Напрыканцы тыдня Галерэя “Tut.by”, дзе ладзілася ініцыятыва, нагадвала вулей, а колькасць удзельнікаў новастворанай у сацыяльных сетках групы “Bel:cinema — Listapad Industrial Official” за пяць дзён дайшла да 400 чалавек. Але галоўнае, што вызначае развіццё і поспех індустрыяльнай лабараторыі сёлета, — яе здольнасць выявіць не толькі “болевыя кропкі” лакальнага кінапрацэсу, але і патэнцыял нашых маладых кінематаграфістаў.
Распачалася праграма індустрыяльнай платформы 5 лістапада з інтрыгі — прэзентацыі “VIR: Cinema”. Віртуальная рэальнасць у кінематографе — якія яе пазіцыі? Як адбываюцца здымкі ў фармаце 360о? Як, уласна, узаемадзейнічаць рэжысёру з віртуальнымі сістэмамі? Наведвальнікі і ўдзельнікі платформы не толькі мелі магчымасць паглядзець работы, але і пазнаёміцца з экспертамі ў гэтым кірунку. Хтосьці пра падобнае кіно можа толькі марыць, але для іншых тое цалкам, скажам так, “рэальная” рэальнасць для самавыяўлення. Тэмы прэзентацый можна лічыць удалай метафарай для ўзняцця адпаведнага пытання ў дачыненні да беларускага кінематографа. Ці існуе ён сёння ў віртуальнасці альбо выходзіць за яе межы, да масавага гледача, на міжнародную сцэну, — пытанне, якое ў гэтым кантэксце ўзнікае натуральна.
Віват постіндустрыя?
Тым больш, калі падобныя “расстаноўкі” ў яго адрас падтрымліваюць выступленні беларускіх кінематаграфістаў і падзвіжнікаў кіно. Падчас Дня беларускіх ініцыятыў у выступленні Андрэя Кудзіненкі прагучалі падобныя сумневы. Разам з Андрэем Палупанавым і Артурам Клінавым рэжысёр прадставіў на пляцоўцы праект “Хранатопь” (пра які неаднаразова пісала “К”).
У дадзеным выпадку быў прэзентаваны не толькі вынік — новыя работы кінаальманаха, але і agile-метад навучання і стварэння кіно, актуальны менавіта для нашых рэалій. Пра наяўнасць жа кінаіндустрыі пакуль казаць не даводзіцца.
— У нас гэта ўсё не працуе, — канстатаваў куратар праекта “Хранатопь”. — Таму даводзіцца выдумляць новыя формы, ствараць новыя каналы камунікацыі. Малады чалавек сканчае навучанне, а што далей? Удзел у фестывалі? Добра, а што за гэтым? Які наступны крок? У нас не тая эканоміка, што на Захадзе. Інстытут прадзюсарства выглядае штучна. Трэба думаць пра іншае — як ствараць дзейсныя маленькія сеткавыя светы. Прасоўваць сябе ў інтэрнэце, а не спадзявацца на тое, што аднойчы цябе возьмуць у кінапракат.
Кінаіндустрыя, лічыць рэжысёр “Масакры,” не працуе ў нас як праект з-за адсутнасці, у тым ліку, кансалідацыі кінасупольнасці. “Трэба вучыцца каардынаваць справу паміж сабой, падтрымліваць адзін аднаго, адстойваць свае інтарэсы”. Таксама не садзейнічае развіццю мовы кіно інстытут цэнзуры ў тым ці іншым выглядзе. З-за апошняй, па меркаванні Кудзіненкі, ставіцца пад сумненне ўвогуле вольнае выказванне: кіно ператвараецца ў пасрэдныя прыклады, пазбаўленыя вастрыні сацыяльных канфліктаў, яскравасці аўтарскіх пазіцый. “Можа, сёння варта казаць не пра індустрыю, а пра постіндустрыю, пра тыя структуры, якія “раз’ядаюць” сістэму капіталізму? — выказаў ён сваё бачанне сітуацыі.
На пытанне, ці бачыць куратар “Хранатопі” свой праект у сістэме беларускага кінапракату, ці ўспрымае рэжысёр гэту сетку як патэнцыйны рэсурс, ён адказаў адмоўна.
— Чаму мусіць працаваць толькі адна сістэма пракату ў кінатэатрах? Ёсць такія сеткі, як сістэма кінаклубаў, фестывальных паказаў, тыя ж бібліятэкі, якія цалкам могуць узяць на сябе функцыю дэманстрацыі кіно, што распаўсюджана ў многіх краінах, онлайн-паказы… Традыцыйная форма пракату даўно зжыла сябе, і акурат наш праект і ёсць спробай намацаць новы канал камунікацыі з гледачом, адзін з адным. Пакуль у нас няма ўвогуле аніякіх умоў. Старыя структуры распаліся, а новыя не створаны. Нам трэба развівацца, ствараючы сеткавыя праекты і вучачыся каардынацыі паміж сабой. Навошта спрабаваць авалодаць тым, што ніколі не прыйдзе ў наша жыццё? Варта думаць пра тое, што адбудзецца ў постіндустрыяльным свеце, — рэзюмуе ён.
“Party-zan” штурмуе кінапракат
Сімптаматычна, але літаральна праз выступленне пазіцыю рэжысёра “Акупацыі. Містэрыі” не падзяліў рэжысёр нашумелага “ГараШа” Андрэй Курэйчык. Разам з кампазітарам і прадзюсарам Дзмітрыем Фрыга драматург, сцэнарыст і таксама прадзюсар прадставіў свой новы праект — “Party-zan фільм”. Кінакамедыя пра беларускіх гора-кінаўмельцаў мусіць выйсці на экраны кінатэатраў у Беларусі ў “гарачы” навагодні перыяд.
— Гэта будзе пякельная даўка, але мы паспрабуем пазмагацца за долю беларускага лакальнага рынку, — заявіў ён, паставіўшы за мэту сваёй кампаніі — творчаму аб’яднанню “Без Буслоў Артс” — выйсці ў кінатэатрах на лічбу ў 40 000 гледачоў.
Перадумовы такой амбіцыйнай задачы, па яго словах, ёсць: поспех папярэдняй карціны “ГараШ”, якая за мінулы год зрабіла прыстойныя для беларускага кіно зборы. “Пры бюджэце фільма ў 51 мільён беларускіх рублёў, пракат стужкі прынёс больш за 300 мільёнаў. За вылікам долі, якую забіраюць кінатэатры, аплаты падаткаў, стужка акупілася ўтрая”, — агучыў досвед пракату рэжысёр.
Сёлета ў кампаніі ёсць спонсары, таму вытворчы бюджэт “Party-zan фільма” ўжо закрыты. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра “BSB Bank”. “Мы думаем наперад, — падзяліўся планамі Андрэй Курэйчык, — І плануем касу, якую ўдасца зарабіць, укласці ў наступную карціну”.
— Камунікацыя з гледачом і кінабізнес — гэта розныя рэчы, — адказвае адзін са сцэнарыстаў стужкі “Любовь-морковь” на пытанне наконт валіднасці існуючай сістэмы пракату. — Можна выкласці фільм на “Youtube”, стаць папулярнай постаццю, але пры гэтым не атрымаць ні капейкі. Мы ж займаемся кінабізнесам. Так, у нашай краіне ён вымяраецца маленькімі сумамі, але гэта — кінабізнес. Няхай 5% ад апошняга, але я імкнуся іх атрымаць. Таму што гэта ганьба, што айчынныя кінатэатры, якія запоўнены людзьмі, паказваюць толькі імпартныя карціны. У супермаркеце вы не знойдзеце столькі імпарту, колькі ў кінатэатрах. Гэта здзек!.. Мы ж хочам паказаць, што можам узяць гэту долю рынку.
Дыскусія, што адразу разгарэлася, закранула пытанне ўнікальнасці такога прэтэндэнта, як кіно Андрэя Курэйчыка. Што з’яўляецца яго складнікамі? У чым ноу-хау мадэлі распаўсюджання? Чаму многім незалежным рэжысёрам “прабіць” айчынную сістэму пракату не атрымалася, у адрозненні ад аўтараў “ГараШа”?
— Проста трэба здымаць кіно, — адказвае Курэйчык. — І спрабаваць розныя рэкламныя кампаніі, тэхналогіі. Мы збіралі дырэктараў пракатаў, метадыстаў, паказвалі ім кавалкі нашага кіно, імкнуліся зацікавіць. Такім жа чынам працуюць іншыя дыстрыб’ютары, той жа “Interfilm Distribution”. Абмяркоўвалі з кожным, пераконвалі. Гэта бізнес: ты мусіш зацікавіць краму, каб прадаць свой тавар.
— Нашым прыкладам мы хочам паказаць, што выпадак нармальнага пракатнага кіно ў Беларусі магчымы, — дадае Дзмітрый Фрыга.
Тым не менш, нельга скідваць з рахунку такую адметнасць кінапрадукцыі “Без Буслоў Артс” як актыўны маркетынг: аўтары самі ж з’яўляюцца і дыстрыб’ютарамі, маюць кантакты ў Расіі і ў Беларусі, а таксама нельга не ўлічваць і безумоўны талент Андрэя Курэйчыка як прадзюсара і піяр-менеджара. Магчыма, сакрэт поспеху, у тым ліку, і ў гэтым?
Матэрыялы будучага фільма, якія прадзюсары прэзентавалі на платформе, пацвердзілі, што курс “Party-zan фільм” трымае на скетчавыя расійскія кінакарціны. У стужцы ёсць спробы намацаць вузлы нашага лакальнага “абсурду”, але пакуль яны выглядаюць як прыкметы, мімікрыя да беларускага, а не сапраўдны асяродак, “True Litwin Beat”, які ўдала вынайшлі як рытм сучасных будняў вядомыя музыканты. Андрэю Курэйчыку відавочна не хапае прафесійных рэжысёрскіх навыкаў, каб зрабіць са сцэнарнай партытуры рытмічны сэт.
У нішы камерцыйнага кіно, якую “Без Буслоў Артс” імкнецца заняць, няма нічога заганнага. Але тут пытанне, як і ў кожным іншым кіно, упіраецца ў тэму, настрой, актуальны ў грамадстве, і выразную мастацкую форму, якую рэжысёр здольны стварыць і вытрымаць. Андрэй Курэйчык цудоўна адчувае кан’юнктуру рынку, але ці ідзе гаворка ў дадзеным выпадку пра беларускае кіно? Пытанне, на мой погляд, адкрытае.
(Працяг — у наступных нумарах “К”.)