“Паняцце кінакрытыкі размываецца”

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Сёлетні “Лістапад” можна лічыць знакавым ужо з той нагоды, што яго наведаў генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI, кінакрытык Клаус ЭДЭР, аўтар кніг пра Андрэя Канчалоўскага, Анджэя Вайду, Нагіса Осіму, Луіса Бунуэля. Ён запрасіў да супрацоўніцтва нацыянальную супольнасць кінакрытыкаў і журналістаў, а таксама дазнаўся больш пра беларускіае кіно, якое рэдка дасягае міжнародных экранаў. Аглядальнік “К” распытаў сябра журы асноўнага конкурсу ігравога кіно “Лістапада” пра актуальную фестывальную карту свету і галоўныя надзеі арганізацыі, якая сёлета святкуе 90-годдзе.

/i/content/pi/cult/612/13617/5-1.jpg— На які перыяд, на вашу думку, прыпадае “залаты час” для FIPRESCI?

— Быў перыяд, калі федэрацыя амаль што памерла ў часы Другой сусветнай вайны. Адразу чамусьці ўзнавіўся гэты момант. Адраджэнне ж аб’яднання адбылося на самым першым Канскім фестывалі ў 1946 годзе. FIPRESCI сфарміравала сваё першае журы, заснавала ўзнагароду і адзначыла ёю Дэвіда Ліна і яго фільм “Кароткія сустрэчы” ды Жоржа Рук'е з “Фарэбік”. “Залаты час”?.. Магчыма, ён прыпадае на 1960 — 1970-я. Гэта быў перыяд, калі людзі з Усходу і Захаду прабівалі межы, нягледзячы на цяжкасці, кінематаграфісты і кінакрытыкі дабіраліся да Канаў ды глядзелі кіно. Мы, у сваю чаргу, прыязджалі з майстар-класамі, семінарамі на Усход, дзе адбываліся палкія дыскусіі і абмеркаванні. Пасля смерці Сталіна і прамовы Хрушчова тое, што падавалася немагчымым, стала набываць рысы рэальнасці.

— Гэта быў час надзей?

— Хутчэй, менавіта час адкрыцця межаў. Час таго, калі штосьці адбываецца, наспявае, і мы ў тым удзельнічаем.

— А што пра сёння, калі ёсць інтэрнэт?

— Усё не так адназначна. З аднаго боку, інтэрнэт, сапраўды, значна палегчыў наша жыццё. Гэта тычыцца і магчымасцей кантактаў, калі людзі з розных кантынентаў могуць стасавацца з дапамогай медыя, тычыцца тое і інфармацыі, якая стала больш даступнай. Але, з іншага боку, дзякуючы інтэрнэту сёння размываецца такое паняцце, як кінакрытыка. Друкаваныя выданні церпяць фінансавыя страты, аддзелы культуры ці кінакрытыкі закрываюцца. Кінакрытыка перайшла ў сеціва, але ці можна назваць усіх, хто піша там пра кіно, кінакрытыкамі? Гэта дыскусійнае пытанне.

— Сябры FIPRESCI штогадова надведваюць 75 фестываляў. Як выглядае карта знакавых фестываляў сёння? Ці змяніліся на ёй ключавыя пазіцыі?

— Я сказаў бы, што такія буйныя кінафорумы, як у Канах, Берліне, Таронта, Пусане па-ранейшаму застаюцца ўплывовымі. Яны могуць змяняць дырэктараў, штосьці ўдасканальваць у структуры, але іх пазіцыі застаюцца тымі ж. Кінафестываль у Канах — маці ўсіх кінафорумаў: Каны “стаяць” гадамі. У Азіі па-ранейшаму вылучаецца фестываль у Ганконгу. Ён быў выдатным да 1997 года, калі Ганконг заставаўся яшчэ брытанскім, моцны ён і зараз, калі раён перайшоў пад уладу Кітая. Фестываль у Буэнас-Айрэсе, які падтрымлівае незалежны кінематограф, пяць разоў змяняў дырэктара, але на яго аўтарытэце тое не адбілася.

Змянілася штосьці іншае. Становіцца ўсё больш фестываляў, якія прагнуць прэм’ер, новых карцін. І вось гэта становіцца амаль немагчымым. Каны, Берлін, Таронта… Яны патрабуюць міжнароднай прэм’еры, але што застаецца іншым? Паказваць тое, што ўжо прагучала? Галоўная функцыя фестываляў — знаёміць з новым кіно, вось яе выконваць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

— Як выглядае на тым тле “Лістапад”?

— У першую чаргу, я прыехаў на яго акурат для таго, каб дазнацца пра беларускае кіно. На міжнародных экранах мне не даводзіцца яго бачыць, хоць многія фестывалі зацікаўлены і робяць адмысловыя праграмы кіно краін Усходняй Еўропы. Якая гісторыя вашай нацыянальнай кінематаграфіі, што адбываецца сёння з беларускім кіно, які вопыт супрацоўніцтва, кааперацыі ёсць з іншымі краінамі — усё гэта мяне цікавіць. Як, безумоўна, і сустрэча з маімі калегамі, беларускімі кінакрытыкамі, адсутнасць якіх таксама назіраецца на міжнародным узроўні. Пакуль мае ўражанні станоўчыя, але я зацікаўлены ў далейшым плённым супрацоўніцтве.

— Наколькі FIPRESCI зацікаўлена ў маладым пакаленні кінакрытыкаў?

— Як у вашай краіне з маладым пакаленнем кінакрытыкаў, я не ведаю. Але так, у нас яны ёсць. Як, у прынцыпе, і ва ўсім свеце. Павольна, але іх рух адчуваецца. Часам яны маюць тыя ж падыходы да кіно, яго канцэптуальнае бачанне, як і іх больш сталыя калегі, але я не бачу ў гэтым праблемы. Проста трэба даць ім ездзіць, глядзець кіно, пісаць. Усё прыйдзе. У Германіі мы ўжо маем маладое пакаленне, голас якога чуваць, з ім лічацца. У маленькіх краінах сітуацыя складаней, але таксама — яны ёсць. Калі казаць пра сённяшні час федэрацыі — гэта акурат ён і ёсць, як вы пыталі раней, — час надзеі. Я спадзяюся, што маладыя будуць далей адкрываць кіно, вывучаць яго гісторыю, таму што гэта ўсё цудоўныя рэчы. Праблема тут яшчэ вось у чым. Сёння, у час дыгіталізацыі, калі кіно выходзіць на лічбавых носьбітах, па-за экранамі застаецца амаль 90 % сусветнага кіно, знятага на плёнку. Гісторыя кіно становіцца недаступнай: застаецца ўсё менш месцаў, дзе можна паглядзець культавыя карціны: Музей кіно ды, бадай, тыя ж фестывалі, падчас якіх ладзяцца адпаведныя рэтраспектывы. Усё гэта засмучае. Але я спадзяюся на новае пакаленне, якое ажывіць кіно праз свае тэксты.

Сёння нялёгкія часы перажываюць многія друкаваныя выданні. Усё болей расце канкурэнцыя паміж сталым і новым пакаленнем, якое вымушана змагацца адно з адным за месца пад сонцам. Але мне бачыцца выйсце менавіта ў кансалідацыі. Урэшце, галоўная любоў у нас адна — кіно.

Фота аўтара

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"