Перспектыва з паддашка

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Мо знаходкі з паддашка Дома ўрада "звядуць" у музей?
У Прэзідэнцкай бібліятэцы краіны праходзіць выстава артэфактаў, знойдзеных на паддашку Дома ўрада ў час нядаўняга рамонту даху.

/i/content/pi/cult/612/13618/4-1.jpgКалі рабочыя, што рамантавалі дах, пачалі скрынямі штосьці выносіць з паддашка каб звезці на сметнік, змесцівам скрыняў зацікавілася служба бяспекі. Справа ў тым, што на тэрыторыю Дома ўрада нішто проста так не трапляе і нічога адтуль проста так не выносіцца. Ахова звярнулася да спецыялістаў, якія мусілі вызначыць, ці насамрэч гэта смецце. Такім чынам, у рукі навукоўцаў трапілі два дзясяткі скрыняў з матэрыяльнымі рэчамі і паперамі, якія храналагічна ахопліваюць перыяд прыблізна з 1933 года па 1960-я: гэта час будаўніцтва Дома ўрада, ваеннае ліхалецце, пасляваенная адбудова.

Амаль паўгода супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі працавалі са згаданымі артэфактамі. Тое, што атрымалася ў выніку — калекцыя, якая складаецца з больш як тысячы дакументаў і іх фрагментаў. Тут паперы былога архіва Савета народных камісараў БССР і асобных наркаматаў, знакі прысутнасці на Беларусі акупантаў у 1941 — 1944 гадах, кнігі, перыёдыка, лісты, паштоўкі, фотаздымкі, побытавыя рэчы, інструменты… Экспазіцыя складаецца з некалькіх вітрын і стэндаў. Гэта толькі малая частка знойдзеных, рэстаўраваных і сістэматызаваных матэрыялаў. Той, хто жадаў пабачыць тут нешта надзвычайнае, можа аказацца расчараваным. Па словах супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі сапраўды ўнікальных артэфактаў сярод знойдзенага на паддашку няшмат. Але трэба разумець, што экспазіцыя найперш разлічана на спецыялістаў-гісторыкаў, для якіх каштоўнымі, інфармацыйна насычанымі з’яўляюцца рэчы, каля якіх чалавек, што “не ў тэме”, пройдзе і ўвагі не зверне. На выставе цікава будзе таму, хто можа ўбачыць у звычайных рэчах, з якіх складаецца будзённы побыт і жыццёвая завядзёнка, адлюстраванне вялікай гісторыі. Рэч успрымаецца па-рознаму, калі разглядаць яе адасоблена ці ў кантэксце. У археалогіі культурным слоем называецца зямля, у якой знаходзяць знакі жыццядзейнасці чалавека. Тут тая ж археалогія, хіба што без рыдлёўкі. Тут даводзіцца паглыбляцца ў сацыялогію грамадства, якая стварыла менавіта такі прадметны свет, і ў псіхалогію людзей, якія трымалі ў руках гэтыя рэчы, пісалі і чыталі тыя тэксты.

Ад супрацоўнікаў бібліятэкі я чуў, што ў перспектыве штосьці з гэтых знаходак можа стаць часткай экспазіцыі Музея Дома ўрада. На іх думку, такая ўстанова проста неабходная, беручы да ўвагі гістарычную значнасць будынка як архітэктурнага помніка і ў пэўным сэнсе сакральнага аб’екта (у кантэксце гісторыі ХХ — ХХІ стагоддзяў — беларускага аналага Крамля), як месца, дзе робіцца гісторыя і з якім звязана дзейнасць і драматычныя лёсы асоб, якія ўжо належаць гісторыі. Над канцэпцыяй, калі сама ідэя будзе падтрымана, давядзецца папрацаваць, каб ён не дубляваў наяўныя калекцыі, каб вызначаўлася арыгінальнасць.

За савецкім часам бадай кожная ўстанова мела музей. Потым, на тле сацыяльна- эканамічных перамен, гэта стала неактуальным. Кола, аднак, круціцца, і сёння штосьці з савецкай рэчаіснасці адраджаецца ў нас у новай якасці. Мець свой музей сёння прэстыжна, калі ў ім ёсць, што паказаць. А тое, што ў музеі Дома ўрада, калі ён адкрыецца яшчэ і для “людзей з вуліцы”, будзе што паглядзець, не маю сумневаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"