Музей "на нітачках"

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Мемарыяльны — не значыць замкнёны
XXX канферэнцыя “Каласавіны”, што прайшла на мінулым тыдні ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, стала нагодай для сустрэчы прафесіяналаў культурнай галіны. Карэспандэнт “К” там пазнаёмілася з загадчыкам Музея-кватэры Аляксандра Блока (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга) Лідзіяй ПУШКАРОВАЙ.

/i/content/pi/cult/612/13619/4-2.jpg— Якуба Коласа і Аляксандра Блока наўрад ці нешта паядноўвае. Ваш візіт — гэта прафесійны інтарэс, ветлівасць, спосаб наладжвання кантактаў?..

— Я ў вашым музеі ўжо трэці раз. Упершыню наведала канферэнцыю ў фармаце “круглага стала” для калег з мемарыяльных музеяў. Так і завязалася наша знаёмства. У музеяў такога кшталту ўсё роўна ёсць агульныя задачы, ды і паралелі можна знайсці: скажам, нядаўна не ведала, што паэт Сяргей Гарадзецкі, блізкі сябра маладога Блока, пазней быў добра знаёмы з Коласам. Дарэчы, у працэсе кантактаў нашы музеі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, і беларусы летась прыязджалі да нас з выставай.

— І якім чынам выстава Музея Якуба Коласа была паднесена жыхарам Пецярбурга?

— Такі вопыт распаўсюджаны, таму — натуральны: адзін музей (лічы — паэт) у гасцях іншага.

— На сустрэчах абмяркоўваеце праблемы музейнай сферы. Акрэсліце іх, калі ласка.

— Якім бы вялікім паэтам асоба ні была, пагадзіцеся, у мемарыяльнага музея аўдыторыя часцей за ўсё даволі вузкая. Гэта тычыцца літаральна кожнага аўтара. Таму перад нашымі ўстановамі стаіць задача наблізіць да сябе нямэтавую аўдыторыю, тых, хто не з’яўляецца гарачым прыхільнікам пэўнай асобы. Адзін з дзейсных спосабаў — праекты і выставы. Яны могуць быць універсальнымі: расказваць і пра эпоху, і нават пра іншага паэта. Можна пашыраць аўдыторыю за кошт узросту. Напрыклад, доўгі час Блок успрымаўся толькі як паэт для дарослых, мы самі не рабілі выставы для дзяцей. А потым вырашылі прысвяціць адну Карнею Чукоўскаму. Наш герой быў з ім знаёмы — нітачкі знаходзяцца. Мемарыяльных рэчаў Чукоўскага ў нас няма, таму мы абапіраліся выключна на яго творчасць, у прыватнасці, казкі.

— Ці запазычылі нешта і з нашага вопыту за гэтыя тры гады?

— У Беларусі я пазнаёмілася не толькі з коласаўцамі, але і з іншымі літаратурнымі музеямі. І іх не так мала ў вашым горадзе. (Насамрэч, літаратурных музеяў у Расіі няшмат, толькі ў Маскве больш-менш дастаткова, у Пецярбургу іх шэсць — не ў кожнай краіне такія сустрэнеш. Магчыма, гэта абумоўлена тым, што для нас, славян, слова мае вялікае значэнне.) Дык вось, у Беларусі я заўважыла, што музеі вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. У нас гэтыя сувязі слабейшыя. Яшчэ дэталь: на пачатку канферэнцыі трохгадовай даўніны я як новы чалавек не магла разабрацца, хто адкуль прыехаў і кім з’яўляецца. І Зінаіда Камароўская разам са сваімі калегамі паклапацілася, каб нас пазнаёміць. Нас нават правезлі па розных музейных установах. Так, мы пабывалі на лецішчы Васіля Быкава, аднаго з маіх улюбёных пісьменнікаў — высокага класу аўтар. Потым усім распавядала: на дачы Быкава ўсё захавана, як пры жыцці пісьменніка. Часта ў падобных музеяў прастора разбураная, бо ўстанова ўваходзіць туды, дзе жыла асоба. Нам жа паказалі, што ўсё, нават гараж, і закансервавана, аўтэнтычна.

— Вашы адносіны да мадэрнізацыі і тэхналагічных новаўвядзенняў у музеі?

— Станоўчыя. Мы гэта ў Мінску не аднойчы абмяркоўвалі. Мадэрнізацыя — адзін са спосабаў прыцягнення аўдыторыі. Але толькі з пачуццём меры. І кожны крок мадэрнізацыі мае быць апраўданым, не выглядаць штукарствам. Што да музея Блока, дык маем аўдыясістэму ў кожнай зале. Наведвальнік можа пачуць вершы ў выкананні аўтара — толькі два, на жаль, бо не захаваліся запісы ў прыстойнай якасці. Але зроблена аўдыяпраграма, дзе вершы Блока чытаюць акцёры розных эпох. Падача вельмі адрозніваецца: скажам, 1920 — 1940-я гады і наш час. Гэта пашырае межы верша. Мы карыстаемся і электроннымі прыстасаваннямі, каб паказаць больш, чым фізічна можна прадэманстраваць у музеі. Ужываем магчымасці мультымедыя: тыя ж гульні ў музеі могуць быць як настольнымі, так і электроннымі. Праўда, тэатральную інсталяцыю ці нешта падобнае, як у вашым музеі Янкі Купалы, мы б не здолелі зрабіць.

— Што ўваходзіць у праграму музея Аляксандра Блока акрамя пастаяннай экспазіцыі?

— Мы кожныя шэсць месяцаў робім новую выставу. Зараз, напрыклад, рыхтуем “Караблі — у мастацтве і паэзіі”. Кожны праект так ці інакш звязаны з асобай Блока, але не прысвечаны яму цалкам. Як і мінулая выстава — “Пецярбургскія гімназіі і гімназісты”. Блок быў з ліку гэтых людзей. “Вайна і паэзія” распавяла пра Першую сусветную, у якой Блок прымаў удзел (дарэчы, на Палессі ў якасці табельшчыка ў інжынерна-будаўнічай дружыне). Балазе як філіял Музея гісторыі горада Пецярбурга можам атрымліваць з гэтага бязмежнага рэсурсу карыснае для сябе. Скажам, для мяне было дзіўным даведацца, што пазлы — не сучаснае вынаходніцтва. Мы знайшлі ўзоры мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў, і яны аказаліся нават складанейшымі за сённяшнія. Зрабіўшы копіі мазаікі, стварылі для дзяцей пазнаваўчую гульню. Прадукцыя — таксама спосаб папулярызацыі музея: праўда, сувеніраў няма (яны для нас нерэнтабельныя), але мы амаль штогод выпускаем кнігі. З дзіцячага былі “Саша Блок і шахматы”, “Саша Блок і караблі”.

Нарэшце, ладзім канферэнцыі, якія ва ўсіх праходзяць прыблізна ў адным фармаце.

— А публіка такога ж шаноўнага веку, як і на "Каласавінах", у асноўным? Ці ёсць маладыя твары?

— Ёсць і маладыя, канешне. Магчыма, не прыйшло яшчэ новае пакаленне даследчыкаў Якуба Коласа. Гэта адбываецца хвалямі. Што дзіўна: вельмі распаўсюджаная практыка, калі на навуковых канферэнцыях такога кшталту прысутнічаюць толькі іх удзельнікі. А да нас сапраўды сталі прыходзіць і простыя слухачы. Спачатку я здзіўлялася, а потым зразумела, што гэта — неабыякавыя людзі ды аматары паэзіі Блока.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст