Прад’яўлены як штодзённасць

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Фатаграфiчны Каўнас: адрознае і блізкае
Чарговы раз дзіўлюся неправінцыйнасці несталічнага літоўскага Каўнаса, вернасці простых рашэнняў. І, як заўсёды, напагатове прывід дыялогу з Мінскам, з Беларуссю: а як у нас, ці ёсць сувязі, што можа быць карысным для нашай культурнай практыкі. Увесь час у думках ёсць гэтая пераклічка...

/i/content/pi/cult/612/13613/13-2.jpgПрынты — надоўга

Пачну з неабавязковага і нечаканага. Адразу, у самым цэнтры горада, нас сустрэлі творы ўдзельнікаў леташняга фестывалю “КаўнасФота”: праекты Міндаўгаса Каваляўскаса (Літва), Натана Дзвiра (Ізраіль), Даміяна Хробака (Польшча — Вялікабрытанія), Марка Дафі (Ірландыя). Гэта прынты, размешчаныя на агароджах уздоўж вуліцы Даўканта. Быццам бы і год прамінуў, ужо не так актуальныя тыя работы, але якасць сучасных носьбітаў (плёнка для вонкавай рэкламы) такая, што ўсё захавалася ў поўным парадку. Пад дажджом, пад сонцам і снегам, але гэта — аўтарская фатаграфія, усё падпісана. Гэта значыць доўгачасовым і маркіраваным апынуўся элемент публічнай прасторы. Не проста фарба на плоце, прабачце.

Кінастрыт-фатаграфія

Праходзім далей, і пазней яшчэ пару дзён вяртаемся да сапраўды класічнай літоўскай фатаграфіі: Рамуальдас Пажэрскiс, Рамуальдас Ракаўскас і Аляксандрас Мацiяўскас. Усё гэта Каўнас, 1967 — 1976 гады. Аўтарская стрыт-фатаграфія тых гадоў адабрана сіметрычна кадрам з сучасных кінафільмаў (2015) Монікі Пажэрскiтэ, Гедыміна Жылінскаса, Асты Марцiнанiтэ. У тых жа месцах, прыкладна з тымі ж сюжэтамі. Праект называецца “Каўнас. Свабода. Кіно” і таксама размешчаны ў цэнтры, проста на пешаходнай вуліцы Свабоды. У горадзе тымі днямі акурат распачынаецца кінафестываль, і арганізатары знайшлі пераканаўчы і відовішчны ход, каб паказаць сувязь з літоўскай культурнай традыцыяй. Няма нават сэнсу абмяркоўваць, якія інстытуцыі з якімі дамовіліся — хоць у нас такое супрацоўніцтва падаецца, часцяком каменем сутыкнення. Гледачу не цікавая рабочая інфраструктура, гараджанам важныя не аргпытанні, а акцэнты мастацтва ў гарадскім асяроддзі, якія яны атрымліваюць.

Вулічны аспект

На жаль, мы не ўбачылі выстаў фестывалю “КаўнасФота” — у гэтым годзе ён адбыўся месяцам раней. Але вось Вільнюская вуліца, галерэя Саюза фотамастакоў Літвы, Ратуша, плошча. Кульмінацыя ўсіх маршрутаў, месца, дзе праводзяцца гарадскія імпрэзы. Тут і ў будні дажджлівага кастрычніка шмат турыстаў, тут праводзяць час звычайныя гараджане. І што? На лайтбоксах тры праекты: Хенрык Дункер (Фінляндыя), Сяргей Лiбядзiнскi (Украіна — Германія) і галерэі “Караван” (Вялікабрытанія). Усё разам называецца “Фланер: Новыя гарадскія гісторыі”. Гэта вынік двухтыднёвай рэзідэнцыі фатографаў у Каўнасе, у красавіку — маі. Адкрыццё праекта ў публічнай прасторы, наколькі можна меркаваць па абмеркаванні ў сацсетках, было гарадскім святам: лайтбоксы падсвятляюцца, удала размешчаны з пункту гледжання дызайну — увогуле, забаўка плюс момант спазнання роднага горада, а яшчэ проста добрая фатаграфія.

У Мінску бліжэй за ўсё да гэтай ідэі — ініцыятыва Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў з тэмай “Мастак і горад”. За апошнія пяць гадоў на плошчы Якуба Коласа выстаўляліся Шагал і Малевіч, Мікалай Селяшчук і Валянцін Губараў, маладыя беларускія мастакі. Да гэтага часу там не было фатаграфіі, але гэта, думаю, пытанне часу. Безумоўна, адзін з самых паспяховых праектаў у публічнай прасторы: на плошчы Свабоды і ў Верхнім горадзе больш атрымоўваецца музычная частка, хоць там якраз спрабуюць працаваць з фатаграфіяй. Праўда, турыстычнай або ілюстрацыйнай. (Дарэчы, нашы паблік-выставы, наколькі я ведаю, спакойна пражываюць свае тры летнія месяцы. А вось фестывальную выставу Артураса Марозаваса (Лiтва) пра Грузію “08.08.08”, выстаўленую ў гарадскім парку, сарвалі (пасля аднавілі), аднак, у той дзеі відавочна быў палітычны складнік…

У маленькіх — прасцей

Наогул, трэба адзначыць, што “КаўнасФота” — нейкі бясконцы фэст: глядзіш адрасы і бачыш не вельмі адразу зразумелае — плошча, парк, вуліца, кафэ, тэатр, універсітэцкі корпус, царква, фунікулёр, дызайнерская крама, дзелавы цэнтр. Такая стратэгія ў горадзе з 300 тысячамі насельніцтва. Ёсць меркаванне, што ў невялікіх гарадах прасцей праводзіць буйныя падзеі — увесь горад становіцца святам і лабараторыяй. А як у нас? (Дадам: фестываль штогадовы, з партфоліа-рэвю і конкурснай праграмай, дзе пераможца атрымлівае права выставы ў галерэі Саюза фотамастакоў налета. У 2012 годзе перамог Андрэй Лянкевіч, які ў 2013-м паказаў праект “Бывай, Радзіма”. У 2015 годзе ў фіналісты трапіла Аляксандра Салдатава з “Зялёным каналам”.)

І Булгак

... А мы шпацыруем далей. Нацыянальны музей Чурлёніса — планавае месца наведванняў: сюды прынята вадзіць гасцей, яно прымае самыя знакавыя для Каўнаса і Літвы арт-праекты. Разам з галерэяй Жылінскаса пляцоўкі ўтвараюць арт-трохкутнік, па якім ходзіш, адчуваючы не перыферыйны, не банальны Каўнас. А як інакш, калі на працягу двух месяцаў адзін за адным праходзяць фестывалі фатаграфіі, кіно, тэатра ды яшчэ кангрэс даследчыкаў Беларусі? Усё гэта дае нават невялікаму гораду такое адчуванне аб’ёму і паўнаты жыцця.

Дык вось, у галерэі Жылінскаса нас чакае заключны, самы яскравы акорд — выстава Яна Булгака, да 140-годдзя з дня нараджэння. Назва яе перакладаецца як “Ян Булгак: фатаграфія ад усёй душы!” Але англійскае “heartily” я пераклала б як “сардэчна”. Зрэшты, куратар выставы Аідас Кульбокас абапіраецца на прысвячэнне фатографа ў адным з альбомаў “Мае далёкія, невядомыя калегі і сябры — фатаграфія ад душы!” Шмат чаго ёсць у куратарскам тэксце: і пра працаздольнасць Булгака, яго актыўную працу ў Літве да і падчас Першай сусветнай вайны, пра багатую творчую спадчыну, эміграцыю ў 1945 годзе ў Польшчы, увядзенне тэрміна “фатаграфіка”, каб адрозніваць мастацкую фатаграфію ад рамеснай. Сярод месцаў, якія здымаў Булгак, названыя Крэва, Мір і Нясвіж, толькі аднаго няма ў гэтым тэксце: таго факта, што нарадзіўся Булгак у мястэчку Асташына пад Наваградкам і ў маёнтак Перасека пад Мінскам вярнуўся — пасля вучобы ў Ягелонскім універсітэце. Вывучаў філасофію, праўда, не давучыўся, але з Перасекаў пасылаў лісты ў віленскія газеты. У 1935 годзе выдаў альбом фатаграфій Нарачы, куды прыязджаў з Вільні. Можа, гэта ўсё падрабязнасці, цікавыя толькі беларусам, але месца нараджэння — безумоўна, не падрабязнасць. Так, Віцебск Шагалам ганарыцца, а латвійскі Даўгаўпілс (былы беларускі Дзвінск) — Маркам Роткам. Тут нам сапраўды ёсць чаму павучыцца: стварэнню пантэона нацыянальных герояў.

Каб не ўпасці ў ідэалізацыю намаляванай “фатаграфічнай культуры ў горадзе”, варта, напэўна, выказаць здагадку, што маё апісанне не вычэрпвае ўсю паўнату ўспрымання гараджан, намераў арганізатараў і нават адэкватнасці праектаў лепшым дасягненням, аўтарскім вяршыням. Ёсць у людзей і іншыя эмоцыі, іншыя ўяўленні пра тое, што павінна адбывацца ў публічных прасторах. Ёсць, у рэшце рэшт, простыя супадзенні падзей і імёнаў, з якіх няма сэнсу рабіць “доўгія” высновы. Але тым і добрая наяўная сітуацыя: усе акалічнасці сышліся для радавога гледача адначасова. І яны відавочна ўкладваюцца ў пэўную схему ўзаемаадносінаў горада і мастацтва, прычым не на прафанным, а на высокім узроўні, які прад’яўлены як штодзённасць.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст