“Культура” — газета для прафесіяналаў-3

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Чаму ж асобныя з іх яе не выпісваюць?, або "Прасунутая" шафа для кніг на Быхаўшчыне
Чарговая наша сустрэча, шаноўныя чытачы, прысвечана гаворцы пра культуру Быхаўскага раёна. Не можам не абысціся тут без маленькай прэамбулы. Апошнія гады ў мясцовым аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі часта мяняліся кадры ў кіраўніцтве, што, як вядома, не надта спрыяе ладу ў працы. Пазамінулым летам, калі наша аўто села на днішча ў пясчаных быхаўскіх лясах, мы так і не дабраліся да райцэнтра, хоць і тэлефанавалі па дапамогу ў аддзел. Тэлефоны ўпарта маўчалі. Нават у прыёмнай абласнога ўпраўлення культуры нам не маглі дакладна сказаць, хто ж кіруе культурай Быхаўскага раёна. Выратаваліся ад пясчанага палону самі, хоць і змарнавалі на гэта ці не палову дня. Мы нікога не абвінавачваем. Проста сёлета карцела разабрацца, наколькі эфектыўна працуе аддзел. Пра свой візіт загадзя паведамілі праз сакратарку начальніка Рамана Мельнікава (быў ён на райвыканкамаўскай нарадзе). На ўсялякі выпадак пакінулі нумары сваіх тэлефонаў…

/i/content/pi/cult/612/13614/10-1.jpgШто пачытаем?

Працавалі ў раёне да позняга вечара, але з Раманам Валер’евічам так і не сустрэліся. Быў ён, па словах галоўнага спецыяліста аддзела Наталлі Сцепанцовай, зноў на нарадзе і ніяк на нашу прысутнасць не зрэагаваў. Так мы і не даведаліся, якія пытанні на той нарадзе абмяркоўваліся. Можа, ішла гаворка і пра падпіску на газету “Культура”? Таму цалкам зразумела, чаму выправіліся ў першую чаргу да самага галоўнага раённага бібліятэкара Наталлі Корза. Наталля Аляксандраўна ў сваім кабінеце чытала “Камсамолку” (хтосьці з сябровак пазычыў). Запыталіся: “А чаму не “Культуру” чытаеце?” “Таму што на падпіску яе грошай няма”, — адказала дырэктар цэнтральнай райбібліятэкі. Тут мы, як той казаў, і селі… Не, зразумела, грошай па аддзелах хранічна не стае. Зразумела, бібліятэкары краіны выпісваюць некалькі вузкаспецыялізаваных метадычных часопісаў па сваёй прафесійнай справе. Але, як нам падаецца, нішу праблемных, дыскусійных, інфармацыйна-аналітычных публікацый у маштабах рэспублікі займае адно толькі газета “Культура”. Няўжо мы памыляемся, і нашы намаганні, звернутыя ў бок, найперш, прафесіяналаў культурна-асветніцкай дзейнасці, дарэмныя?

Тут варта, па нашым перакананні, зрабіць саступленне дзеля пэўных разваг, якія не будуць асабліва прэтэндаваць на аб’ектыўную аналітыку. Як бы не хацелася паспяшацца з высновай “Нашу “Культуру” не выпісваюць — значыць непрафесіяналы”, яна — гэтая выснова — ніякага права на жыццё не мае. Пасля вяртання ў Мінск мы не паленаваліся і патэлефанавалі кіраўнікам некалькіх ЦБС, дзе “К” выпісвалі і, спадзяёмся, будуць выпісваць, ды паспрабавалі высветліць, ад каго канкрэтна залежыць станоўчае вырашэнне праблемы. “Ад кіраўніцтва раёна”, — пачулі ці не аднолькавае ў адказ. Адзін з дырэктараў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, дзе мы “аўтатурылі” мінулым летам, нават канкрэтызавала: “Усе нумары, дзе вы пішаце пра нас, паказваю старшыню райвыканкама”. Вось такі расклад. Дык каб мець прыстойную падпіску, не крытыкаваць трэба, а хваліць? Зусім не! Мы паспрабуем пераканаць у гэтым чытача ў наступнай публікацыі аўтатура (любім мы інтрыгі, любім!)…

Каемся, што не праявілі ініцыятыву і хаця б на ўзроўні начальніка аддзела так і не высветлілі стаўленне да нашага выдання. Дык падпіскі на “К” ад бібліятэк Быхаўшчыны нам і не чакаць? Пытанне ніяк не рытарычнае, і звернута яно найперш да Рамана Валер'евіча. Не губляем спадзеву атрымаць адказ.

Стаць духоўным мецэнатам!

Дык вось, у бібліятэках Быхаўшчыны працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Прынамсі, у цэнтральнай раённай — дакладна. Доказам таму тое, што ўстанова летась стала лепшай у вобласці, у якасці прыза атрымала тэлевізар, сучасную мэблю. Мы паглядзелі і на першае, і на другое. Тэлевізар неабходны для дэманстрацыі буктрэйлераў, досыць прафесійных па змесце і мантажы. (З задавальненнем і нават нейкім хваляваннем прагледзелі ролік, прысвечаны твору Юрыя Бондарава “Батальёны просяць агню”.) А кніжныя шафы такія мы ў райцэнтрах не бачылі. Пэўныя паліцы ў іх — шарнірныя і адсоўваюцца для гарызантальнага захавання часопісаў. Вельмі незвычайна і зручна.

З папаўненнем фондаў — пэўныя праблемы. Вырашаюць іх нейкім чынам два адмысловыя праекты: “Падары бібліятэцы кнігі” ды “Стань духоўным мецэнатам”. Далучыліся да іх і мы. Перадалі Наталлі Корза некалькі кніг на духоўную тэматыку, якія прадбачліва прыхапілі з Мінска. Такія акцыі з поспехам дзейнічаюць у многіх бібліятэках рэспублікі. І людзі адгукаюцца. У Быхаўскай райбібліятэцы гэта бачна і па надзвычай багатых паліцах буккросінгу.

У чым яшчэ праяўляецца прафесіяналізм мясцовых бібліятэкараў? У асаблівым стаўленні да кадраў. Прафесійныя конкурсы тут — норма. Ёсць маладыя спецыялісты, не абдзеленыя жыллём. Ёсць, як мы казалі, цікавыя праекты. Пра ўсё гэта можна прачытаць на адпаведным сайце. А вось бібліёбуса ў сістэме ЦБС няма. Гэта, бадай, адзінае, што наша душа не ўспрыняла. ”Сядаць на хвост” кінаперасоўцы ці аўтаклубу час ад часу можна. Але ці варта рабіць такое супрацоўніцтва завядзёнкай? Бібліятэкар — не горшы за клубніка і, як нам думаецца, у абслугоўванні маланаселеных вёсак мае права на пэўную творчую самастойнасць…

Дарэчы, вось яшчэ адно пытанне, якое патрабуе журналісцка-чытацкага абмеркавання. Ці можна абысціся адной падпіскай на “К”, калі клуб і бібліятэка пад адным дахам? На Быхаўшчыне, да прыкладу, толькі тры асобныя бібліятэчныя ўстановы. Астатнія дзеляць адзін будынак з клубамі. А ўсяго — тры дзясяткі бібліятэк.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я — пра быхаўскі буккросінг. Шчыра скажу, такога выбару літаратуры на самыя розныя густы я яшчэ не бачыў. Дагэтуль буккросінгавае першынство, па маім перакананні, трымаў прывакзальны гатэльчык у Жлобіне. Паколькі Канстанцін Антановіч захапіў некалькі кніжак з дому, мы правялі абмен. Я ўзяў кніжку Васілія Гросмана “За правую справу” — першы том знакамітай дылогіі, бо ў мінскіх букіністыках змог прыдбаць толькі том другі “Жыццё і лёс”. Дзякуй, Наталля Аляксандраўна! У наступны прыезд у Быхаў перадам бібліятэцы некалькі замежных дэтэктываў, якія перастаў чытаць з юнацтва… Між тым, мой уласны конкурс на лепшы змест буккросінгавай акцыі працягваецца. Якая яшчэ бібліятэка жадае быць тут лепшай?

Музей, якога доўга не было

Так, раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Быхаве адкрыўся сёлета, 26 красавіка. Цэнтр горада займеў яшчэ адну культурную цікавостку. Калісьці былі ў гэтым прывабным аднапавярховым дамку ХІХ стагоддзя мужчынская гімназія ды дзіцячы прытулак. Новая ўстанова адразу стала надзвычай папулярнай у расіян. Прычын некалькі. Гэта і колішняя марская авіяцыйная дывізія, якая ў савецкі час базавалася ў Быхаве, і згадкі пра Калчака. Але пра ўсё па чарзе.

Першай сустрэла ў музеі нас галоўны захавальнік фондаў Ірына Міхайлава. Яна ж у адсутнасць дырэктара стала і нашым гідам-інфарматарам. Па словах Ірыны Міхайлавай, музей, створаны яшчэ ў савецкі час, апошнія дзесяцігоддзі шукаў новыя формы ўвасаблення і месцаразмяшчэння. У 2002 годзе ўстанову перанеслі ў прасторны будынак на водшыбе, аднак, не разлічыўшы сілы, у 2013-м, калі Быхаў прыняў Дзень беларускага пісьменства, у чарговы раз змянілі адрас музейнай прапіскі. З гэтага часу і вялася падрыхтоўка да адкрыцця абноўленага ці не на 100 працэнтаў музея. Да слова, фінансаваліся практычна ўсе работы з абласнога бюджэту. Гэтаксама і канцэпцыю ўстановы стварылі ў Магілёве — у абласным краязнаўчым музеі.

Не скажам, што канцэптуальна музей вылучаецца з шэрагу іншых гісторыка-краязнаўчых па краіне. Ды і музейнага хай-тэку мы там не ўбачылі. У той жа час адзначым: усё зроблена дыхтоўна, хоць і без недапрацовак не абышлося. Возьмем першую экспазіцыйную залу, дзе прадстаўлена прырода краю і археалогія. Не пачулі мы тут гукаў прыроды. Няма і асвятлення ў вітрынах. Што і казаць, без гэтага працаваць з аддачай складана. Але тое — не пралікі стваральнікаў, а хутчэй наступствы фінансавай нішчымніцы.

Пры наяўнасці сродкаў можна было б і разнастаіць формы музейных заняткаў ва ўжо згаданай зале археалогіі. Сёння кошт урока складае ўсяго 15 капеек з чалавека. Відавочна, на гэтым шмат не заробіш. І тым не менш, больш за 10 гадоў музейныя заняткі былі асноўным відам дзейнасці ўстановы — музейшчыкі вандравалі са школы ў школу.

Хочацца адзначыць і калекцыі. Пераважная большасць прадстаўленага арыгінальнага археалагічнага матэрыялу музей атрымаў не ад айчынных навуковых устаноў ці даследчыкаў, а набыў у калекцыянераў. Такім чынам з’явіліся ў музеі збор арабскіх дзірхемаў, старажытныя фібулы, лунніцы, характэрныя для тэрыторыі Быхаўшчыны. Здзівілі сваім хараством так званыя абідавіцкія эмалі — старажытны быхаўскі брэнд з бронзы і шкла.

Да слова, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт праводзіў раскопкі ў 2013 годзе, але ўсе знаходкі былі перададзены чамусьці ў Музей гісторыі Магілёва. Можна б было тое-сёе і прыдбаць, але грошы на набыццё новых прадметаў не выдаткоўваюцца некалькі гадоў.

Дык ці варта ехаць у Быхаўскі музей? Вядома! Тут можна пабачыць шляхецкія апартаменты ХІХ стагоддзя, хай і эпізадычна, але адлюстравана вайна 1812 года. Знайшлося месца Кастусю Каліноўскаму, як кіраўніку паўстання 1863-га, а таксама мясцовым удзельнікам баёў за вызваленне ад прыгнёту. Не абышліся ў музеі і без Карнілава. Гэта ці не адна з самых знакавых і вядомых гістарычных постацей на Быхаўшчыне. Паглядзець прысвечаную яму экспазіцыю прыязджаюць і расіяне, асабліва пасля разнастайных перадач, знятых у музеі расійскім тэлебачаннем.

Сярод прадметаў адзначым нестандартны: шакаладку ў фармаце кнігі, якую падаравала гораду кандытарская фабрыка “Спартак” на Дзень беларускага пісьменства, а таксама аўтограф Васіля Быкава ў кнізе запісаў, зроблены ў 1980-х.

Завітваюць ва ўстанову і былыя вайскоўцы, якія служылі ў 57-й Дывізіі марской авіяцыі. Для турыстаў па ваенным гарадку музей праводзіць экскурсіі. А побач з установай днямі адкрыўся мемарыял вайсковай славы, які сведчыць, што ў Беларусі не толькі ёсць уласны ваенна-марскі флот, але яму сёлета спаўняецца 320 гадоў. Прынамсі так напісана на мемарыяльнай дошцы, уладкаванай на валуне.

Словам, у музеі чакаюць натоўпы турыстаў, а таму натуральна, што ў працэсе афармлення знаходзяцца дакументы на продаж сувеніраў.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Як даведаўся ў музеі, у спадчыну ад Савецкага саюза ў Быхаве засталіся велічэзныя мураваныя бункеры, дзе яшчэ гадоў трыццаць таму захоўвалася ядзерная зброя. Сёння ад турыстаў (пераважна экстрэмальных) там няма адбою. Падумалася, а чаму б не музеефікаваць гэтыя бункеры і той жа ўстанове культуры не зарабляць грошы? Згадваецца, што на фартыфікацыйных збудаваннях, ператвораных у музейныя філіялы, зарабляюць у шэрагу раёнаў краіны. Пры гэтым самі збудаванні захоўваюцца ў належнай чысціні — іх не сорамна паказаць замежным аматарам гісторыі. Што да быхаўскага бункера — думаецца, калі бюджэту не пад сілу такая музеефікацыя, варта запрасіць прыватніка. І справа зрушыцца.

Мокрае гарыць творчасцю

У пошуку сельскіх цікавостак спачатку хацелі наведаць Глухскі СДК і бібліятэку, але абвестка сведчыла, што ў пятніцу ва ўстановах санітарны дзень. Скіраваліся ў Холстава. Але там мы пабачылі пусты будынак, дзе апрача сельсавета зусім нядаўна месцілася і ўстанова культуры. Як мы высветлілі ў Быхаве, культработнікі пераехалі ў вёску Мокрае. Цяпер тут — даволі арыгінальная ўстанова з інтэр’ерамі, упрыгожанымі самымі рознымі каванымі выявамі. Зразумела, тут працуюць ды вучацца (ёсць і ДШМ) прафесіяналы. Заскочылі сюды надвячоркам — і нечакана заспелі рэпетыцыю. Вакол дырэктара СДК Святланы Бубелевай сабраліся ўдзельніцы ансамбля ”Весялухі”. Клубная ўстанова ”К” выпісвае. І ўвогуле Святлана Анатольеўна — чалавек ініцыятыўны і ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна (гаворка пра яе — у наступных нумарах нашай газеты) — чалавек далёка не апошні. Праўда, працуе на пасадзе крыху больш за два месяцы: раней адказвала за мастацкую частку. Цяпер — за немалы калектыў, куды, да слова, уваходзіць і кінамеханік. Рэдкасць для нашага часу. Вось толькі рэпертуар вызначае раён і чамусьці беларускі фільм на вялікім экране ў Мокрым — вялікая рэдкасць. Мастацкае кіно, вядома, прайграе ў параўнанні з касавымі прэм’ерамі, а вось дакументальнае, думаецца, было б актуальным. Іншая справа, што асноўная аўдыторыя вялікага экрана — дзеці, а іх шэрай карцінкай нават з глыбокім зместам не заманіш.

Тым не менш, кожны дзень у СДК — сваё мерапрыемства, арыентаванае на розную аўдыторыю. Скажам, прыносіць хай сабе невялікі, а ўсё ж прыбытак більярд. Чаму ў такім выпадку ад яго адмаўляцца?

Нават мясцовую бібліятэкарку заспелі за спевамі. Марына Мельнікава працуе ў Мокрым каля 10 гадоў, паспявае ўдзельнічаць і ў мастацкай самадзейнасці, у тым ліку ў ансамблі “Весялухі“, з рэпетыцыі ў якім мы яе і “сарвалі”. Праца Марыне падабаецца, праўда, часам з’яўляюцца спакусы перабрацца ў Быхаў.

Зацікавіла макранская бібліятэка незвычайным фарматам. Паколькі ў Холставе бібліятэку не закрылі, а з-за аварыйнага будынка перанеслі ў Мокрае, то тут адпаведна працуюць два чалавекі. У Холставе ж, дзе налічваецца больш за 200 жыхароў, застаюцца фонды: так званы бібліятэчны пункт. У цэлым жа перад намі паўстала сярэднестатыстычная сельская бібліятэка, дзе праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі чытання, узняцці патрыятызму… Традыцыйныя для многіх устаноў і выставы кніг-юбіляраў, працуе экалагічны клуб “Пралеска”, фармат якога прадугледжвае ўсяго пяць пасяджэнняў на год. Чамусьці згадалася сельская бібліятэка ў Ашмянскім раёне, дзе ці не кожны вясковец — актыўны чытач, а мясцовая моладзь разам з бібліятэкаркай-пенсіянеркай ладзіць рэальныя, цікавыя і карысныя праекты.

Апрача раённай дзіцячай школы мастацтваў і яе філіялаў маецца на Быхаўшчыне і самастойная Макранская ДШМ са сваімі 75 вучнямі. Падрыхтоўка тут вядзецца на харэаграфічным, тэатральным, музычным, а таксама мастацкім аддзяленнях.

Трапілі якраз на рэпетыцыю юных цымбалістак. Іх настаўніца Алена Высачынская з усмешкай адзначае, што падапечныя неаднаразова прывозілі ўзнагароды з рэспубліканскіх конкурсаў і тым самым заслужылі новыя цымбалы. А вось іншыя інструменты тут у дэфіцыце. Тыя ж баяны, па прызнанні Алены Высачынскай, сорамна на конкурсах паказваць. Але гэта не азначае, што вучні кепска выступаюць. Наадварот, ёсць імкненне даказаць сваё майстэрства нават на старых інструментах. Ды і месца для выступленняў маецца сваё. У СДК ёсць філарманічная пляцоўка. Вучні і выкладчыкі ДШМ гэтым фактам надзвычай задаволеныя. Нядаўна тут прайшоў філарманічны струнны канцэрт з Магілёўскай філармоніі і ў скарбонку дома культуры ён прынёс 50 рублёў. Так, па капейчыне і складваецца агульны бюджэт установы, сферы, краіны. І самае галоўнае, што ў пагоні за рублём на Быхаўшчыне работнікі культуры не забываюць чалавека і стараюцца самаўдасканальвацца. І “К”, калі мы будзем разам, пастараецца ў гэтым дапамагчы!

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У чым мы не дапрацоўваем на старонках “К”? Якім кірункам варта рушыць газеце? Мы чакаем ад вас, шаноўныя чытачы, адказы на гэтыя пытанні. Пажадана, каб вашы заўвагі мелі канструктыўны крытычны характар. Мы таксама жадаем расці ў прафесійным плане і больш эфектыўна адпавядаць вашым чытацкім патрабаванням… А ў наступных нумарах — працяг гаворкі пра культуру Быхаўшчыны.

Мінск — Бялыніцкі раён — Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"