкамі мяне адправілі, а цяпер я працую ў Тбілісі. З фінансаваннем, як ва ўсіх, вялікія праблемы. Нават пасля таго, як мы атрымалі прыз за лепшы дэбют на фестывалі ў Амстэрдаме (2015), і яшчэ наш “Залаты Праметэй” за лепшы фільм, падтрымкі ў нас няма.

Здымкі ж “Калі зямля здаецца лёгкай” доўжыліся два месяцы, а мантаж — паўтара года. Таму што можна зняць фільм, а потым на мантажы ўсё страціць. Паралельна ішла праца з гукам, а за малюнкам мы сачылі адразу: сам рух скейтбардыстаў прыгожы, хлопчыкі добрыя, вельмі незвычайныя для Тбілісі. І горад у нас — асобны персанаж. Так што мы ішлі за матэрыялам, адзінае, што прыўнеслі сваё, гэта некалькі новых месцаў, дзе без нас яны б не каталіся — ангары, лофты ў розных канцах горада. Частка фільма знятая ў Батумі: мора, парк, набярэжная — для грузінаў гэта такі маленькі рай.

Мы здымалі з машыны, я шмат бегала на роліках — на скейце шыю сабе зламала б. Таму ўсё ў руху. Часам дамаўляліся на 5 хвілін перакрыць вуліцу, каб нашы героі маглі праехаць. Усё астатняе — дакументальная здымка.

Артур Клінаў, Беларусь (мастак, пісьменнік)

— Артур, вы займаліся фатаграфіяй, і было добра. Напісалі сцэнарый для “Масакры” Андрэя Кудзіненкі, потым “Шалом” і “Шклатару” — таксама атрымаліся прыкметныя рэчы. Выстаўляліся на Венецыянскай біенале, і гэта я яшчэ не ўсё ведаю. З прычыны такой міждысцыплінарнасці вы адчуваеце сваяцтва з усімі або адзіноту з усімі?

— Цяжка сказаць: у кожным новым “цэху” не паспяваеш прапісацца сур’ёзна і надоўга. І ўсе лічаць цябе прышлым, таму што патрэбен час, каб гэта ўсё прыняць. Мастацтвам займаўся сапраўды даўно, цяпер больш — літаратурай. Доўгага прыходу ў кіно не атрымалася, на жаль, хоць я спадзяюся, што будуць прапановы. Мне гэта вельмі цікава. Так што з гэтай прафесіі сыходзіць я не збіраюся. А апошнія тры гады займаўся будаўніцтвам. Гэта арт-вёска Каптаруны, дзе мы правялі ў гэтым годзе праект “Хранатопь”. Пакуль гэта толькі спроба, але на наступны год хочам зрабіць ужо больш сур’ёзны фестываль аўтарскага, малабюджэтнага незалежнага кіно. Гэта фармат для кіно, якое альтэрнатыўна вялікім карпарацыям. У такім ракурсе я працягну займацца кінематографам. А якія ўражанні ад нацыянальнага конкурсу? Калі казаць па дакументальных фільмах, ёсць вельмі цікавыя: для мяне фаварыт — “Саламанка”, ён адарваўся нашмат наперад. “Масоўка” — вельмі добры ўзровень, шкада, што нельга даць дзве прэміі. “Душы мёртвыя” мяне ўразілі — знята рэальна віртуозна, відаць, што працаваў майстар.

Барбара Лорэй дэ Лашар’ер, Францыя (віцэ-прэзідэнт FIPRESCI):

— Вы не першы раз у Мінску. Ваша місія сёлета?

— Я сапраўды ўжо ведаю ваш фестываль, лічу вельмі цікавымi адабраныя фільмы, праграмы, і гэта важна. Асабліва ў невялікіх краінах, дзе складана пабачыць сапраўднае кіно, а паказваюць, у асноўным, блокбастары, але і там таксама нараджаюцца новыя імёны, з’яўляюцца выдатныя карціны, таму іх трэба ацаніць, падтрымаць. Цяпер жа ў мяне асаблівая задача: прадстаўляць праграму, падрыхтаваную да 90-годдзя федэрацыі. Мінск пабачыў тры фільмы, яны дэбютныя або раннія: “Пасёлак” Нуры Більге Джэйлан (1997), “Відэа Бэні” Міхаэля Ханеке (1992), “Сямейнае жыццё” Кена Лоўча (1971). Скажу адно: вы ўбачыце, як пачыналі лепшыя рэжысёры сучаснасці, а гэта не так проста: трэба знайсці копіі, трэба знайсці, каму належаць правы на карціны. Але кінаманам варта глядзець менавіта гэта кіно, плюс праграму “Майстар-клас”, пазаконкурсныя праграмы, наведваць сустрэчы з рэжысёрамі. Толькі тады атрымаецца “Насустрач натхненню!”

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст

 

З узнагарод "Лістапада-2016"

Гран-пры “Золата Лістапада” — за лепшы фільм

“Лілі Лейн” (Венгрыя, Германія, Францыя), рэжысёр Бенедэк “Бэнс” Флігаўф

Гран-пры “За лепшы дакументальны фільм”

“Камунія” (Польшча), рэжысёр Ганна Замецка

Прыз “Срэбра Лiстапада” ў намінацыі “Фільм як з’ява мастацтва”

“Мімоза” (Марока, Іспанія, Францыя, Катар), рэжысёр Олівер Лакс

Прыз глядацкіх сімпатый “Бронза Лістапада”

“Слава” (Балгарыя, Грэцыя), рэжысёры Крысціна Грозева, Петар Вылчанаў

Прыз “За лепшы фільм конкурсу ігравога кіно “Маладосць на маршы” імя народнага артыста СССР кінарэжысёра В.Ц.Турава”

“Заалогія” (Расія, Германія, Францыя), рэжысёр 
Іван І. Цвярдоўскі

Прыз “За лепшы дакументальны фільм конкурсу маладога дакументальнага кіно”

“Мой сябра, Яніў” (Ізраіль), рэжысёр Мааян Шварц

Прыз “За лепшы мастацкі фільм” Нацыянальнага конкурсу

“Душы мёртвыя” (Беларусь), рэжысёр Віктар Красоўскі

Прыз “За лепшы дакументальны фільм” Нацыянальнага конкурсу

“Саламанка” (Расія, Беларусь), рэжысёр Руслан Фядотаў, Аляксандра Кулак

Прыз “За лепшы анімацыйны фільм” Нацыянальнага конкурсу

“Даша і людаед” (Расія), рэжысёр Наталля Сурыновіч

Прыз “За лепшы фільм” (“Лiстападзiк”)

“Мікроб і бензін” (Францыя), рэжысёр Мішэль Гандры

Прыз “Залаты “Лiстападзiк” (глядацкіх сімпатый)

“Урок” (Азербайджан), рэжысёры Рафік Аліеў, Джавід Тавакул

Упершыню: прыз Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкі Беларускага Саюза кінематаграфістаў “Саламяны зубр”

“Ты сюды больш не вернешся” (Беларусь), рэжысёр Дзмітрый Махамет